Напярэдадні Дня народнага адзінства Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіць гледачам прэм’еру — фільм «На другім беразе». Старт кінапракату будзе дадзены 14 верасня ў Мінску і ў кінатэатрах па ўсёй краіне.
Рэжысёрам карціны выступіў Андрэй Хрулёў, вядомы прыхільнікам кіно па такіх працах як «Ідэальнае забойства», «Родныя рукі», «Цягнік лёсу», «Паэтычная драма ў гарадскім садзе»... Над сцэнарыем да кінагісторыі працаваў Іван Крываручка, а вось аператарам кінастужкі стаў Вячаслаў Дунаеў. Над музычным аздабленнем фільма працаваў Аляксандр Сухараў. У акцёрскім складзе заяўлены як расійскія, так і беларускія артысты, сярод якіх Данііл Чуп, Антаніна Дзівіна, Іван Багатыроў, Руслан Чарнецкі, Андрэй Дудко, Алег Коц і многія іншыя.
Здымкі праходзілі на шэрагу лакацый, якія ў карціне будуць пададзены стваральнікамі ў нязвыклым выглядзе. Так, да прыкладу, вобраз той самай ракі, што раздзяліла краіну і людзей, ўвасабляюць эпізоды, здымкі якіх праходзілі на трох рэчках Немане, Іслачы і Заранцы. Змогуць гледачы ўбачыць у новай падачы таксама Заслаўль, Лошыцкі парк, Ракаў і іншыя месцы, у якіх сцэнарый набываў сваё кінагучанне. А калі звернемся да зместу, то папярэдне вядома, што фільм распавядае пра жыццё беларусаў у Заходняй Беларусі на мяжы з БССР у 1925 годзе. Па волі лёсу тады частка нашых тэрыторый пасля Рыжскай мірнай дамовы перайшла да Польшчы. У цэнтры кінастужкі малады хлопец Павел Смоліч са сваёй маці, ён назірае за тым, як польская ўлада імкнецца асіміліраваць мясцовых жыхароў, забараніўшы веру, мову і культуру. Як вынік — хваляванні, партызанскае супрацьстаянне, а таксама жорсткае падаўленне любых спроб захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Разам з галоўным героем гледачы змогуць пражыць самыя розныя падзеі і пачуцці, бо на экране нас чакаюць і страта блізкіх, і расчараванне, а пасля вяртанне веры ў справядлівасць, пераасэнсаванне важных і галоўных рэчаў, а таксама трансфармацыя пад уплывам кахання, якая здараецца незалежна ад абставін. Галоўны герой напачатку нейтральна ставіцца да ўсяго, што адбываецца вакол яго. У адрозненне ад свайго старэйшага брата Антона, які пайшоў у партызаны, каб змагацца з польскімі захопнікамі. Аднак паступова ў Паўла адкрываюцца вочы, ён пачынае па-іншаму ацэньваць падзеі, учынкі і Радзіму, падзеленую мяжой.
Пасля прагляду кожны, верагодна, захоча падумаць пра тое, дзе і чым жыве, наколькі ведае мінулае сваёй зямлі, на які выбар і ахвяры гатовы дзеля сваёй краіны і блізкіх людзей. Пабачыць кінастужку з 14 верасня можна будзе ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Кастрычнік», «Аўрора», «Беларусь», «Мір» і «Ракета». А што датычыцца рэгіёнаў, то паказы фільма запланаваны там у абласных і раённых цэнтрах. Не прапусціце кінасеансы, каб скласці ўласнае ўражанне пра новую «ластаўку» кінастудыі «Беларусьфільм» і адкрыць для сябе гісторыю з новага ракурсу.
Алена ДРАПКО
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.