Вы тут

У Гомельскім раёне знашліся сведкі катаванняў мірных жыхароў у гады ВАВ


Крымінальная справа па факту здзяйснення фашысцкімі захопнікамі і іх памочнікамі-калабарантамі генацыда мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якую расследуе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, ужо налічвае сотні тамоў. Аднак і дагэтуль знаходзяцца ўсё новыя сведчанні жорсткасці карнікаў у адносінах мясцовых жыхароў. Матрона Бібікава з вёскі Макаўе Гомельскага раёна расказала пра дзве жудасныя падзеі, якія адбыліся падчас нямецкай акупацыі з 1941 па 1943 гады.


У пошуках сведкаў

Гамяльчанін Андрэй Феакцістаў пра загінуўшых мірных жыхароў Макаўя, а таксама жыўцом закапаных яўрэях даведаўся з размовы з родзічамі, ураджэнцамі Грабаўкі, іншымі жыхарамі гэтай і суседняй вёсак:

— У размове яны неаднойчы ўпаміналі пра гэтыя падзеі, аднак у мяне былі сумненні ў тым, што ўсё адбывалася ў адным населеным пункце. Я ведаю, што непадалёк ёсць вёска, многія жыхары якой да вайны былі менавіта яўрэі. 

Нераўнадушны гамяльчанін звяртаўся да розных людзей, каб знайсці сведкаў і ўстанавіць рэальныя падзеі. У пошуках дапамог настаяцель царквы Узнясення Гасподняга ў вёсцы Грабаўка Расціслаў Кастуноў. Ён знайшоў 92-гадовую прыхаджанку, жыхарку Макаўя Матрону Бібікаву, якая добра памятае пра тое, што адбывалася падчас акупацыі. 

З важным сведкам сустрэўся і старшы следчы Гомельскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Міхаіл Барынін, які дбайна занатаваў усё, што расказвала Матрона Макараўна. Яе сведчанні, як і многіх іншых людзей пасля правядзення абавязковых працэдур стануць яшчэ адным доказам генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Закатаваныя родзічы партызан

Пасля акупацыі Макаўя нямецкімі войскамі пачалося рабаванне: у мясцовых жыхароў адбіралі хатнюю жывёлу, шукалі схаваныя прадукты. 
— Як убачаць, што з поля кароў гоняць, то прасочаць, куды самую маладую ды спраўную вядуць, — успамінае Матрона Макараўна. — Зойдуць следам, на рогі вяроўку завяжуць, ці за шыю, і валакуць са двара, курэй лавілі. Дзеці малыя плачуць, а немцам смешна. Таму многія хатнюю жывёлу ў лесе хавалі. Праз нейкі час фашысты пачалі на полі скірды саломы бурыць, ды прабіваць іх наскрозь — маўляў, там партызаны схаваліся. 

Гомельшчына і сапраўды ў хуткім часе пасля акупацыі стала партызанскім краем: часта фашысты траплялі ў засады, лясныя мсціўцы не давалі ворагам спакою і паспяхова здзяйснялі розныя баявыя заданні свайго камандавання. Аднак непасрэдна ў ваколіцах Гомеля дзейнічалі толькі невялікія групы партызан. Пакрысе немцы і іх памочнікі-паліцаі сталі помсціць сем’ям тых, чые родныя знаходзіліся ў партызанскіх атрадах. 

На жаль, сярод нашых суайчыннікаў былі і тыя, хто добраахвотна супрацоўнічаў з немцамі. Так адбылося і ў Макаўі, аднак імя здрадніка Матрона Макараўна не ведае. Па даносу аднаго з вяскоўцаў немцы арыштавалі родзічаў партызан.

— Карнікі далі некаторы час, каб партызаны самі з’явіліся і здаліся ворагам, — расказала Матрона Бібікава. — Аднак яны гэтага не зрабілі, таму на ўскрайку вёскі праз нейкі час пачуліся стрэлы…

Адзін хлопчык выжыў і, паранены, схаваўся на печы ў адной хаце. Але карнікі вылічылі яго па слядах крыві і паліцай яго ледзь не забіў: выратаваў немец, які датыкнуўся да хлопца і сказаў, што ён ужо памёр. 

Зараз у вёсцы Макаўе знаходзіцца невялікі помнік, дзе на мармуровай пліце напісана: «Жыхарам вёскі Макаўе, растраляным фашыстамі ў 1942». Тут пералічана 8 прозвішчаў, а Бібікавы і Цітковы, — нават па тры разы... Самаму малодшаму, Сяргею Бібікаву, які загінуў ад рук карнікаў, было ўсяго 11 гадоў. 

Тры дні на месцы расправы зямля варушылася

Адначасова з акупацыяй Гомельшчыны нацысты пачалі работу над канчатковым рашэннем «яўрэйскага пытання». Матрона Бібікава, калі пачала расказваць пра тое, што там адбывалася ў жнівеньскія дні 1941 года, не магла стрымаць слёз. Гітлераўцы з асаблівымі жорсткасцю і садызмам знішчалі прадстаўнікоў народаў, якія, з іх пункту гледжання, не мелі права на існаванне. 

Гісторыя яўрэйскага насельніцтва сучаснай Гомельшчыны налічвала не адно стагоддзе і да пачатку вайны ў Гомелі і яго наваколлях пражывала амаль 40 тысяч чалавек гэтай нацыянальнасці. Аднак усяго за некалькі дзён з соцень яўрэяў беларускай Паддабранкі і ўкраінскай Дабранкі, якія знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад Макаўя, у жывых засталіся толькі 50 сямей — тыя, хто змог эвакуіравацца ў тыл. 

Некаторыя жыхары суседняй вёскі Глыбоцкае спрабавалі выратаваць хоць кагосьці са сваіх сяброў-яўрэяў і іх дзяцей, аднак пра гэта фашыстам данеслі здраднікі. 

Як расказала Матрона Бібікава, у Паддабранцы загінулі не толькі жыхары гэтай вёскі, але і суседніх населеных пунктаў, асабліва шмат было жыхароў украінскай Дабранкі.

— Але самае страшнае адбылося пазней: мужчын прымусілі капаць ямы, куды потым скінулі жанчын, дзяцей і старых людзей і пад дуламі аўтаматаў прымусілі мужчын закапаць жыўцом сваіх родных... А потым і іх паліцаі загналі ўніз і таксама засыпалі зямлёй... Жудасна было: спачатку чуліся прыглушаныя крыкі і стогны. Потым сціхла ўсё, але ж тры дні пасля расправы на гэтым месцы зямля варушылася, — выціраючы слёзы, расказвала Матрона Бібікава. 

Пасля вайны Паддабранка не адрадзілася як яўрэйскае паселішча: тыя, хто вярнуўся з эвакуацыі, не знайшлі тут нікога і нічога. Цяпер пра тое, што тут пражывалі яўрэі, сведчаць толькі рэшткі камянёў з надпісамі на іўрыце на старых могілках, частка якіх цудам захавалася. 

У пасляваенныя гады ў Маркавіцкі сельвыканкам Гомельскага раёна прыходзілі лісты з розных куткоў былога Савецкага Саюза і нават з-за мяжы — Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі. Людзі шукалі хоць нейкія звесткі пра сваіх родных. І амаль заўсёды у адказ прыходзілася пісаць: «Забіты фашыстамі ў жніўні 1941 года».

Зараз на тэрыторыі Гомельскага раёна пражываюць тры сведкі здзекванняў нацыстаў над мірнымі жыхарамі, аднак толькі Матрона Бібікава змагла расказаць пра ўсё. Астатнія па стану здароўя не здолелі гэтага зрабіць.

Гітлераўскія нелюдзі і іх памочнікі-паліцаі не шкадавалі нікога — ні старога чалавека, ні дзіця. Пра гэта мы павінны не толькі памятаць, а і расказваць людзям, апіраючыся на дакументальныя і матэрыяльныя доказы.

Ірына ГРАМЫКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.