Вы тут

Дэпартамент аховы актыўна прымяняе ў сваёй дзейнасці сучасныя распрацоўкі


Міліцэйскае ведамства пастаянна ўдасканальваецца, упэўнена крочыць у нагу з высокімі тэхналогіямі, якія ўкараняюцца ў работу ўсіх падраздзяленняў. Новымі, перадавымі сістэмамі «ўзбройваецца» і Дэпартамент аховы. Невыпадкова 2023 год у гэтым падраздзяленні МУС аб’яўлены Годам інфармацыйных тэхналогій.

Для таго каб азнаёміцца з ноу-хау, якімі карыстаюцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў, карэспандэнты «Звязды» наведалі аператыўна-дзяжурную службу Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС.


Аператыўнасць вырашае многае

Адна з апошніх навінак, якой актыўна карыстаюцца супрацоўнікі Дэпартамента аховы, — аўтаматызаванае працоўнае месца ўпраўлення. На вялікім экране адлюстравана карта Мінска. Значкамі сіняга колеру на ёй пазначаны шлагбаумы або замкі ў пад’езды жыллёвых комплексаў сталіцы. Дзякуючы гэтай праграме дзяжурны без дадатковых маніпуляцый можа дыстанцыйна іх адчыніць. Гэта дазваляе міліцыянерам больш аператыўна прыбыць да кватэры, у якой спрацавала сігналізацыя.

— Акрамя таго, з дапамогай праграмнага забеспячэння «Рэвізор ВМС Кліент» мы можам назіраць відэавыяву, якая выводзіцца з камер, устаноўленых на канкрэтным жыллёвым комплексе, — расказвае намеснік начальніка аддзела сродкаў і сістэм аховы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў. — Пакуль нашы супрацоўнікі прыбываюць да памяшкання, у якім спрацавала сігналізацыя, дзяжурны ў гэты час адсочвае ўсю сітуацыю: бачыць тое, што адбываецца на прылеглай тэрыторыі, каля ўвахода ў пад’езд, праглядаецца і абстаноўка ў холе, ліфце.

Школы — пад кантролем

У кожнай установе сярэдняй адукацыі нясе службу вартаўнічая або міліцэйская ахова дэпартамента. Аднак назіраць за тым, што адбываецца ў той ці іншай школе, можна і ў аператыўна-дзяжурнай службе па сродках аддаленага доступу да сістэм відэаназірання, устаноўленых у навучальных установах. Калі ў канкрэтнай школе спрацавала трывожная сігналізацыя, туды выбывае нарад. Пакуль ён знаходзіцца ў дарозе, дзяжурны адсочвае сітуацыю ў рэжыме рэальнага часу і інфармуе калег аб абставінах здарэння, пры неабходнасці адпраўляе для дапамогі яшчэ адну групу затрымання.

— Сістэма відэаназірання дазваляе маніторыць сітуацыю не толькі ў рэжыме рэальнага часу, але і праглядаць тое, што было зафіксавана раней, — тлумачыць старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС маёр міліцыі Сяргей Жудро. — Архіў відэазапісу, які вядзе сістэма, дапамагае падчас высвятлення абставін здарэння. Акрамя таго, распрацоўка дазваляе назіраць, каб прадстаўнікі вартаўнічай аховы не спалі, добрасумленна выконвалі свае абавязкі.

Ад камеры не схаваешся

Прадстаўнікі аператыўна-дзяжурнай службы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС у сваёй дзейнасці карыстаюцца Рэспубліканскай сістэмай маніторынгу грамадскай бяспекі. Кажучы прасцей, гэта сістэмы відэаназірання, якія ўстаноўлены ў гарадах нашай краіны. Як правіла, камеры фіксуюць тое, што адбываецца ў месцах масавага знаходжання грамадзян: у метро, на цэнтральных вуліцах і праспектах, каля адміністрацыйных будынкаў, буйных гандлёвых цэнтраў, месцах адпачынку і інш.

— Выявы з гэтых відэакамер выводзяцца на наш манітор, — расказвае малодшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Дзмітрый Раманчык. — Гэта дазваляе нам маніторыць сітуацыю ў рэжыме рэальнага часу, дапускаецца архіўны прагляд. Сістэма дапамагае супрацоўнікам органаў унутраных спраў выяўляць асобу, якая здзейсніла злачынства. У базу ўносіцца фотаздымак грамадзяніна, які знаходзіцца ў вышуку. Як толькі гэты чалавек трапляе ў зону дзейнічання відэакамер, дзяжурны атрымлівае паведамленне, па якім адрасе ў дадзены момант часу з’явілася падобная да падазронай асоба. Туды выбывае група затрымання і адпрацоўвае мерапрыемствы па пошуку злачынцы.

Староннім уваход забаронены!

На тэрыторыі Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС функцыянуе інтэлектуальная сістэма відэаназірання. Камеры, устаноўленыя па перыметры адміністрацыйнага будынка, забяспечваюць прагляд усёй тэрыторыі, распазнаюць, дзе рухаецца чалавек, а дзе — транспартны сродак. На жывёл і птушак сістэма не рэагуе. Варта чалавеку падысці нават да плота міліцэйскага падраздзялення, спрацоўвае аўдыясігнал — і дзяжурны высвятляе, ці выпадковы гэта прахожы, ці нехта наўмысна спрабуе трапіць у будынак.

Такія сістэмы ўстаноўлены ва ўсіх падраздзяленнях Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы. Перш за усё гэта звязана з гарантаваннем бяспекі на ведамасных аб’ектах. 

Ад інструктажу да пошуку

Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Ахова» з’яўляецца распрацоўкай Дэпартамента аховы. Тэхналагічная навінка праходзіць доследную эксплуатацыю і ў студзені будучага года будзе ўкаранёна ва ўсе падраздзяленні краіны. У яе ўносіцца інфармацыя па сутачнай зводцы, арыенціроўкі па злачынцах, зніклых без вестак, скрадзеным аўтатранспарце — усё гэта паскарае прыняцце рашэнняў і ўплывае на эфектыўнасць вышуковай работы. У сістэме адлюстраваны прынятыя пад ахову адміністрацыйныя аб’екты, а таксама кватэры, дамы фізічных асоб. З дапамогай гэтай распрацоўкі праводзіцца інструктаж асабовага складу, міліцыянераў-кіроўцаў перад заступленнем на службу правяраюць на веды Правілаў дарожнага руху. Дзяжурныя, заступаючы на змену, праглядваюць відэаматэрыялы, знятыя на індывідуальныя відэарэгістаратары супрацоўнікаў міліцыі.

Як рэзюмуе начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы палкоўнік міліцыі Дзмітрый Васкоўскі, аб’яўлены ў Дэпартаменце аховы год інфармацыйных тэхналогій абумовіў вектар развіцця гэтых падраздзяленняў. "Усе тыя тэхнічныя новаўвядзенні і распрацоўкі, якія мы выкарыстоўваем у нашай працы, служаць для таго, каб забяспечыць камфорт і бяспеку нашых заказчыкаў, а таксама стварыць камфортныя ўмовы для службы нашых супрацоўнікаў, — падкрэсліў ён.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.