Вы тут

Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж рыхтуецца адзначыць 70-годдзе


Нярэдка ў сельгасарганізацыях вобласці даводзілася чуць ад кіраўнікоў і спецыялістаў, што сваю першую адукацыю і, адпаведна, пуцёўку ў жыццё яны атрымалі ў Пружанскім тэхнікуме. Так установа называлася да 2004 года. А на адным з прамысловых прадпрыемстваў райцэнтра нам паўжартам сказалі, што палова пружанцаў мае дыпломы гэтай установы. Але ў кожным жарце, як вядома, ёсць вялікая доля праўды.


 Дырэктар Дзмітрый Чайкоўскі дэманструе шынель маршала Ракасоўскага  ў музейным пакоі «Зал Перамогі».

Вось і цяперашні дырэктар установы Дзмітрый Чайкоўскі ў сярэдзіне 1990-х скончыў каледж, пасля атрымання дыплома ВНУ пэўны час выкладаў у сваёй альма-матэр. А сёлета прыйшоў сюды дырэктарам.

Дзмітрый Уладзіміравіч расказвае, што ў 1953 годзе Пружанскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі быў створаны рашэннем Савета Міністраў СССР. Пачыналі з чатырох аудыторый у прыстасаваным будынку і невялікага інтэрната. Цяпер па стане матэрыяльна-тэхнічнай базы, узроўні падрыхтоўкі спецыялістаў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж адпавядае самым сучасным стандартам. Маюцца чатыры вучэбныя корпусы, чатыры інтэрнаты — жыллём забяспечаныя ўсе навучэнцы; лабараторыя, вучэбна-вытворчая майстэрня, добры тэхнічны парк, доследнае поле.

Да вучобы з 1 верасня прыступілі 980 навучэнцаў па васьмі спецыяльнасцях, 756 з іх навучаецца на дзённым аддзяленні, астатнія — на завочным. Сёлета да ранейшых дабавілася спецыяльнасць «арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці». Выпускнікоў каледжа накіроўваюць у гаспадаркі Брэсцкай і суседніх абласцей. Попыт на іх заўсёды ёсць.

Паводле слоў дырэктара, навучальны і выхаваўчы працэс забяспечвае дружны калектыў выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Навучэнцы маюць магчымасць удзельнічаць у самых розных мерапрыемствах, займацца справай даспадобы ў гуртках і секцыях. Каледж мае надзвычай добрую базу для гісторыка-асветнага і патрыятычнага выхавання. Гаворка ідзе найперш пра музей баявой славы.

Стварэннем дадзенай экспазіцыі, асобным экспанатам якой могуць пазайздросціць вялікія музеі, былы тэхнікум абавязаны свайму выкладчыку, гісторыку-краязнаўцу Міхаілу Шульману. У 1974 годзе экспазіцыя была створана, а ўжо праз год, па выніках перамогі ва ўсесаюзным конкурсе, музей атрымаў званне народнага. У экспазіцыі ёсць асабістыя рэчы маршалаў Савецкага Саюза Жукава, Ракасоўскага, Якубоўскага. Тут знаходзіцца, напрыклад, шлемафон маршала авіяцыі Івана Кажадуба, тройчы Героя Савецкага Саюза, самага вядомага савецкага лётчыка-аса часоў Вялікай Айчыннай вайны, які збіў 62 самалёты праціўніка. Ды і шмат яшчэ цікавага, унікальнага, што збіралі дзесяцігоддзямі. Мы ж звярнулі ўвагу на франтавыя лісты-трохвугольнікі. 

Іх перадавалі навучэнцам-краязнаўцам пружанцы, жыхары навакольных вёсак. У гэтых простых, часам наіўных радках заключаецца сапраўдная гісторыя вайны, напісаная яе ўдзельнікамі.

Паралельна са стварэннем экспазіцыі вялася работа па ўвекавечанні памяці герояў у Пружанах. Дзякуючы намаганням Шульмана, вядомасці музея ў горадзе паявілася 12 вуліц, названых у гонар удзельнікаў вайны. Больш за дзве тысячы сваякоў франтавікоў даведалася пра лёс сваіх родных. Пакланіцца праху сваякоў у Пружаны прыязджалі жыхары амаль са ста гарадоў Савецкага Саюза. Пра гэта сёння можна даведацца з дакументаў музея. За гады работы экспазіцыю наведалі дзясяткі тысяч чалавек.

А зусім нядаўна, 23 чэрвеня бягучага года, музей наведаў Канстанцін Ракасоўскі, унук легендарнага маршала Канстанціна Ракасоўскага, і пакінуў у кнізе наведвальнікаў кранальны запіс са словамі ўдзячнасці людзям, якія зберагаюць памяць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.