Вы тут

У трэндзе — выбар рабочай прафесіі


Калі футуролагі разважаюць пра будучыню, то кажуць, што, выбіраючы прафесію, трэба быць гатовымі выконваць функцыі, якіх сёння яшчэ няма. Але не ўсе прафесіі знікнуць. Паводле прагнозаў, 70—80 працэнтаў існуючых сёння прафесій застануцца, але трансфармуюцца пад уздзеяннем лічбы. Паводле глабальнага даследавання працоўных рэсурсаў, дэфіцыт рабочай сілы ў свеце ў 2030 годзе будзе складаць прыкладна 85 мільёнаў чалавек, але востры недахоп будзе абумоўлены адсутнасцю навыкаў, а не людзей. Галоўная праблема — не адсутнасць рабочых рук, а адсутнасць кваліфікаваных работнікаў.

Многія вытворчыя прадпрыемствы выкарыстоўваюць абсталяванне сусветнага ўзроўню, сучасную тэхніку і тэхналогіі. Зыходзячы з гэтага, работадавец чакае тэхнічна падрыхтаваных рабочых, якія змогуць працаваць з інавацыйным абсталяваннем і ўмець яго абслугоўваць. Між іншым, рабочыя прафесіі запатрабаваны не толькі на буйных прамысловых прадпрыемствах, але і ў малым і сярэднім бізнесе. І гэта, як правіла, прадпрыемствы будаўніцтва, гандлю, гасцінічнай сферы, грамадскага харчавання, сельскай гаспадаркі і сферы паслуг. Ці разумеюць гэта выпускнікі, якія часта пад уплывам чужога меркавання імкнуцца атрымаць менавіта вышэйшую адукацыю і пайсці ў сферу разумовай працы?


Пасля 9 класа — у каледж

Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ канстатуе, што інтарэсы работадаўцаў, на жаль, не заўсёды супадаюць з інтарэсамі выпускнікоў. Ён падзяліўся вынікамі сёлетняй прыёмнай кампаніі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай (ПТА) і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА), якая, дарэчы, незаслужана прыцягвае менш увагі грамадскасці, чым прыёмная кампанія ў вышэйшых навучальных установах краіны. Планавыя лічбы прыёму на ўзровень ССА склалі 39,6 тысячы чалавек, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі кадраў — больш за 4 тысячы. Па выніках уступнай кампаніі планавыя паказчыкі прыёму абітурыентаў выкананы на 98,8 працэнта, у каледжы залічаны 38,4 тысячы маладых людзей. У 2022-м навучэнцамі сталі на тысячу чалавек менш — 37,4 тысячы юнакоў і дзяўчат. Гэтая лічба склала ад плана прыёму 96,5 працэнта.

— Назіраецца павелічэнне прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта звязана з запатрабаванасцю ў рэальным сектары эканомікі спецыялістаў з больш высокай кваліфікацыяй, паколькі ўкараненне новых тэхналогій патрабуе больш высокага ўзроўню адукацыі, па шэрагу напрамкаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўжо недастаткова для таго, каб выконваць складаныя вытворчыя аперацыі, — адзначыў рэктар РІПА і дадаў, што асноўным кантынгентам абітурыентаў сталі выпускнікі базавай школы — 23,4 тысячы чалавек.

— Становіцца трэндам выбіраць спецыяльнасць або прафесію пасля дзявятага класа і працягваць навучанне ў каледжы. Гэтая тэндэнцыя нас радуе, — падкрэслівае Валерый Галубоўскі. — За кошт сродкаў бюджэту на ўзровень ССА прынятыя 17,3 тысячы выпускнікоў 9-х класаў, на платнай аснове — 6,1 тысячы. Колькасць тых, хто паступіў на платныя месцы, захавалася на тым жа ўзроўні, а вось бюджэтнікаў стала на 3 тысячы больш — гэта тыя месцы, якія дадаткова былі запланаваны для выпускнікоў дзявятых класаў. Пры гэтым на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, гэта значыць, пасля адзінаццаці класаў, а таксама пасля прафтэхадукацыі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступіла 15 тысяч чалавек. У 2022 годзе было 16,7 тысячы. Мы разумеем, што пасля навучання на старшай ступені школы ў профільных класах выпускнікі ў большай ступені нацэленыя на вышэйшую адукацыю, таму і робім у прыёмнай кампаніі ўпор на выпускнікоў базавай школы.

Пад мэтавую падрыхтоўку было запланавана 4291 месца, прынята 3954 чалавекі, што склала 92 працэнты ад плана. Для параўнання: летась на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі было прынята на 700 чалавек менш. Валерый Галубоўскі лічыць, што гэтаму паспрыяла зняцце абмежаванняў для патэнцыяльных заказчыкаў кадраў. Сёння заключаць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку могуць усе наймальнікі, незалежна ад іх месцазнаходжання, у тым ліку і размешчаныя ў сталіцы.

Рэкорды прыёмнай кампаніі

Трэба мець на ўвазе, што паводле новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўсе навучальныя ўстановы, якія рэалізоўваюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, перайшлі на адзіны від установы адукацыі — цяпер гэта каледж. Сёння ў краіне іх налічваецца 229. Акрамя таго, быў уведзены новы класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Гэта важны дакумент, у якім перагледжаны найменні спецыяльнасцяў, унесены новыя, а нейкія страцілі сваю актуальнасць і былі выключаны. З навацый сёлетняй уступнай кампаніі — прыём на большасць спецыяльнасцяў без уступных экзаменаў па сярэднім бале атэстата аб адукацыі.

Максімальныя прахадныя балы сёлета традыцыйна адзначаліся на спецыяльнасцях ІТ-профілю. «Напрыклад, у Мінскім радыётэхнічным каледжы былі зафіксаваны прахадныя балы 9,9—10,0 на спецыяльнасцях «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм», «Праграмаванне мабільных прылад», «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі». Гэта новыя назвы, якія з'явіліся ў сувязі з уступленнем у сілу новага класіфікатара спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Але яны новыя не толькі па назве. Абнаўляючы змест стандартаў і планаў, вядома, былі ўлічаны і сучасныя патрабаванні.

Не зніжаецца таксама прывабнасць сярод абітурыентаў такіх спецыяльнасцяў, як «Правазнаўства» (у Юрыдычным каледжы БДУ прахадны бал быў ад 9,8 да 10,0), «Банкаўская справа» — 9,3—10,0 балаў (у Мінскім фінансава-эканамічным каледжы).

Максімальны конкурс зафіксаваны на такіх спецыяльнасцях, як «Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя», «Дызайн» — больш за 4 чалавекі на месца, «Жывапіс» — 3,5 чалавека на месца, «Архітэктурнае праектаванне» — 2,6, «Сястрынская справа» — 2,2, «Лячэбная справа» — больш за 2 чалавекі на месца.

Цікавіць моладзь «Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў» — больш за 2 чалавекі на месца, «Фізічная культура» — 1,8 чалавека на месца, «Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці» — 1,5 чалавека на месца.

Фларысты і рэстаўратары

Як адзначыў рэктар РІПА, змест сярэдняй спецыяльнай адукацыі пастаянна актуалізуецца. Стандарты, планы і праграмы распрацоўваюцца, зыходзячы з вывучэння патрэб рэальнага сектара эканомікі: які спецыяліст павінен выходзяць з установы адукацыі, якія функцыі выконваць... Гэта і прадвызначае з'яўленне новых спецыяльнасцяў, змест якіх узгадняецца і з галіновымі міністэрствамі, і з заказчыкамі кадраў.

Напрыклад, сёлета былі адкрыты некалькі новых спецыяльнасцяў. Сярод іх — «Фларыстычны дызайн» у Мінскім дзяржаўныя каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі. Сёння надзвычай запатрабаванае дэкаратыўнае кветкавае афармленне розных памяшканняў, сацыяльных і культурных мерапрыемстваў, прэзентацый, вяселляў, фармальных і нефармальных сустрэч. Гэта сфера даўно актыўна развіваецца, але адпаведных спецыялістаў сістэма адукацыі не рыхтавала да бягучага года. Асноўныя заказчыкі кадраў — Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і «Ружа.Бел». Сярэдні бал тых, хто абраў «Фларыстычны дызайн», — 7,3 бала. Пры паступленні на новую спецыяльнасць трэба было здаваць творчы экзамен.

У філіяле БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» і ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы ўпершыню ў краіне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрылася спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» з атрыманнем кваліфікацыі «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы». У Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА — новая спецыяльнасць «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў», У Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва — спецыяльнасць «Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы» з прысваеннем кваліфікацыі «Рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак», у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. Глебава — «Дызайн мультымедыя», у Мінскім дзяржаўным каледжы аўтамабілебудавання — «Выраб аптычных прыбораў», у трох каледжах — спецыяльнасць «Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў».

Гнуткасць і мабільнасць

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі вядзецца падрыхтоўка ў нашай краіне больш чым па 250 прафесіях. Усяго на гэты ўзровень планавалася прыняць сёлета 26,5 тысячы чалавек (плюс 466 у параўнанні з папярэднім годам). На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — 3168 чалавек (амаль на тысячу больш чым у 2022 годзе).

— Спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі ў структуры прыёму на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі складаюць 75 працэнтаў, — праінфармаваў Валерый Галубоўскі.

Ён патлумачыў, што пераход усіх устаноў адукацыі, дзе рыхтуюць па рабочых спецыяльнасцях, у статус каледжа дазволіў ім рэалізоўваць рознаўзроўневыя праграмы (і прафесійна-тэхнічнай, і сярэдняй спецыяльнай адукацыі). Усё залежыць ад гатоўнасці педагагічнага калектыву і патрэб канкрэтных рэгіёнаў. А дзяржава стварае ўмовы, каб падрыхтоўка кадраў была гнуткай і мабільнай.

Валерый Галубоўскі дадаў, што ў розных рэгіёнах у моладзі карыстаюцца попытам розныя рабочыя прафесіі. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці найбольш запатрабаванай была спецыяльнасць «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання», «Станочнік шырокага профілю» , «Слесар па рамонце аўтамабіляў». У Віцебскай — «Электрагазазваршчык», «Слесар па рамонце аўтамабіляў», у Гомельскай — «Аператар камп'ютарнай графікі», «Электраманцёр пажараахоўнай сігналізацыі», «Повар, афіцыянт», у Гродзенскай — «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электрамабіляў», «Слесар па рамонце аўтамабіляў», у Мінску — «Кухар» у інтэграцыі з іншымі кваліфікацыямі, «Цырульнік, візажыст», «Слесар па рамонце аўтамабіляў», «Фларыст».

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі навучэнцам імкнуцца даваць, як правіла, 2-3 кваліфікацыі ў рамках адной спецыяльнасці, каб, па-першае, павялічыць канкурэнтаздольнасць іх выпускнікоў, а, па-другое, задаволіць патрэбы рынкаў працы ў розных рэгіёнах краіны.

Што датычыцца аддаленых перспектыў, то, на думку рэктара РІПА, партрэт рабочага будучыні сістэма адукацыі павінна ствараць разам з заказчыкамі кадраў.

— Мы бачым, што асноўная маса рабочых прафесій захаваецца ў сваіх профілях: гэта сельская гаспадарка, будаўніцтва, прамысловасць, гандаль, сфера паслуг, але функцыі спецыялістаў могуць мяняцца. І звязана гэта будзе з лічбавымі рашэннямі. У той жа сельскай гаспадарцы сёння ўкараняецца дакладнае земляробства, таму прафесія трактарыста набывае зусім новае напаўненне...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.