Вы тут

Чым зацікавіў гледача балет «Рускі Гамлет»


На мінулым тыдні на сцэне Вялікага тэатра Беларусі прадставілі балет «Рускі Гамлет» Марыйскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Э. Сапаева. 


Неардынарнай і правакацыйнай можа падацца назва балета пра Паўла I. Адны называюць яго «рускім Гамлетам», іншыя лічаць сварлівым самадурам і дэспатам. Абодва гэтыя меркаванні цалкам справядлівыя і не супярэчаць адно аднаму. Усё залежыць ад таго, з якога ракурсу разглядаць. Калі казаць пра Паўла I як звычайнага чалавека, то ў яго сапраўды быў цяжкі і трагічны лёс: рана загінуў бацька, складаныя адносіны з маці (адсюль яго нервовасць і раздражняльнасць). Але другая ацэнка таксама аб’ектыўная. Як дзяржаўны дзеяч Павел быў тыповым самадурам. Не столькі дэспатам, а менавіта самадурам на троне. Прынамсі менавіта так на яго глядзелі многія сучаснікі. Аднак вернемся да балета. 

Будзе дарэчы пераказаць сюжэт гастрольнага «Рускага Гамлета», каб чытач, які не змог трапіць на паказ, зразумеў, пра што будзе ісці гаворка ў матэрыяле. 

Так, Расія часоў улады Пятра III. Жонка імператара Кацярына, прыніжаная п’янымі гулянкамі нялюбага мужа. Фаварыт дапамагае ёй ажыццявіць змову супраць самадзержца. Маленькі Павел становіцца міжвольным сведкам забойства бацькі. 

Дваровыя пакоі. Павел самотны ў асяроддзі ліслівых прыдворных, у атмасферы пустой мітусні нянек, плётак і інтрыг. Недасягальная маці-імператрыца, побач з якой заўсёды знаходзіцца Фаварыт. Улада для Кацярыны непадзельная. Яна не дапускае сына да дзяржаўных спраў.

Імператрыца вырашае, што ранні шлюб павінен адцягнуць спадчынніка ад думак пра ўступленне на трон. 

Павел шчаслівы з жонкай, але яна поўная славалюбівых планаў і ўгаворвае мужа змагацца за ўладу. Імператрыца даведваецца пра яе задумы. Хлусня і падступства звычайныя пры двары. Кацярына задумвае чарговую інтрыгу, і сямейнае шчасце спадчынніка рассыпаецца пасля здрады жонкі, якая стала здабычай Фаварыта. Але і гэтага недастаткова: смерць каханай — цана за імкненне да пасады. 

Лабірынты палаца палохаюць Паўла халоднай варожасцю, пазбаўляюць надзеі вырвацца з-пад улады Імператрыцы. Спадчыннік марыць аб гучных ваенных перамогах. Але гэта — толькі ілюзія магутнасці. 

Ва ўспамінах Павел бачыць загінулую жонку, сваё дзяцінства, забойства бацькі. 

Баль-маскарад, якім кіруе Імператрыца, перарастае ў оргію. Павел запрашае Кацярыну на тэатральнае прадстаўленне. Акцёры, навучаныя спадчыннікам, разыгрываюць сцэну забойства караля. Імператрыца, якая разумее алюзію на свой удзел у змове, упадае ў гнеў. Павел упершыню адважваецца супрацьстаяць маці. 

Фаварыт знаходзіцца ў роспачы. Ён спрабуе вярнуць добры настрой Імператрыцы, але безвынікова. 

Прывід бацькі заклікае Паўла да помсты. У сваіх фантазіях спадчыннік здзяйсняе доўгачаканую адплату: Фаварыт памірае ў абдымках цені забітага ім цара. У кругавароце вобразаў Паўлу з’яўляецца Імператрыца. Цяпер яе чарга, застаецца толькі апусціць меч... але рука не падымаецца нанесці маці апошні ўдар. 

Плата Імператрыцы за трон — унутраная адзінота. Страх смерці напаўняе яе душу. 

Нават мары аб троне не прыносяць Паўлу радасці. Ён прадбачыць фатальны фінал нядоўгага праўлення. Спадчынніку не наканавана дасягнуць славы маці. І Павел разумее: ён толькі палонны ўласных сноў, адлюстраванне трывожных фантасмагорый. 

Здаецца, пасля кароткага пераказу сюжэта ні ў кога не засталося пытанняў, чаму балет называецца «Рускі Гамлет». Перапляценне ўсім вядомага шэкспіраўскага сюжэта з жыццём Паўла I не выклікае сумнення, хоць і мае сутнасныя адрозненні. Аднак усе недакладнасці нівеліруе прыметнік, задзейнічаны ў назве. 

Ролю Імператрыцы выканала Святлана Сяргеева, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі імя Й. Кірлі. Калі ацэньваць пераўвасабленне актрысы па 10-бальнай шкале, то гэта адназначна 10 з 10. Пацвярджэннем таму паслужаць самыя гучныя «брава» ў адрас актрысы на паклоне. Сын імператрыцы, Павел (Спадчыннік) — Арцём Васільеў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі імя Й. Кірлі. А вось з гэтым героем усё не так адназначна. Адчувалася цяжкасць у рухах Сына Імператрыцы, не хапала лёгкасці, плаўнасці ў пластыцы. Магчыма, гэта прадугледжана ў балеце пастаноўшчыкамі і паказваюць гледачу характэрныя рысы асобы Паўла I, аднак падчас прагляду не адчулася. Фаварыт імператрыцы — лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі імя Й. Кірлі Іван Мялехін — цалкам раскрыў злыдня і адначасова вернага палюбоўніка ў пастаноўцы. Роля Пятра III, прывіда Пятра III (бацькі спадчынніка), дасталася Ільі Сарайкіну. Персанаж цалкам жахлівы, містычны, вакол якога адчуваецца прысутнасць смерці, а дакладней — пранікненне мёртвага ў рэчаіснасць жывых. Прадугледжаная скаванасць рухаў, якая перадае архетып закасцянеласці, нягнуткасці замагільнага свету, выдатна перадавалася выканаўцам. Немалая заслуга ў гэтым мастакоў і касцюмераў, а таксама святлоі гукарэжысёраў. Жонка Спадчынніка — лёгкая, нібы здольная ў любы момант паляцець разам з ветрам, дзяўчына, якую выдатна сыграла лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў, лаўрэат дзяржаўнай маладзёжнай прэміі Рэспублікі Марый Эл імя А. Іпая і Нацыянальнай тэатральнай прэміі ім. Й. Кірлі Крысціна Міхайлава. 

Асобная ўвага — касцюмам герояў. Калі глядзіш не толькі на галоўных персанажаў, але і на кардэбалет, успамінаецца слова «дорага». Няма адчування таннасці, што надае балету прысутнасць высокага ці таго, што адносіцца да дваранства. 

Музычнае напаўненне пастаноўкі складаюць творы нямецкага кампазітара Людвіга ван Бетховена (знакамітая «Месячная саната» ў тым ліку) і аўстрыйскага кампазітара Густава Малера. 

Прэм’ера балета прайшла ў Яшкар-Але вясной 2022 года. І гэта, як пішуць крытыкі, стала гістарычнай падзеяй для Марыйскага тэатра: раней спектакль «Рускі Гамлет» ставілі толькі два тэатры — Санкт-Пецярбургскі тэатр балета Эйфмана і Вялікі тэатр Расіі. 

Падчас прэс-падыходу мы даведаліся, што харэаграфія Барыса Эйфмана, рэалізаваная ў балеце «Рускі Гамлет», настолькі цяжкая ў выкананні, што, калі артыст спасцігае яе сутнасць, класічная харэаграфія становіцца лёгкай і зразумелай. 

Барыс Эйфман, якога называюць адным з вядучых харэографаў свету, тэатральным чараўніком, — стваральнік свайго тэатра, стылю, нарадзіўся ў 1946 годзе ў Сібіры. З ранняга дзяцінства яму хацелася выказваць свае пачуцці і разважанні ў пластычных вобразах, танцы. Сам ён скажа пазней: «Балет для мяне не толькі прафесія. Гэта спосаб існавання, маё зямное прызначэнне. Яго сродкамі я павінен перадаць тое, што даецца мне небам. Я, відаць, проста захлынуўся б сваімі эмоцыямі, калі б не меў магчымасці рэалізаць іх у творчасці. Харэаграфія для мяне — мастацтва глыбока рэлігійнае ў шырокім разуменні гэтага слова». 

Вядомай асаблівасцю, «брэндам» харэаграфіі Эйфмана з’яўляецца тое, што практычна ўсе яго пастаноўкі сюжэтныя і часта маюць літаратурную аснову. Гэта ў поўнай меры адпавядае яго творчай пазіцыі: «Я не кажу, што мяне не хвалюе сам харэаграфічны тэкст і яго ўзровень, ступень фантазіі ці дасканалай формы... Але калі мне неабходна літаратурная аснова, то гэта азначае, што я шукаю ў ёй магчымасць паглыбіцца ў нейкую сферу, якая вядома мне і вядома маім гледачам, і вось у гэтым знаёмым спрабую знайсці. Адкрыць нязведанае...» 

Прысутнасць Барыса Эйфмана адчуваецца на працягу ўсёй балетнай пастаноўкі. Почырк харэографа значна набліжае гледача да ідэйнай канцэпцыі праз пластыку, эмацыянальнасць артыстаў. 

Балет магічны настолькі, што адчуваеш, як бягуць мурашкі па целе. А сапраўды зачароўваюць сцэны адушаўлення смерці. Яна прадстаўлена ў выглядзе вялізнай чорнай істоты з маленькай галавой (чэрапам). Ірэальнасць адчуеш з першых секунд. Успамінаецца радок з песні «Поезд на Сурхабан» Алега Мядзведзева: «Всякий поборник точной науки знает — у смерти длинные руки». І Смерць у балеце «Рускі Гамлет» з-за сваіх доўгіх рук робіць уражанне істоты ўсёпаглынальнай, якую нішто і ніхто не спыніць. 

Гастролі Марыйскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Э. Сапаева — сапраўдная культурная падзея. Падпісанне мемарандума з Вялікім тэатрам Беларусі — знамянальны момант, бо, як высветлілася, мае вельмі светлую перспектыву, якая будзе напаўняць разнастайнасцю тэатральную афішу і здзіўляць публіку якаснай творчасцю. «Рускі Гамлет» таму пацвярджэнне. 

Антон АНТОНАЎ 

Фота з сайта Марыйскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Эрыка Сапаева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.