Вы тут

Як фарфоравы трусік-вандроўнік вучыць любіць


Дзіцячыя казкі можна распавядаць па-рознаму. Клапатлівыя бацькі альбо бабулі з дзядулямі могуць чытаць іх малым у вольны час. Учынкі герояў упадабаных казак малыя часта прымяраюць на сябе, просяць называць сябе іх імёнамі альбо даюць іх любімым цацкам. А яшчэ казкі можна разыгрываць па ролях у сямейным коле ці ў добрай кампаніі. Ці пайсці ў тэатр і паглядзець, як гэта робяць прафесіяналы, здольныя не проста захапіць казкай, а на нейкі час перанесці і заглыбіць у яе. 


Напрыканцы мінулага года ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры распавялі незвычайную казку пра фарфоравага трусіка Эдварда. Незвычайнасць у тым, што ў тэатры стварылі для дзяцей казку-інтэрактыў, у якую можна трапіць яшчэ да пачатку прадстаўлення…

Дзеці з бацькамі месцяцца не ў глядзельнай зале, а непасрэдна на сцэне ў мяккіх фатэлях. Праўда, малая сцэна тэатра і гледачоў няшмат, але гэта той ход, калі ўдаецца разарваць адлегласць і перажыць час дзеі ў цёплым коле людзей, якія становяцца блізкімі праз агульныя адчуванні і перажыванні, выкліканыя стваральнікамі. Рэжысёрамі значацца адразу двое — Настасся Рэўчанка і Аляксей Шутаў. Яны ж акцёры, якія прыдумалі ўвасабленне казкі пісьменніцы Кейт ДзіКаміла «Дзіўнае падарожжа трусіка Эдварда». Стваральнікі адаптавалі твор да фармату літаратурнай гасцёўні, калі кожны глядач не проста прысутнічае на спектаклі, а фактычна з’яўляецца яго ўдзельнікам — бо ўсё гэтаму спрыяе і нават дакладна прадумана. Пры тым, што ўзрост гледачоў, на якіх разлічана прадстаўленне, ад 4-х гадоў. Але такія малечы ў тэатр ходзяць з дарослымі. А спектакль «Гісторыя фарфоравага трусіка» зроблены з павагай да гледача любога ўзросту, галоўнае — быць дзіцем у душы. Гэта не так складана, таму што ў кожнага была альбо яшчэ ёсць любімая цацка, здольная ажываць у фантазіях і стаць найлепшым сябрам, калі гэта патрэбна. 

Гісторыя фарфоравай цацкі, якую падаравалі дзяўчынцы Абелін на дзень нараджэння, вельмі дынамічная. Таму што аднойчы трусік Эдвард быў згублены, а далей чакала падарожжа, падчас якога ў яго мяняліся гаспадары. Кожны з іх мае сваю зацікаўленасць у тым, каб валодаць гэтай цацкай, і ў кожнага Эдвард выклікае яркія пачуцці. Гэта працэс узаемны, таму што і яны, і Эдвард атрымліваюць адзін ад аднаго ўрок чалавечасці і любові. Цацкі насамрэч шмат на што здольныя. Асабліва калі іх увасабляюць на сцэне і калі гэта зроблена таленавіта і з любоўю. 

— Я выпадкова пазнаёміўся з творам, але ўсе, хто чытаў гэтую кнігу, захапляюцца ёю. Нам вельмі спадабалася гісторыя — яна вельмі цёплая, — гаворыць адзін з рэжысёраў і выканаўцаў Аляксей Шутаў. — Калі з’явілася магчымасць, я прапанаваў яе да пастаноўкі. Мы з Настассяй з задавальненнем звярнуліся да казкі Кейт ДзіКаміла, і ў нас атрымалася ўсё, што задумалі. Насамрэч у трусіка Эдварда шмат падарожжаў, у наш аповед мы ўключылі не ўсе, таму што інакш спектакль быў бы вельмі доўгім. Але нам важна, каб дзея не была перагружана, каб маленькія гледачы, на якіх мы разлічвалі ў першую чаргу, не засумавалі і атрымалі б у тэатры найлепшыя ўражанні. Фармат cпектакля інтэрактыўны, з разлікакм на вельмі маленькую колькасць гледачоў: 10 дзяцей плюс 10 дарослых. Я прапанаваў, каб гледачы проста былі разам з намі на сцэне. Пры гэтым нам хацелася наладзіць не толькі жывыя зносіны з дзецьмі, але і захаваць адчуванне казкі. Бо калі дарослыя дома гуляюць з малымі альбо дзеці самі ладзяць гульню, то падчас яе стол лёгка можа ператварацца ў пячору, рондаль — у касмічны карабель і гэтак далей. Згодна з такім прынцыпам, мы і стваралі спектакль. Назіраючы за дзецьмі альбо згадваючы сябе ў ружовым узросце, можна шмат чаго прыдумаць…

Нягледзячы на тое, што толькі два акцёры заняты ў спектаклі, ён багата населены персанажамі. Настасся Рэўчанка і Аляксей Шутаў хутка пераўвасабляюцца ў розных герояў з дапамогай вельмі простых рэчаў, падручных сродкаў. Гэта адбываецца натуральна, быццам сапраўды перад вачыма разгортваецца дзіцячая гульня. 

Малыя ўключаюцца ў гульню, ім цікава, таму што няма бар’еру паміж імі і артыстамі. Выканаўцы нібыта ахінаюць кожнае дзіця сваім клопатам, узаемадзейнічаюць з гледачамі, стараюцца зрабіць так, каб усім было ўтульна і цёпла, як дома. Дэкарацыі і рэквізіт (мастак-пастаноўшчык Кацярына Герасіменка) працуюць на ідэю. Гэта нібыта фантазійная гасцёўня з шафай, камодай, крэслам — шмат прадметаў, якія ў выніку выкарыстоўваюцца ў пастаноўцы. А некаторыя з іх падчас расповеду па волі стваральнікаў ператвараюцца ў персанажаў казкі. Напрыклад, у адным са сваіх падарожжаў трусік апісвае нерэальна пунсовыя вусны Нэлі, жонкі рыбака, які вылавіў яго. Нэлі — дрэнны персанаж, у яе ператвараецца чырвоная падушка, якая ўвасабляе вялізныя вусны. Абажур ад плафона, што стаіць на камодзе, ператвараецца ў галаўны ўбор бадзягі, а пасля — у вопратку для трусіка... 

Дэкарацыі ў гэтым спектаклі існуюць не толькі дзеля арыгінальнасці і фантазіі, яны яшчэ і функцыянальныя. У шафе захоўваецца гардэроб трусіка, у ёй пры неабходнасці хаваюцца артысты, а напрыканцы яна становіцца стэлажом, што запоўнены фарфоравымі лялькамі ў майстэрні майстра, куды трапляе трусік. А камода — гэта і вагон цягніка, які ў выніку ператвараецца ў стол у майстэрні. Калі трусік праходзіць усе свае падарожжы, гэты стол аб’ядноўвае выканаўцаў і гледачоў, якія тут жа могуць даць волю ўжо сваёй фантазіі: вось інтэрактыў у дзеянні і шчырае захапленне маленькіх гледачоў і іх бацькоў. Бо гісторыя даволі трапяткая — падарожжа Эдварда доўгае і няпростае. Але ці вернецца згублены трусік да сваёй першай гаспадыні?.. 

Адказ на гэтае пытанне можна знайсці, прачытаўшы казку. Ці дачакаўшчыся, калі ў афішы Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра будзе пазначаны чарговы паказ «Гісторыі фарфоравага трусіка». 

Настасся Рэўчанка і Аляксей Шутаў прыдумалі спектакль, але ён можа прыцягваць не толькі гледачоў, але і новых выканаўцаў, якія здолеюць распавесці гэтую гісторыю не менш таленавіта, чым самі стваральнікі-рэжысёры. Ёсць дзеля каго старацца: казак для самых маленькіх не надта многа ў нашых тэатрах. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з сайта Маладзёжнага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.