Вы тут

Прафсаюзы дамовіліся аб супрацоўніцтве


Усеагульная канфедэрацыя прафсаюзаў (УКП) і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў арабскіх дзяржаў дамовіліся аб сумеснай рабоце на міжнароднай арэне для адстойвання інтарэсаў працоўных у рэгіёнах. Гэта вынік учарашняй сустрэчы кіраўнікоў абазначаных арганізацый, ініцыяванай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), паведамілі ў прэс-службе ФПБ.


Фота: ФПБ

Нацыянальны прафцэнтр нашай краіны, які з’яўляецца арганізацыяй-членам УКП, заўжды выступаў за свабодныя зносіны паміж дзяржавамі і прафсаюзамі, хоць зараз заходнія палітыкі намагаюцца дыктаваць усім краінам свае ўмовы і абмяжоўваць свабоду, прафсаюзную салідарнасць і супрацоўніцтва, заўважыў падчас сустрэчы старшыня ФПБ Міхаіл Орда:

— Гэта напраўпрост шкодзіць працаўнікам самых розных краін, пазбаўляе іх працоўных месцаў, здабытку. Таму тыя прафсаюзы, якія сапраўды дзейнічаюць у інтарэсах людзей і справядлівасці, павінны аб’ядноўвацца і даваць адпор такім незаконным дзеянням. УКП аб’ядноўвае больш за 30 мільёнаў працоўных СНД, а Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў арабскіх дзяржаў прадстаўляе інтарэсы мільёнаў працоўных свайго рэгіёна. Гэта вялізная сіла для адстойвання праўды і справядлівасці на міжнароднай арэне.

Сёння адбываюцца глабальныя змены эканамічных сувязей у сусветнай прасторы, пераразмеркаванне рэсурсаў, абмяжоўваецца іх даступнасць, ідзе вялізны ціск заходніх краін і ЗША. Па адным ўстаяць перад гэтым ціскам, у тым ліку і прафсаюзам, будзе проста немагчыма, пагадзіўся прэзідэнт УКП Аляксандр Карчагін:

— Тое, што беларускія прафсаюзы праявілі ініцыятыву, узялі на сябе адказнасць па арганізацыі гэтай сустрэчы, сведчыць аб іх сталасці і самастойнасці, і гэта не проста заявы, якія абазначаны. Былі прапанаваныя варыянты рашэння тых праблем, якіх мы нават не бачым. На жаль, на сусветнай прасторы сёння прафсаюзы максімальна палітызаваліся і не займаюцца фактарамі развіцця працоўнага заканадаўства, гарантый для чалавека працы, справядлівай эканомікі, пра якую мы заўжды кажам. А гавораць пра нейкія фарматы добрых і кепскіх краін, якія незразумела хто і на падставе чаго вызначае. Гэта сведчыць, што сусветная прастора прафсаюзаў занадта засмечана праблемамі, якімі прафсаюзы ніколі не займаліся. Яны не для гэтага ствараліся.

Гэткай жа думкі трымаецца і генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў арабскіх дзяржаў Джаміль Кадры, які мяркуе, што пасля распаду СССР у свеце існуе вельмі яўны дысбаланс:

— Амерыка хоча дамініраваць і мець поўны кантроль над усім светам, каб мець усе неабходныя рэсурсы. Сёння відавочна, што там, дзе ёсць вайна, там, дзе ёсць дысбаланс, прычына — Амерыка. Там, дзе не ўдаецца распаліць вайну, яны хочуць палітычнымі і эканамічнымі метадамі ўсталяваць свой кантроль. Каб вярнуць баланс у свет, трэба аб’ядноўвацца і падтрымліваць адзін аднаго.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.