Вы тут

Вярнуць грошы, работу і гарантыі дапамагаюць прафсаюзныя юрысты


Юрыдычную дапамогу ў працоўных пытаннях юрысты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ва ўсіх раёнах краіны аказваюць у апошні чацвер кожнага месяца падчас выязных прыёмаў. Па выязныя кансультацыі звярнулася ўжо каля 5000 працаўнікоў. 90 % зваротаў, дарэчы, удаецца вырашыць на месцы.


Кантракт і рабочы палон

Нягледзячы на тое, што прафсаюзныя юрысты спецыялізуюцца ў галіне працоўнага права, неабходную кансультацыю і далейшае суправаджэнне ў рашэнні пытанняў атрымалі і тыя, хто звярнуўся з праблемамі спадчыны, жыллёвага і пенсійнага заканадаўства і іншых. Аднак большасць пытанняў была звязана з працоўнымі стасункамі.

Юрысты аказалі прававыя кансультацыі тым, хто цікавіўся пытаннямі вызначэння індывідуальнага рэжыму рабочага часу, парадку аплаты бальнічных лістоў, прадастаўлення арэнднага жылля маладым спецыялістам, гарантый работнікам пры часовым пераводзе да іншага наймальніка ці на іншую работу, вызначэння нормы работ і парадку разліку зарплаты. Падчас прыёму прафсаюзныя юрысты таксама патлумачылі работнікам новыя нормы Працоўнага кодэксу, якія ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024-га.

Сустракаліся і сітуацыі, для вырашэння якіх прафсаюзныя юрысты тут жа звярталіся з рэкамендацыямі да наймальнікаў або па запыце людзей намерваюцца далей звяртацца ў суд, расказалі ў прэс-службе ФПБ:

— У адной з сельгасарганізацый Мінскай вобласці наймальнік планаваў не працягнуць кантракт работніцы, спасылаючыся на яе пенсійны ўзрост. Пасля перамоў з наймальнікам і довадаў прафсаюзных юрыстаў працадаўца прыняў рашэнне на карысць жанчыны. З яшчэ больш складанай праблемай звярнулася супрацоўніца адной з прыватных крам Брэсцкай вобласці. Жанчына тры месяцы адпрацавала касірам-прадаўцом. Пасля правядзення інвентарызацыі выявілася буйная нястача, у якой уладальнікі крамы абвінавацілі заяўніцу (пры гэтым дакументаў, якія пацвярджалі б нястачу, няма). жанчына настойвае на сваёй невінаватасці і звальненні. Аднак наймальнік глядзіць на працоўнае права па-іншаму — ён прапануе падзяліць нястачу паміж усімі супрацоўнікамі, або адпрацаваць месяц бясплатна. Прафсаюзныя юрысты ў гэтай сітуацыі гатовыя суправаджаць інтарэсы заяўніцы ў судзе, тым больш што пры разглядзе працоўнага дагавора супрацоўніцы спецыялісты ФПБ зафіксавалі нямала парушэнняў заканадаўства.

Адзін з работнікаў, які прыйшоў на прыём да юрыстаў ФПБ у Шклове, увогуле ўжо два месяцы не можа зразумець, ці з’яўляецца ён супрацоўнікам прадпрыемства. Яго кантракт скончыўся 1 жніўня. Працоўныя стасункі яму не працягнулі, але і не звольнілі. Працоўную кніжку не аддалі, ніякія дакументы ў дачыненні яго не падпісалі. Дамагчыся ад наймальніка адказу, чаму склалася такая сітуацыя, чалавек таксама не можа. Прафсаюзныя юрысты запыталі ўсе неабходныя дакументы на прадпрыемстве, каб вырашыць пытанне аператыўна.

Адпачынак для абавязаных і адмова ў звальненні

Сярод пытанняў, з якімі часта прыходзяць людзі, — разлікі пры скасаванні кантракту і невыкананне ўмоў кантрактаў і дагавораў, выплата матэрыяльнай дапамогі, гарантыі па калектыўных дагаворах, працоўныя і сацыяльныя адпачынкі, аплата лістоў непрацаздольнасці, правамернасць дысцыплінарных спагнанняў. Акрамя кансультацый прафсаюзныя юрысты дапамагаюць скласці працэсуальныя дакументы ў адпаведныя службы і дзяржорганы, падкрэслілі ў прэс-службе ФПБ:

— На прыёмах прысутнічаюць таксама прадстаўнікі пракуратуры, якія пры неабходнасці падключаюцца да вырашэння праблемы. Прыярытэтныя накірункі для супрацоўніцтва двух ведамстваў — вытрымліванне наймальнікамі гарантый у галіне аховы працы, парадку і тэрмінаў выплаты заробку і іншых сум, якія павінен атрымаць супрацоўнік, напрыклад пры звальненні.

У Воранава аднаго з работнікаў сяльгасарганізацыі цікавіла пытанне прадастаўлення адпачынку абавязанай асобе. Прававы інспектар патлумачыў, што ў выпадку накіравання на работу абавязанай асобы ёй даецца адпачынак працягласцю сем каляндарных дзён.

— У Магілёве загадчыца крамы звярнулася з пытаннем пра працоўныя адносіны з наймальнікам. Жанчына напісала заяву на звальненне, аднак кіраўнік дакумент не падпісвае. Работніца паскардзілася падчас кансультацыі на шэраг парушэнняў у аб’екце гандлю: адсутнасць даплат за работу па сумяшчэнні, нявыплату прэмій, незабеспячэнне належнага парадку за захаванасцю прадукцыі. Паколькі дакументальна пацвердзіць свае словы яна не змагла, то факты будуць правярацца, — запэўнілі ў прэс-службе.

Мужчына з Жыткавіч паскардзіўся, што ўжо больш як паўгода працуе на ахове аб’екта, пазменна выконвае свае працоўныя абавязкі і падпарадкоўваецца правілам унутранага распарадку, аднак наймальнік пры прыёме на работу заключыў з ім не працоўны дагавор, а дагавор падраду.

— Такі дакумент дазваляе працадаўцы не распаўсюджваць на работніка па дагаворы падраду ільготы і гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам. Так што, падпісваючы дагавор падраду, грамадзяне аўтаматычна пазбаўляюцца шэрагу прывілегій, якія замацаваныя ў калектыўных дагаворах і пагадненнях, — расказалі ў прэс-службе ФПБ. — Прафсаюзны юрыст, прагледзеўшы дакументы, якія прынёс мужчына, высветліў, што ў дагаворы падраду ўказаны ўсе элементы працоўнага дагавора, таму з работнікам неабходна аформіць працоўныя стасункі адпаведна з працоўным заканадаўствам.

У гэтым выпадку наймальнік павінен будзе сістэматычна выплачваць заробак не ніжэй вызначанага мінімуму, які з 1 студзеня 2023-га складае 554 рубля. Аднак працадаўца мужчыны плаціць яму зараз 350 рублёў. Такім хітрым спосабам арганізацыі і прадпрыемствы зніжаюць фінансавыя выдаткі за кошт людзей. Гэта недапушчальна! Такім чынам ушчамляюць законныя інтарэсы работніка, бо, як паказвае практыка, парушэнні працоўных правоў найчасцей вядуць да фінансавых страт менавіта работнікаў, абурыліся ў ФПБ.

Правая абарона і юрыдычная дапамога — толькі частка дзейнасці ФПБ. Акрамя выязных прыёмаў прафсаюзы праводзяць юркансультацыі непасрэдна ў арганізацыях і на прадпрыемствах у рэгіёнах. Звярнуцца па дапамогу можна па тэлефоне, на асабістым прыёме, праз пісьмовы зварот ці электронную заяву на сайце Федэрацыі прафсаюзаў.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.