Вы тут

Сімвал Незалежнасці зноў адчыніў свае дзверы для гасцей


110 інспектараў і спецыялістаў Мінскай рэгіянальнай мытні і 115 заслужаных работнікаў сістэмы Мінлясгаса з усіх куткоў Беларусі сёння з экскурсіяй наведалі Палац Незалежнасці. Такія экскурсіі сталі ўжо добрай традыцыяй. Яны заўсёды праходзяць у цёплай атмасферы, і эмоцыі проста зашкальваюць ад убачанага і пачутага тут.


Вядучы спецыяліст па вучэбнай частцы цэнтра павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі Алена Паўколас з аграгарадка Ляхновічы ў Палацы Незалежнасці сустрэла свой дзень нараджэння: «Я марыла трапіць сюды ўжо вельмі даўно. Рада, што такая ўрачыстая і хвалюючая падзея адбылася менавіта ў гэты дзень. Тут, як і належыць сапраўднаму палацу, вельмі прыгожа і парадна! Уражанні і эмоцыі проста зашкальваюць. У першую чаргу абавязкова распавяду пра Палац сваёй сям’і, сябрам, блізкім і ў сацыяльных сетках абавязкова падзялюся».

Суразмоўца прызнаецца, што наведаць Палац Незалежнасці ў такі знакавы для яе дзень не чакала. Па яе словах, такая магчымасць — найлепшы падарунак.

Традыцыйна экскурсія пачынаецца з самай вялікай залы ўрачыстых цырымоній, дзе праходзіць мноства важных мерапрыемстваў. Пераходзячы з залы ў залу, наведвальнікі не стамляюцца захапляцца дзівосным убраннем. Усё гэта дзякуючы таленту нашых суайчыннікаў. Пышныя люстры, эксклюзіўная мэбля, карціны, мазаіка з паркету і мноства выдатных дэталяў ствараюць асаблівую атмасферу ў кожнай зале. Дарэчы, усяго ў палацы 20 асноўных залаў, дзе праходзяць найважнейшыя мерапрыемствы.

Памочнік ляснічага Навагрудскага лясніцтва Святлана Шорах і ляснічы Навагрудскага лясніцтва Дзмітрый Шынтар чатыры дні таму звязалі свае жыцці законным шлюбам. Як адзначаюць маладыя, наведаць Палац Незалежнасці — шыкоўны падарунак: «Мы марылі сюды прыехаць, бо чулі пра маштабы і прыгажосць Палаца Незалежнасці. Нам выпаў вялікі гонар трапіць сюды, і мы з радасцю паехалі. Тут вельмі прыгожа. Лічым, што кожнаму трэба тут пабываць. Адчуваецца нацыянальны гонар за Радзіму, а нацыянальная сімволіка зачароўвае.

Палац Незалежнасці сапраўды стаў месцам гонару беларусаў. Яго пабудавалі за 30 месяцаў замест 58 запланаваных, і ён на 90% выкананы беларускімі майстрамі з айчынных матэрыялаў. Што характэрна, у афармленні багата выкарыстоўваецца нацыянальны арнамент — у мастацкім роспісе сцен, столяў, у мазаіцы і метале. Першых высокіх гасцей палац прыняў у кастрычніку 2013 года, амаль 10 гадоў таму.

Станочнік дрэваапрацоўчага цэха Расонскага лясгаса Віктар Камкоў адпрацаваў у родным лясгасе 35 гадоў. Ён таксама падзяліўся ўражаннямі: «Для мяне наведванне Палаца Незалежнасці стала нечаканасцю. Першыя ўражанні яркія. Вельмі рады, што мне выпаў такі гонар. Прыгажосць, маштаб, архітэктура — я ніколі такога яшчэ не бачыў».

Не скупіцца на эмоцыі і наступны суразмоўца, ляснік Чэрыкаўскага лясгаса Васіль Псеўкін: «У лясной гаспадарцы працую ўжо 33 гады. На мінулым тыдні, у Дзень работнікаў лясной гаспадаркі, наведаў Мінск і атрымаў узнагароду ад міністра. А ўжо сёння я ў Палацы Незалежнасці! Ніколі раней тут не быў, і вось мне пашанцавала ўбачыць на свае вочы. Вельмі прыгожа. Усе пакоі і залы, якія мы паглядзелі, захапляюць. Лічу, што абсалютна кожнаму варта тут пабываць».

Безумоўна, наведванне Палаца Незалежнасці застанецца незабыўнай падзеяй, якая падарыла магчымасць яшчэ раз адчуць гонар за родную Беларусь, за сваіх таленавітых суайчыннікаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.