Вы тут

Якія мерапрыемствы праходзілі ў Беларусі да Дня пажылога чалавека


1 кастрычніка ў Беларусі адзначаць Дзень пажылых людзей. 

У нашай краіне больш за 2 мільёны чалавек, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, пры гэтым 500 тысяч з іх перасягнулі 75-гадовы ўзрост. Амаль 420 тысяч (кожны пяты пенсіянер) працягвае працаваць. Адной з прычын гэтага самі пажылыя людзі называюць жаданне пазбегнуць адзіноты і заставацца ў калектыве. Толькі ў сталіцы амаль 300 тысяч чалавек перасягнулі 65-гадовы ўзрост, і каля 20% з іх працуюць. Сярод іх ёсць 17 працягваюць працаваць у 90-гадовым і старэйшым узросце, пераважна гэтыя людзі займаюцца навукай і выкладаюць. 89 мінчан перасягнулі 100-гадовы ўзрост, а самая старэйшая жыхарка Мінска якраз у канцы верасня адсвяткуе свой 109-ы дзень нараджэння.


Ад марафону да танцавальных фэстаў

— Сёння Дзень пажылых людзей змяніў сваё значэнне, і гэта не толькі ацэнка і прызнанне працы пажылых грамадзян, але і найперш свята для іх саміх, — адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, — Яны актыўныя і сёння многае робяць, каб наша краіна развівалася і квітнела. 

Ужо другі год усе мерапрыемствы да дня пажылых людзей праходзяць у рамках акцыі «Павага, клопат, адказнасць», якая прызвана падкрэсліць павагу маладых пакаленняў да людзей сталага ўзросту. Сярод значных падзей некалькі мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню. У гэтыя дні праходзіць ІІ Марафон скандынаўскай хадзьбы «Крок да даўгалецця», дзе бяруць удзел каля пяці тысяч пажылых людзей, а гэта ўдвая больш, чым летась.

Яшчэ адно мерапрыемства для актыўных пажылых людзей — адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы «Спартыўнае даўгалецце», што праходзяць у Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту. У іх таксама прымаюць удзел пажылыя беларусы з усёй краіны.

Для аматараў танца па запытах саміх людзей сталага ўзросту праводзіцца некалькі спецыяльных мерапрыемстваў. Сярод іх — абласны баль у Палацава-паркавым комплексе ў Несвіжы і танцавальны фэст «На крылах танца» у Мінскім гарадскім ДК з разнастайнай праграмай: ад класічных вальсаў да лацінаамерыканскіх і народных танцаў.

Сярод пераваг — праца і актыўны лад жыцця

Цікава, што запыты пажылых людзей з часам мяняюцца, пра што сведчаць даследаванні. Чарговае сёлета правёў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Яно паказала, што пытанні сацыяльнай уключанасці з’яўляюцца вельмі важнымі: кожны трэці апытаны адказаў, што працягвае ці жадае працягнуць працаваць, каб пазбегнуць адзіноты. Што датычыцца стану здароўя, то кожны другі ўдзельнік назваў яго сярэднім, а кожны чацвёрты — добрым. Дарэчы, сёння да паслуг пажылых — Рэспубліканскі і сем рэгіянальных геранталагічных цэнтраў, пры паліклініках — 116 геранталагічных кабінетаў. Расце і папулярнасць школ актыўнага даўгалецця, у краіне іх ужо 581. Кожны другі рэспандэнт адказаў, што аддае перавагу актыўнаму ладу жыцця. І амаль трэць апытаных пенсіянераў сустракаюцца са сваімі блізкімі і сябрамі штодзень ці некалькі разоў на тыдзень.

Найстарэйшаму валанцёру — 90 гадоў

— Улічваючы высокі патэнцыял актыўнасці пажылых людзей, мы развіваем такі кірунак, як валанцёрства. Адзін з прынцыпаў — «Роўны навучае роўнага». Самаму старэйшаму нашаму валанцёру Леаніду Уладзіміравічу Трафімчыку 90 гадоў, ён з Гродзенскай вобласці і праводзіць майстар-класы па шахматах і шашках. Другі кірунак — калі пажылыя людзі навучаюць моладзь. Такі праект пад назвай «Акадэмія дабрыні» рэалізоўваецца Копыльскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Людзі старэйшага пакалення навучаюць моладзь навыкам вядзення хатняй гаспадаркі, — расказала Марына Арцёменка.

А вось у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы і Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна рэалізоўваюцца праекты па навучанні студэнтамі пажылых грамадзян камп’ютарнай адукаванасці, англійскай мове, краязнаўству. Дарэчы, навучыцца карыстацца камп’ютарам можна і пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Працуе 218 такіх гурткоў, у іх займаюцца каля 2 тысяч чалавек. Адметна, што найстарэйшай слухачкай з’яўляецца 94-гадовая жыхарка Мар’інай Горкі. Увогуле, 159 аддзяленняў пры ЦСАНах, якія займаюцца арганізацыяй вольнага часу, карыстаюцца вялікай папулярнасцю і аб’ядноўваюць амаль 17 тысяч пажылых грамадзян.

Арыентацыя на догляд дома

У больш сталым узросце асноўная патрэба пажылых грамадзян — догляд. Для іх найбольш актуальныя пытанні арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання. Як паведаміла Марына Арцёменка, сёння 95 тысяч пажылых грамадзян атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома, дзейнічае 32 дагаворы рэнты, у замяшчальных сем’ях пражывае 360 пажылых людзей.

А сама сістэма сацыяльнага абслугоўвання арыентуецца ў першую чаргу на догляд дома. Падрыхтаваны і прыняты ў першым чытанні праект закона «Аб сацыяльным абслугоўванні». Ён прадугледжвае шэраг навацый. У прыватнасці, развіццё сістэмы доўгатэрміновага догляду, якая прадугледжвае інтэграваную сацыяльную і медыцынскую дапамогу, а таксама ўкараненне формы дыстанцыйнага сацыяльнага абслугоўвання. Акрамя таго, у сістэму сацыяльнай абароны ўвойдуць установы новага тыпу — дамы суправаджальнага пражывання. Вядзецца работа над павышэннем іміджу дамоў-інтэрнатаў. Найперш гэта стварэнне ўмоў павышанай камфортнасці і паляпшэнне якасці жыцця пажылых грамадзян.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.