Вы тут

Так пачыналася вайна...


Кандыдат гістарычных навук Барыс ДАЛГАТОВІЧ — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзін з самых паслядоўных даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. Чытачу вядомы дзесяткі яго кніг і брашур, на старонках якіх вучоны і публіцыст узнаўляе самыя адметныя старонкі ваеннай біяграфіі нашай краіны, расказвае пра лёс ураджэнцаў Беларусі ў розных бітвах, на розных франтах. 


Новая кніга Б. Далгатовіча — «На Заходнім фронце летам 1941 года: людзі, падзеі, факты», якая накладам 1000 экзэмпляраў пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Выданне складаецца з наступных раздзелаў: «Так пачыналася вайна»; «Брэсцкая крэпасць-герой»; «На Гродзенскім накірунку»; «Абарона Мінска ў ліпені 1941 г.»; «У Смаленскай бітве»; «Магілёў: горад, дзе вырашаліся лёсы народаў»; «З хронікі баёў на Заходнім фронце летам 1941 г. (людзі, падзеі, факты, героі і подзвігі)»; «Вайна, якой магло не быць». 

Аўтар падрабязна вымалёўвае — праз даты, найболей цікавыя факты і лічбы — 71 дзень трагічнага і гераічнага лета 1941 года. З багата ілюстраванага выдання чытач узновіць, удакладніць і нешта раней вядомае, а таксама адкрые і зусім невядомае, прачытанае ўпершыню. У кнізе — і пералік начальнікаў пагранічных застаў 17-га Брэсцкага Чырванасцяжнага пагранатрада. За пералікам — і лаканічны расповяд пра легендарнага Героя Савецкага Саюза Андрэя Мітрафанавіча Кіжэватава (1907 — 1941). На старонках пра Брэсцкую крэпасць чытача чакаюць сустрэчы з Яфімам Фаміным, Іванам Зубачовым, Уладзімірам Шаблоўскім, Пятром Гаўрылавым (падаецца і ўрывак з яго ўспамінаў)... Прыводзяцца факты, дакументы, якія вымалёўваюць і прызнанне абароны Брэсцкай крэпасці гераічным этапам у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Асобная ўвага — першым дням вайны на Гродзенскім напрамку. Аўтар нагадвае нам, што «ніхто з пагранічнікаў у палон не здаўся. З 19 тысяч чалавек Беларускай пагранічнай акругі 17 тысяч загінулі. Ніводны з іх не пакінуў участак граніцы без загаду». Што цікава, многія падрабязнасці чэрвеня — жніўня 1941 года Барыс Далгатовіч узнаўляе ў выніку сваіх ўласных не толькі архіўных пошукаў, не толькі са знаёмства з рознымі друкаванымі крыніцамі, а дзякуючы ўласным стасункам з удзельнікамі першых баёў, ліставанню і сустрэчам з легендарнымі байцамі і камандзірамі Чырвонай Арміі. Як прыклад — ліст-успаміны Андрэя Данілава, камісара эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, які на пачатку вайны знаходзіўся ў Скідзелі. Карэспандэнт Б. Далгатовіча ажыццявіў адзін з першых таранаў. Цяжка паранены, савецкі лётчык выжыў, за ўвесь перыяд вайны ажыццявіў 135 баявых вылетаў, асабіста збіў 8 самалётаў ворага, 9 — у пары. Узнагароджаны пяццю баявымі ардэнамі. 

Многія эпізоды багатай на фактаграфію працы Барыса Далгатовіча — і пра легендарную абарону Мінска ў чэрвені 1941 года. На старонках кнігі — сустрэчы з біяграфіямі ваеначальнікаў, якія праявілі сябе ў баях пад Мінскам. Як, напрыклад, камандзір 44-га стралковага корпуса Васіль Аляксандравіч Юшкевіч, яго першы намеснік Мікалай Васільевіч Арлоў. Звяртаючыся да іх лёсаў, аўтар як быццам нагадвае, што да іх жыццяпісаў варта звяртацца наноў. Чаму б не праз стварэнне мастацкіх ці дакументальных аповесцяў?!. 
Кнігу Б. Далгатовіча варта займець кожнай школьнай бібліятэцы краіны. Вялікую Айчынную вайну, яе першыя дні і месяцы ніяк нельга забыць!..

Раман СЭРВАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.