Вы тут

Што трэба ведаць тым, хто паліць смецце на сваім прысядзібным участку


Восень — час парадку на зямлі. Жыхары спяшаюцца сабраць апошні ўраджай, пасля чаго добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, дзе яшчэ нядаўна нешта расло. Гаспадары прыватных хат, лецішчаў наводзяць парадак на сваім участку: чысцяць кветнікі, падграбаюць апалае лісце, вымятаюць дарожкі ды сцежкі, пазбаўляюцца ад усяго непатрэбнага. Работы падкінула і непагадзь, наступствы якой адчулі жыхары практычна ўсіх рэгіёнаў краіны. Пападалі дрэвы, паламала галіны, дываном з лісця засцяліла зямлю — наводзіць парадак будуць яшчэ не адзін дзень.


Галоўнае — рабіць гэта з розумам, выконваючы элементарныя правілы бяспекі. Выпадкі, калі навядзенне парадку на сваім участку заканчваецца пажарам, на жаль, не адзінкавыя. І добра, калі віноўнікі ўзгарання паспяваюць яго патушыць. Бывае ж, што агонь перакідваецца на будынкі — у выніку людзі пазбаўляюцца не толькі сельгаспабудовы, але і страчваюць дах над галавой. 

Па іх неабачлівасці церпяць і іншыя — не раз ратавальнікі выязджалі тушыць пажар, які ахапіў ледзь не ўсю вёску. Зусім трагічна, калі агонь пазбаўляе чалавека жыцця…

Каб не дапусціць падобнага і навесці парадак на сваім участку без наступстваў, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рэкамендуюць прыслухацца да іх парад.

Падрыхтуйце месца і кантралюйце

Самы бяспечны спосаб справіцца са смеццем — утылізаваць яго на палігоне цвёрдых бытавых адходаў. Пра такія месцы, вядома, ведае не кожны гаспадар прысядзібнага ўчастка. А калі хто і ў курсе, то наўрад ці калі-небудзь вазіў туды сваё смецце. Прасцей распаліць вогнішча ў сябе на падворку. Законам гэта не забараняецца. Галоўнае, нагадваюць ратавальнікі, разводзіць агонь з улікам правіл пажарнай бяспекі.

— Месца, дзе будзеце спальваць смецце, павінна знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад будынкаў і збудаванняў, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Яго патрэбна расчысціць ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве, вогнішча неабходна акапаць. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць для распальвання гаручыя ці лёгкаўзгаральныя вадкасці!

Менавіта ад жадання хутчэй развесці вогнішча вясной пацярпеў барысаўчанін. Ратавальнікам паступіла паведамленне аб шпіталізацыі з апёкамі 10% цела пенсіянера. Як потым высветлілася, мужчына на тэрыторыі прыватнага домаўладання спальваў смецце, выкарыстоўваючы пры гэтым лёгкаўзгаральную вадкасць. Па неасцярожнасці ён праліў вадкасць на рукі. Адбылася ўспышка пары — на мужчыне загарэлася адзенне. 

У выніку здарэння пенсіянер атрымаў апёкі жывата, кісці рукі і левай нагі. Пацярпелы самастойна ліквідаваў загаранне адзення і выклікаў хуткую медыцынскую дапамогу. Падраздзяленні МНС не прыцягваліся.

Яшчэ адна вельмі важная дэталь: спальванне неабходна ажыццяўляць пад пастаянным кантролем. Пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель або вядро вады і рыдлёўка — у выпадку пазаштатнай сітуацыі гэтыя звычайныя рэчы дапамогуць папярэдзіць распаўсюджванне агню. Пасля таго, як вогнішча дагарэла, заліце вуглі вадой: гэтым вы папярэдзіце паўторнае ўзгаранне. Калі на вуліцы ветранае надвор’е, лепш навядзенне парадку на прысядзібнай тэрыторыі, звязанае са спальваннем смецця, перанесці на іншы дзень.

Гарыць — паведамляйце

Як паказвае практыка, калі пачынаецца ўзгаранне, людзі нярэдка губляюцца. 

У асноўным не здольны аператыўна рэагаваць на надзвычайную сітуацыю людзі пажылога ўзросту. Часам гэта прыводзіць нават да таго, што пасля такога навядзення парадку на зямлі ёсць загінулыя. У лепшым выпадку ўсё заканчваецца апёкамі, ад чаго таксама мала прыемнага.

Ратавальнікі звяртаюцца да грамадзян, каб яны не праходзілі міма травы або пабудовы, якія гараць. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі варта паведаміць аб узгаранні ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па нумарах 101 або 112.

Менавіта дзякуючы пільнасці жыхаркі адной з вёсак Бабруйскага раёна ўдалося пазбегнуць сур’ёзных наступстваў узгарання. Убачыўшы, што ў суседа гарыць хлеў, жанчына аператыўна праінфармавала аб гэтым ратавальнікаў. Калі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прыбылі да месца выкліку, хлеў гарэў адкрытым полымем. Агонь ахапіў і сцяну суседняй гаспадарчай пабудовы, узнікла пагроза жылому дому. Гаспадар знаходзіўся ў двары, з яго слоў усярэдзіне нікога не было. Ратавальнікі аператыўна ліквідавалі пажар і не далі агню распаўсюдзіцца на суседнія будынкі. Мужчына, які да прыбыцця ратавальнікаў спрабаваў тушыць пажар самастойна, атрымаў апёкі 1–2 ступені 3% цела. Пацярпелага даставілі ва ўстанову аховы здароўя. У выніку пажару хлеў быў знішчаны, сцяна суседняй сельскагаспадарчай пабудовы пашкодзілася. Прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця.

Дарэчы, выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пожніўных астаткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў віноўныя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. Прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры пагражае крымінальнай адказнасцю.

Людзі, якія змагаюцца са смеццем такім чынам, не задумваюцца яшчэ і аб тым, якую шкоду яны наносяць расліннаму свету. Спальванне сухастою прыводзіць да збяднення расліннасці, павышэння кіслотнасці і памяншэння ўрадлівасці глебы. Амаль усё жывое, што знаходзіцца ў сухой траве або на паверхні зямлі, гіне падчас узгарання. Нярэдка на папялішчах знаходзяць спаленыя птушыныя гнёзды, грызуноў, вожыкаў і нават зайчанят.

Такім чынам, падыходзьце да «генеральнай прыборкі» тэрыторыі з розумам. Думайце не толькі аб прыгажосці на ўласным падворку, але і аб бяспецы — сваёй і тых, хто пражывае побач.

Вераніка КАНЮТА

Фота МНС

На фота — наступствы пажару ў Бабруйскім раёне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.