Вы тут

Дырэктар Мазырскага дзіцячага дома Ірына Вішнеўская: Галоўнае — прымаць дзяцей з іх характарамі


«Нашы дзеці — самыя таленавітыя і творчыя! Яны спяваюць, танцуюць, малююць, пішуць фантастычныя кнігі, вырошчваюць кактусы і нават даглядаюць ферму з мурашкамі», — з гордасцю расказвае пра сваіх «даражэнькіх» гаспадыня мегавялікай сям’і, любячая мама ўсім выхаванцам, дырэктар ДУА «Мазырскі дзіцячы дом», «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям» Ірына Вішнеўская. 


Сям’я са сваімі традыцыямі

Тэрыторыя дзіцячай установы нагадвае батанічны сад, які раскінуўся на 1,5 гектарах. Яблыні, алыча, парэчкі, вінаград... Ёсць нават невялічкі агарод, з якога ўжо сабралі ўраджай. 

— А зараз — яблыкі збіраем, з іх дзеці самі вараць варэнне на зіму, — працягвае свой аповед Ірына Іванаўна.

Жыллё для выхаванцаў — кватэрнага тыпу. З прасторным калідорам, вялізнай залай з тэлевізарам і цацкамі, спальнямі, кухняй з мікрахвалёўкай, плітой, халадзільнікам. Кватэра на 200 кв. м. разлічана на адну групу дзяцей. Зрэшты, тут стараюцца не ўжываць слова «група», бо гэта — сапраўдная сям’я са сваімі традыцыямі. 

— Як і любая сям’я, наша спраўляе святы, — усміхаецца дырэктар. — Асабліва любім Новы год. Дзеці накрываюць на стол на сваёй кухні, запрашаюць гасцей. У кожнай кватэры — розныя стравы. Я па торце магу вызначыць, дзе яго прыгатавалі! 

Такая арганізацыя быту фарміруе правільнае разуменне сям’і ў дзяцей. Кожны стараецца стварыць у сваім жытле ўтульнасць і прывыкае ставіцца да тых, хто побач, з цеплынёй і ўвагай. Гэта дапамагае дзецям вучыцца самастойнасці і сацыялізавацца.

Ёсць на тэрыторыі ўстановы лазня і басейн, трэнажорная зала. Усе супрацоўнікі стараюцца зрабіць дзяцінства выхаванцаў яскравым і запамінальным. Хлопчыкі і дзяўчаткі прымаюць удзел у мота- і велапрабегах, ездзяць на розныя экскурсіі, спартыўныя матчы. У дзіцячым доме працуюць музычныя гурткі, студыі гуказапісу і выяўленчага мастацтва. Дзеці наведваюць школу робататэхнікі і праграмавання, вакальную студыю, спартыўную секцыю па вольнай барацьбе. Ёсць магчымасць анлайн праходзіць навучанне па графічным дызайне. 

Цудоўныя, разумныя, таленавітыя

Дзякуючы добрай арганізацыі выхаваўчага працэсу, кожны знаходзіць занятак па душы і рэалізуе свае творчыя здольнасці. Усе дзеці разумныя, кожны — са сваёй «разыначкай». Яўген даглядае ферму з мурашкамі і вырошчвае цэлую калекцыю кактусаў. Георгій разводзіць рыбак і афрыканскіх слімакоў. Дзеці даглядаюць сабаку Фрэдзі і кошку Багіру. 

— На жаль, стаўленне да дзяцей з дзіцячых дамоў у некаторых дарослых дагэтуль бывае прадузятае, — гаворыць Ірына Іванаўна. — Думаюць, што нашы дзеці нейкія «не такія»: дрэнна сябе паводзяць, не вучацца. Хочацца большай адукаванасці ў гэтым пытанні. Дзеці ў нас цудоўныя, разумныя, неверагодна таленавітыя, яны паступаюць у ВНУ і ліцэі. Што тут казаць, наш Мікіта піша ўжо чацвёртую фантастычную кнігу! Ды яшчэ і малюе як! Арсен займае прызавые месцы ў спартыўных спаборніцтвах. 

Усе супрацоўнікі дзіцячага дома шчыра жадаюць, каб грамадства хутчэй пазбавілася ад стэрэатыпаў у адносінах да сацыяльных сірот. І хочуць, каб усе ведалі, у якіх умовах і на якіх прынцыпах выхоўваюцца тут дзеці.

— Нашы рабяты не бедныя і няшчасныя, не трэба іх шкадаваць, — кажа мая суразмоўніца. — Мы ганарымся, што ў нас такая дружная, вялікая сям’я. Бацькі, не пужайце сваіх нашчадкаў дзіцячым домам! У нас не дом жахаў і пакаранняў, а цёплая, утульная, спакойная і сяброўская сямейная атмасфера. 

Цукеркі, кветкі і... слёзы пры развітанні 

Выпускнікі Мазырскага дзіцячага дома ніколі не губляюць сувязяў з установай, дзе выхоўваліся: пішуць, тэлефануюць і абавязкова прыязджаюць у госці. Здараецца, прывозяць сваіх хатніх гадаванцаў і просяць прыгледзець за тымі, пакуль самі ў камандзіроўцы альбо на адпачынку. 

— Прыехаў аднойчы да мяне выпускнік. Бачу — ідзе з цукеркамі і кветкамі! Першая думка: «Божа, родны, навошта ты так патраціўся? Табе ж грошы патрэбныя зараз!». А потым так цёпла на душы стала, — успамінае Ірына Іванаўна. 

У гэтым годзе выпуск быў, па яе словах, проста цудоўны: дзеці паступілі ў педуніверсітэт, БДУІР, медыцынскі каледж, абласны ліцэй, ліцэй геалогіі. Ёсць кім ганарыцца! 

— А выпраўляем мы іх у дарослае жыццё ледзь не са слязьмі, настолькі прывыклі адно да аднаго, — кажа дырэктар. — Адчуваеш адказнасць за выпускніка, хочацца, каб у яго ўсё склалася добра. Стараемся забяспечыць усім неабходным: даём з сабой каструлі, ручнікі, патэльні, пасцельную бялізну, адзенне. Нават ежу на першы тыдзень, каб не быў галодны. 

«Галоўнае — прымаць дзяцей з іх характарамі»

Калектыў дзіцячага дома ведае лёс кожнага выхаванца, заўважае любую дробязь у знешнім выглядзе ці паводзінах. Усе — выдатныя прафесіяналы, усведамляюць адказнасць за сваю справу, праца для іх — частка жыцця.

Па-іншаму тут немагчыма. Выхавацелі з радасцю прымаюць у сваё сэрца новых дзетак, нават са складанымі гісторыямі. 

— Мы не цураемся ніякіх дзяцей, — расказвае Ірына Іванаўна. — Многія з іх у мінулым былі закладнікамі няпростых жыццёвых сітуацый і маюць адмоўны сацыяльны вопыт. Мы імкнемся іх, у першую чаргу, маральна аздаравіць. Вучым з разуменнем ставіцца да памылак бацькоў, дараваць ім і давяраць людзям. Прымаем хлопчыкаў і дзяўчатак з іх характарамі, часам даволі няпростымі. У нас добрыя выхавацелі, псіхолаг, бібліятэкар, выхавацель-арганізатар. Галоўнае — абагрэць дзіця, паказаць на жыццёвым прыкладзе, як правільна сябе паводзіць. І дзеці цяплеюць душой! У іх лексіконе з’яўляюцца словы: «наша», «нам». 

У дзіцячым доме ёсць свая капліца, дзе праводзяцца споведзі і прычасці. Дзеці, па жаданні, могуць яе наведаць, пагаварыць з мясцовым бацюшкам.

— Часам гэта дапамагае ім навучыцца разумець свае памылкі, пазбавіцца ад пачуццяў трывогі і віны, — працягвае Ірына Іванаўна. — Далучэнне да праваслаўнай культуры, веры дапамагае аднавіць у дзіцячых душах мір і згоду, пачуцці абароненасці і даверу. Знайсці крыніцу любові да жыцця і напоўніць яго добрымі справамі. Дзеля духоўна-маральнага, патрыятычнага выхавання нашых дзяцей, а праз гэта — захавання і памнажэння культурнай спадчыны Беларусі калектыў гатовы аб’яднасць усе сілы. 

«За 20 гадоў не вярнулі ніводнага дзіцёнка»

Здараецца, часам новыя бацькі не знаходзяць агульнай мовы з дзіцёнкам, якога ўсынавілі ці ўзялі ў прыёмную сям’ю. У найгоршым выпадку дзіця вяртаюць у дзяржаўную ўстанову. Для яго ці яе гэта — яшчэ адна траўма. У Мазырскім дзіцячым доме робіцца ўсё, каб не дапускаць такіх выпадкаў. 

— Кажуць, мая інтуіцыя дазваляе вызначыць людзей, якія падышлі да справы ўсынаўлення без належнай сур’ёзнасці, — гаворыць суразмоўніца. — Аддаць выхаванца ў новую сям’ю — справа не аднаго дня. Мы вельмі дасканала ўсё правяраем. Праводзіцца шэраг розных дыягностык. Спачатку дзеці ходзяць у госці да патэнцыяльных бацькоў, потым застаюцца на канікулы. Маё слова — апошні вердыкт. І канешне, без згоды выхаванца нічога не робіцца. Вынік радуе: за 20 гадоў нам не вярнулі ніводнага дзіцёнка.

«Выпускніца ў дзень вяселля прыехала да нас»

Для самой Ірыны Вішнеўскай успаміны пра дзяцінства — толькі шчаслівыя. Бацька быў мастаком, мама працавала на заводзе. З пяцігадовага ўзросту дзяўчынка займалася спортам і творчасцю. Ведала на памяць шмат вершаў, ахвотна дэкламавала іх, калі ў сям’ю прыходзілі госці. Маці надзявала ёй прыгожую сукенку, завязвала банты. Шмат падарожнічала з бацькамі: давялося нават пажыць на востраве Ямал. 

Школу скончыла добра і паступіла ў педагагічны інстытут: заўсёды любіла дзяцей. Спачатку працавала выхавацелем у дзіцячым садку, потым намеснікам яго загадчыка і нарэшце — у аддзеле адукацыі. 

— Стаць дырэктарам дзіцячага дома дапамог выпадак, — успамінае мая суразмоўніца. — Як галоўны спецыяліст аддзела адукацыі прыехала сюды на праверку. За гэты час зраднілася з дзецьмі. У канцы дня мае сукенкі былі ў адбітках дзіцячых ручак і плямах ад цукерак. Мне гэтыя зносіны прыносілі вялікую радасць! Здарылася так, што якраз у той час дырэктар дзіцячага дома збіралася сыходзіць, і пасаду прапанавалі мне. 

За 20 гадоў Ірына Іванаўна шмат чаго зрабіла для дзіцячай установы. Выношвала ідэі, як палепшыць быт выхаванцаў, а потым рабіла ўсё магчымае, каб задуманае ажыццявіць. «Сама хадзіла з праекціроўшчыкамі па пакоях, паглыблялася ва ўсе дэталі будучага рамонту», — узгадвае дырэктар.

Цяпер у дзяцей ёсць усё для цікавага, насычанага жыцця. А Ірына Іванаўна ставіць перад сабой новыя мэты: хутка плануюць зрабіць футбольнае поле. Самая лепшая падзяка для яе — шчаслівая ўсмешка кожнага выхаванца. 

— І тое, што ты застаешся для яго ці яе важным чалавекам, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Звычайная справа, калі выпускнікі звоняць мне, каб параіцца па важных для сябе пытаннях. Значыць, давяраюць. Адна выпускніца ў дзень свайго вяселля адразу пасля ЗАГСа прыехала з маладым мужам да нас. Мы іх тады павіншавалі, а яны пасадзілі ў нашым двары дрэва. Атрымалася сапраўднае свята! Нашы выхаванцы пажадалі маладажонам шчасця і любові. Нядаўна ў пары нарадзілася дзіця. Шчыра радуюся за іх. 

У Мазырскім дзіцячым доме робяць усё для таго, каб дзеці не паўтарылі вопыт бацькоў, а стварылі свае моцныя і любячыя сем’і. 

Не праца, а лад жыцця

Выхадныя і вольны час Ірына Іванаўна праводзіць разам з сям’ёй. З унукамі Аляксеем і Савеліем наведвае спартыўныя комплексы, ходзіць у кіно, тэатры. 

— Вельмі люблю свой агарод. Побач ёсць возера, дзе часам рыбачу. Захапляюся дайвінгам, нават маю пасведчанне аб тым, што пераадолела 25 м глыбіні. Ваджу машыну. Займалася стральбой з лука, а на працягу 11 год — танцам у народным ансамблі, — пералічвае свае ўменні і захапленні дырэктар дзіцячага дома. — Мне гэта ўсё вельмі падабаецца! 

Ірына Іванаўна вырошчвае розныя кветкі, якія высаджвае на сваёй дачы, а таксама прывозіць у дзіцячы дом. Нават у адпачынку яна думае пра сваю мегашматдзетную сям’ю і заўжды гатовая прыйсці на дапамогу, калі яна спатрэбіцца выхаванцам або калектыву. 

Выхаванцы ласкава называюць Ірыну Іванаўну «мамачкай». Сустракаючы яе, абдымаюць, расказваюць пра свой дзень. 

— У 10 гадзін вечара я заходжу ў кожную кватэру — пажадаць добрай ночы, — усміхаецца Ірына Іванаўна. — Па паліцах стаіць абутак. І яго так шмат! Значыць, усе дома. Гэта і ёсць сапраўднае шчасце!

Юлія РАМАНЬКОВА


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.