Вы тут

Выбудаваная сістэма падтрымкі сем’яў — нацыянальны здабытак. Сёння — дзень маці


У гэту суботу ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. А праз тыдзень, 21 кастрычніка, святочныя пажаданні будуць гучаць у гонар тат. Напярэдадні свят спецыялісты расказалі, як змянілася сістэма падтрымкі сем’яў і якія працоўныя гарантыі ўнесены ў працоўны кодэкс.


Самыя шматдзетныя — Брэстчына і Міншчына

Фота: pexels.com

— Бацькоўства — вялікая праца. А ад маці і ад бацькі ў роўнай ступені залежыць дабрабыт не толькі сям’і і дзяцей, але і ўсёй краіны, якой яна будзе праз дзесяцігоддзі. Менавіта таму наша краіна актыўна выступае за абарону сям’і і сямейных каштоўнасцяў, — адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Ён нагадаў, што ў краіне забяспечваецца матэрыяльная падтрымка пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Аказваецца дапамога ў вырашэнні жыллёвых пытанняў шматдзетным сем’ям і маладым сем’ям з двума дзецьмі.

— Выбудаваная сістэма — сапраўды нацыянальны здабытак, і з гадамі мы прымнажаем яе, — падкрэсліў намеснік міністра.

У першую чаргу сістэма дзяржаўнай падтрымкі накіравана на шматдзетныя сем’і. З 2020 года пашырана праграма сямейнага капіталу, цяпер гэтыя сродкі можна выкарыстоўваць датэрмінова. Гэта дазволіла маладым сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паскорыць вырашэнне гэтага пытання.

У Беларусі жыве больш за 123 тысячы шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца звыш 400 тысяч дзяцей. Самымі шматдзетнымі традыцыйна з’яўляюцца Брэсцкі рэгіён і Мінская вобласць. Тут жывуць і самыя вялікія сем’і, дзе выхоўваецца па 13 дзяцей. Праграмай сямейнага капіталу ўжо скарысталася 131 тысяча шматдзетных сем’яў. Больш за 74 тысячы з іх атрымалі гэтыя сродкі як часткова, так і цалкам для вырашэння сваіх пытанняў.

З 2022 года пашыраны працоўныя гарантыі для бацькоў. Гэта і водпуск для тат, і дыстанцыйная занятасць, распаўсюджанне шэрагу гарантый, прадугледжаных для маці і тат. Напрыклад, працоўны водпуск у летні час для мужчын, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. А таксама права атрымаць водпуск да заканчэння шасці месяцаў працы ў наймальніка, калі ў таты двое дзяцей да сямнаццаці гадоў.

З 2021 года актыўна пашыраюцца 

паслугі для сем’яў, дзе маюцца дзеці з інваліднасцю 1-й і 2-й групы, у прыватнасці, для іх павялічылі перыяды прадстаўлення паслуг нянькі і сацыяльнай перадышкі. Былі пашыраны пенсіённыя гарантыі для маці: да 12 гадоў павялічаны перыяд догляду дзяцей, які залічваецца ў стаж для прызначэння пенсіі. Да 10 гадоў быў зніжаны неабходны страхавы стаж маці, якія нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей.

Сёлета дзякуючы зменам у Працоўны кодэкс пашырыліся гарантыі бацькам, якія маюць трое і больш дзяцей ці выхоўваюць дзіця-інваліда. Са студзеня 2024 года ў іх з’явіцца магчымасць выбраць, як выкарыстаць вольны ад работы час. Замест вольнага дня на тыдзень работнік зможа скараціць працоўны дзень на адну гадзіну.

Замацаваны новыя падыходы да дыстанцыйнай работы. Цяпер яна можа быць не толькі пастаяннай, але і часовай — да шасці месяцаў у каляндарным годзе, а таксама чаргавацца з працай дыстанцыйна і на рабочым месцы.

— Прыцягненне наймальнікаў да стварэння спрыяльных умоў для выканання бацькоўскіх і прафесійных абавязкаў з’яўляецца важнай задачай. З 2021 года намі ініцыіраваны праект «Кампанія, сяброўская бацькам», калі на прадпрыемстве ствараюцца спрыяльныя ўмовы і падтрымліваецца адпаведная карпаратыўная культура. Сёння ў нас 17 актыўных арганізацый, у ліку якіх салігорскія «Купалінка» і «Калінка», Беларускі металургічны завод, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, і іншыя. Падключаюцца вядучыя банкі краіны і прадпрыемствы сацыяльнай абароны, — расказаў Валерый Кавалькоў.

Як адзначыла намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Венера Семянчук, у Беларусі створаны ўсе ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей. У сістэме аховы здароўя абазначаны прыярытэт мацярынства і дзяцінства, сфарміраваная рознаўзроўневая сістэма аказання дапамогі парадзісе і немаўляці, наладжана сістэма прафілактыкі абортаў, забяспечана выходжванне немаўля, у тым ліку і з экстрэмальна нізкай масай цела.

Беларусь у топ-25 самых камфортных для мацярынства краін

Наша краіна займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін і ўваходзіць у 50 найлепшых краін па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі вядзення родаў. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы амаль 100% жанчын маюць доступ да дародавага і пасляродавага медыцынскага абслугоўвання высокакваліфікаваным медыцынскім персаналам. Дарэчы, сярэдні такі паказчык у свеце складае 71%.

Сёння 97% будучых матуль становяцца на ўлік па цяжарнасці да 12 тыдняў, і дадзены скрынінг дазволіў выявіць каля 1500 парокаў развіцця на прэнатальным этапе. У рэйтынгу краін па эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя наша сістэма займае 35-е месца.

Дзяржава гарантуе правядзенне адной бясплатнай спробы экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) у дзяржаўных установах аховы здароўя. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта яна праводзіцца парам, якія маюць медыцынскія паказанні пры адсутнасці супрацьпаказанняў, калі ўзрост жанчыны не перавышае 40 гадоў.

У 2020 годзе такіх цыклаў ЭКА было выканана 1887, у выніку чаго наступіла 663 цяжарнасці. За бягучы перыяд гэтага года выканана 1006 поўных цыклаў, наступіла 410 цяжарнасцяў, эфектыўнасць працэдуры — 40,6%. Дзяржаўныя расходы на гэтыя мэты ў 2022-м і 2023 годзе склалі 12 мільёнаў рублёў.

Выконваецца і комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на змяншэнне колькасці штучнага перарывання цяжарнасці. Сёння закон прадугледжвае правядзенне абавязковага перадабортнага псіхалагічнага кансультавання. Ахоп ім з 2008 года складае 100%. У выніку за 2021–2022 гады ўдалося захаваць больш за 10 тысяч цяжарнасцяў. А за апошнія 10 гадоў узровень абортаў знізіўся ў два разы. Эфектыўнасць перадабортнага кансультавання складае каля 33%.

Колькасць дзяцей-сірот зменшылася амаль на трэць

Як расказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяна Бялевіч, за апошнія 25 гадоў колькасць дзяцей-сірот зменшылася на 27%. Колькасць дзяцей у інтэрнатных установах зменшылася амаль у шэсць разоў. Адпаведна сетка дзіцячых інтэрнатных устаноў толькі ў сістэме адукацыі скарацілася амаль у чатыры разы (іх стала менш на 122 адзінкі). А ў тых установах, што засталіся, умовы набліжаныя да дамашніх.

З 2002 года больш чым у шэсць разоў удалося скараціць колькасць дзяцей-адмоўнікаў. Па выніках 2022 года 77% дзяцей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, былі зняты з гэтага ўліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і. У 2022 годзе бацькі ў адносінах да 157 дзяцей змаглі аднавіцца ў сваіх правах. Адметна, што сёння пры аднаўленні ў правах суды ўлічваюць розныя меркаванні — прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, працоўнага калектыву, кіраўніцтва прадпрыемства, а таксама меркаванне дзяцей.

Калі дзеці застаюцца без бацькоў, першачарговай задачай з’яўляецца ўладкаванне іх на выхаванне ў замяшчальныя сем’і. Сёння ў такіх сем’ях знаходзіцца амаль 85% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.