Вы тут

Шапялевіч: Галіна літаратурнай манаграфіі павінна лічыцца нераспрацаванай


У сучасным агульным бачанні навуковай спадчыны Льва Шапялевіча (1863–1909) на першы план выйшла іпастась археолага, якая непасрэдным чынам лучыць вучонага з Беларуссю: Віцебскам, горадам нараджэння і вучобы ў гімназіі, правядзеннем раскопак старажытных курганоў у Гарадоцкім, Невельскім, Себежскім паветах Віцебскай губерні. Адпаведная і падача біяграм у профільных выданнях: энцыклапедыі «Археалогія Беларусі» (2011), энцыклапедычным даведніку «Асветнікі зямлі Беларускай, Х — пачатак ХХ ст.» (2-е выд., 2006).


Леў Шапялевіч, 1903 г.

Літаратуразнаўчы і перакладчыцкі наробак Л. Шапялевіча прынёс яму вядомасць, якая выходзіла далёка за межы радзімы. 

Перад тым, як узысці на вышэйшыя ступені навуковага прызнання, стаць доктарам філалогіі (1896), прафесарам Харкаўскага ўніверсітэта, вучыўся ў Харкаўскім і Новарасійскім (Адэса) універсітэтах, стажыраваўся за мяжой — асвойваў заходнееўрапейскую класіку ў Мюнхене, Вене, гарадах Італіі. 

Леў Шапялевіч даследаваў жыццё і творчасць Дантэ, Сервантэса, Кальдэрона, Гётэ, Байрана, сучасных аўтараў; разглядаў іх рэцэпцыю ва ўсходнеславянскім кантэксце. Большая частка яго артыкулаў апублікавана ў рускіх перыядычных выданнях, аналітычныя назіранні літаратуразнаўца ахвотна размяшчалі на сваіх старонках польскія, іспанскія, нямецкія часопісы. Кра¬самоўнае сведчанне даверу да вучонага сярод сталічных навуковых экспертаў: тры з пяці тамоў Поўнага збору твораў Уільяма Шэкспіра пецярбургскай «Библиотеки великих писателей» (1902— 1904) выйшлі з прадмовамі Л. Шапялевіча. 

Сёння кнігі даследчыка — сапраўдная бібліяграфічная рэдкасць. Два рарытэты захоўваюцца ў фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (калекцыя Паўла Беркава). Некаторыя кнігі са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўтрымліваюць дарчыя подпісы аўтара. Сярод адрасатаў — вядомыя вучоныя-філолагі: Канстанцін Грот (1853— 1934), славіст, архівіст, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта; Іван Памялоўскі (1842–1906), спецыяліст па старажытнагрэчаскай і лацінскай мовах, член-карэспандэнт Імператарскай акадэміі навук. 

Леў Шапялевіч першым пераклаў на рускую мову сярэднявечны германскі эпас «Кудруна». Пра некаторае абуджэнне цікавасці да спадчыны вучонага ў Расіі сведчыць другое, рэпрынтнае выданне працы «Кудруна: историко-литературный этюд: с приложением статьи „Дантовская трилогия: Эпизод из истории литературной критики“» (Масква, 2016). 

Многія назіранні літаратуразнаўца гучаць актуальна і ў наш час. Напрыклад, міждысцыплінарнасць даследаванняў — стрыжнёвая лінія публікацыі «Працы У. Д. Спасовіча аб заходнееўрапейскіх пісьменніках (Шэкспір, Гётэ, Шылер і Байран)» (Харкаў, 1905). Уладзімір Спасовіч увайшоў у гісторыю як дзеяч культурнага памежжа: вядомы рускі адвакат, а таксама польскі публіцыст нарадзіўся ў Рэчыцы Мінскай губерні. 

Пераклад «Кудруны» з дарчым подпісам Льва Шапялевіча, адрасаваным Інакенцію Болдзінаву. Харкаў, 1895 г.

У названым выданні Л. Шапялевіч адзначаў: «Для гісторыка літаратуры ў высокай ступені займальна прыгледзецца, якімі шляхамі прыходзіць масціты спецыяліст па другой спецыяльнасці да сваіх цікавых высноў у гісторыкалітаратурных пытаннях. Такія назіранні вельмі павучальныя ў метадалагічных адносінах, паколькі галіна літаратурнай манаграфіі павінна лічыцца нераспрацаванай, і новыя, арыгінальныя прыёмы даследавання літаратурных з’яў могуць прывесці да новых і цікавых вынікаў». 

Крытычны эцюд «„Дон-Кіхот“ Авелянеды і пытанне аб аўтары гэтага рамана» (Харкаў, 1899) выдатна дэманструе свабоднае апеляванне Л. Шапялевічам да іспанскіх літаратуразнаўчых крыніц, самастойны аналіз аўтэнтычнага тэксту. 

Працяг класічнага твора Сервантэса пабачыў свет у Тарагоне ў 1614 годзе і ад таго часу быў чатыры разы перавыдадзены ў Іспаніі, перакладзены на галандскую, англійскую і французскую мовы. У сваіх высновах даследчык адзначыў: «Пытанне аб тым, хто хаваўся пад псеўданімам Авелянеды, застаецца адкрытым, хоць у істотных пала¬жэннях высветленым». Пры гэтым не падлягаў сумненню тэзіс: «Гэта быў пісьменнік мадрыдскай школы, вопытны і добры стыліст, талент грубы, ніз¬капробны, але ўсё ж талент, які праявіў рысы драматычнага пісьменніка». Па сутнасці, Л. Шапялевіч упершыню ва ўсходнеславянскай літаратуразнаўчай практыцы з падключэннем шырокага заходнееўрапейскага кантэксту акцэнтаваў увагу на розных аспектах разгляду сіквела (анг. sequel) — працягу, паводле сюжэта, вядомага твора, напісанага іншым аўтарам. 

Даследчык быў супрацоўнікам Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Адзін з яго артыкулаў (падпісаны крыптанімам Л. Ш.) змешчаны ў 39 томе (Пецярбург, 1903) і прысвечаны Радзіславу Лазарэвічу-Шапялевічу (1800–1846), руска-польскаму паэту родам з Магілёўскай губер¬ні, пра якога, сярод іншага, сказана: «...належаў да шматлікай групы беларускіх пісьменнікаў, якія аднолькава добра валодалі рускай і польскай мовамі, цікавіліся народнай славеснасцю і даўніной». 

Каштоўныя археалагічныя знаходкі археолага Льва Лазарэвіча папоўнілі фонды Эрмітажа, музеяў Масквы, Харкава і Віцебска. Сёння яны сведчаць пра беларускую мінуўшчыну ў розных краінах. На чарзе перавыданне і асэнсаванне літаратуразнаўчай спадчыны вучонага. 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук 

Фота з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.