Вы тут

Гімнасткі і каратысты паказалі майстар-клас


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны


Гераіні тыдня. У сталічным палацы мастацкай гімнастыкі прайшоў міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач. У мнагабор'і найлепшы вынік паказала беларуская спартсменка Аліна Гарнасько, якая ў суме набрала 145,990 балаў. На другім месцы — Дар'я Вярэніч, на трэцім — расіянка Ульяна Траўкіна. У спаборніцтвах юніёрак пераможцай стала беларуска Ніколь Леўта, другое месца заняла яе сяброўка па камандзе Анастасія Жукавец, на трэцім месцы — Мілена Асрыян з Арменіі. У фіналах асобных відаў беларуска Лізавета Зоркіна паказала найлепшае выступленне ў практыкаванні з абручом і мячом. Яшчэ адна беларуска Настасся Салас перамагла ў кампазіцыях з булавамі і стужкай.

Турнір тыдня. У Мінску прайшоў міжнародны турнір па каратэ Belarus Open, удзел у якім прынялі больш за 800 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Каратысты вызначалі найлепшых у дысцыплінах ката і кумітэ ў шасці ўзроставых групах: сярод хлопчыкаў і дзяўчынак да 11 гадоў, сярод юнакоў і дзяўчат да 13 і да 15 гадоў, сярод юніёраў і юніёрак да 17 і да 20 гадоў, а таксама сярод мужчын і жанчын. Лідарам медальнага заліку стала зборная Беларусі. На рахунку нашых каратыстаў 136 медалёў — 36 залатых, 33 сярэбраныя і 67 бронзавых. Самымі паспяховымі камандамі ўнутры беларускай зборнай сталі пінскі клуб «Эдэльвейс» і зборная горада Мінска.

«Нядаўна прыйшла добрая навіна аб тым, што нашых спартсменаў дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў, і гэты турнір з'яўляецца своеасаблівым стартам да чэмпіянату свету, які пройдзе ўжо вельмі хутка. Гэта праверка сіл і гатоўнасці нацыянальнай каманды, а таксама прагляд рэзерву — наколькі маладыя спартсмены гатовы да прадстаўлення сваёй краіны на буйных турнірах. Каратэ ў Беларусі любяць. Дзяцей, якія займаюцца, становіцца ўсё больш, і вялікія перспектывы гэтага віду спорту відавочныя», — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

Рэкорды тыдня. Беларускія майстры гіравага спорту ўстанавілі новыя рэкорды. Падчас прэзентацыі разнавіднасці беларускага жыму — жым гіры адной рукой з абмежаваннем часу 5 хвілін — вядомы Вячаслаў Харанека лежачы левай рукой падняў гіру вагой 32 кг 63 разы. Гэта абсалютны сусветны рэкорд ва ўзроставай групе 60-64 гады. Віктар Мацур працаваў з гірай вагой 50 кг і паказаў вынік 20 уздымаў, што таксама з'яўляецца сусветным рэкордам для атлетаў узроставай катэгорыі 55—59 гадоў. Юлія Прачкоўская падняла гіру вагой 16 кг 91 раз — абсалютны сусветны рэкорд у жанчын ва ўзроставай групе да 30 гадоў.

Перамога тыдня. У чарнагорскай Будве завяршыўся першы Кубак Еўрапейскай канфедэрацыі бокса сярод мужчын з удзелам беларускіх спартсменаў. Адзіны медаль Беларусі прынёс Аляксей Алфёраў, які стаў наймацнейшым у вагавой катэгорыі да 86 кг.

Цытата тыдня. «Гэта гісторыя не толькі мая асабістая, але і ўсяго беларускага спорту, таму вырашыла падзяліцца гэтай часцінкай. Ужо пачаўся навучальны год, хутка канікулы. Дзеці з розных школ змогуць прыйсці ў НАК Беларусі і ўбачыць адну з маіх узнагарод», — адзначыла чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, якая перадала ў калекцыю выставачнай экспазіцыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі адзін са сваіх першых медалёў. Цяпер сярод экспанатаў музея — залаты медаль XXІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы.

Матч тыдня. Футбалісты зборнай Беларусі згулялі ўнічыю са швейцарцамі — 3:3 — у матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года. Турнірнае становішча такое: Швейцарыя — 15 ачкоў (7 матчаў), Румынія — 13 (7), Ізраіль — 11 (6), Косава — 7 (7), Беларусь — 6 (8), Андора — 2 (7). У фінальную стадыю кантынентальнага першынства, якая пройдзе летам 2024 года ў Германіі, трапяць па дзве найлепшыя каманды з 10 адборачных груп. Яшчэ тры пуцёўкі ў фінал разыграюць 12 зборных па выніках выступленняў у Лізе нацый — 2022/2023. Гаспадары Еўра — 2024 футбалісты Германіі вызвалены ад кваліфікацыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.