Вы тут

Дэвід Разумаў: Без надзеі мастацтва не мае сэнсу


Ён малады таленавіты акцёр і рэжысёр, любіць класіку, умее прыслухоўвацца да крытыкі, але заўсёды ідзе за голасам сэрца. Сам Дэвід кажа: «Хоць я чалавек, які на ўсё глядзіць рацыянальна, але хачу ў гэтым свеце прымнажаць святло і дабрыню». Гэта, мабыць, і спрацоўвае для яго як крэда, калі ён выбірае п’есы для пастаноўкі, разважае аб уласных перспектывах ці аказваецца перад чарговым жыццёвым выбарам. 

Пра тое, як адкрыў для сябе любімую прафесію, чым захапляецца і што для яго ніколі не страціць каштоўнасці, мы пагаварылі з Дэвідам Разумавым пры сустрэчы.


— Калі вы палюбілі тэатр настолькі, што зрабілі працу ў ім сваёй прафесіяй?

— Паколькі наш майстар курса Сяргей Міхайлавіч Кавальчык быў мастацкім кіраўніком тэатра, то заняткі ў нас праходзілі на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмытычнага тэатра імя Максіма Горкага, а не толькі ў сценах Акадэміі мастацтваў. І вось з таго часу я пачаў знаёміцца з прафессіяй, разумець, як усё ў ёй працуе, і палюбіў сцэну.

— А рашэнне паступаць на рэжысуру ў вас адкуль?

— З дзяцінства я глядзеў кінафільмы і захапляўся майстэрствам акцёраў. Думаў, калі вырасту, то стану артыстам, буду такім жа класным і папулярным, як яны. Але, калі прыходзіць час паступлення, то малады чалавек часцей за ўсё баіцца і адчувае разгубленнасць адносна таго, які шлях абраць для сябе. І ў мяне так адбылося. Я пайшоў на рэжысуру, ведаючы што там недабор хлопцаў, пабаяўшыся паступаць на акцёра.

— Аднак цяпер вы маеце магчымасць працаваць у тэатры ў абодвух амплуа…

— Першапачаткова ўсё было абумоўлена маёй мэтай быць артыстам. Таму яшчэ на пятым курсе, калі мы рыхтавалі дыпломныя работы, я зрабіў спектакль «Вір» для самога сябе. Нават наіўна думаў, што зраблю пастаноўку, якую пасля возьмуць у рэпертуар тэатра, і ў мяне адразу будзе галоўная роля. Але ўсё склалася зусім інакш. Спектакль у рэпертуары з’явіўся толькі праз тры гады. У любым выпадку мне, лічу, вельмі пашчасціла, бо я авалодаў рэжысёрскай прафесіяй. Пасля заканчэння вучобы два гады адпрацаваў у Палацы дзяцей і моладзі «Арэон», дзе ставіў канцэрты, святы, дзіцячыя казкі. І тады зразумеў, што гэта маё, я люблю тое, чым займаюся. Нядаўна мая калега і сяброўка Марыя спытала ў мяне, якім я бачу сябе праз пяць гадоў? На што я адказаў некалькімі пунктамі, і адзін з іх быў такі: у мяне не засталося акцёрскіх роляў. Мне хочацца з часам займацца толькі рэалізацыяй сваіх праектаў.

— Але акцёрства дае вам вопыт…

— Ігра ў спектаклях дае багаты вопыт. Дзякуючы таму, што я шмат разоў прайшоў працэс ад першай чыткі п’есы да прэм’еры спектакля на сцэне, то меў магчымасць назіраць з боку за працай розных рэжысёраў. І, самае галоўнае, я ведаю, як успрымаюць тыя ці іншыя рэжысёрскія патрабаванні акцёры, што ім падабаецца, што іх крыўдзіць і чым яны бываюць незадаволеныя. Пасля, калі ўжо сам працуеш як рэжысёр, лепш разумееш, як выбудоўваць узаемадзеянне. І гэта робіць цябе больш упэўненым. Усе мае ролі даюць мне вялікую радасць і задавальненне. Проста разумею: чым больш ты хочаш працаваць рэжысёрам, тым больш гэта перашкаджае табе як артысту. Сумяшчаць немагчыма, бо трэба аднолькава моцна паглыбляцца ў працэс.

— У школьныя гады ваша цяга да творчасці праяўлялася?

— Помню, як класе ў пятым, калі ў мяне толькі з’явіўся тэлефон з камерай, я сябрам у двары казаў, куды стаць і што рабіць, маўляў, мы здымаем кіно. Яшчэ на гітары іграў з дзяцінства, а пасля займаўся ў Палацы дзяцей і моладзі «Золак». І ў нас ладзіліся розныя канцэрты. А так я вучыўся ў звычайнай школе і, па шчырасці, мне было не вельмі цікава. Настаўнікі ўвогуле думалі, што з мяне нічога не выйдзе. А ў адзінаццатым класе, калі я пайшоў на падрыхтоўчыя курсы па рэжысуры, з інтарэсам пачаў паглыбляцца ў новы для сябе свет. Тады ўжо сядзеў на апошняй парце і часам чытаў «Фаўста», якога рыхтаваў на той момант як рэжысёрскую эксплікацыю для паступлення.

— А ваша сям’я як паставілася да выбару творчай прафесіі?

— Адна з самых вялікіх удач у маім жыцці, што маці і бацька ва ўсім мяне заўсёды падтрымлівалі. Многіх маіх сяброў, наадварот, бацькі скіроўвалі на выбар больш прэстыжных, па іх меркаванні, прафесій. А мае спыталі, чаго я хачу, куды планую пайсці вучыцца. І такі іх падыход да сёння здзіўляе мяне. Ад мамы чую, што яны мной ганарацца.

— Праца ў адным тэатры са сваім майстрам Сяргеем Кавальчыкам — для вас таксама ўдача?

— Ён навучыў мяне ўсяму, што я ўмею. Вельмі ўдзячны Сяргею Міхайлавічу за гэта. Нават цяпер чую ад яго каштоўныя парады, адчуваю падтрымку ва ўсім. Дзякуючы яму, лічу, адбыўся «Фаўст. Угода з д’яблам». Таму што ён у мяне паверыў. Мяне вельмі ўражвае, калі людзі сваім даверам здольны падтрымаць іншага. Сяргей Міхайлавіч да апошняга не ўмешваўся ў маю працу, а ўжо на апошнім прагоне даў некалькі парад, якія дапамаглі палепшыць спектакль. Таму я працягваю ў яго вучыцца.

— Вы нарадзіліся, вучыліся і працуеце ў Мінску. А цікава вам было б паспрабаваць паставіць нешта з калектывам, напрыклад, у іншым горадзе?

— Безумоўна, бо любы новы вопыт — гэта развіццё. А калі ты ўвесь час знаходзішся ў адным асяродку, то расці ўжо становіцца складана. Ты ведаеш артыстаў, іх магчымасці, а калі ўсё па-новаму, дзе ніхто нікога не ведае, з’яўляецца глеба для росту. Я бываю на прэм’ерах спектакляў у іншых тэатрах і гарадах і бачу, які там узровень. Усюды ёсць добрыя і артысты, і рэжысёры, і вынікі…

— У тэатры ідуць вашы спектаклі «У віры», «Фаўст. Угода з д’яблам», а цяпер вы працуеце над «Маскарадам» Лермантава... Якой будзе гэтая гісторыя?

— У Лермантава ўсё заканчваецца трагічна, а мне заўсёды хочацца, каб у фінале была надзея і святло, бо без іх для мяне мастацтва не мае сэнсу. Таму ў мяне і Фаўста Бог выратоўвае, і Павел выходзіць з віру. Зразумела, ёсць вечныя тэмы, пра якія мы гаворым са сцэны. І, перачытваючы «Маскарад», я разумеў, што гэта выдатная гісторыя, але там складаны стыль і не ўсё ў змесце прайшло выпрабаванне часам. Хоць некаторыя маналогі проста па-за часам і заўсёды будуць актуальныя. Мне хочацца зрабіць гэты твор сучасным. 

І паказаць галоўнае: што б ні адбывалася ў жыцці, не пераставайце любіць і верыць.

— А, па-вашаму, каханне — што за пачуццё?

— Пра гэта можна разважаць гадзінамі. Калі коратка, то гэта пачуццё, якое здольнае заўжды прабачаць. Яно не шукае выгады, нясе святло. Я лічу, калі любіш чалавека, то ніколі яго ні ў чым не папракнеш. Наадварот, заўсёды і ва ўсім будзеш падтрымліваць. Ёсць у мяне ў спектаклі «Вір» радкі: «калі ты захочаш спаліць увесь свет, то я буду побач падаваць табе бензін». Каханне немагчымае без вернасці. Але яно бывае жорсткім і несправядлівым.

— Дзе і калі вы разгледзелі сваю другую палавінку?

— Мы з жонкай працуем у адным тэатры. Да таго, як стаць парай, мы працяглы час сябравалі. Вучыліся разам, сумесна праводзілі час. Спачатку кожны з нас быў у адносінах і мы проста добра ставіліся адно да аднаго. А калі там не склалася, то паступова нашы светлыя сімпатыі перараслі ў вялікае пачуццё. Пачалі сустракацца, і ўжо праз два месяцы прапанаваў стварыць сям’ю, бо разумеў, што мы даўно знаёмыя, і я гатовы да большай адказнасці за блізкага чалавека.

— Творчая зайздрасць знаёмая вам?

— У мяне бывае толькі творчае захапленне. Я часам гляджу нейкую пастаноўку і думаю, як чалавек змог зрабіць такое. У такія моманты мне хочацца пагаварыць з рэжысёрам і самому навучыцца так рабіць. А зайздрасць — пачуццё дарэмнае. Просты прыклад: едзеш на машыне, стаіш на святлафоры і бачыш побач «Порш». Думаеш: класна! А па сутнасці кожны з вас — на чатырох колах і даедзе ў сваё месца прызначэння. Таму бэссэнсоўна зайздросціць, бо гэта забівае ў чалавеку ўсё добрае, раз’ядноўвае нас з іншымі.

— Вытрымалі б выпрабаванне славай, грашыма, прыгажосцю?

— Мне здаецца, што ўсё наша жыццё — гэта выпрабаванне, дзе ты ўвесь час прымушаеш сябе змагацца, імкнешся быць годным. Таму я пастаянна нагадваю сабе, што важна быць на правільным шляху. Увесь час звяраюся, ці не збочыў са свайго маршрута. Бо часам, нават загледзеўшыся на прыгожае аўто, можаш згубіць свой вектар і напрамак, які па-сапраўднаму важны. І тады жыццё якраз і выпрабоўвае цябе нейкай прапановай, адпраўляе табе паведамленне, каб паглядзець, ці пойдзеш ты далей. Калі здолееш застацца верным сабе, то і баланс захаваецца.

— У што вы верыце і дзеля чаго варта жыць?

— Я хачу верыць, што ў канцы заўсёды ёсць святло і надзея. І менавіта гэта хачу трансліраваць…

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Дэвіда РАЗУМАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.