Вы тут

Сумная статыстыка пачатку халадоў


З пачаткам халадоў колькасць пажараў у жылым сектары ўзрастае ў разы. Нярэдка надзвычайныя сітуацыі заканчваюцца не толькі пашкоджанай маёмасцю — ахвярамі агню становяцца і самі гаспадары домаўладанняў, іх госці. На жаль, вогненныя трагедыі забіраюць і маленькія жыцці...


Найбольшая колькасць узгаранняў у жылых дамах фіксуецца менавіта ў асенне-зімовы перыяд. Як правіла, гэта звязана з больш інтэнсіўнай эксплуатацыяй печаў, электрычных сетак і абсталявання, павелічэннем працягласці знаходжання грамадзян у жыллі. Па статыстыцы 67% пажараў, у выніку якіх гінуць людзі, адбываецца з кастрычніка да сакавіка. Пры гэтым пік росту прыпадае на снежань — студзень. Пераважнай прычынай гібелі людзей ад пажараў з’яўляецца няведанне або грэбаванне мерамі бяспекі, а таксама так званы чалавечы фактар — бестурботныя, неасцярожныя дзеянні.

Эксплуатацыя печы — па правілах

Днямі супрацоўнікі МНС Міншчыны выратавалі пенсіянера. Падраздзяленні ведамства, якія аператыўна адрэагавалі на паведамленне аб пажары, выявілі дым, які ішоў з-пад даху аднапавярховага жылога дома. Падчас разведкі ратавальнікі ўстанавілі, што адбылося ўзгаранне маёмасці ў жылым пакоі.

Мужчыну выявілі ў кухні, на падлозе, у беспрытомным стане. Пенсіянера вынеслі на вуліцу і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. З папярэднім дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння» выратаванага шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя. У выніку пажару былі пашкоджаны сцены і маёмасць жылога пакоя. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б гаспадаром не былі парушаны правілы эксплуатацыі печы.

Асноўнымі прычынамі «пячных» пажараў з’яўляюцца парушэнне правіл уладкавання печы, а таксама невыкананне правілаў пажарнай бяспекі пры яе эксплуатацыі. Не ўсе ведаюць, што распальваць печ бензінам, газай або іншымі лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі катэгарычна забараняецца. Нельга падчас распальвання выкарыстоўваць і дровы, даўжыня якіх большая за ёмістасць печы. Не варта перапальваць печ, пакідаць адчыненымі дзверцы, а таксама сушыць адзенне або іншыя рэчы каля агню.

— Штогод перад ацяпляльным сезонам неабходна праводзіць праверку спраўнасці печы, дымавых комінаў (каналаў), — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Печы, паверхні комінаў і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць спраўнымі, без скразных расколін. Для таго, каб на ранняй стадыі вызначыць расколіны, печ, у тым ліку комін, патрэбна абтынкаваць і пабяліць. Увогуле, нашы грамадзяне павінны ведаць, што кожны год перад пачаткам ацяпляльнага сезона неабходна ачышаць комін ад сажы і ліквідаваць расколіны. Ад сажы комін трэба прачышчаць не менш як адзін раз на два месяцы. Перад дзверцамі печы павінен ляжаць размешчаны металічны ліст памерам не менш за 50 на 70 сантыметраў, які засцерагае ад выпадковай іскры, з якой можа разгарэцца пажар.

Рэкамендуецца паліць у печы некалькі разоў у дзень пакрыху: такі спосаб дазволіць пазбегнуць перагравання. Попел, вугаль і шлак, выдаленыя з цеплагенерыруючых апаратаў, печаў, варта праліць вадой да іх поўнага згасання. Закрываць комін трэба не менш як за дзве гадзіны да сну.

Некаторыя ўвогуле забываюць пра распаленую печ і засынаюць. З-за такой бестурботнасці нядаўна ледзь не страціў жыццё жыхар Чэрвеньскага раёна. Раніцай гаспадар прыватнай хаты запаліў у печы і пайшоў на рыбалку. Вярнуўшыся дамоў, ён убачыў задымленне. Аднак, не надаўшы гэтаму ніякага значэння, праветрыў памяшканне і яшчэ раз прапаліў у печы. Увечары, перад сном, падкінуў дроў, павячэраў і ўладкаваўся перад тэлевізарам. Не заўважыў, як заснуў, а прачнуўся ад моцнага галаўнога болю, цяжка было дыхаць — уся хата была ў дыме. Пасля няўдалых спроб патушыць пажар самастойна грамадзянін звярнуўся да суседкі з просьбай выклікаць ратавальнікаў. Супрацоўнікі МНС прыбылі на месца здарэння хутка, але дачны дом ужо гарэў адкрытым полымем. Папярэдняя прычына пажару — пераграванне печы.

Курыць у хаце — гуляць са смерцю

Яшчэ адной найбольш распаўсюджанай прычынай пажараў у жыллёвым фондзе з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Людзі, якія злоўжываюць гэтай шкоднай звычкай у хаце, рызыкуюць не проста застацца без даху над галавой, але і заўчасна сысці з жыцця. Той, хто курыць яшчэ і ў стане алкагольнага ап’янення, — увогуле патэнцыяльны труп.

Жыхару Рэчыцы, можна сказаць, пашанцавала. Паведамленне аб пажары ў адной з кватэр на вуліцы Дастаеўскага ратавальнікі атрымалі глыбокай ноччу. У моцна задымленым пакоі пажарныя адшукалі гаспадара кватэры. Ім аказаўся мужчына 1982 года нараджэння. Пацярпелага вынеслі на чыстае паветра. Пасля агляду медыкаў ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

— Нярэдкія выпадкі, калі курэнне ў жылых памяшканнях прыводзіць да пажару з лятальным фіналам, — канстатуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Калі чалавек усё ж курыць дома, дзеля захавання свайго жыцця ён павінен выконваць правілы пажарнай бяспекі. Па-першае, нельга курыць у ложку, тым больш у стане алкагольнага ап’янення. Па-другое, нават патушаныя цыгарэты нельга вікідваць з вокнаў або балконаў, а таксама ў вядро са смеццем, дзе ўжо знаходзяцца папера і іншыя гаручыя адходы. Па-трэцяе, не варта ў якасці попельніцы выкарыстоўваць папяровыя кулькі, пачкі ад запалак або цыгарэт: попельніцы павінны быць з негаручага матэрыялу. І абавязкова сачыце за тым, каб запалкі або цыгарэты не траплялі ў рукі малым дзецям.

Пажарны апавяшчальнік ратуе жыцці

Рэгулярна ратавальнікі выязджаюць і на ліквідацыю ўзгаранняў, якія адбыліся з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. У прыватнасці, уключаная электрычная пліта, якую пакінулі без нагляду, прывяла да пажару ў вёсцы Чапліцы Слуцкага раёна. Калі падраздзяленні МНС прыбылі да месца выкліку, драўляны аднапавярховы дом ужо гарэў.

На шчасце, гаспадар пакінуў хату самастойна. Калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік, гук якога ён пачуў праз сон, усё магло скончыцца трагічна. З дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння» мужчына быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя.

Як паказвае жыццё, у дамах, у якіх устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, падчас надзвычайных сітуацый абыходзіцца без ахвяр. Гэта, дарэчы, самы просты спосаб зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад пажару і яго наступстваў. Дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку на пажары ў Веткаўскім раёне выратаваліся шматдзетная маці і яе трое дзяцей. Каля апоўначы жанчына, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, прачнулася ад гуку гэтай прылады, якая спрацавала. Пабудзіўшы малых, разам з імі гаспадыня пакінула хату. У выніку пажару была пашкоджана маёмасць. Касметычны рамонт — і жыллё набудзе ранейшы стан. Галоўнае, што ўсе засталіся жывымі.

Ратавальнікі не перастаюць паўтараць: у аснове кожнай з прычын, па якіх узнікаюць вогненныя надзвычайныя сітуацыі, — безадказнасць і няўважлівасць канкрэтнага чалавека. Супрацоўнікі МНС звяртаюць увагу грамадзян на неабходнасць прывядзення домаўладання ў пажарабяспечны стан і заклікаюць выконваць элементарныя правілы: замяніць старую праводку, не перагружаць электрычную сетку, эксплуатаваць выключна спраўныя печы, не курыць у жылым памяшканні. І, нарэшце, устанавіць у кожным жылым пакоі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гэтая танная і простая ў абслугоўванні рэч ужо выратавала не адно жыццё.

Выявіць парушэнне і ліквідаваць

З мэтай папярэджання пажараў у жыллёвым фондзе па ўсёй краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам». У правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне ўзгаранняў, ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях удзельнічаюць і іншыя ведамствы.

Акцэнт пры правядзенні акцыі робіцца на інфармаванні насельніцтва аб неабходнасці выканання патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, электраабсталявання, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. На прадмет выяўлення парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі праводзіцца абследаванне домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, аказваецца дапамога ў іх ліквідацыі. Як правіла, такія мерапрыемствы ўключаюць рамонт ацяпляльнага абсталявання і электрычных сетак, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях з просьбай аб правядзенні абследавання супрацьпажарнага стану жылля і з мэтай кансультатыўнай дапамогі могуць усе грамадзяне нашай краіны.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.