Вы тут

Сенатары адобрылі праект Закона «Аб змяненні кодэксаў»


На чарговым пасяджэнні 11-й сесіі Савета Рэспублікі сёмага склікання сенатары адобрылі праект Закона «Аб змяненні кодэксаў», ратыфікавалі шэраг міжнародных пратаколаў і пагадненняў. 


 БелТА

Рэгуляванне грамадзянска-прававых адносін

Законапраект «Аб змяненні кодэксаў» прадугледжвае карэкціроўку Грамадзянскага, Банкаўскага, Працоўнага і Жыллёвага кодэксаў. У прыватнасці, удасканальваецца рэгуляванне сферы інтэлектуальнай уласнасці. Уводзіцца апцыён на заключэнне дагавора, калі адзін бок з дапамогай безадзыўнай аферты дае другому боку права заключыць адзін або некалькі дагавораў на ўмовах, прадугледжаных пагадненнем. Укараняецца дагавор рахунку эскроу, згодна з якім адзін бок (банк або нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя) абавязваецца адкрыць другому боку спецыяльны рахунак для ўліку і блакіравання грашовых сродкаў, атрыманых з мэтай перадачы трэцяму боку пры надыходзе пэўных падстаў. 

Акрамя таго, прадугледжваюцца безадзыўная даверанасць, пагадненне крэдытораў аб парадку задавальнення іх патрабаванняў да даўжніка, запэўнення ў абставінах. Удакладняецца парадак заключэння і выканання дагавора фінансавання пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу). Змяняецца падыход да кампенсацыі шкоды, прычыненай грамадзянінам.

— У адносінах да Грамадзянскага і Банкаўскага кодэксаў змяненні і дапаўненні носяць канцэптуальны характар, Працоўнага і Жыллёвага — у большай ступені юрыдычна-тэхнічны характар, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец. — Работа, звязаная перш за ўсё з карэкціроўкай Грамадзянскага кодэкса, дастаткова маштабная, праводзілася на працягу доўгага часу ў сілу значнасці грамадзянска-прававых адносін для кожнага суб’екта права: як фізічнай, так і юрыдычнай асобы. Праект Закона «Аб змяненні кодэксаў» разглядаўся на экспертным савеце Савета Рэспублікі. Вельмі шмат было зваротаў грамадзян, звязаных з неабходнасцю карэкціроўкі і ўдасканалення грамадзянска-прававых адносін. 

— Законапраект прыводзіцца ў адпаведнасць з такімі заканадаўчымі актамі, як дэкрэты Прэзідэнта «Аб развіцці лічбавай эканомікі», «Аб развіцці прадпрымальніцтва», Указ «Аб страхавой дзейнасці» і іншымі. "Акрамя таго, запаўняюцца прабелы ў рэгуляванні грамадзянска-прававых адносін, якія так ці інакш ужо актуальныя для нашага грамадскага жыцця, — удакладніў Сяргей Сівец. — Прыбіраецца шэраг састарэлых і ўжо неэфектыўных норм, якія ўжо страцілі сваё рэгулюючае значэнне. У цэлым, можна канстатаваць, што падрыхтаваны законапраект адпавядае духу часу, будзе эфектыўным рэгулятарам грамадзянска-прававых адносін, якія складваюцца, і ў поўнай меры здольны забяспечыць рэалізацыю грамадзянскіх правоў і законных інтарэсаў як суб’ектаў гаспадарання, так і фізічных асоб.

Прамысловая кааперацыя, фітасанітарныя меры і бязвіз з Пакістанам 

Парламентарыі ратыфікалі Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года ў частцы аказання фінансавага садзейнічання пры рэалізацыі дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза сумесных кааперацыйных праектаў у галінах прамысловасці. ЕАЭС надзяляецца адпаведнымі паўнамоцтвамі па фінансавым садзейнічанні развіццю прамысловай кааперацыі за кошт сродкаў бюджэту саюза. Новы механізм фінансавання кааперацыі будзе спрыяць далейшаму тэхналагічнаму развіццю прамысловага сектара Еўразійскага эканамічнага саюза і стымуляваць інтэграцыйныя працэсы.

Ратыфікацыя Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года прадугледжвае ўвядзенне дзяржавамі-членамі экстраных фітасанітарных мер адносна шкодных арганізмаў, якія не ўключаны ў адзіны пералік каранцінных аб’ектаў саюза і ўяўляюць фітасанітарную рызыку, на перыяд уключэння адпаведных шкодных арганізмаў у названы пералік або да атрымання вынікаў аналізу фітасанітарнай рызыкі ў адносінах да шкодных арганізмаў, які пацвярджае адсутнасць такой рызыкі. 

Ратыфікавана Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых (афіцыйных) пашпартоў. Грамадзяне Беларусі і Пакістана, якія маюць сапраўдныя дыпламатычныя і службовыя (афіцыйныя) пашпарты, вызваляюцца ад неабходнасці атрымліваць візы для ўезду, выезду, праезду транзітам або знаходжання на тэрыторыі адпаведна Беларусі і Пакістана на працягу перыяду, які не перавышае 90 дзён у каляндарным годзе з даты першага ўезду. 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.