Вы тут

Прэзідэнт наведаў мікрараён малапавярховай забудовы ў Новай Аколіцы і пагутарыў з журналістамі


Пытанне спрашчэння будаўніцтва і павышэння эфектыўнасці тэхнічных патрабаванняў да ўзвядзення жылых дамоў не раз уздымалася падчас нарад і рабочых камандзіровак кіраўніка дзяржавы. Вывучыць тэму было даручана профільным віцэ-прэм’еру і міністру. Як выконваецца яго даручэнне, Аляксандр Лукашэнка ацаніў падчас наведвання тэрыторыі жылой забудовы ў Новай Аколіцы пад Мінскам. Прэзідэнт азнаёміўся са шматлікімі варыянтамі дамоў, якія будуюцца ў мікрараёне. Акцэнт — на падыходах у будаўніцтве індывідуальнага жылля.


«Нешта абрынулася — адказваеце галавой»

Тэму мерапрыемства коратка і зразумела адзначыў сам кіраўнік дзяржавы — будаўніцтва жылля без бюракратыі і цяганіны. «Людзі скардзіліся, што доўга будуем, — патлумачыў прычыну ўвагі да гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка. — І справа нават не ў тым, што мы доўга будуем нейкае жыллё. Каб пачаць будаўніцтва, трэба хадзіць па чыноўніках, прасіць нейкія дазволы. Хто на МНС, хто на міліцыю скардзіўся і гэтак далей».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што раней у гэтай справе быў зроблены першы крок — прыватным забудоўшчыкам дазволілі будаваць так, як яны хочуць. У гэтым плане паказальны вопыт мінулых гадоў. Прэзідэнт узгадаў, як некалі ў сельскіх населеных пунктах будавалі аднапавярховыя дамы, пры гэтым людзі ні ў каго не пыталіся, як будаваць.

«Таму было прынята рашэнне: хочаш будаваць — калі ласка, будуй, можаш наогул ні ў каго дазвол не браць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Адзінае патрабаванне — каб дом больш-менш выглядаў нармальна і ўпісваўся ў вёску». Пры гэтым ніхто не супраць, калі чалавек або арганізацыя, якія будуюць дом, хочуць параіцца з міліцыяй, ратавальнікамі, архітэктарамі. Пытанні бяспекі — гэта ўжо адказнасць уласніка і забудоўшчыка. «Але калі нешта абрынулася — адказваеце галавой», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

«Без усялякіх празмернасцяў і выдаткаў»

Пабудаваць пасёлак у Новай Аколіцы ў пачатку года было даручана віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку. Прэзідэнт паставіў умову, каб будаўніцтва ажыццяўлялася па-гаспадарску. Было ў кіраўніка дзяржавы і пажаданне наконт дарожнага пакрыцця: не асфальт, а бетон. «Гэта навечна, — патлумачыў Прэзідэнт. — Без усялякіх празмернасцяў. Гэта значыць тут па розуме павінен быць пабудаваны пасёлак. Так, як трэба людзям. Без лішніх выдаткаў». 

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на азеляненне прылеглай да дамоў тэрыторыі, увогуле па перыметры пасёлка. Тут, па словах беларускага лідара, таксама ўсё павінна рабіцца па-гаспадарску і эканомна. На азеляненне ўчасткаў каля хат, на думку кіраўніка дзяржавы, варта будзе скіроўваць і гаспадароў прыватных дамоў.

«Па-гаспадарску трэба падыходзіць да ўсяго, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А па-гаспадарску — гэта эканомія мільёнаў-мільёнаў рублёў. Таму мэта была і задача для віцэ-прэм’ера (ён прымае рашэнне): як вырашыце, так павінна быць, але па-гаспадарску».

З гэтым пагаджаецца і намеснік прэм’ер-міністра. Анатоль Сівак заўважыў, што ў чалавека, які мае ўласны дом і ўчастак, зусім іншы ўзровень жыцця. «Ты маеш рацыю, гэта іншы чалавек, — пацвердзіў Прэзідэнт. — Я беларусам увесь час кажу: у Беларусі ўсе ўчастачкі, шматкі зямлі — гэта падарунак, шчасце. Увесь час падштурхоўваю: купіце ў вёсках, далёкіх, „неперспектыўных“, закінутых. Гэта для людзей падарунак. Няхай будзе кавалачак гэтай зямлі, яна ж амаль бясплатная цяпер».

«Выдатныя праекты. Ідэальна на зямлі»

Генеральны план забудовы жылога раёна Новая Аколіца агульнай плошчай 210 гектараў шляхам далучэння да вёскі Аколіца новых зямель знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. У бягучым годзе пачалося асваенне часткі гэтай тэрыторыі плошчай 50 гектараў, дзе плануецца ўзвядзенне 230 індывідуальных жылых дамоў з інжынерна-транспартнай інфраструктурай. На дадзены момант выконваецца паралельнае праектаванне і будаўніцтва першых двух этапаў, якія ўключаюць 65 жылых дамоў сядзібнага тыпу і інжынерна-транспартную інфраструктуру да іх. Дамы адрозніваюцца як па агульных плошчах (самы малы дом — 70 квадратных метраў, вялікі — 140), так і па канструкцыях сцен (жалезабетонныя панэлі, падвойны брус, каркасна-шчытавыя, цагляныя, блокі з ячэістага бетону).

Праектам прадугледжана выдзяленне 12 этапаў будаўніцтва. На бягучы момант у стадыі рэалізацыі знаходзяцца будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкаванне і агароджа тэрыторый. 

Кіраўніку дзяржавы расказалі, што па вуліцах унутры забудовы прадугледжаны аднабаковы рух, а грузавы і тэхнічны транспарт будзе рухацца толькі па ўскраіне тэрыторыі. Прэзідэнт гэтае рашэнне падтрымаў. 

Анатоль Сівак паведаміў кіраўніку дзяржавы, што падчас будаўніцтва назіраўся шэраг бюракратычных перашкод, з-за якіх выніковы кошт дома атрымліваецца вышэйшым. Прэзідэнту прапанавалі ўнесці змяненні ў нарматыўныя прававыя акты, якія ўжо існуюць, каб ліквідаваць гэтыя недахопы. Акрамя таго, урад прапануе прыняць стымулюючыя меры, у тым ліку пашырыць ільготнае крэдытаванне. Па меркаванні віцэ-прэм’ера, у тым ліку гэтай мерай можна зацікавіць людзей набываць жыллё ў сельскай мясцовасці.

Кажучы аб распрацоўцы канцэпцыі будаўніцтва жылля на наступную пяцігодку, Анатоль Сівак лічыць, што падчас будаўніцтва трэба больш заходзіць у інфраструктуру, якая ўжо існуе. «У нас сёння застаюцца дамы, якія трэба капітальна рамантаваць, — удакладніў ён. — Яны ў пагранічным стане. Можна пяціпавярховік-хрушчоўку знесці, каробку, пакінуўшы фундамент, і на яго паставіць».

«Уносьце прапановы, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Лічыце, што гэта прынята. Гэта якраз гаспадарскі падыход». 

Прэзідэнт пабываў у некалькіх гатовых дамах. У іх ужо праведзена вада, ёсць электрычнасць. Хоць цяпер заязджай — і жыві. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі дамы розных тыпаў. Гэта таксама адно з патрабаванняў беларускага лідара: каб чалавек мог выбраць. 

Як заўважыў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, будуецца 19 тыпаў жылых дамоў, але асартымент будзе павялічвацца. Беларускія вытворцы прапануюць новыя канфігурацыі, новыя плошчы.

«Добры домік, — наведаўшы адзін з дамоў, падзяліўся ўражаннямі беларускі лідар. — Я паглядзеў планіроўку: тры-чатыры пакоі. Тры спальні, асобна кухня, сумешчаная з гасцінай. Выдатныя праекты. Ідэальна на зямлі».

Аднак кіраўніка дзяржавы цікавіла і тое, ці не стратна будаваць такія дамы. Як праінфармавалі Прэзідэнта, дамы пабудаваны з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю. «На людзях не трэба нажывацца, — заўважыў у гэтай сувязі ён. — Мы ж і цэны прытрымліваем, абмяжоўваем. Але не ў страту. Самае галоўнае, што гэта добры для вас дадатковы заробак. Рэнтабельнасць няхай невялікая, але ёсць».

Падчас знаёмства з дамамі Прэзідэнт яшчэ раз запатрабаваў разабрацца з бюракратычнай цяганінай пры будаўніцтве дамоў. «Будзем яшчэ паглыбляцца, — дадаў ён. — Уносьце прапановы. Вы лепш ведаеце, дзе трэба нешта зразаць, каб вы не бегалі, не кланяліся і не прасілі. І вам будзе добра, і людзям».

Пасля азнаямлення з інтэр’ерамі індывідуальных дамоў Прэзідэнт пагутарыў з журналістамі, адказаўшы на самыя надзённыя пытанні, у тым ліку і міжнароднага парадку дня. 

«Тое, што мы ўзяліся за рэгуліроўку і настройку цэн, правільна» 

Прадстаўнікі СМІ нагадалі, што прайшоў амаль год з прыняцця Указа, якім рэгулюецца цэнаўтварэнне. Карэспандэнты пацікавіліся, ці дастаткова тых механізмаў, якія ўжо ёсць, і ці стала менш скаргаў наконт павышэння цэн. Кіраўнік дзяржавы анансаваў, што ў бліжэйшы час адбудзецца нарада, падчас якой будзе бачна, што ўрад зрабіў за гэты час, каб цэны знаходзіліся пад кантролем. 

«Па вялікім рахунку мелі рацыю, — кажучы аб прычынах жорсткага рэгулявання цэн, адзначыў Прэзідэнт. — Аказваецца, „тлушчу“ столькі назапасілі, асабліва гандлёвыя сеткі, ды і вытворцаў хапала, што ёсць дзе яго здымаць».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што трымаць цэны на належным узроўні атрымліваецца. Аднак усё роўна некаторыя людзі кажуць, што дорага. «Ніхто не разумее і разумець не хоча, што цэны ў краме — гэта твой заробак, — патлумачыў беларускі лідар. — Калі на хлеб, то гэта калгас, саўгас працуе, фермеры. Гэта ж іх заробак. Яны ж у краму пастаўляюць прадукцыю, ну значыць, заробак вышэйшы. Перапрацоўшчыкі, хлепапякарня — гэта ж таксама заробак. І з усяго гэтага складваецца цана, але людзі гэтага ведаць не хочуць — дорага і ўсё».

Прэзідэнт пагаджаецца, што па некаторых пазіцыях сапраўды дарагавата. «Ёсць яшчэ над чым працаваць», — падкрэсліў ён. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння ў нас інфляцыя крыху вышэйшая чым 3%. А чакалася каля 9%. «Магчыма, яна крыху можа падрасці да новага года, але гэта не 9%, — удакладніў ён. — Гэта мы ў два разы скарацілі рост цэн. Скарацілі і інфляцыю. Таму правільна паступілі». 

Прэзідэнт падзяліўся, што яго хвалюе. «Людзі баяцца ўстанавіць на свае паслугі, свае тавары цэны завышаныя, бо пакараюць, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Бізнесмены звяртаюцца: „Як тут падлічыць, каб было лепш, і так далей“. Вось гэтага быць не павінна. Бізнесмены, гандаль, вытворцы — яны самі павінны ўстанаўліваць на сваю прадукцыю цэны. Але парадак павінен быць агульны. Там, дзе кантроль, там і вынік ёсць. Таму тое, што мы ўзяліся за рэгуліроўку і настройку цэн, гэта правільна, але бізнесмены, прадпрымальнікі, вытворцы і прадаўцы не павінны бегаць да начальнікаў па кабінетах і пытаць, як цэны ўстанавіць. Гэтага быць не павінна!».

«Калі выбухне, будзе горача ўсім»

Традыцыйна хвалюе журналістаў і міжнародны парадак дня. Гарачая тэма — прычым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе — узброены канфлікт на Блізкім Усходзе. Прадстаўнікі медыя пацікавіліся ў Прэзідэнта, як сітуацыя ў Ізраілі і Палесціне паўплывае на рэгіён, якія будуць наступствы для свету і што ў сувязі з гэтым будзе з Украінай.

«Тое што загінула столькі людзей, і тое, што яўрэі не былі гатовыя да гэтага, — гэта бяда, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тысячы і тысячы людзей загінула і паранена. Гэта з боку яўрэяў. А з боку палесцінцаў?».

Па словах беларускага лідара, Блізкі Усход — гэта тэатр ваенных дзеянняў. «Калі выбухне, то будзе горача ўсім, — заявіў Алксандр Лукашэнка. — Як там сітуацыя будзе развівацца — аднаму Богу вядома. Гэта ж амерыкосы закручваюць там гэтую каніцель. Паглядзіце, сказалі яўрэі ім: „Стоп! Пакуль мы не развернемся, у Газу не наступаць, не лезці“. Але яны туды сунуліся, разведвойскі, — іх там усіх зрэшатавалі. Амерыканцы з яўрэямі зайшлі ў Сектар Газа, каб памацаць абстаноўку, спланаваць наземную аперацыю — іх усіх знішчылі. Гэта сведчыць аб тым, што там сур’езныя людзі. Той жа Хамас, а можа, і не Хамас, ніхто не ведае, хто там. Шмат такіх нюансаў, але амерыканцы гэтым кіруюць. Сказалі „стоп“ — стаім. Сказалі „наступаць“ — наступаем».

Кажучы аб прычынах сітуацыі на Блізкім Усходзе, Прэзідэнт заўважыў, што амерыканцы адчулі змяненне сітуацыі ў свеце. «Шматпалярнасць і іншае — ім гэта вельмі не трэба, — патлумачыў беларускі лідар. — А як устаяць? Вось яны і спрабуюць, як звычайна, распаліць гэты хаос унутры краін (як у нас спрабавалі зрабіць гэта), а на міжнароднай арэне падпаліць вайнушку. Гэта іх палітыка. Украіна, уся Еўропа калашмаціцца: ім не да Блізкага Усходу, і не да іншых пытанняў. Блізкі Усход — гэта значыць увесь арабскі свет. Там і Афрыцы хопіць. Ім (амерыканцам. — „Зв“.) трэба, каб увесь свет бурліў, каб каламута ўсюды была — такім чынам яны хочуць захаваць свае дамінуючае становішча ў свеце».

Прагноз ад Прэзідэнта несуцяшальны: «Можа быць трэцяя сусветная вайна. Яна можа і адтуль пачацца. Якім чынам? Калі яны пачнуць з Іранам ваяваць, ужо не Іран іх тузае, а яны іранцаў пачынаюць тузаць. У вас што, факты ёсць, што там Іран мае дачыненне да гэтага? Ёсць факты — пакладзіце іх на стол, мы паглядзім. Але ніхто не прад’явіў Ірану прэтэнзіі на аснове нейкіх фактаў. Так, ракеты, беспілотнікі лятаюць. Дык і вашы беспілотнікі, ракеты ва Украіне лятаюць. Ідзе гандаль зброяй. Гэта дрэнна. Але гэта ж легальна. Можа, хтосьці праз пэўныя рукі і купіў. Хамас купіў гэтыя ракеты. А колькі з Украіны паступіла зброі туды? І паказваюць нумары амерыканскіх вінтовак. Яны ж усе на ўліку. Вось яны з Украіны паступілі і паступаюць. Мы ведаем, як гэта робіцца. Таму неразбярыха сур’ёзная. Калі амерыканцы, падцягнуўшы туды гэтыя ўдарныя групы авіяносцаў і іншае пачнуць бамбіць з Міжземнага мора (хаця не думаю, што яны вар’яты) пэўныя краіны, асабліва Іран, адкажуць. І не факт, што авіяносец устаіць у Міжземным моры — патопяць».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вельмі шмат такіх рэчаў, якія сведчаць аб тым, што можа ўспыхнуць сур’езны канфлікт. А, можа быць, і вайна — з прымяненнем самай сур’ёзнай зброі. «Ніхто не ведае, як будуць развівацца падзеі, нават тыя, хто там заварыў гэтыў кашу (амерыканцы), яны не ведаюць, у што гэта выльецца, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Але арабы іх папярэджваюць (яны ж наносяць удар па іх базах у Сірыі і іншых месцах, дзе размешчаны амерыканскія базы): «Хлопцы, мы не тыя, што былі дзесяць гадоў таму». 

Выхад, па словах беларускага лідара, адзін — трэба ствараць палесцінскую дзяржаву: так, як было задумана ў 1947 годзе. Аляксандр Лукашэнка пагаджаецца з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, які сказаў, што палесцінцы жывуць у жудасных умовах. «Ім трэба стварыць дзяржаву, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Сесці і дамовіцца — раз і назаўсёды. Ні ізраільскаму народу, ні палесцінскаму народу гэта не трэба. Яны хочуць спакойна жыць, гадаваць дзяцей». Іначай, па словах кіраўніка дзяржавы, гэта будзе эскалацыя і ўцягванне новых краін у гэты канфлікт. 

Даводзіцца чуць папрокі ў адрас беларусаў і расіян: маўляў, нам выгадны гэты канфлікт, бо Украіна адышла на другі план. «Давайце шчыра, тое, што пра нас сталі менш гаварыць, напэўна, нядрэнна, але не такой жа цаной, — пракаментаваў падобныя вказванні Аляксандр Лукашэнка. — Людзі гінуць. Што мы радавацца будзем? Каму выгадна? Амерыканцам не выгадна? У іх выбары, ва Украіне яны абкакаліся. Трэба неяк перайсці ў іншае поле». Вядома, пагаджаецца Прэзідэнт, гэта ж не супраць Расіі, ядзернай дзяржавы, ваяваць. 

«Сітуацыя вельмі небяспечная, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Ізраіль — ядзерная краіна. Іран — не падарунак. Калі ўспыхне, мала не пакажацца. А там далей канфлікт Індыя-Пакістан, Кітай-Тайвань — і так можа ўспыхнуць уся планета цывілізаваная. Вельмі небяспечная сітуацыя».

Таму ў гэтым сусветным кантэксце падзей вельмі актуальная выказванне Прэзідэнта, якое ён не раз паўтарае, сказаў і журналістам, — берагчы свой кавалак зямлі. 

«Еўрапейцам вайна не патрэбна»

Прадстаўнікі мас-медыя заўважылі, што сітуацыю, якая назіраецца сёння на Блізкім Усходзе, беларускі лідар прагназаваў яшчэ паўгода назад. Далейшае развіццё падзей і пытанні бяспекі акурат гэтымі днямі абмяркоўваюць у Мінску — падчас міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца», у якой ўдзельнічаюць і прадстаўнікі заходніх краін.

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, гэта сведчыць аб многім. «Гэта сігнал, яны (прадстаўнікі заходніх краін. — „Зв.“) хочуць чуць, яны слухаюць, фарміруюць пэўны парадак дня, асабліва еўрапейцы, — адзначыў ён. — Еўрапейцам вайна не патрэбна. Іх душыць Амерыка. Але гэта таксама небясконца». Тое, што еўрапейцы прыехалі на канферэнцыю ў Мінск, па меркаванні беларускага лідара, сведчыць аб тым, што яны шукаюць варыянты, і гэта добра. 

Што датычыцца Украіны, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пра яе не забыліся, і грошы туды паступяць. «Гэта амерыканцам трэба, — удакладніў Прэзідэнт. — Гэта танна для Амерыкі. Яны друкуюць грошы, амерыканцам гэта трэба. Яны падаграваюць Еўропу. Я заўсёды кажу: Еўрасаюз павінен быць. Гэта апора планеты. Амерыка, Еўрасаюз, Кітай, Расія, Індыя і гэтак далей. Нельга вырываць гэтую магутную апору з-пад гэтай сістэмы міжнароднай».

Аднак, па словах Прэзідэнта, амерыканцы на гэта нацэлены. «Як толькі з’явілася еўра (а гэта канкурэнт долару), яны пачалі гнабіць гэтую Еўропу, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — А там супрацьстаяць гэтаму ўжо не могуць. А калі б Еўропа (як мы яе ўяўляем) аб’ядналася з Расіяй (тэхналогія, рэсурсы), вось гэта быў бы монстр. Амерыканцы гэтага дапусціць не могуць. Але яны (еўрапейскія краіны. — „Зв“.) да гэтага прыйдуць, паглядзіце, іх народы прымусяць. Вазьміце Славенію цяпер, Венгрыя займае асобую пазіцыю — яны ўсё роўна прыйдуць да нас. У Расію яны прыйдуць, бо там скарбніца. Як у Афрыцы, так і ў Расіі — скарбніца. І свет прырастаць будзе за кошт поўначы Расіі і за кошт Афрыкі — 40% карысных выкапняў там». 

Што датычыцца ўкраінскага пытання, Прэзідэнт не адмаўляецца ад сваёй пазіцыі, агучанай у першыя дні гэтага канфлікту, — трэба садзіцца за стол перагавораў і дамаўляцца. Як дамаўляцца? Кіраўнік дзяржавы ўжо неаднаразова казаў — без папярэдніх умоў. «Галоўнае, каманду „стоп“ далі — ніякія войскі не рухаюцца, ніхто не страляе, рэзервы ніхто не падкідвае, камунікацыі не аднаўляюць, — канкрэтызаваў ён. — Спыніліся — і вядзём перагаворы. Аб чым? Аб зямлі і аб міры. Украінцы, дапусцім, будуць ставіць пытанне ўсходняй Украіны, Данбаса, Крыма. За сталом перагавораў, але ніхто не ваюе, людзі не гінуць. Самае небяспечнае для Украіны — зброя будзе, але ваяваць не будзе каму. Мы ж бачым, што там адбываецца. У пачатку гэтыя ідэалагічна выхаваныя нацмэны сапраўдныя ваявалі. Дзе яны? Іх ужо няма. Яны ўсе загінулі практычна або калекамі засталіся». 

«Паціскаю рукі ўсім, хто з мірам прыходзіць да нас»

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці гатовы кіраўнік дзяржавы ў выпадку перагавораў па вырашэнні расійска-ўкраінскага канфлікту паціснуць руку прадстаўнікам Захаду і паверыць ім, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нікому не збіраецца верыць. «Факты на стол! — патлумачыў сваю пазіцыю беларускі лідар. — Я павінен нешта ў руках трымаць і прымаць пэўныя рашэнні. Толькі практыка, ніякіх абяцанняў».

Што датычыцца поціскаў рукі, Прэзідэнт ніколі ад гэтага не адмаўляецца. «Я паціскаю рукі ўсім, хто з мірам прыходзіць да нас і за пазухай або ў гэтай руцэ не трымае камень, — сказаў ён. — Калі ласка, мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць».

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што Беларусь заўсёды працягвае руку, нашы суседзі ад Бога і з імі трэба жыць. І побач з палякамі, і з літоўцамі, і латышамі, якія з’яўляюцца нармальнымі людзьмі, якім проста, па словах беларускага лідара, не пашанцавала з кіраўнікамі. 

«Таму паціскам рукі і будзем паціскаць тым, хто хоча жыць з намі ў міры, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Мы ваяваць не хочам. Вы ведаеце, мы можам адказаць. У нас ёсць чым адказаць як ніколі. Але мы не жадаем ваяваць. Бо гэты адказ дорага нам абыдзецца. У выпадку сутыкнення людзі загінуць і з таго, і з другога боку. Я, як чалавек ваенны, гэта разумею. Мы хочам жыць мірна».

«У іх гісторыі заўсёды было так»

Практычна кожны дзень суседнія дзяржавы падкідваюць на нашу тэрыторыю трупы бежанцаў, выратавання ў нас шукаюць моцна скалечаныя людзі. У гэтай сітуацыі Беларусь традыцыйна праяўляе свае гуманныя якасці: нашы спецыялісты праводзяць неабходныя следчыя мерапрыемствы, устанаўліваюцца асобы загінулых, каму патрэбна, аказваецца медыцынская дапамога. 

«Не толькі кожны дзень, а па некалькі разоў на дзень падкідваюць трупы, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — І трупы, і паламаных, і пераламаных. Я папрасіў прэс-сакратара: не трэба нічога хаваць. Пакажыце, што яны робяць, — з пераламанымі нагамі людзі, а то і ўвогуле трупы валяюцца прама на паласе. Вось узялі брамку адчынілі і выкінулі. У нас гэтыя кадры ёсць. Трэба гэтаму «цывілізаванаму» свету паказваць, які там «райскі сад».

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», чаму на гэтыя факты не рэагуе сусветная супольнасць, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што міжнародная супольнасць бачыць гэту праблему, але гаворыць пра яе толькі тады, калі гэта выгадна. «Тое, што ім выгадна, у любую ідэалагічную абалонку будуць заварочваць, — патлумачыў Прэзідэнт. — Тое, што ім не выгадна, яны рабіць не будуць. Ім гэта не выгадна. Праўда, малайцы немцы. Яны ўсё больш і больш пачынаюць абурацца. Ацэнка такая, як у нас: палякі — нягоднікі. Асабліва таму, што перакідваюць мігрантаў і забіваюць людзей».

Кіраўніка дзяржавы ніколькі не здзіўляе тое, што на Захадзе маўчаць пра гэтыя факты адносін да мігрантаў. «З іх пункту гледжання, так і павінна быць, — удакладніў ён. — Кажуць яны адно, а робяць іншае. Для іх гэта норма. Яны мярзотнікі, крыжакі. У гісторыі заўсёды было так. Мы ж гэта не забылі». 

Прэзідэнт нагадаў, як развівалася сітуацыя з бежанцамі на граніцы. Спачатку Беларусь дапамагала Еўрапейскаму саюзу абараняць яго знешнія рубяжы. Бакі рэалізоўвалі сумесныя праекты па міграцыі. Але калі Еўрасаюз увёў санкцыі і пачаў эканамічную вайну супраць Беларусі, кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў: Беларусь больш не будзе дапамагаць Еўрапейскаму саюзу ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні міграцыйную праблематыку ён абмяркоўваў з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта. Венгерскі дыпламат падтрымаў пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні. «Наша пазіцыя светлая і зразумелая: мы не адстойнік, — заявіў беларускі лідар. — Мы нікога тут лавіць не будзем. Тым больш вы іх паклікалі (памятаеце, Меркель). Няхай ідуць». 

Але забіваць людзей і выкідваць трупы, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, катэгарычна недапушчальна. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прадстаўнікам заходніх краін пашукаць трупы каля граніц тых дзяржаў, адкуль да нас падкідваюць забітых бежанцаў.

«Калі ў цэлым паглядзець на працэс міграцыі, трэба сказаць, у нас тут „кветачкі“, — запэўніў беларускі лідар. — „Ягадкі“ — праз Міжземнае мора. Там цяпер заварушка, і яшчэ больш хлыне гэтых мігрантаў. Таму хутка будзе не да Беларусі. Адтуль пачнуць падаграваць. Аб гэтым мне міністр замежных спраў Венгрыі сказаў».

Прэзідэнт параіў не думаць аб тым, што ў кагосьці з нашых заходніх суседзяў ёсць пакутніцкія настроі наконт мігрантаў. «Гэта варвары, яны ніколі не ставіліся добра да нас і не ставяцца, — адзначыў ён. — Мы ім верылі. А калі не верылі, ішлі заўсёды насустрач, працягвалі руку. І мы, і рускія, і тыя ж украінцы. Па-славянску. А яны ў нас кідалі камяні. Але мы гатовы перакрочыць праз гэта. Трэба глядзець наперад. Праз гэта трэба ўмець пераступіць і ісці наперад, дамаўляцца. Мы да гэтага гатовы». 

«Ахову здароўя трэба прыводзіць у прытомнасць»

Журналісты нагадалі Прэзідэнту пра нараду на тэму аховы здароўя, падчас якой кіраўнік дзяржавы ўказаў на недахопы ў гэтай сферы, даў канкрэтныя даручэнні. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, што ўжо па гэтым пытанні зроблена і ці ёсць канкрэтныя вынікі.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што трымае гэтае пытанне на кантролі. Ён нагадаў, што ў краіне працуе вялікая міжведамасная рабочая група па праверцы сістэмы аховы здароўя. Гэта падштурхоўвае сістэму і ўстановы выпраўляць памылкі ў сваёй дзейнасці. Начальнікі і чыноўнікі заварушыліся, а гэта ўжо добра. «Мне здаецца, што да канца года мы многае зробім у ахове здароўя, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Але справа ж не толькі ў рамонце. Калі ты заходзіш у ФАП, там чысценька, акуратненька, — гэта зусім іншая справа». 

Кажучы аб дзейнасці фельчарска-акушэрскіх пунктаў, Прэзідэнт звярнуў увагу, што не варта імкнуцца іх закрываць. Аднак, па яго словах, у невялікай вёсцы, калі ўжо пражывае ўсяго некалькі чалавек, трымаць ФАП нерацыянальна. Патрабаванне кіраўніка дзяржавы — наяўнасць магутнага ФАПа ў кожным аграгарадку. А іх па краіне звыш 1400. 

«Там павінен быць добры ФАП, — канкрэтызаваў даручэнне беларускі лідар. — Да лячэння людзей, абароны людзей, дапамогі людзям павінны заўсёды быць падключаны нават не сельскі савет, а кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Чаму я падтрымліваю калгасы, саўгасы цяперашнія, гэтыя аграрныя аб’яднанні? Яны глядзяць за пенсіянерамі, хворымі. Яны школе дапамогуць, дзіцячаму саду — усім дапамагаюць, дзе могуць. Дзе гэта забыліся, мы гэта цяпер аднаўляем. Але кіраўнікі не забыліся, малайцы, дапамагаюць у гэтым плане. Прынамсі, ФАПы, участковыя бальніцы, сястрынскага догляду, раённыя бальніцы мы страсянулі сур’ёзна. Яны шмат зрабілі».

Спыніўшыся на пытанні пратэзавання суставаў (Прэзідэнт даручаў разабрацца з чэргамі на аперацыі), Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў Гомелі напалову скарацілася чарга на пратэзаванне. «Знайшлі пратэзы, уставілі людзям — вялікая справа, — заўважыў ён. — І так па ўсіх напрамках».

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на праблему недахопу пэўных медыцынскіх спецыялістаў. «Некаторыя ўрачы збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца, — канстатаваў ён. — З часам мы і гэтую праблему вырашым. Ёсць у мяне варыянты. Ты ўрач — ідзі працуй. Не — кладзі дыплом. Не хочуць: шэсць гадоў вучыцца і дыплом кінуць. Ніхто не хоча. Урач — чалавек ад Бога. Так калі ты не працуеш, які ты дыпламаваны ўрач?» Прэзідэнт папярэдзіў: парадак у гэтым пытанні будзе наведзены.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многіх спецыялістаў у нас хапае. «Яшчэ і іншым дапаможам, — удакладніў ён. — У Афрыку паляцім хутка: там нас чакаюць, моляцца на нас. Вялікія грошы гатовы заплаціць. Ужо групы туды з’ездзілі, паказалі, дзе што мы можам зрабіць, чым можам дапамагчы». 

Прэзідэнт рэзюмаваў, што ахову здароўя трэба прыводзіць у прытомнасць. Пасля Новага года да гэтага пытання вернуцца на самым высокім узроўні.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.