Вы тут

Вядомыя артысты расказалі пра сваіх татаў


Таты бываюць розныя. Вясёлыя і сур’ёзныя. Летуценнікі і рэалісты. Танцоры і гітарысты. Стрыманыя і адкрытыя. Здаравякі і хваравітыя. Прыхільнікі вандровак і дамаседы. Маўчуны і аматары гучнай бяседы. Паголеныя, барадатыя... І ў чымсці крыху вінаватыя... Словам, таты бываюць розныя. Але аб’ядноўвае іх адно: бацькоўскія пачуцці, безумоўная любоў да сваіх дзяцей. А што дзеці? Давайце даведаемся. Мы папрасілі вядомых артыстаў расказаць пра сваіх татаў.


Дзяніс Янцэвіч: «Тата заўсёды браў мяне ў сваю кампанію»

Дзяніс Янцэвіч з татам

Саліст Вялікага тэатра Беларусі Дзяніс Янцэвіч — патомны музыкант. Ён упэўнены, што бацька паўплываў не толькі на выбар прафесіі, але і на паспяховасць у ёй.

— Мой тата — прафесійны музыкант, баяніст, дырыжор, як ён жартуе: «Я вучыўся ў Ленінградзе, сын — у Пецярбургу». Дзед 
па татавай лініі — скрыпач-самавучка. 

Безумоўна, асяроддзе, у якім я рос, паўплывала на мой выбар прафесіі.

Колькі памятаю сябе, тата заўсёды браў мяне ў сваю кампанію, няхай гэта лазня ці рыбалка. Сябры казалі яму: навошта малога цягаеш за сабой? А тата адказваў: «Няхай бачыць, якія людзі вакол, як мы кантактуем».

Мае бацькі жывуць у Маладзечне, у іх прыватны дом. Быў перыяд, калі вядзенне падсобнай гаспадаркі з’яўлялася жыццёвай неабходнасцю. Мая мама-эканаміст і тата-музыкант трымалі хатніх жывёл, займаліся агародам, садам. У мяне таксама былі розныя абавязкі, напрыклад: прыйшоўшы са школы, я павінен быў пакарміць кабанчыкаў, курэй і качак.

У сям’і было непарушнае правіла: вячэраем усе разам, абмяркоўваем, як прайшоў дзень. Стаўшы дарослым, я зразумеў мудрасць сваіх бацькоў: дзіця павінна быць уцягнутае ў справы сям’і, яго голас таксама павінен быць пачуты.

Назіранні за тым, як размаўляюць розныя людзі, звычка да працы вельмі дапамаглі мне, калі вучыўся ў Санк-Пецярбургскай кансерваторыі. Трэба было неяк сябе забяспечваць, таму амаль усе іншагароднія студэнты шукалі падпрацоўку. Я не баяўся ніякай працы. Вяршыня маёй немузычнай кар’еры — афіцыянт у элітным рэстаране. Як элегантна падаваць стравы — навучаць, а вось бесканфліктна і з годнасцю мець зносіны з наведвальнікамі — гэта дзякуючы тату і яго сябрам.

Але да навучання ў кансерваторыі мог і не дайсці. На першых курсах у музычным вучылішчы мне было лёгка дзякуючы здольнасцям. А вось ужо на трэцім курсе такая праграма, што яе, як кажуць, трэба выседзець і вывучыць. Я ж спадзяваўся на здольнасці і скаціўся да «троек». Неяк увечары тата кажа: «Вось інструмент, але ты да яго больш не дакранайся. Я не хачу, каб маё прозвішча гучала са знакам мінус. Калі ты абраў музыку, значыць, рабі добра ці ніяк». Праз пару дзён паабяцаў тату, што ўсё выпраўлю. Слова стрымаў: усе іспыты здаў на «пяцёркі».

Цяпер я сам тата. Шчаслівы, што мой сын сябруе са сваім дзядулем. З досведу маіх бацькоў перанёс у сваю сям’ю ўцягнутасць дзіцяці ў агульныя справы. Мы з жонкай даём сыну нейкія заданні, якія адпавядаюць яго шасцігадоваму ўзросту, і яму падабаецца адчуваць сваю значнасць як часткі нашай сям’і.

У сына ёсць здольнасці да музыкі, пачуццё рытму ў яго нават лепшае, чым у мяне. На гастролі я імкнуся ездзіць разам з сям’ёй. Там сын уладкоўваецца побач з пультам гукарэжысёра, яму падабаецца глядзець спектакль з-за куліс. Я не прымушаю сына займацца музыкай, разумеючы, што нашу прафесію варта выбіраць толькі тады, калі па-іншаму проста не можаш.

Кацярына Мішчанчук: «Кветкі тата дорыць мне з дзяцінства!»

Летась у інтэрв’ю нашай газеце заслужаны артыст БССР Уладзімір Мішчанчук казаў пра сваю сям’ю: «У нас з маёй жонкай Людмілай Кучарэнкай двое дзяцей: Андрэй і Кацярына, двое ўнукаў і двое праўнукаў, але яшчэ, як кажуць, не вечар». А цяпер яго дачка Кацярына, салістка Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, першая скрыпка і мастацкі кіраўнік Мінскага струннага квартэта, педагог Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, раскажа аб тым, што значыць тата ў яе жыцці.

Кацярына Мішчанчук з татам

— Тата для мяне — чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, у любы час дня і ночы. Заўсёды падтрымае, зразумее, дасць патрэбную параду ці дапаможа справай.

Тата — гэта прафесіянал з вялікай літары, магутны, яркі, цудоўны акцёр, які валодае неверагоднай энергетыкай і харызмай. Ён — увасабленне дысцыпліны, прыклад адданасці сваёй прафесіі без астатку, прафесар, педагог Акадэміі мастацтваў. Але, як вядома, за кожным паспяховым мужчынам стаіць жанчына. Гэтая жанчына для таты — яго жонка, мая матуля — таленавітая актрыса тэатра і кіно, наймудрэйшая жанчына, педагог, прафесар Людміла Кучарэнка. Яны выхавалі некалькі пакаленняў бліскучых акцёраў тэатра, зорак кінематографа. Тата — прыклад паважлівага стаўлення да людзей, да студэнтаў і калег. Прыклад дабрыні і велікадушнасці.

Тата — мой самы ўдзячны слухач, як і мама, вядома. Ён прыходзіць на ўсе мае канцэрты ў розных калектывах і заўсёды з кветкамі, якія дорыць мне з самага дзяцінства! І, вядома, вялікім святам і шчасцем з’яўляецца ўдзел майго таты ў канцэртах калектываў, дзе я працую, як чытальніка ці вядучага — гэта заўсёды ўпрыгожванне нашых выступленняў.

Мае бацькі ўжо адзначылі залатое вяселле! Тата — любячы, клапатлівы сем’янін і выдатны дзядуля, які апякуецца ўнукам — маім сынам Ніканам, скрыпачом, пераможцам рэспубліканскага тэлеконкурсу «Талент краіны». Яны разам іграюць на адной сцэне ў спектаклі «Фальшывая нота» ў Тэатры кінаакцёра.

Я ганаруся сваім татам!

Сяргей Жбанкоў: «Дзякуй бацьку за бязмерную любоў»

Акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей Жбанкоў вядомы шырокай публіцы і па шматлікіх ролях у кіно. А яшчэ ён заўзяты футбаліст, гуляе ў складзе акцёрскай каманды Bezgrіma.

— Мой тата Аляксандр Жбанкоў працаваў слесарам-інструментальшчыкам на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў. І, прызнаюся, ён мне часта казаў: «Сярога, каб ты ведаў, як мне надакучыла гэта жалеза, як у мяне баляць рукі». Мусіць, з таго моманту, яшчэ калі я быў хлопчыкам, зразумеў, што вельмі важна любіць тое, што робіш.

Свайму тату я вельмі ўдзячны за ўсё. Асабліва за ўспаміны і яго бязмерную любоў да мяне. Я гэта заўсёды адчуваў, і ён мне не раз пра гэта казаў. Тата збіраў невялікія калекцыйныя аўтамабілі. Брат мне расказваў, што яму тата не дазваляў з імі гуляць, баючыся, што ён зламае іх. А калі нарадзіўся я, забарона сышла. Машынкі мы да гэтага часу захоўваем дома на тых жа палічках, якія калісьці зрабіў тата.

Сяргей Жбанкоў з бацькамі і старэйшым братам

Памятаю, як на чале з татам усёй сям’ёй дапамагалі мне вырашаць задачу па матэматыцы пра пліткі ў басейне, якая ніяк не давалася... Тата казаў, што ўсё ў мяне атрымаецца. Адзін з самых прыемных успамінаў звязаны з лагерам «Усход», дзе мы з братам праводзілі ўсё лета. Мы з нецярпеннем чакалі выхадных, калі прыязджалі бацькі з начлегам, прыхапіўшы палаткі. Натуральна, мы заставаліся з бацькамі, а ўначы хадзілі на ракаў. Асабліва ўдала гэта атрымлівалася ў Воўкі, майго брата.

Памятаю, як татка адвёў мяне на футбол. І гэта была любоў з першага дотыку мяча, якая не адпускае мяне да гэтага часу, за што я яму асабліва ўдзячны.

Тата памёр два гады таму. Вельмі дакладна памятаю яго погляд падчас апошняй нашай сустрэчы. Мы сям’ёй сарваліся з Мінска ў Віцебск на мой дзень нараджэння — 23 лютага. Рэдка так супадае: у мяне ў тэатры адмянілі спектакль з-за хваробы актрысы і ў жонкі быў вольны вечар. Мяне быццам магнітам пацягнула дадому.

Цяпер мне таты не хапае і я сумую па ім. Па яго ўсмешцы, па яго вачах, жартах. Але, як кажа мая дачка Ясенька: «Мне здаецца, што дзядуля Саша сядзіць на нябесных трыбунах і падбадзёрвае цябе». І ад гэтага мне робіцца вельмі светла на душы. Адчуваю, што ён са мной і хвалюецца, каб у мяне атрымалася задачка з пліткамі ў басейне. Дзякуй табе, татка, за ўсё. І, як ты прасіў, ногі на полі берагу.

Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова: «Тата заўсёды называў мяне любімай дачушкай»

Яркая, харызматычная салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова не хавае, што яна — татава дачка.

Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова з бацькамі і братам

— Для мяне тата, Генадзь Віктаравіч Стрыганкоў, — гэта праява любові да дачкі. Калі я нарадзілася, ён цэлы тыдзень святкаваў гэтую падзею і кінуў курыць.

Па характары тата — чалавек уладны, але мяне гэта не датычылася. Калі на майго старэйшага брата ён мог павысіць голас, то на мяне — ніколі. Была сітуацыя, калі я моцна насвавольнічала ў школе. Думала, тата будзе лаяцца. Не, ён проста сур’ёзна са мной пагаварыў. І патрэбныя высновы я зрабіла.

Мае бацькі працавалі на мясакамбінаце, пазней маці занялася прадпрымальніцтвам. Артыстаў у нашай радні не было, але ўсе вельмі музычныя, і да 18 гадоў я была ўпэўнена, што людзі нараджаюцца з уменнем спяваць. Тата, дарэчы, вельмі яскрава, эмацыянальна, па-акцёрску рэагаваў на канфлікты і сітуацыі.

Напэўна, калі б яго жыццё склалася па-іншаму, ён мог бы быць артыстам. Калі я сказала, што буду паступаць у Віцебскі каледж культуры, бацькі падтрымалі мой выбар, а пазней аплачвалі вучобу ў Акадэміі мастацтваў. Бацькі паважалі нашы з братам жаданні, наш выбар, у кожным з нас шанавалі асобу. Наогул, яны заўсёды імкнуліся, каб жыццё дзяцей склалася шчасліва і паспяхова.

Тата заўсёды называў мяне любімай дачушкай. Памятаю, як ён вучыў мяне катацца на каньках. Снежная зіма, мы выходзім у двор, і вось гэта мая ўпэўненасць, што тата падстрахуе, не дазволіць упасці…

Потым тата захварэў і хутка пайшоў з жыцця. Але я рада, што ён паспеў убачыць унучку, з гонарам вёз па праспекце каляску з ёй!

Гавораць, што дзяўчаты выбіраюць мужоў, падобных да татаў. Характар майго мужа зусім не падобны на татаў, але супадае яго трапяткое стаўленне да мяне і нашай дачкі. Часам проста сэрца замірае, калі гляджу на Сярожу і Ясеньку — столькі пяшчоты, любові бачу паміж татам і дачкой.

Мне здаецца, шчаслівыя дарослыя вырастаюць з любімых дзяцей. Вось за гэта я ўдзячная сваім бацькам.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістых архіваў герояў публікацыі

Загаловак у газеце: Дзякуй, татка, за ўсё!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.