Вы тут

Новы студэнцкі інтэрнат на 1030 месцаў адкрылі ў Мінску


Новы студэнцкі інтэрнат на 1030 месцаў адкрылі ў Мінску па вуліцы Сямашкі, 35. Адкрыты комплекс складаецца з двух інтэрнатаў — БДМУ і БДУІР.

Інтэрнат БДУІР займае 20 паверхаў, ён разлічаны на 530 месцаў. Жылыя пакоі абсталяваны неабходнай мэбляй: шафамі, ложкамі, сталамі з крэсламі, тумбачкамі, вешалкамі для адзення. На кухнях устаноўлены электрычныя пліты з выцяжкай, халадзільнікі, кухонная мэбля, абедзенныя сталы з крэсламі. Таксама на жылых паверхах прадугледжаны агульныя і дапаможныя памяшканні. У вестыбюльнай зоне першага паверха размешчаны буфет, санвузлы для наведвальнікаў. У прыбудаванай частцы падвальнага паверха — трэнажорная зала, якая прызначана толькі для тых, хто пражывае ў інтэрнаце.

Інтэрнат БДМУ разлічаны на 500 месцаў. Жылы корпус уяўляе сабой адзінаццаціпавярховы будынак. Ён уключае дзесяць жылых паверхаў і паверх грамадскага прызначэння. На кожным паверсе размяшчаюцца блокі для пражывання студэнтаў з уласнай кухняй і санвузлом, таксама размешчаны пакоі для групавых заняткаў, пакой псіхолага, пакой Студэнцкага савета, пакоі выхавальнікаў. Ёсць трохмесны блок для пражывання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На першым паверсе — канферэнц-зала на 49 месцаў, кабінет медперсаналу, памяшканні медыцынскага блока.

Ва ўрачыстым адкрыцці інтэрната прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Андрэй Іванец, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш.

— У Беларусі студэнты ва ўсіх абласцях, за выключэннем Гродзенскай і горада Мінска, на 100 працэнтаў забяспечаны месцамі ў інтэрнатах, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — У Гродзенскай вобласці гэты паказчык складае каля 92%. У сталіцы, паколькі тут сканцэнтраваныя ўсе асноўныя ВНУ нашай краіны, забяспечанасць меншая — каля 83%. Таму кіраўніком дзяржавы ў 2020 годзе было прынята рашэнне пабудаваць яшчэ чатыры інтэрнаты. Выконваючы гэтае рашэнне, мы першы інтэрнат на 1030 месцаў адкрылі сёння. Яшчэ ў нас будуюцца два студэнцкія інтэрнаты і адзін праектуецца. З улікам гэтага папаўнення, я думаю, мы выйдзем на 93-95 працэнтаў па забяспечанасці інтэрнатамі. Акрамя таго, гэта створыць дадатковыя камфортныя ўмовы для іншагародніх хлопцаў і дзяўчат, а гэта найважнейшы элемент сацыяльнай падтрымкі, плюс бацькі будуць менш хвалявацца аб тым, дзе іх дзеці пражываюць…

Што датычыцца замежных студэнтаў, то, паводле слоў віцэ-прэм’ера, беларуская вышэйшая адукацыя запатрабавана за мяжой: «У нас навучаюцца больш за 23 тысячы замежных грамадзян з больш як 108 краін. Па выніках васьмі месяцаў бягучага года мы прыраслі ў экспарце адукацыйных паслуг прыкладна на 10 працэнтаў. Мяркую, з будаўніцтвам новых інтэрнатаў будзем імкнуцца да таго, каб гэты паказчык узрастаў, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Будуючы такія інтэрнаты, мы ствараем камфортнае асяроддзе для таго, каб замежныя студэнты атрымлівалі нашу адукацыю і былі праваднікамі ў развіцці адносін паміж Беларуссю і той краінай, з якой яны прыехалі, рэалізоўваючы сябе як спецыялісты на практыцы ў сябе на радзіме».

— У нашай краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца не проста падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, але і забеспячэнню даступнасці адукацыі ў цэлым, — падкрэслівае міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Гэта неабходна для таго, каб кожны малады чалавек незалежна ад таго, дзе ён пражывае, мог прыехаць і паступіць у патрэбны ўніверсітэт і атрымаць сацыяльныя гарантыі, у першую чаргу жыллё. Сёння ў нашай краіне каля 80 тысяч студэнтаў пражываюць у 120 інтэрнатах, фактычна атрымліваецца досыць буйны горад. Толькі з 2016 года колькасць замежных студэнтаў вырасла амаль на 10 тысяч чалавек. Гэта сігнал для нас, што мы павінны клапаціцца пра стварэнне неабходных умоў для прытоку замежных студэнтаў у нашы ўстановы вышэйшай адукацыі, у тым ліку ствараючы камфортныя ўмовы для іх пражывання.

Міністр праінфармаваў, што цяпер вядзецца будаўніцтва яшчэ двух інтэрнатаў. «Першы на 700 месцаў — для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту. Мы плануем, што вясной 2024 года ён будзе здадзены ў эксплуатацыю. Другі інтэрнат — для Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Ён плануецца да здачы ў жніўні — верасні наступнага года. У стадыі праектавання знаходзіцца інтэрнат для Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Такія сучасныя інтэрнаты з’яўляюцца не толькі месцам для пражывання іншагародніх студэнтаў. Гэта месца, дзе можна развівацца, займацца фізічнай культурай, спортам, бавіць вольны час. Тут створаны ўсе неабходныя камфартабельныя ўмовы для таго, каб маладыя людзі праходзілі сацыялізацыю, адаптацыю. Упэўнены, што кожны студэнт, які будзе тут пражываць, з задавальненнем згадае свае студэнцкія гады», — канстатаваў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

«Характэрна, што гісторыя студэнцкіх інтэрнатаў Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер — БДУІР) пачалася роўна 50 гадоў назад, калі ў 1973-м МРТІ атрымаў да 7 лістапада першы інтэрнат на вуліцы Якуба Коласа. І ў працяг традыцый, напярэдадні 60-гадовага юбілею ўніверсітэта, які мы будзем адзначаць у наступным годзе, нашы студэнты атрымалі бясцэнны падарунак — новы дом, які ўзяў усё найлепшае, што можа быць у інтэрнаце: гэта блокавая сістэма з асобнай абсталяванай кухняй, неабходная інфраструктура для харчавання, заняткаў фізічнай культурай, выдатнай вучобы», — падкрэсліў рэктар універсітэта Вадзім Богуш.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.