Вы тут

Парламентарыі Беларусі і Кітая правялі круглы стол па пытаннях маладзёжнай палітыкі


У абмеркаванні шляхоў стварэння спрыяльных умоў і стымулаў для актыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці дзвюх краін узяла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. 


Як падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента, для Беларусі Кітай — найважнейшы стратэгічны партнёр, сапраўдны сябар і жалезны брат. «Нашы краіны звязваюць магутныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя адносіны даверлівага ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — канкрэтызавала яна.

Падчас круглага стала абмеркавалі пытанні актыўнага ўдзелу моладзі ў грамадскіх справах, узаемадзеяння з маладзёжнымі арганізацыямі іншых краін. Гаварылі і аб занятасці маладых людзей у рэальным сектары эканомікі, мерах падтрымкі моладзі, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў. Асаблівая ўвага — супрацоўніцтву Беларусі і Кітая ў галіне адукацыі і навукі. Нягледзячы на пэўныя поспехі ў гэтай сферы, па меркаванні ўдзельнікаў круглага стала, патэнцыял яшчэ поўнасцю не раскрыты. Ідзе размова аб стварэнні сумесных адукацыйных і навуковых структур, падрыхтоўцы навуковых кадраў па запатрабаваных кірунках, аздараўленні маладых людзей. 

«У Рэспубліцы Беларусь маладзёжная палітыка — адзін з ключавых напрамкаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Мы зыходзім з таго, што арганічная сістэма развіцця і выхавання моладзі садзейнічае ўмацаванню грамадзянскай згоды, пераадоленню духоўна-маральных крызісаў, стварэнню ўмоў для росквіту дзяржавы і дабрабыту яе грамадзян. Згодна з Стратэгіяй развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца павышэнне якасці нацыянальнай сістэмы адукацыі і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў».

Важным этапам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва стала рэалізацыя значнай ініцыятывы — Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўжо заключыў некалькі пагадненняў з кітайскімі універсітэтамі з мэтай абмену адукацыйным і навуковым вопытам. Адбылася першая конкурсная канферэнцыя маладых вучоных Беларусі па кітайскай тэматыцы.

«Перспектыўнымі напрамкамі лічым лічбавую адукацыю, арганізацыю абменаў навучэнцамі і рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм, міжуніверсітэцкае ўзаемадзеянне, вывучэнне кітайскай мовы ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь і беларускай мовы ва ўстановах вышэйшай адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі, стварэнне Асацыяцыі ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая, — заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Для развіцця асноўных кірункаў навуковай дзейнасці маладых даследчыкаў дзвюх краін прапануем разгледзець магчымасць стварэння Маладзёжнага навуковага таварыства Беларусі і Кітая як адзінай платформы, якая дае дадатковыя магчымасці для навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва».

Спікер верхняй палаты парламента расказала, што пры рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусь шырока выкарыстоўвае патэнцыял грамадскіх аб’яднанняў для найбольш поўнага раскрыцця здольнасцяў маладых людзей, фарміравання лідарскіх навыкаў з мэтай папаўнення кадравага рэзерву краіны. Пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь працуе другое скліканне Маладзёжнага савета. Хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічаюць у парламенцкіх мерапрыемствах, уносяць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і з’яўляюцца праваднікамі заканадаўцаў у маладзёжным асяроддзі, даводзячы сваім аднагодкам ва ўсіх рэгіёнах інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне і свеце.

«Магутны імпульс беларуска-кітайскаму маладзёжнаму ўзаемадзеянню можа надаць уступленне Рэспублікі Беларусь у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, — лічыць Наталля Качанава. — Спадзяёмся, што ўжо ў бліжэйшы час наша краіна стане паўнапраўным членам гэтай Арганізацыі. Сумесная дзейнасць нацыянальных і міжнародных маладзёжных парламенцкіх структур на пляцоўцы ШАС мае вялізныя перспектывы».

Па словах намесніка Старшыні Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Шэнь Юэюэ, моладзь — гэта надзея і будучыня краіны і ўсяго свету. «Будучыня кітайска-беларускага сяброўства — у моладзі, і гэтае сяброўства павінна быць працягнута наступнымі пакаленнямі маладых людзей, — удакладніла яна. — Таму трэба актыўна падтрымліваць далейшае ўмацаванне кантактаў і абменаў паміж маладзёжнымі арганізацыямі дзвюх краін, каб прыцягнуць больш выбітных маладых людзей з Беларусі і Кітая да ўдзелу ў нашым супрацоўніцтве і ўмацоўваць сяброўства паміж нашымі краінамі, сумесна садзейнічаць здароваму і стабільнаму развіццю адносін паміж нашымі краінамі».

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на імкненні да абмену найлепшымі практыкамі ў сферы маладзёжнай палітыкі, што, па яе словах, з’яўляецца залогам гарманічнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін. «Будзе сябраваць моладзь — будуць сябраваць нашы краіны», — рэзюмавала спікер.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У тэму

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітайскую Народную Рэспубліку даў новы імпульс развіццю двухбаковых адносін паміж дзвюма краінамі па ўсіх кірунках, у тым ліку міжпарламенцкім узаемадзеянні. «У апошні час мы нарошчваем супрацоўніцтва з парламентам Кітая, праводзім вочныя і анлайн-сустрэчы, з’явілася добрая традыцыя, калі Старшыня Савета Рэспублікі сустракаецца з кіраўніцтвам парламента Кітая і абмяркоўвае перспектыўныя, актуальныя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, палітыкі ў галіне моладзі, эканамічнае супрацоўніцтва», — дадаў сенатар. 

Нядаўна парламенты Беларусі і Кітая падпісалі Пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Прадугледжана стварэнне Камітэта высокага ўзроўню заканадаўчых органаў дзвюх краін.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.