Вы тут

Якому галоўнаму жыццёваму правілу вучыць бокс?


«Баксёры прывыклі высвятляць адносіны толькі ў рынгу», — сцвярджае выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі боксу Дзяніс Сабалеўскі. І гэта не проста цытата функцыянера, а асноўны прынцып віда спорту, які многія не разумеюць, некаторыя не прымаюць, і які не губляе папулярнасці ўжо некалькі стагодддзяў. Бокс — адзін з нямногіх відаў спорту, які ўваходзіў у праграму антычных Алімпійскіх гульняў. Сучасны бокс сфарміраваўся ў Англіі ў пачатку XVІІІ стагоддзя. У Беларусі яго гісторыя, канешне, пачынаецца пазней — першая секцыя па боксе адкрылася ў Барысаве ў 1928-м годзе. Падзякаваць за гэта варта Георгію Гольдбергу. Ужо ў 1930-м годзе яго самы вядомы вучань Уладзімір Лебедзеў стаў абсалютным чэмпіёнам БССР у гэтым відзе спорту. Гэта дало магутны імпульс адкрыццю баксёрскіх секцый у Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве на многія гады наперад. Сёння бокс актыўна развіваецца па ўсёй краіне. І развіваецца плённа. Выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі расказаў цікавыя факты, якія трэба ведаць пра становішча сучаснага беларускага бокса.


Бойкі толькі ў рынгу

На мінулым тыдні прайшоў традыцыйны Адкрыты кубак Мінска па боксе Mіnsk Open памяці Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Батвініка. Беларускія спартсмены сталі прызёрамі і чэмпіёнамі ў кожнай вагавай катэгорыі. Турнір традыцыйны і кожны год яго геаграфія і ўзровень спартсменаў толькі павялічваеццарасце. «Мы імкнёмся кожны год рабіць турнір цікавейшым і важным. Напрыклад, некалькі гадоў таму турнір стаў майстарскім, гэта значыць пераможцы могуць атрымаць званне майстра спорту. Сёлета мы зрабілі вялікі крок — адным з арганізатараў стаў Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Ён вялікую ўвагу ўдзяляе дзіцячаму спорту. Мы вельмі ўдзячныя за іх клопат і за тое, што іх увага будзе прыкавана цяпер яшчэ і да бокса. — адзначае Дзяніс Сабалеўскі. — Кожны год з-за ўсяго, што адбываецца ў свеце, мы асцерагаемся, што нешта можа не атрымацца. Але з кожным годам мы пераконваемся ў тым, што спорт — гэта найлепшая дыпламатыя. Гэта пацвярджае прысутнасць на сёлетнім турніры прадстаўнікоў васьмі краін. Да нас упершыню прыехалі спартсмены са Швейцарыі. І тое, што прыехалі спартсмены з Літвы і Польшчы нас вельмі радуе». Хутка сталіца будзе прымаць міжнародны турнір памяці Віктара Лівенцава сярод дарослых спартсменаў, і яго геаграфія будзе не меншай.

Надзейны рэзерв

На спаборніцтвах памяці Батвініка выступалі баксёры 15-16 гадоў. Як адзначае Дзяніс Сабалеўскі, гэта той самы ўзрост, у якім спартсмены пачынаюць свой вялікі шлях у сусветны бокс. У гэтай узроставай катэгорыі ўжо праходзяць буйныя міжнародныя старты, баксёры ўдзельнічаюць у Юнацкіх алімпійскіх гульнях. Дарэчы, турнір памяці Батвініка быў вельмі важным этапам у падрыхтоўцы нацыянальнай каманды да чэмпіянату свету сярод юніёраў, які пройдзе ў Арменіі ў канцы лістапада. «У цэлым уся юніёрская зборная паказвае высокі ўзровень прафесіяналізму, які адпавядае іх узросту. Што тычыцца тэхнічнага складніка, то яго можна ўдасканальваць бясконца. У гэтым плане ў спартсменаў і трэнераў яшчэ вельмі шмат працы. Для таго, каб канкурыраваць на міжнароднай арэне, трэба пастаянна спаборнічаць з рознымі сапернікамі, пажадана з наймацнейшымі», — падкрэслівае Дзяніс Сабалеўскі.

Міжнародныя рынгі для беларусаў адкрыты

Падчас крызісу, які зараз назіраецца ў спорце, боксу пашанцавала — беларускія спартсмены дапушчаны да міжнародных стартаў. У кастрычніку на першым Кубку Еўрапейскай канфедэрацыі бокса ў чарнагорскай Будве Аляксей Алфёраў (86 кг) заваяваў залаты медаль. З чатырох баёў адзін паядынак беларус выйграў датэрмінова.

Міжнародны спаборніцкі калянадр у баксёраў сапраўды насычыны. Напрыклад, зборная U-22 рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы сярод спартсменаў гэтага ўзросту. Гэты старт у лістападзе прыме Азербайджан. «Існуе тэндэнцыя, калі спартсмены, якія паказваюць вынік на юніёрскім узроўні, у дарослым спорце губляюцца. Многім цяжка даецца гэты пераход, складана канкурыраваць з вопытнымі спартсменамі. Гэта сапраўдная праблема многіх спартсменаў, трэнераў, каманд. Каб зрабіць пераход максімальна камфортным і захаваць як мага больш перспектыўных баксёраў, праводзяцца такія старты», — адзначае Дзяніс Сабалеўскі.

Што вельмі радуе, бокс не будзе выключаны з праграмы Алімпійскіх гульняў. А значыць, беларусы маюць шанцы адабрацца на Гульні 2024 года ў Парыжы. «На жаль, нашы спартсмены, якія адбяруцца на Алімпіяду, будуць там выступаць пад нейтральным сцягам, але ўсе будуць ведаць, якую краіну яны прадстаўляюць», — упэўнены выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса.

Не нежаночы від спорту

У 2012 годзе ў Лондане, калі жаночы бокс дэбютаваў у праграме Алімпійскіх гульнях, дзяўчаты выступалі ў трох вагавых катэгорыях. А на Гульнях 2024 года ў Парыжы спартсменкі будуць выступаць ужо ў шасці катэгорыях. «Развіццё жаночага боксу — гэта сусветная тэндэнцыя, і мы павінны яе прытрымлівацца, каб годна выступаць на міжнародных стартах. Таму мы таксама працуем над развіццём жаночага бокса. Нельга сказаць, што жаночы бокс сёння такі ж папулярны, як і мужчынскі. Але кожны год у секцыі прыходзіць усё больш дзяўчынак і ўсё больш дзўячат спрабуюць свае сілы на рынгу», — адзначае Дзяніс Сабалеўскі. Па яго словах, бокс — гэта крыху больш, чым спорт: «Бокс як і ўсе класічныя віды спорту, якія ўваходзілі яшчэ ў праграму антычных Алімпійскіх гульняў, развіваюць цела і дух. Загартоўка, якая набываецца ў боксе, вельмі патрэбна і ў жыцці. Мэтанакіраванасць, сабранасць, уменне браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні — гэта вельмі патрэбныя якасці. Чым адрозніваецца бокс ад іншых відаў спорту? Калі два баксёры сустракаюцца ў рынгу, падчас бою яны могуць спадзявацца толькі на сябе і на свае сілы. Бокс вучыць галоўнаму жыццёваму правілу — калі ўзяўся за нейкую справу, то павінен выкласціся на максімум. І трэба спадзявацца ў першую чаргу толькі на сябе і не чакаць дапамогі з боку».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.