Вы тут

Чаму нас лёгка падмануць? Як мы пагаджаемся на тое, што нам не вельмі патрэбна


Як навязваюць рэчы? Што мы робім кожны дзень па звычцы, і ці сапраўды ў гэтым ёсць карысць? Напрыклад, як вядома, існуюць розныя даследаванні на тэму сувязі ранішняга прыёму ежы з агульным станам здароўя і частатой захваральнасці на розныя хваробы. Але большасць з апытанняў заказныя ад буйных кампаній — вытворцаў сухіх сняданкаў. Дык ці патрэбны насамрэч сняданак? Чаму нас так лёгка падмануць і мы гатовы паверыць у тое, у чым нас пераконваюць? Разбіраемся ў гэтым з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам Гарбанніджадам.


— У сваім жыцці робім шмат чаго па звычцы, бо лічым, што так трэба ці так робяць іншыя, — заўважае доктар Гумен. — І не задумваемся, чаму так паступаем. Прычым гэта можа працягвацца цягам усяго жыцця. Адзін з такіх прыкладаў — сняданак. Раніцай прачынаемся і снедаем, нават калі не галодныя. Часам не паспяваем паснедаць і нервуемся з-за гэтага, хоць можам паўнавартасна працаваць.

Калі зазірнём у гісторыю, то не ўбачым там сняданку. У Старажытным Рыме і Старажытнай Грэцыі людзі ўвогуле елі адзін раз на дзень і добра сябе адчувалі. Індзейцы елі толькі тады, калі адчувалі голад ці ім была патрэбная энергія, каб выканаць нейкую работу. Абавязку есці два ці тры разы на дзень не было, і арганізм нармальна функцыянаваў. У Сярэднявеччы ў Еўропе елі толькі два разы за суткі. Першы раз — каля 11 гадзін, другі — праз пяць-шэсць гадзін, калі з’яўлялася пачуццё голаду. І паняцця сняданку як такога ўвогуле не існавала.

Калі ў Расіі з’явіўся сняданак, ён называўся «за утро», гэта значыць «пасля раніцы», пазней быў перайменаваны ў «завтрак». 

Гісторыкі пішуць, што Кацярына ІІ любіла прачынацца ў шэсць раніцы і ласавацца бісквітамі, пірожнымі і іншымі прысмакамі. У гэты час з’явілася шмат яе паслядоўнікаў: калі сама імператрыца снедае, то і іншым трэба.

У большасці нацый сняданак складаўся або з учарашняга абеду, або з рэшткаў ежы. Асаблівых патрабаванняў, што менавіта гэта трэба есці на сняданак, не было.

— Дык ці трэба ўсё ж снедаць?

— Ранішні прыём ежы, як і яго адсутнасць, маюць станоўчыя эфекты. Калі мы снедаем, то тым самым забяспечваем сябе неабходнай энергіяй на ўвесь дзень і паляпшаем работу арганізма.

Аднак улічваючы той факт, што ў XXІ стагоддзі людзі больш паміраюць ад атлусцення, чым ад голаду, то пры адсутнасці сняданку мы не зможам не толькі пахудзець, але і палепшыць стан здароўя. Перапынак у прыёме ежы спрыяе ачышчэнню клетак, актывізуе працэсы мыслення, змяншае выяўленасць запаленчага працэсу і стварае спрыяльныя ўмовы для замаруджвання працэсаў старэння. Такім чынам запускаецца аўтафагія (натуральны працэс рэгенерацыі і ачышчэння арганізма на ўнутрыклетачным узроўні, з дапамогай якога лізасомы здольныя перапрацоўваць непатрэбныя, дысфункцыянальныя кампаненты нашых клетак), і арганізм у пэўным сэнсе амалоджваецца. Але гэта пры той умове, што мы цалкам здаровыя.

— Некаторыя медыкі, у прыватнасці гастраэнтэролагі, не раяць заставацца без ранішняга прыёму ежы: ад вялікага перапынку пакутуе жоўцевы пузыр, не запускаюцца абменныя працэсы…

— Таму з раніцы неабходна шклянка цёплай вады. Адмоўны момант, калі цягам дня мы не будзем есці і на вячэру адкладзём асноўны прыём ежы. Паколькі ў такім выпадку будзем вельмі галодныя, увечары ёсць небяспека пераесці, і гэта дрэнна адаб’ецца на якасці сну і сардэчна-сасудзістай сістэме.

— Са сказанага вамі вынікае, што сняданак мае штучнае паходжанне. Раскажыце, як ён з’явіўся.

— Гэта адбылося ў Еўропе ў XVІІІ стагоддзі ў эпоху індустрыялізацыі. Сяляне прыязджалі ў горад, каб працаваць на мануфактурах. Праца займала ад 10 да 16 гадзін, і рабочым не было часу на ежу. Таму яны, каб паўвартасна працаваць, елі да пачатку рабочага дня, бо потым такой магчымасці не было. З аднаго боку, прамыслоўцы выкарыстоўвалі працоўную сілу па максімуме, з іншага — разумелі, што калі чалавек будзе галодны на працы, то замест таго, каб працаваць, будзе думаць пра ежу. Таму сняданак у гэты час стаў важным элементам для рабочых.

І на ім разбагацелі многія кампаніі. Пры гэтым актыўна выкарыстоўвалі меркаванні вучоных і ўрачоў для прасоўвання сваіх ідэй. У 1944 годзе кампанія «General Foods», якая вырабляла кукурузныя шматкі, распрацавала рэкламную кампанію са слоганам «Добра снедай і працуй лепш». Яны выкарыстоўвалі меркаванні экспертаў па харчаванні, якія лічылі, што сняданак з’яўляецца самым важным прыёмам ежы і найлепшай часткай нашага жыцця. За кошт гэтага кампанія зарабіла добрыя грошы.

Сваю важную ролю ў прапагандзе сняданку сыграў Эдвард Бернейс, адзін з найбуйнейшых спецыялістаў па рэкламе і PR, які быў адным са стваральнікаў сучаснай навукі масавага пераканання, заснаванага не на розуме, а на маніпуляцыі падсвядомымі пачуццямі і імпульсамі. Ён у пэўным сэнсе быў паслядоўнікам Макіявелі, яны абодва выключалі мараль у кіраванні людзьмі. Адным з любімых прыёмаў Бернейса для маніпулявання грамадскай думкай на карысць сваіх кліентаў было выкарыстанне аўтарытэтаў. Ён казаў: «Калі вы можаце ўплываць на лідараў, незалежна ад таго, усведамляюць яны гэта ці не, вы аўтаматычна ўплываеце на групы людзей, якія знаходзяцца пад іх уплывам».

Для стымулявання продажаў бекону ён правёў даследаванне, у якім вызначылася, што ў амерыканцаў вельмі лёгкі сняданак: кава, булачка і апельсінавы сок. Пагаварыўшы пра гэта са сваім урачом, ён прыйшоў да высновы, што сытны сняданак лепш, чым лёгкі, таму што цела губляе энергію ў начны час і мае патрэбу ў ёй на працягу дня. Ён папрасіў свайго доктара напісаць пяці тысячам калег, запытаўшы, ці згодны яны з гэтым меркаваннем.

Прыкладна 4500 адказалі «так», пагадзіўшыся з тым, што больш сытны сняданак лепшы за лёгкі для здароўя амерыканца. Тады Бернейс арганізаваў публікацыю гэтай высновы ў газетах па ўсёй краіне з загалоўкамі накшталт: «4500 урачоў настойліва рэкамендуюць больш сытныя сняданкі». Сцвярджалася, што бекон і яечня павінны быць асноўнымі яго кампанентамі. У выніку гэтых дзеянняў продажы бекону пайшлі ўверх.

Адной з самых вядомых кампаній Бернейса было прасоўванне курэння жанчын у 1920-я гады. Бернейс дапамог тытунёвай прамысловасці пераадолець адно з самых вялікіх сацыяльных табу таго часу: жанчыны, якія кураць у грамадскім месцы. Жанчынам можна было курыць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах ці не дазволена ўвогуле. Тых, хто парушаў гэта правіла, арыштоўвалі. У 1929 годзе на Велікодным парадзе ў Нью-Ёрку Бернейс прадставіў мадэляў, якія курылі цыгарэты маркі «Lucky Strіke», назваўшы іх «факеламі свабоды», падыгрываючы на набіраючым тады папулярнасць руху за эмансіпацыю жанчын. Пасля парада жанчыны сталі курыць больш, чым калі-небудзь раней. Менавіта дзякуючы Бернейсу жаночае курэнне стала сацыяльна прымальным.

Сучасная дэмакратыя, з пункту гледжання Бернейса, — гэта калі група людзей кантралюе дзеянні іншых і пераконвае іх, што і як трэба рабіць. Замест таго каб напрамую загадваць, атрымліваецца так, што быццам бы чалавек сам так думае і самастойна прымае рашэнне. У любой сістэме трэба кіраваць людзьмі, бо без гэтага яна не будзе функцыянаваць. Але важна, хто кіруе. У паняцці «свабодная дэмакратыя» людзьмі кіруюць іх пачуцці, і калі на іх уздзейнічаць, ствараецца ўражанне, быццам людзі самі прымаюць рашэнне, а не хтосьці імі кіруе.

Як вядома, у капіталістычных сістэмах заўсёды ўтвараюцца элементы, якімі немагчыма кіраваць, а яны ўплываюць на саму сістэму. Напрыклад, ваенная прамысловасць у Амерыцы. Менавіта яна апошнім часам з’яўляецца прычынай многіх войнаў на нашай планеце.

Фота: pixabay.com

— Калі, на ваш погляд, людзей так лёгка падмануць, за кошт чаго гэта атрымліваецца?

— Калі возьмем Старажытную Грэцыю і Старажытны Кітай, яны валодалі на той час прыкладна аднолькавымі ведамі ў астраноміі, іх вучоныя даследавалі Месяц. У Старажытнай Грэцыі нават крыху апярэджвалі Кітай. Але кітайцы бачылі Месяц з яго ўпадзінамі і ўзвышшамі, і яны нават мелі назвы. А старажытныя грэкі не тое, каб не заўважалі кратараў — проста ў іх Месяц лічыўся ідэальным касмічным целам.

Наш галаўны мозг, а менавіта яго ўчастак пад назвай «гіпакамп», мае ўласцівасць скажаць рэальную сітуацыю, калі нас пераконваюць у чымсьці або калі пераважная большасць так думае. 

І мы пачынаем бачыць тое, у што верым, а не тое, што ёсць на самай справе.

У іншых работах Бернейса ён даследаваў уплыў якасці адукацыі. Разумныя людзі задаюць шмат пытанняў, іх цяжэй кантраляваць, і кіраваць імі складана. Акрамя таго, яны дрэнныя пакупнікі. Таму пагаршэнне якасці адукацыі і зніжэнне разумовых здольнасцяў спрыяе дэмакратыі: можна лепш уздзейнічаць на людзей, іх лягчэй у чымсьці пераканаць.

Ствараецца такі менталітэт, калі людзі лічаць вялікай перавагай, што яны жывуць лепш, чым іншыя. Культывуецца спажывецкая культура, калі пачуццё радасці ўзнікае ад таго, што ты жывеш лепш, чым, напрыклад, сусед. Тэлефон лепшы, машына, тэлевізар. За кошт вялікай колькасці пакупак з’яўляецца адчуванне, што чалавек жыве лепш, чым іншыя людзі. Калі забраць машыну ці тэлефон, то гэта штучнае пачуццё знікне. Яно фарміруецца замест таго, каб развіваць разумовыя здольнасці і паляпшаць мысленне.

Працуючы падчас Першай сусветнай вайны ў Камітэце па грамадскай інфармацыі адміністрацыі Вудра Вільсана, Бернейс займаўся прасоўваннем ідэі аб тым, што намаганні амерыканскіх ваенных, перш за ўсё, накіраваны на «ўстанаўленне дэмакратыі ва ўсёй Еўропе» і пераконваў амерыканцаў, што са стану нейтральнасці трэба перайсці ў стан вайны, бо ёсць пагроза іх пачуццю бяспекі. Атрымалася так, што падчас Першай сусветнай вайны амерыканцы быццам бы самі вырашылі, што ім гэтая вайна неабходная.

Бенжамін Франклін сказаў, што дэмакратыя — гэта калі два ваўкі і адно ягня галасуюць, што з’есці на абед. Франклін быў выбітным палітыкам і ў свой час зрабіў многае для Амерыкі, але калі б ён жыў цяпер і пабачыў, у што ператварылася дэмакратыя, напэўна, быў бы шакаваны.

Кожны чалавек хоча свабоды і не разумее, што рабства — гэта не краты вакол цела, а краты вакол розуму. Калі розум сляпы, няважна, які ў цябе зрок. Калі няма свабоды розуму і ты не разумееш, што робіш, свабода нічога не дасць.

У цяперашні час павялічваюцца веды па нейрабіялогіі, створаны штучны інтэлект, гэтыя методыкі паляпшаюць уздзеянне на людзей і адкрываць усё новыя гарызонты. Важна, каб людзі маглі самастойна мысліць і не траплялі ў пасткі маніпулятараў.

Лідзія АЗАРАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.