Вы тут

Сярод пацыентаў Гомельскага шпіталя інвалідаў ВАВ шмат ветэранаў


У дваццаць гадоў ён узначаліў калгас, амаль паўвека адпрацаваў у сельскай гаспадарцы

Сярод пацыентаў Гомельскага абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе нядаўна праходзіў лячэнне, ветэранаў, дзякаваць богу, шмат. Пачуўшы прозвішча Канцавенка, не мог не падысці да чалавека, не спытаць, адкуль ён родам — ці не з Чачэршчыны? «Адтуль, — сказаў мужчына. — З вёскі Загор’е». — «А Машу, Колю і Грышу Канцавенкаў часам не ведалі?» — «А як жа! Мы ж адных каранёў... А вы, прабачце, хто будзеце?»

Фота: pixabay.com

Называю сваё прозвішча, імя, імя па бацьку і бачу, як ажывае твар ветэрана: «Сын Рыгора Андрэевіча?.. Дай цябе абдыму! Мы ж нават сваякі крыху: твой бацька і Домна, жонка майго дзядзькі, былі стрыечнымі братам і сястрой».

Поціск рукі ў суразмоўцы, нягледзячы на яго 95, даволі моцны, абдымкі — больш чым нечаканыя, бо вось жа нічога не чуў, не ведаў пра гэтага чалавека, а ён…

Да вайны мой бацька і Андрэй Мікалаевіч Канцавенка амаль не сутыкаліся. Знаёмства адбылося недзе ў пяцідзясятыя, калі першы працаваў у раённай сістэме збожжанарыхтовак, а другі — старшынёй калгаса, які праз тую сістэму здаваў дзяржаве хлеб. «Але ж як атрымалася, — пытаю ў Андрэя Мікалаевіча, — што ён, сувязны партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Чачэрскага раёна, не ведаў, што майго бацьку пад пагрозай расстрэлу сям’і немцы прымусілі збіраць, забіраць збожжа ў былых калгасах, што частку яго „прыёмшчык“ здолеў перадаць партызанам, а потым, калі гэта адкрылася, ратаваўся ў вёсцы Фундамінка суседняга Буда-Кашалёўскага раёна, куды загадзя пераправіў сям’ю?»

Андрэй Мікалаевіч на гэтыя пытанні адказаў так: «Па-першае, прозвішчы тых, хто, рызыкуючы жыццём, дапамагаў атраду, былі строга засакрэчаны. Па-другое, тая „пастаўка“ збожжа партызанам была хутчэй за ўсё недзе ў 41-м ці 42-м, а ён, Андрэй Канцавенка, афіцыйна стаў сувязным толькі ў 43-м, калі споўнілася шаснаццаць».

А да таго ён, сямікласнік (!?), натрапіў у кустах на цяжка параненага лейтэнанта Чырвонай Арміі, патаемна ад мачыхі (з ёй былі нелады пасля сыходу бацькі на фронт) волакам перацягнуў яго ў лазню і сам амаль тыдзень выходжваў…

Якраз той лейтэнант і параіў Андрэю разам з іншымі хлапчукамі збіраць у лясах зброю, што заставалася пасля баёў, каб потым перадаваць партызанам.

Такім чынам у атрадах з’яўляліся зусім не лішнія вінтоўкі і да іх — тысячы патронаў. Падлеткі гатовы былі і самі ваяваць, але ў партызаны іх не бралі. Андрэя — дык нават пасля таго, як ён па даручэнні ўзводнага камандзіра П. К. Капралава разведаў месца размяшчэння варожага дзота каля вёскі Малашкі Кармянскага раёна, які потым быў знішчаны…

Прычынамі адмоў — і Андрэю, і яго сябрам — было тое, што яны яшчэ падлеткі, што ў атрадзе проста не хапае зброі, якую здабывалі тады ў баях.

...Між тым да 1943 года Чачэршчына стала партызанскай зонай, у якую ўваходзілі і вялікія тэрыторыі Кармянскага, Свяцілавіцкага і Краснапольскага раёнаў і ў якой больш чым сто населеных пунктаў было вызвалена ад захопнікаў. Там аднаўляліся органы савецкай улады; партызанскія атрады павялічвалі колькасць сувязных.

Сярод іх быў і Андрэй Канцавенка, які з маленства добра ведаў навакольныя вёскі і лясы з усімі іх сцяжынкамі, лагчынкамі, балацянамі і рачулкамі. Яму даручалася дастаўка — часам за дзясяткі кіламетраў — як вусных, так і пісьмовых распараджэнняў, загадаў партызанскіх камандзіраў.

Небяспека нарвацца на паліцэйскія ці варожыя засады была рэальная, аднак на заданні часцей за ўсё ён ішоў без зброі. Нават калі выдалі адмысловы нямецкі пісталет, не выстраліў з яго ні разу.

— Я не прымаў непасрэднага ўдзелу ў баях з ворагам, ні разу не сутыкаўся з ім, што называецца, твар у твар, — прызнаўся ветэран. — У мяне былі свае канкрэтныя задачы і абавязкі, і я іх выконваў... А тое, што рука пакалечана, дык гэта ў 1944-м... Я ўжо быў брыгадзірам і сакратаром камсамольскай арганізацыі. Неяк ішоў на сход і па дарозе ўбачыў малых, якія гулялі з... гранатай. Выхапіў, каб шпурнуць у канаву, а яна ўзяла ды ўзарвалася…

Кантужаны і паранены ў руку, хлопец два тыдні правёў у перасоўным ваенным шпіталі.

...Андрэй Мікалаевіч ўзнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». У дваццаць гадоў ён узначаліў калгас і амаль паўвека аддаў рабоце ў сельскай гаспадарцы. Жыве ў аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель


На яе вечарах-прэзентацыях заўсёды поўны аншлаг…

Дзіўна ўладкавана чалавечая памяць: нешта хочаш, стараешся ў ёй затрымаць, ды не выходзіць, а нешта краем вока ўбачыў і…

«Жылі тут доўгія гады Мае прапрадзеды, дзяды. 

І тут нашчадкі будуць жыць, Куточкам родным даражыць».

Прыгожа сказана і, мусіць, даўно? Цяпер свет адкрыты і вялікі, многія бацькі ды бабулі-дзядулі хвалююцца за сваіх нашчадкаў, думаюць, дзе яны будуць жыць? Чым даражыць?

Як мне здаецца, гэта залежыць ад многага і многіх. Загадчыца аддзела маркетынгу нашай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна Круталевіч ладзіць, напрыклад, цудоўныя вечарыны памяці землякоў, якія змаглі адбыцца, стаць гонарам не толькі свайго раёна, але і краіны.

Каму невядома імя прэзідэнта Акадэміі навук БССР Мікалая Аляксандравіча Барысевіча, кавалера найвышэйшых дзяржаўных узнагарод: чатырох ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Францыска Скарыны... Многім нават не верыцца, што нарадзіўся Мікалай Аляксандравіч у простай сялянскай сям’і ў вёсцы Лучны Мост.

Галерэю партрэтаў шаноўных землякоў нельга ўявіць і без старшыні былога калгаса «Ленінскія дні» Гвідона Іосіфавіча Рэута. Удзельнік вайны, зноў жа кавалер найвышэйшых дзяржаўных узнагарод, вельмі адказны і патрабавальны (найперш да сябе!), ён больш за 30 гадоў узначальваў гаспадарку, шчыра паважаў і клапаціўся пра людзей, якія працавалі побач, якія да сёння ўспамінаюць старшыню найлепшымі словамі і кажуць, што такога кіраўніка ў іх ніколі не было і наўрад ці будзе.

Расказваючы пра выбітных ураджэнцаў раёна, заўсёды згадваецца імя прафесара, доктара гістарычных навук, выкладчыка, аўтара 48 кніг і звыш дзвюх тысяч навуковых работ Эмануіла Рыгоравіча Іофе…

З часам імёны і справы многіх самародкаў-землякоў маглі б, напэўна, забыцца, калі б не было такіх энтузіястаў, як наша Тамара Мікалаеўна. Пра Бярэзінскі раён, яго мінулае і сапраўднае, пра людзей, што тут жылі і жывуць, яна ведае, здаецца, усё! Да таго ж (гэта без перабольшвання!) мае сапраўдны талент, каб расказаць — вельмі шчыра, хораша, цікава, з канкрэтнымі фактамі і прыкладамі, часам — з вершамі-прыпеўкамі, з гумарам... На яе вечарах-прэзентацыях, вечарах-успамінах заўсёды поўны аншлаг — у клубах, школах, бібліятэках, на фермах... Яна сама і сцэнарыст, і рэжысёр, і цудоўны касцюмер, і мастак…

Творчая, нястомная работа Тамары Мікалаеўны не раз адзначалася рознымі падзякамі і дыпломамі, яна двойчы прызнавалася «Жанчынай года», вельмі шмат што рабіла і, дзякаваць богу, робіць для таго, каб людзі любілі свой край і жыццё, каб даражылі імі.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён


Мы выбіраем, нас выбіраюць

Як гэта часта не супадае…

Людзям ва ўзросце ўласціва азірацца назад, успамінаць пражытае і перажытае (прычым не толькі імі самімі, але і блізкімі), думаць, а што было б, калі б…

Калі б, напрыклад, у маладосці некуды з’ехаў (альбо не з’ехаў), выбраў іншую прафесію і работу, з іншым чалавекам звязаў жыццё, калі б…

На пачатку мінулага стагоддзя мая бабуля Фёкла скончыла царкоўнапрыходскую школу, атрымала пасведчанне настаўніцы малодшых класаў, але папрацаваць па спецыяльнасці ёй не давялося: бацькі не пусцілі. У іх была моцная гаспадарка, шмат зямлі, а дзяцей (чытай работнікаў) — мала…

Аднак у лёсе дзяўчыны самым страшным было не гэта. Фёкла пакахала свайго аднавяскоўца, сірату Івана. Хлопец ён быў прыгожы, працавіты, добры, аднак, можна сказаць, батрачыў: не меў ні зямлі, ні гаспадаркі.

Такі зяць быў не вельмі патрэбен і ў беднай сям’і, а ўжо ў багатай…

Бацькі Фёклы знайшлі сабе іншага.

...Пра гэтую сваю трагедыю мая бабуля нават праз дзясяткі гадоў не магла ўспамінаць без слёз: яе сасваталі, аддалі замуж за нялюбага. Яна не змагла, не пасмела пярэчыць бацькам і апынулася ў вельмі вялікай сям’і (у мужа было дзве сястры і два браты), на суседнім хутары. Там у яе нарадзіўся першынец — сын... Іван, Ванечка.

Тым часам у раёне сталі стварацца калгасы, маладой сям’і прапанавалі жытло і работу ў суседняй вёсцы. Фёкла з ахвотай згадзілася, бо дома, пад адным дахам, апроч свекрыві са свёкрам, жылі іх замужнія дочкі і жанатыя сыны.

На новае месца сям’я перабіралася зімой. Хатні скарб ды маёмасць перавозілі ў санях. Апошнім рэйсам везлі посуд, кнігі ды іншую драбязу. Мароз быў моцны, таму час ад часу маладыя саскоквалі з саней і беглі ўслед, каб сагрэцца.

Дарога ішла лесам, дзе ў той год было шмат ваўкоў. Вось і навасёлы пачулі спярша падвыванне, а потым ледзь не самлелі ад страху: іх даганяла зграя... «Запалі паперу! — скамандаваў жонцы Нікіфар. — Ваўкі баяцца агню!»

Сярод паклажы, на шчасце, былі запалкі. Фёкла стала шматаць свае кнігі, падпальваць, кідаць перад зграяй. Пакуль выехалі з лесу на шлях, у санях застаўся адзін царкоўнаславянскі буквар…

Шлюб з багатым хутаранінам аказаўся для Фёклы зусім няўдалым: у 30 гадоў бабуля засталася ўдавой з трыма дзецьмі (адзін яе сын у 14 гадкоў загінуў). А яна пражыла амаль 90. Усё сваё жыццё, да апошняга дня, вельмі шмат працавала — на зямлі, на хатняй гаспадарцы старэйшага сына Ванечкі.

Што, магчыма, цікава, свайму сыну, дачцэ бабуля таксама спрабавала выбіраць сужэнцаў, але з гэтага нічога не атрымалася. Магчыма, таму, калі сталі ствараць свае сем’і ўнукі, яна проста радавалася: чакала праўнукаў, дапамагала іх гадаваць.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

в. Радкава, Салігорскі раён


Апошняе цяпло... На развітанне

Лістапад ёсць лістапад: многія дрэвы, скінуўшы сваё прыгожае ўбранне, разгублена пазіраюць навокал. А вось таполя, што расце пад акном, яшчэ красуецца, яшчэ вабіць позіркі, яшчэ заклікае: паглядзіце на мяне, палюбуйцеся!

І ёсць жа на што! Бо на дрэве ці не кожную хвілінку мяняюцца фарбы: верхавіна — быццам абсыпана золатам, трохі ніжэй пануе аранжавы колер, а ў сярэдзіне — нават зялёны. Вецер перабірае лістоту з чырвонымі плямкамі-журавінамі і, вядома ж, зусім не шкадуе: зрывае з галінак, усцілае траву.

Ці сумуе таполя па сваім харастве? Думаю, наўрад: яна, як выглядае, стараецца падарыць зямлі сваё апошняе цяпло, а людзям — развітальную красу... Пасля чаго ўжо можна і на спачын.

Ірына Салата

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.