Вы тут

«Ветрык» — хор аматарскі. І ўзорны...


«Ветрык» — хор аматарскі. І ўзорны…

Музыка — чараўніцтва, цуд, які гучыць, калі нам радасна і бесклапотна, калі мы ў роспачы і смутку... Мы любім слухаць добрыя песні і кампазіцыі, марыць пад прыгожыя мелодыі... І толькі той, хто хоць паспрабаваў спасцігнуць асновы музычнага майстэрства, ведае, якой вялікай працы патрабуе гэтае чараўніцтва!

«Ветрык» перад канцэртам у Палацы Рэспублікі

З чаго яна, гэтая праца, пачынаецца? Ну, вядома ж, з першага ўрока, які нехта можа атрымаць дома, альбо…

Ірына Іванаўна Мілічэнка — настаўніца спеваў сталічнай дзіцячай школы мастацтваў № 1, кіраўнік узорнага аматарскага хору «Ветрык», які часта выступае на розных мерапрыемствах, на гарадскіх і рэспубліканскіх канцэртах. Не так даўно ў складзе хораў сталіцы выступаў, напрыклад, у Палацы Рэспублікі на ўручэнні прэмій Прэзідэнта ў галіне культуры і мастацтва.

У рэпертуары «Ветрыку» — творы самых розных жанраў, стыляў і эпох: ад Баха да сучаснасці. Асаблівае месца займае музыка беларускіх кампазітараў. Часам здаецца амаль нерэальным, што такія складаныя і дарослыя творы выконваюць дзеці! У чым, бясспрэчна, вялікая заслуга кіраўніка калектыву…

Свае першыя крокі ў музыцы Ірына Мілічэнка ўспамінае з вялікім цяплом і любоўю, бо яе настаўнікам быў тата — ваенны дырыжор... «Я спявала з дзяцінства, — кажа Ірына Іванаўна, — і неяк мой голас пачуў заслужаны артыст Беларусі Барыс Іпалітавіч Райскі. Ён жа прапанаваў паўдзельнічаць у здымках на тэлебачанні, выступіць з аркестрам...»

Пасля ў жыцці спявачкі быў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і любімая выкладчыца Галіна Рыгораўна Цітова, вучоба ва Універсітэце культуры, дзе ад многіх цудоўных педагогаў студэнтцы хацелася браць нешта свае... І — абавязкова — у тым ліку любоў да прафесіі.

Кіраўнік хору Ірына Іванаўна Мілічэнка з актыўнай удзельніцай Дар’яй Стэльмах рыхтуюцца да выступлення на радыё

...Ірына Іванаўна, вядома ж, разумее, што не ўсе ўдзельнікі хору, выпускнікі школы пойдуць следам — зробяць музыку сваёй прафесіяй. Але ж заняткі мастацтвам пашыраць іх кругагляд, узбагацяць душу. Да таго ж зносіны з аднагодкамі, цікавыя мерапрыемствы, паездкі — гэта яшчэ і сябры, з якімі можна ісці па жыцці далей.

Таццяна ПЛЮШЧАЙ

г. Мінск


Я на потым адкладваў цёплыя словы, спадзяваўся, што сказаць іх яшчэ паспею…

Ну вось — нарэшце! — прычакалі вясны! Не ведаю, як у іншых, а ў мяне яна пачынаецца не толькі з жаночага свята, але і з балючых, светлых успамінаў, бо раней 8-га Сакавіка мы ўсёй сям’ёй віншавалі маму, матулю, бабулю з днём яе нараджэння.

...Гартаю сямейны альбом, пераглядваю фотаздымкі. На асобных мама маладзейшая, на многіх старэйшая і старэнькая, але ўсюды прыгожая.

Маленства яе прайшло на хутары Камісараўшчына.

Мы неаднойчы бывалі там, збіралі грыбы, вішні, маліны, слухалі маміны расказы пра дзядзьку Яна (той сваімі рукамі рабіў музычныя інструменты (і шмат на чым іграў), цудоўную мэблю, шыў адзенне і вопратку), пра будаўніцтва царквы на пагорку ля вёскі Сарокі... Мама ўзгадвала, як у гэтым храме спявала ў царкоўным хоры, як перад святамі разам з іншымі дзяўчатамі і жанкамі хадзілі туды на прыборку, як вянкамі ўпрыгожвалі іконы…

Мама вельмі любіла кветкі і не шкадавала свайго часу на догляд.

Цяпер гэта раблю я: саджу яе любімыя вяргіні, гляджу, як растуць ды цвітуць, і заўжды ўспамінаю…

Рана асірацеўшы, мама шмат працавала — спачатку на сваёй зямлі, потым на калгаснай, жыла сумленна сама і нас так вучыла жыць. Аднойчы ў краме ў Глыбокім касір аблічылася — рэшты дала ёй больш, чым належала. Мама згледзела гэта толькі на аўтастанцыі, калі купляла білет на аўтобус, і пасля гэтага ў вёску, дамоў не паехала: вярнулася назад у краму, аддала там лішнія грошы... 

Яна заўсёды мала думала пра сябе, — увесь час клапацілася пра іншых. Калі з’явіліся ўнукі, першае пытанне было: «Як яны? Каб хоць жа здаровенькія!»

...Думаю цяпер: ці разумеем мы, ці шануем сваіх бацькоў? У памяці ўсё часцей і часцей усплываюць эпізоды, калі мама нешта хацела падказаць, параіць, а я лічыў, што сам — разумны ж! — магу ва ўсім разабрацца, і — замест таго, каб выслухаць яе ды падзякаваць, прытуліць да сябе — адмахваўся, спяшаўся па справах, вельмі шмат што адкладваў на потым.

...Апошнія месяцы, дні і хвіліны я правёў з ёй побач: паспеў яшчэ даць ёй свечку ў рукі, а вось галоўных і, магчыма, вельмі патрэбных слоў так і не сказаў — не паспеў.

І. БУКОЎСКІ

Глыбоцкі раён


Мая Радзіма — Беларусь

«Пра многіх кажуць „дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся“, але ж гэта, дзякуй богу, не пра мяне», — прызнаўся неяк былы дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гомельводпраект» Павел Рыгоравіч Абрамчук і расказаў, што на белы свет з’явіўся 14 мая 1945 года ў нямецкім горадзе Вальфсбург, а вось рос, вучыўся і працаваў ужо ў Беларусі. Тут яго Радзіма.

Але ж усё па парадку.

— Нашу сям’ю, — расказваў Павел Рыгоравіч, — бацькоў, бабулю Варвару, дзядулю Фядоса, малога браціка ў 1943 годзе прымусова вывезлі ў Германію. Тых пакут і прыніжэнняў, што перанеслі дарослыя, я, вядома ж, не зведаў. Але добра запомніў расповеды бацькоў аб тым, як яны ад цямна да цямна ў полі і на ферме працавалі на баўэра Роберта Гаузэ, як жылі ў невялікім пакойчыку, які знаходзіўся над свінарнікам, як кармілі іх абы чым, таму вязні часта хварэлі…

Толькі ў верасні 1945-га Абрамчукі вярнуліся на радзіму, на... папялішча свайго дома. Жылі ў суседзяў і знаёмых. Маці, каб пракарміць сям’ю, хадзіла па вёсках батрачыць, а то і жабраваць. Толькі потым бацька навучыўся складваць печы, стаў зарабляць і сям’я змагла пабудаваць жытло, дапамагчы дзецям атрымаць адукацыю.

Павел скончыў сямігадовую, а потым сярэднюю школу, якія знаходзіліся ў розных вёсках, куды дабіраўся на сваіх дваіх ці на веласіпедзе. Потым паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, пасля яго заканчэння атрымаў дыплом з адзнакай, па размеркаванні прыехаў у Гомельскую даследчую экспедыцыю інстытута «Белгіправодгас» (пазней — «Гомельводпраект»).

Затым была служба ў войску, вучоба на завочным аддзяленні Беларускай сельгасакадэміі. Ганаровы меліяратар Павел Абрамчук больш за паўвека працаваў на адным і тым жа прадпрыемстве («Гомельводпраект»): яго ж цягам некалькіх гадоў паспяхова ўзначальваў.

...У 2003-м у складзе адной з дэлегацый ён наведаў Германію. Немцы сустрэлі беларусаў добра, ім, як выглядала, было сорамна за тое, што нацысцкая Германія развязала вайну, што так бязлітасна эксплуатавала вязняў.

Паўлу Рыгоравічу з пэўнымі цяжкасцямі ўдалося трапіць у тую самую сям’ю, на якую, не разгінаючыся, калі можна так сказаць, працавалі яго бацькі.

Гаспадароў ён, вядома ж, не заспеў. Удалося ўбачыць хіба нявестку. Яе муж ваяваў на Усходнім фронце, быў паранены, пасля вайны памёр.

Сама жанчына сустрэла гасцей насцярожана, а то і разгублена. Ва ўсякім разе падарункі з Беларусі прыняла, але нечым пачаставаць (хоць бы кубкам гарбаты) не палічыла магчымым.

...А Павел Рыгоравіч без справы не застаўся і на заслужаным адпачынку: ён намеснік старшыні Гомельскай гарадской грамадскай арганізацыі «Дзеці вайны». Дзякуючы яе праектам (каардынатар — міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне» пры падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучае») удаецца шмат што зрабіць для паляпшэння якасці жыцця пажылых людзей, дзяцінства ў якіх забрала вайна.

— Мая Радзіма — Беларусь, я ганаруся ёй, — яшчэ раз падкрэслівае Павел Рыгоравіч. — І я хачу, каб нашы людзі ніколі не зведалі таго, што давялося перажыць нашым бацькам і дзядам.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель


Хто працуе, той святкуе

Мая бабуля расказвала, як цяжка жылося вяскоўцам у гады вайны ды пасля яе: падаткі з людзей спаганялі, за работу грошай не плацілі. У калгасе налічвалі хіба так званыя працадні, на якія ў канцы года і ў залежнасці ад ураджаю маглі выдаць бульбы ці збожжа.

Але ж бабуліны дзеці яшчэ не галадалі, бо дзед Платон нейкім чынам трымаў пчальнік, быў добрым краўцом і шаўцом. Дзякуючы гэтым дадатковым заробкам ён самым першым, напрыклад, змог прыдбаць сабе новыя зубы (здымны пратэз) і потым хваліцца, якая ж гэта выгода!

Вяскоўцаў, праўда, больш цікавіла цана: хто-ніхто нават спецыяльна прыходзіў да дзеда ў хату — прасіў паказаць, за што можна было ўляпіць столькі грошай?!

— А ты сам паглядзі, — неяк з печы буркнуў гаспадар аднаму з цікаўных. — Вунь там, на паліцы ляжаць.

...Мужчына потым хацеў з некім падзяліцца, расказаць, што бачыў Платонаву абнову, але ж вёска яго не слухала: лічыла, што зубы на паліцу можа пакласці хто заўгодна, але не пчаляр, не чалавек з галавой і рукамі.

А яно ж і сапраўды... Ці не так?

В. АДАМЧЫК

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.