Вы тут

Як ляснік стаў фермерам і пасадзіў лесасад, дзе вырошчвае экзатычныя дрэвы


Сваю фермерскую гаспадарку, што месціцца на ўскрайку Жодзіна, Васіль Семчанка назваў у гонар свайго сына — «Ягорушка». У будучыні, спадзяецца мужчына, Ягор падтрымае яго захапленне працай на зямлі. Цяпер жа спраўляцца з доглядам 18 гектараў (з іх 8 гектараў — балоты) Васілю дапамагаюць трое братоў. Пакуль што гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Але ў перспектыве фермер марыць пашырыць асартымент экапрадукцыі, прапаноўваць беларусам у тым ліку і экзатычныя арэхі. Для гэтага ён ужо зрабіў вельмі шмат.


Васіль Семчанка ля аднаго са сваіх кедраў (далёка не самага вялікага), што вырасціў з насення

А пачыналася ўсё з кедраў…

 

Пасля школы Васіль пайшоў вучыцца ў вучылішча на спецыяліста лясной гаспадаркі і трапіў на практыку ў Сібір, у Забайкалле.

— Там вельмі цікава расказвалі пра кедры, — кажа мужчына. — І я зразумеў, што хачу, каб яны раслі ў Беларусі.

Пасля заканчэння вучылішча малады чалавек пайшоў працаваць майстрам у Смалявіцкае лясніцтва. Менавіта тады, 26 гадоў таму, ён упершыню паспрабаваў прышчапляць кедры на ўскрайку лесу.

— Але так склалася, што ўсе мае 30 радоў прышчэпак выпадкова па няведанні заараў трактарыст, які рабіў супрацьпажарныя палосы ў лесе. Ужо потым, калі я вучыўся ў Мінскім тэхналагічным універсітэце, выкладчыкі па лесанасеннай справе, сказалі, што прышчэпленыя кедры ў нашым клімаце не вельмі добра сябе адчуваюць. Тады я супакоіўся, падумаў, значыць, так і трэба.

Экскурсію па сваім лесасадзе Васіль пачынае з соснаў кедравых карэйскіх.

— Я ездзіў у Мінск, у Батанічны сад да Уладзіміра Іванавіча Торчыка. Вучоны ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню кедраў, якія ў нас на Беларусі могуць расці. Менавіта ён і параіў мне садзіць далёкаўсходнія карэйскія кедры, бо яго шматгадовыя даследаванні паказалі, што яны даюць самы добры ўраджай ды і шышкі ў іх больш буйныя. Сібірскія і еўрапейскія кедры ў нашым клімаце слабаўраджайныя.

Васіль больш як 20 гадоў адпрацаваў у лясніцтве, інжынерам лясной гаспадаркі. Каб споўніць сваю мару пра арэхавы сад, на пачатку 2000-х узяў у арэнду зямлю пад агародніцтва.

— Я разумеў, што адразу ж займацца выключна арэхамі не атрымаецца. Гэта ж бульбу вясной пасадзіў — увосень выкапаў і ўжо з ураджаем і адпаведна, з прыбыткам. Дрэву ж трэба час, і нямала, каб пачаць даваць плады. Да прыкладу, першая шышка на кедры, што я пасадзіў з насення, з’явілася толькі праз 19 гадоў.

Васіль вырошчвае не толькі кедры, але і іншыя арэхаплодныя дрэвы. У прыватнасці, маньчжурскі арэх, чорны, сэрцападобны, пекан, грэцкі, ляшчыну дрэвападобную (ці мядзведжы арэх), арэх Зібальда…

— Мне хацелася сабраць у сваім садзе разнастайныя арэхі. Бачу за гэтым будучыню. Арэхавыя дрэвы каштоўныя не толькі сваімі пладамі, але і лісцем. Калі іх ферментаваць, атрымліваецца вельмі смачная, духмяная гарбата.

Сёлета не арэхавы год, а вось летась, паводле слоў фермера, вавёрка зрабіла сабе цэлы склад з грэцкіх арэхаў у дрывотніку.

— Вось, глядзіце, як яна спрытна скача па маіх дрэвах, — Васіль паказвае відэазапіс на мабільным тэлефоне. — Калі я вырашыў заняцца фермерствам, адным з першых мяне падтрымаў тата, ён усё жыццё пражыў у вёсцы, працаваў у калгасе механізатарам. Цяпер і браты дапамагаюць, хто чым можа. Без іх я з такой колькасцю зямлі дакладна не справіўся б.

Кара Аксаміта амурскага нагадвае корак. Яна вельмі прыемная навобмацак і, як кажа Васіль, цёплая нават зімой

Пра макароннае дрэва ды «саджанцы ў дар»

Акрамя кедраў ды іншых арэхавых дрэў у лесасадзе Васіля побач са звыклымі айвой, грушамі, яблынямі, глогам, вішнямі, алычой, акацыяй растуць розныя экзатычныя дрэвы і кусты. У прыватнасці, чаромха Маака, Гінкга двухлопасцевы, ціс, Акантапанакс сідзячакветкавы, ядомыя каштаны…

— З апошніх робяць муку і пякуць хлеб. Насенне я ўзяў у знаёмай, якая паспяхова вырошчвае ядомыя каштаны на лецішчы. Хтосьці калекцыяніруе каштоўныя камяні, хтосьці — маркі, а я — незвычайныя расліны. Мае знаёмыя ведаюць, што найлепшы сувенір з замежнай паездкі для мяне — гэта не магніт ці статуэтка, а насенне. Збіраю яго паўсюль, актыўна абменьваюся з такімі ж аматарамі ўсяго жывога. Ёсць тры кіты ўстойлівасці лесу (гэта тычыцца і любога саду) — рознаўзроставасць, разнаяруснасць і рознасастаўнасць. Я стараюся прытрымлівацца гэтага ў сваім лесасадзе. Бо чым большая разнастайнасць насаджэнняў, тым большая іх устойлівасць.

Падчас экскурсіі па лесасадзе я пачаставалася не толькі грушамі, яблыкамі ды глогам, але і пладамі актынідыі, якія знешне і па смаку нагадваюць ківі, толькі нашмат меншыя па памеры. Акрамя таго, упершыню ў жыцці ў садзе Васіля я ўбачыла макароннае дрэва.

— Стручкі Катальпы, падобныя на спагеці, нельга есці, яны вісяць выключна для прыгажосці, — кажа Васіль. — Гэта рэліктавая расліна з каштоўнай драўнінай. Яшчэ гэта позні меданос, які цвеце ў жніўні.

Фота з адкрытых крыніц

У Васіля на тэрыторыі лесасаду месціцца пасека, таму, высаджваючы дрэвы, ён думае ў тым ліку і пра фарміраванне меданоснай базы. У тым ліку з гэтай мэтай ён размнажае і Аралію маньчжурскаю. Фермер кажа, што адмыслова пасадзіў яе побач з кедрам, бо на Далёкім Усходзе гэтыя дрэвы суседнічаюць.

— Сястра з мужам ездзілі на Далёкі Усход і адтуль мне прывезлі мёд з Араліі манчжурскай, ён мне так спадабаўся, што хачу, каб і мае пчолкі такі рабілі.

Калі падыходзім да высокага Аксаміта амурскага, Васіль першай справай прапаноўвае дакрануцца да кары гэтага дрэва. Яна не толькі прыгожая, але і вельмі прыемная на дотык. З яе можна рабіць корак. Нездарма гэтае дрэва яшчэ называюць коркавым. Калі пажмякаць яго лісцікі, на руках застаецца прыемны водар.

Гэтае мілае кацяня суправаджала свайго гаспадара падчас экскурсіі па лесасадзе

— Аксаміт, як і Катальпа, — цудоўны меданос, толькі ранні. Мёд Аксаміта амурскага вельмі карысны, кажуць, што ён нават лечыць туберкулёз. Акрамя таго, гэта высокафітанцыдная расліна, якая, на мой погляд, павінна быць у кожным садзе, бо дзякуючы такому суседству іншыя дрэвы будуць расці больш здаровымі. Сюзан Сімард, канадская вучоная, якая вывучала ўзаемадзеянне раслін паміж сабой, даказала, што дрэвы кантактуюць, дапамагаюць адно аднаму. Дапусцім, піхта. Яна не дае пладоў, але, тым не менш, вельмі карысная расліна. Яна выдзяляе такія рэчывы, якія будуць спыняць развіццё многіх бактэрый, тым самым дае ўстойлівасць саду. Нават прэпарат адмысловы ёсць з выцяжкі з піхты, які выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Драўніна піхты вельмі каштоўная, не баіцца вільгаці і не гніе, з яе на Урале робяць нават калодзежы. Хоць я з пункту гледжання драўніны не падыходжу да свайго саду. Бо для мяне каштоўнасць жывога дрэва значна вышэйшая, тым больш я не па чутках ведаю, як доўга яно расце. Дрэвы могуць карміць людзей на працягу многіх гадоў. Той самы кедр арэхамі дае большы прыбытак, чым драўнінай.

«У грыбы не абавязкова хадзіць у лес, — усміхаецца фермер. — Іх можна пры жаданні развесці і ў сваім садзе». На здымку — апенькі, якія сёлета выраслі на пнях ад спілаваных старых сліў і яблынь на ўчастку аўтара гэтага матэрыялу

На развітанне Васіль падарыў мне для майго саду два маленечкія саджанцы кедраў, якія ён сам прарасціў са свайго насення, Аралію маньчжурскую і Аксаміт амурскі. Сказаў, што яму вельмі падабаецца традыцыя «насенне ці саджанцы ў дар». Фермер хоча папулярызаваць яе ў нашай краіне, каб колькасць карысных для здароўя, фітанцыдных раслін у садах беларусаў павялічвалася.

Тры парады ад Васіля Семчанкі, якія я хачу прымяніць на сваім участку:

  1. У нас участак яшчэ не цалкам абгароджаны, таму летась некалькі саджанцаў, якія прышчапіў муж, пашкодзілі казулі. Падчас экскурсіі па лесасадзе Васіля Семчанкі я звярнула ўвагу, што ствалы маладзенькіх дрэўцаў хаатычна абкладзены галінамі, драўлянымі калодкамі, спіламі дрэў. Фермер кажа, што гэты метад працуе, казулі  абыходзяць такія кантрукцыі бокам. Акрамя ахоўнай функцыі галіны ды спілы дрэў у прыствольным крузе створаць добрыя ўмовы для росту дрэва, будуць стрымліваць рост травы. Не сакрэт, што пад спіламі любяць жыць дажджавыя чарвякі, якія будуць рыхліць зямлю, робячы яе лепшай.
  2. Сёлета ў нас на ўчастку на пнях ад высечаных старых дрэў зусім нечакана  выраслі апенькі. У садзе Васіля Семчанкі таксама растуць грыбы. Ён распавёў, што рэгулярна вешае шляпкі старых падасінавікаў на галінкі вербаў. Споры разлятаюцца ў паветры — і як вынік рана ці позна пачынаюць расці чырвонагаловікі. Такі спосаб працуе і з іншымі грыбамі, дастаткова ведаць з якімі дрэвамі ўступае ў сімбіёз той ці іншы грыб. Сімбіятычныя грыбы не даюць развівацца іншым патагенным грыбам, даюць здароўе дрэвам.
  3. Некалькі гадоў таму ў сваім садзе мы пасадзілі грэцкія арэхі. Але яны адчуваюць сябе не надта добра, штогод вымярзаюць і пускаюць новыя атожылкі. Мы звязваем гэта з тым, што ўчастак вельмі адкрыты і па ім гуляюць моцныя вятры. Каб стварыць спрыяльны мікраклімат у садзе, абараніць экзатычныя дрэвы ад скразнога ветру ды ад празмернага выпарэння вільгаці, Васіль Семчанка параіў высадзіць па перыметры, ці хоць бы з боку адкрытага поля лесаахоўную паласу з бярозак, асін, соснаў, дубоў, клёнаў, ліп.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Смалявіцкі раён

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.