Вы тут

18 лістапада войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Рэчыцу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Рэчыцкі раён на карце дарог Беларусі — быццам скрыжаванне транспартных калідораў. Шляхі-дарогі, якія ідуць скрозь яго, злучаюць розныя куткі Гомельшчыны, яднаюцца з трасамі іншых рэгіёнаў краіны. Назвы населеных пунктаў па дарогах Рэчыцкай зямлі ў гэтыя лістападаўскія дні нагадваюць пра падзеі 80-гадовай даўніны. Тут за кожную вёску ўпарта змагаліся байцы Чырвонай Арміі. Цяпер, калі перасякаеш раён на машыне, згадваюцца радкі Уладзіміра Высоцкага: «Кто-то встал в полный рост и, отвесив поклон, принял пулю на вздохе. Но на запад, на запад ползёт батальон, чтобы солнце взошло на востоке». Зноў адчуць гэты неверагодны баявы рытм, калі рушылі, збівалі з нашай зямлі фашысцкую навалу, заклікае праект «Звязды» — «Шляхамі вызвалення» — да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Воінскае пахаванне 1943 — 1944 гг. у Васілевічах Рэчыцкага раёна

Агнявыя рубяжы лістапада 1943-га

Увечары 18 лістапада 1943 года ў Маскве ў неба ўзняліся 12 артылерыйскіх залпаў са 124 гармат. Гэты быў першы за час вайны пераможны салют у гонар вызвалення горада Беларускай ССР. Так адзначылі вызваленне Рэчыцы. Горад і раён вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі. Яна доўжылася з 10 да 30 лістапада 1943-га. Ставілі мэту — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку гітлераўцаў, вызваліць Гомель і дняпроўска-сожскае міжрэчча, заняць выгадныя пазіцыі на правым беразе Дняпра.

На гэтым участку фронту вораг стварыў моцны абарончы рубеж. Мясцовасць Гомельшчыны спрыяла манеўраванню рэзервамі з глыбіні і па фронце, чым фашысты шырока карысталіся. Між тым пасля ўзяцця войскамі Чырвонай Арміі плацдарма на заходнім беразе Дняпра ў раёне Лоева ўдарам у тыл праціўніка 15 лістапада савецкія байцы перарэзалі чыгунку Гомель — Калінкавічы. У жорсткіх баях 18 лістапада вызвалілі Рэчыцу, 25 лістапада фарсіравалі Бярэзіну і захапілі плацдарм на поўдні Жлобіна. Такім чынам войскі Беларускага фронту прарвалі абарону гітлераўцаў у паласе шырынёй 100 кіламетраў, прасунуліся на захад на 130 кіламетраў, стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы армій вермахта «Цэнтр» і ўскладнілі яе ўзаемадзеянне з групай армій «Поўдзень». Злучэнні Беларускага фронту дасягнулі граніцы Чавусы, Новы Быхаў, на ўсход ад Рагачова і Мазыра, на поўдзень ад Ельска. На гэтым участку фронт стабілізаваўся да 1944 года. Так былі створаны спрыяльныя перадумовы для далейшага вызвалення Беларусі. Але гэтыя неверагодныя па мужнасці і гераізме дні з жыцця ўдзельнікаў Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі патрабуюць большай увагі.

Баі за Рэчыцкі раён

Апоўдні 10 лістапада 1943 года на стыку Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў грымнулі сотні артылерыйскіх гармат і мінамётаў. У неба ўзняліся знішчальнікі і бамбардзіроўшчыкі 16-й паветранай арміі генерала С. І. Рудэнкі. Амаль адразу ж жорсткія баі разгарэліся на подступах населенага пункта Холмеч Рэчыцкага раёна. Наступленне савецкія войскі ажыццяўлялі на так званыя надзвінскія пазіцыі, якія мелі складаную сетку інжынерна-тэхнічных збудаванняў немцаў.

Але асабліва люта фашысты аказвалі супраціўленне ў Холмечы і Веліне. На баку гітлераўцаў была адчувальная перавага ў артылерыі. Актыўна дзейнічала і варожая авіяцыя — атакавалі з паветра нашы падраздзяленні, якія наступалі. «Юнкерсы» скідалі касетныя бомбавыя скрыні, з якіх бомбы засыпалі пяхоту як гарохам. На паўднёва-заходняй ускраіне Холмеча стаяў вятрак, які немцы ператварылі ў крэпасць. Вакол выкапалі шматлікія траншэі, збудавалі доты. Увогуле, уся мясцовасць на подступах да Холмеча была немцамі старанна прыстраляна. На працягу ўсяго дня 11 лістапада чырвонаармейцы атакавалі варожыя пазіцыі. На асобных участках даходзіла да рукапашных сутычак. У баі за Холмеч загінуў камандзір 616-га палка Анісім Нікіфаравіч Аверын. Кадравы афіцэр, які пачаў службу ў Чырвонай Арміі яшчэ ў гады Грамадзянскай вайны, у баі за Холмеч кінуўся ў самае пекла бітвы. Пасля таго як Холмеч удалося вызваліць, яго пахавалі на высокім беразе Дняпра побач з вёскай. Над магілай яго баявыя таварышы пакляліся дайсці да Берліна.

Між тым у моцны вузел супраціўлення немцы ператварылі і вёску Надзвін. Падыходы да населенага пункта замініравалі, выставілі драцяныя загароды, расставілі дзоты, выкапалі акопы і траншэі. Тут было сканцэнтравана шмат артылерыі. Нягледзячы на гэта, пад бесперапыннай бамбёжкай нямецкіх самалётаў, пад моцным артылерыйскім абстрэлам савецкія танкісты рухаліся наперад. Баі каля Надзвіна не сціхалі на працягу некалькіх дзён. 11–12 лістапада на гэтай зямлі аддалі сваё жыццё многія экіпажы 15-й гвардзейскай ордэна Суворава танкавай дывізіі, загінулі дзясяткі байцоў і камандзіраў.

Вулічныя баі падчас вызвалення Рэчыцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Ужо 13 лістапада Чырвонай Арміяй быў вызвалены не толькі Холмеч, але і Заўжаль, Дварэц. 

У той жа дзень падраздзяленні 170-й стралковай дывізіі ўвайшлі ў Краснаполле і Артукі. Савецкія воіны бралі напрамак на далейшае наступленне на вёску Вятхінь.

З гэтага населенага пункта вораг быў выбіты 14 лістапада. У вызваленні вёсак цяперашніх Холмецкага і Заспенскага сельсаветаў па-сапраўднаму вялікі баявы ўклад унеслі байцы 1-га гвардзейскага Данскога Чырванасцяжнага ордэна Суворава танкавага корпуса 65-й арміі.

У баях за населеныя пункты Пракісель і Надзвін надзвычайны гераізм і бясстрашнасць праявілі воіны 15-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі генерал-маёра І. Ц. Чаленка. 194-я стралковая дывізія была сканцэнтравана ў раёне вёскі Вятхінь. Байцы атрымалі баявую задачу: сумесна з часткамі 1-га гвардзейскага Данскога танкавага корпуса выбіць немцаў з населеных пунктаў Казанаўка, Бяроза, Грабаўка, Ровенская Слабада, Сад і засяродзіцца ў раёне вёскі Азершчына. Ужо адтуль планавалі наступаць на Рэчыцу. Падчас вызвалення вёскі Лёвашы 13 лістапада разгарнулася наступленне 137-й стралковай дывізіі, аднак канчаткова зламаць супраціўленне ў раёне гэтага населенага пункта ўдалося толькі 15 лістапада.

13 лістапада таксама вельмі цяжкія баі разгарнуліся ў раёне вёсак Ганчароў Падзел (Ганчароўка), Вышамір, Грушаўка, Кузьмінка, Асінаўка, Вадзяное. У населеных пунктах Вышамірскага сельсавета не засталося ніводнага жылога дома. У раёне Андрэеўкі 52-і кавалерыйскі полк 14-й кавалерыйскай дывізіі быў сустрэты наймацнейшым артылерыйска-мінамётным агнём. Камандаванне кавалерыстаў увяло ў бой палкавую батарэю 82-міліметровых мінамётаў. Два кулямётныя разлікі гітлераўцаў на свой баявы рахунак запісаў наводчык мінамёта Атабай Аразназараў.

«Героямі, як гаворыцца, у тыя дні былі ўсе. І ўсё ж у першую чаргу хочацца адзначыць камандзіра батарэі Міхаіла Фанарова, начальніка сувязі палка Міхаіла Лукашова, наводчыкаў гармат Васіля Буцянко і Дзмітрыя Чавусава, старшыну батарэі Мікалая Лагуту. Ён, Мікалай Рыгоравіч, даставіў на агнявыя пазіцыі батарэі снарады. Стаў з машынай у надзейным укрыцці. А нашы байцы адбівалі ў гэты час чарговую атаку фашыстаў. І тут Лагута заўважыў, што адна з нашых гармат, якая знаходзілася на прамой наводцы, змоўкла. Старшына прымае рашэнне прыйсці на дапамогу артылерыстам. Падпоўз да гарматы і ўбачыў: увесь разлік загінуў. І тады Мікалай Рыгоравіч сам стаў да прыцэла, зрабіў усё, каб адбіць ад пазіцыі гітлераўцаў...» — згадваў баявых таварышаў, якія па-геройску змагаліся пры вызваленні Ровенскай Слабады, былы камсарг 220-га гвардзейскага Чырванасцяжнага ордэнаў Кутузава і Аляксандра Неўскага знішчальна-процітанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі В. Арлоў.

Помнік у Рэчыцы на месцы пахавання яўрэяў, загінулых ад рук фашыстаў у 1941 годзе

14 лістапада ў баі каля вёскі Кузьмінка загінуў гвардыі старшы сяржант, памочнік камандзіра кулямётнага ўзвода 60-га гвардзейскага кавалерыйскага палка Тачмамед Ніязмамедаў.

17 лістапада савецкім войскам удалося заняць Рэбусу і Азяршчыну. Завязаліся баі на ўскраінах Рэчыцы.

Вызваленне райцэнтра

Савецкія танкісты першымі прарваліся да цэнтра горада, іх падтрымлівалі падраздзяленні 194-й стралковай дывізіі. З паўднёвага ўсходу рухаўся 42-і стралковы корпус Чырвонай Арміі. Чырвонаармейцамі быў ліквідаваны ачаг супраціўлення немцаў у раёне рэчыцкага чыгуначнага вакзала. На працягу двух сутак немцы спрабавалі вярнуць пад свой кантроль чыгуначную станцыю, але гэта ім не дазволілі зрабіць байцы 2-га стралковага батальёна 954-га стралковага палка. Нямецкія войскі адступілі на паўднёва-ўсходнюю ўскраіну горада, паспрабавалі замацавацца ў прамысловай зоне горада і ўтрымаць чыгуначны мост праз Дняпро, які звязваў іх з гомельскай групоўкай войск. Аднак чырвонаармейцам удалося паспяхова адбіць контратакі ворага, выратаваць ад знішчэння замініраваныя аб’екты, а затым, пераадолеўшы жорсткае супраціўленне гітлераўцаў, 21 лістапада захапіць і сам мост.

У ноч на 18 лістапада войскі 65-й арміі П. І. Батава канчаткова перарэзалі чыгуначную ветку Калінкавічы — Гомель. Дзве стралковыя 
дывізіі і дзве танкавыя брыгады накіраваліся ў тыл немцаў, што прымусіла ворага адыходзіць з Рэчыцы.

Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага вайскоўцам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Рэчыцы, была аб’яўлена Падзяка. Больш чым двум дзясяткам воінскіх часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі, якія найбольш вызначыліся пры вызваленні Рэчыцы і раёна, былі прысвоены найменні «Рэчыцкі».

Каравацічы — «Рэчыцкі Сталінград»

Не змірыўшыся са стратай райцэнтра, немцы вырашылі контратакаваць. Гэта здарылася каля вёскі Каравацічы Рэчыцкага раёна. Уначы з 18 на 19 лістапада гітлераўцы на двух дзясятках «пантэр» і «тыграў», якіх падтрымлівала пяхота, уварваліся ў Каравацічы. На працягу двух сутак не сціхаў кровапралітны бой у Каравацічах. Абодва бакі панеслі цяжкія страты ў тэхніцы і жывой сіле. Некалькі разоў Каравацічы пераходзілі з рук у рукі. Найцяжэйшыя баі ў вёсцы Каравацічы ахрысцілі «Рэчыцкім Сталінградам». Контрудар ворага праваліўся.

Адпор танкам ворага далі байцы 41-й артылерыйскай брыгады РГК (рэзерву галоўнакамандавання). Савецкія танкі таксама бясстрашна атакавалі ворага, бой завязаўся на вуліцах вёскі. У крытычны момант капітан Шарыф Сулейманаў сабраў нешматлікіх салдат, каб спыніць ворага. У баі яго батарэя падбіла пяць «пантэр», адну самаходную гармату «фердынанд» і знішчыла больш чым роту салдат і афіцэраў саперніка. Шарыф Сулейманаў выжыў у той бітве і быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Звання Героя Савецкага Саюза за абарону Караваціч былі ўдастоеныя таксама камандзіры батарэй М. І. Барэеў, А. Я. Сухарукаў, камандзір гарматы В. В. Крыклівы. Яшчэ пяцёра вайскоўцаў былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, двое — ордэнам Чырвонага Сцяга, чацвёра — ордэнам Айчыннай вайны І ступені, трыццаць чырвонаармейцаў — ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, семдзесят пяць — ордэнам Чырвонай Зоркі. 1500 чалавек аддалі свае жыцці за свабоду Каравацічаў.

Танк 17-й гвардзейскай танкавай дывізіі на вуліцы Рэчыцы ў лістападзе 1943 года

«Толькі дзякуючы самаадданай барацьбе ўсяго асабовага складу 41-й артылерыйскай брыгады і ўмеламу кіраўніцтву боем камандзіра, палкоўніка Когана Каравацічы былі ўтрыманы ў нашых руках», — гавораць самі за сябе радкі аднаго з загадаў камандуючага Беларускім фронтам генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага.

«...У выніку баёў за Каравацічы фашысты пакінулі на полі бою да 1500 трупаў сваіх салдат і афіцэраў...» — пісала газета «Чырвоная Зорка» ў артыкуле «Бой супрацьтанкавай артылерыі з нямецкай пяхотай і танкамі» за 17 снежня 1943 года.

Паражэнне на гэтым участку не дазволіла гітлераўцам выйсці да Рэчыцы. Выступіўшы 19 лістапада ад Каравацічаў, савецкія войскі рушылі на ўсход на 130 кіламетраў, што стварыла ўсе перадумовы для вызвалення Гомеля.

Героі рэйкавай вайны

У поспеху Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі быў значны ўклад і партызанскіх злучэнняў Гомельшчыны. Сустрэча ў гэтым раёне партызан брыгады імя Варашылава і спецатрада «Дружба» з разведчыкамі Чырвонай Арміі адбылася ў ноч з 15 на 16 лістапада. Практычна ў той жа час у раёне вёскі Перавалока разведчыкі 69-й стралковай дывізіі сустрэлі байцоў Рэчыцкай партызанскай брыгады «Мсцівец». У далейшым партызаны не толькі перадавалі часцям Чырвонай Арміі каштоўныя звесткі, але і вылучылі праваднікоў, займаліся каардынацыяй сумесных дзеянняў. Падчас наступальнай аперацыі партызаны Гомельскага партызанскага злучэння, Палескага і Магілёўскага злучэнняў узмацнілі баявыя дзеянні, паралізавалі рух на чыгунках Жыткавічы — Калінкавічы, Калінкавічы — Жлобін, Оўруч — Мазыр, перарэзалі чыгунку Магілёў — Жлобін. Партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу войскаў рэгулярнай арміі 34 вёскі і пераправу праз Бярэзіну.

Жыццё пасля вызвалення

За 27 месяцаў акупацыі Рэчыцкага раёна фашысты і іх памагатыя забілі, замучылі і спалілі больш за дзве тысячы мірных жыхароў, 1802 чалавекі былі вывезены ў Германію. У вёсках раёна спалена звыш 4700 жылых дамоў, разбурана больш за 800 грамадскіх будынкаў, у тым ліку 44 школы.

Між тым вядома, што ўжо 24 лістапада 1943 года ў памяшканні сельскай крамы адбыўся першы пасля вызвалення Рэчыцы канцэрт Азяршчынскага народнага хору. 25 лістапада ў Рэчыцы створана транспартнае прадпрыемства, у складзе якога меліся тры трафейныя аўтамабілі «Сітраен». 8 снежня ў Рэчыцкай няпоўнай школе зноў пачаліся рэгулярныя заняткі. 

Мемарыяльны комплекс на брацкім пахаванні воінаў, партызан і падпольшчыкаў у рэчыцкім парку Перамогі

12 снежня жыхары раёна прыступілі да аднаўлення драцяна-цвіковага завода «Інтэрнацыянал» (цяпер Рэчыцкі метызны завод). 20 снежня ў Рэчыцы створана аўтагаспадарка (будучая аўтабаза № 7), на балансе якой было дзве аўтамашыны, два кані і невялікая майстэрня. Ужо да канца вайны на яе балансе ўтрымлівалася 8 аўтобусаў, 15 грузавых аўтамабіляў і 36 коней.

Увекавечанне памяці

Сіламі супрацоўнікаў Рэчыцкага краязнаўчага музея сёння працягваецца карпатлівая работа па захаванні памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцах і жыхарах Рэчыцкага краю, загінулых і пахаваных на тэрыторыі раёна.

— У фондах музея захоўваюцца фатаграфіі, дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны. Працягваюць сёння паступаць і новыя прадметы на захоўванне. Тыя ці іншыя крыніцы перыядычна мы прадстаўляем на выставах. Рыхтуем зменныя часовыя экспазіцыі праекта «Франтавыя лёсы», дзе на аснове наяўных у музеі матэрыялаў раскрываецца гісторыя асобна ўзятых герояў, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталля Сярнова.

Па словах Наталлі Аляксандраўны, ужо на працягу 12 гадоў у музеі вядзецца работа па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.

— Працягваецца архіўна-пошукавая работа па ўстанаўленні імёнаў невядома пахаваных на тэрыторыі горада і раёна, устанаўленне месцаў пахавання нашых землякоў, якія загінулі і зніклі без вестак, адшукваюцца раней невядомыя пахаванні, разглядаюцца звароты грамадзян і арганізацый, якім неабходна дапамога ва ўсталяванні месца пахавання байца, увекавечання яго памяці ці пошуку сваякоў, — дадае старшы навуковы супрацоўнік.

Рэчыца, лістапад 1943 года

Так, у бягучым годзе выяўлена і ўнесена ў рэспубліканскі і раённы аўтаматызаваныя банкі даных «Кніга Памяці» 57 раней невядомых прозвішчаў воінаў і ахвяр фашызму, пахаваных на тэрыторыі горада і раёна.

— На пліты воінскіх пахаванняў нанесены 133 прозвішчы. 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь праведзены палявыя пошукавыя работы на трох невядомых раней месцах пахаванняў. Знойдзены астанкі двух загінулых воінаў і аднаго мірнага жыхара. Пададзены для разгляду яшчэ два інфармацыйныя лісты на выяўленыя пахаванні, — працягвае Наталля Сярнова. — Увогуле сярод усіх раёнаў Гомельскай вобласці ў Рэчыцкім найбольшая колькасць зафіксаваных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр воінаў — усяго 125, з іх 115 адносяцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У іх пахавана больш за 14 з паловай тысячы чалавек, з якіх больш за 8200 — вайскоўцы. Найбольш буйныя пахаванні воінаў знаходзяцца ў Рэчыцы (у парку Перамогі і на тэрыторыі бальніцы па вуліцы Сыдзько), у Васілевічах на могілках, аграгарадку Ровенская Слабада і іншых месцах. У іх, паводле апошніх звестак, пахавана ад 440 да 685 чалавек.

Ёсць на тэрыторыі Рэчыцкага раёна таксама і масавыя пахаванні мірных жыхароў. Напрыклад, у магіле вязняў гета і грамадзян, закатаваных у двары турмы, — 420 чалавек. Пахаванне знаходзіцца ў Рэчыцы на вуліцы Фрунзэ. На яўрэйскіх гарадскіх могілках ёсць магіла, дзе пахаваны, па некаторых звестках, тры тысячы яўрэяў, якія загінулі ад рук фашыстаў. Акрамя таго, 1050 жыхароў населенага пункта Першамайск (раней Кабылева), якія былі спалены 14 мая 1943 года, пахаваны ў брацкім пахаванні ў цэнтры вёскі.

— Між тым у Рэчыцы і на тэрыторыі раёна вечны спачын знайшлі сем Герояў Савецкага Саюза, якія палі ў баях ці памерлі ад ран. Так, у Рэчыцы пахаваны чатыры Героі: камандзіры артылерыйскіх батарэй Іван Карпавіч Двадненка і Феактыст Андрэевіч Трыфанаў, начальнік штаба кавалерыйскага палка Аляксандр Васільевіч Красікаў, камандзір танкавага батальёна Кандрацій Іванавіч Навумаў. Яшчэ тры Героі Савецкага Саюза пахаваны ў населеных пунктах раёна, усе — з кавалерыйскіх часцей. Так, у аграгарадку Бабічы пахаваны Мікалай Трафімавіч Маструкоў, камандзір эскадрона 16-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі, які загінуў у разведцы пад Васілевічамі. 

У аграгарадку Вышамір вечны спачын знайшоў загінулы ў баі памочнік камандзіра кулямётнага ўзвода гэтай жа дывізіі Тачмамед Ніязмамедаў. У горадзе Васілевічы пахаваны астанкі загінулага за вызваленне гэтага населенага пункта, наводчыка гарматы 53-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 15-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі Аляксандра Герасімавіча Казлова, — распавяла Наталля Сярнова.

Супрацоўнікі Рэчыцкага краязнаўчага музея перакананы, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне займае асаблівае месца ў сэрцах жыхароў іх раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з адкрытых крыніц і архіва Рэчыцкага краязнаўчага музея

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.