Вы тут

Кінастужку пра Аляксея Баталава пакажуць у эфіры АНТ


У эфіры тэлеканала АНТ у гэтыя выхадныя пакажуць дакументальную кінастужку, прысвечаную вядомаму і любімаму многімі артысту — Аляксею Баталаву. Ён сыграў мноства роляў, яго работамі захапляюцца ва ўсім свеце, пра што сведчаць прэмія «Оскар» і Гран-пры Канскага кінафестывалю. Але ў сэрцах мільёнаў сваіх прыхільнікаў акцёр застанецца яшчэ і апошнім рамантыкам эпохі, які ўмеў шчыра кахаць, ісці за сваім пачуццём, берагчы самых дарагіх людзей.



Менавіта такім убачым яго вобраз у дакументальным кінафільме «Як доўга я цябе шукала» да 95-годдзя акцёра, кінарэжысёра, сцэнарыста, педагога Аляксея Баталава. ...«Хоць бы сказаў, як цябе завуць...» — «Гога». — «Як?» — «Можна Гоша». — «Значыць, Гога. Толькі гэтага мне не хапала...». Мабыць, няма чалавека, які не памятае гэты дыялог. Калі фільм «Масква слязам не верыць» выйшаў на экраны, то тую гісторыю і яе галоўнага героя ў выкананні Аляксея Баталава палюбіла ўся краіна. Яго голас называлі асаблівым музычным інструментам, а самога акцёра — апошнім рамантыкам эпохі: прыгожы, пачуццёвы, мужны і пры гэтым з надзвычай тонкай душой. Ён прыцягваў гледачоў, асабліва жанчын, толькі адным сваім з’яўленнем на экране. Акцёру было 25 гадоў, калі ён здабыў усесаюзную славу, зняўшыся ў ролі Алёшы Журбіна ў фільме «Вялікая сям’я».

Папулярнасць кружыла галаву, і Баталаў завязваў адзін раман за другім, але ўсё змянілася, калі Аляксей сустрэў 16-гадовую Гітану. Юная цыркачка жыла паверхам ніжэй акцёра ў гасцініцы, куды яго пасяліў рэжысёр Хэйфіц (калі выклікаў артыста на пробы ў карціне «Справа Румянцава»). Аднак дабіцца ўзаемнасці ад дзяўчыны адразу не ўдалося. А тут яшчэ тэлеграма ад жонкі «Віншую, у цябе нарадзілася дачка!». Прызнанне акцёра Гітане разбурыла яго апошнюю надзею.

Пра тое, чым былі абумоўлены ўчынкі Аляксея Баталава ў адносінах жонкі, распавядаюць у кадры брат і пляменніца знакамітага акцёра. Сама ж жонка згадвае: «Мабыць, гэта не было падобна на сапраўднае сямейнае жыццё з наладжаным побытам. Хутчэй, гэта было святочнае жыццё двух людзей, якія так і не паспелі пасталець і зразумець, што і будні таксама трэба дзяліць на дваіх. Мне як маладой жанчыне, безумоўна, не хапала ўвагі. Святы былі вельмі кароткія, хоць і яркія, але пасля іх адсутнасць Аляксея адчувалася ўсё вастрэй...»

І акцёр не ведаў, што ў жонкі ёсць адносіны з іншым і што іх разрыў немінучы. А праз некалькі гадоў у яго з’явіцца новая сям’я з Гітанай, народзіцца яшчэ адна дачка... Для яе ён будаваў і перабудоўваў дом, у якім пабывалі стваральнікі дакументальнага фільма.

Аляксей Баталаў ніколі не іграў адмоўных герояў. Але ці быў ён у жыцці падобны да сваіх персанажаў? Тыя, хто сутыкаўся з ім блізка, здзіўляліся яго скрытнасці, жорсткасці і часам нават абыякавасці. Аднак пры гэтым ён быў вельмі ўважлівым, тактоўным асабліва ў зносінах з жанчынамі. І з сабраных у фільме інтэрв’ю акцёра розных гадоў стане зразумела, чаму ён быў такі патрабавальны, працаголік і рэзкі ў выказваннях з чалавекам. А таксама якім яго ведалі сябры і родныя людзі. Бо, нягледзячы на ўсе складанасці і выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс, Аляксей Баталаў не зламаўся і да канца ішоў з высока ўзнятай галавой, трымаючы паставу, як яго герой у фільме «Бег»... Не прапусціце дакументальны аповед пра чалавека і вялікага артыста ў суботу 25 лістапада на АНТ.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.