Вы тут

Студыя гістарычных фільмаў адзначыла сваё шаснаццацігоддзе прэм’ерай


Прэм’ерай новага дакументальнага фільма пра народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанку студыя гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» адзначыла сваё шаснаццацігоддзе. На паказ, якая адбыўся ў кінатэатры «Беларусь», сабралася поўная зала прыхільнікаў. Уладзімір Бокун распавёў пра той шлях, які студыя прайшла за шаснаццаць гадоў існавання, пра гісторыю стварэння і адданых прафесіяналаў, якія на студыі працавалі і працуюць. На сённяшні дзень студыя гістарычных фільмаў мае ўражлівы творчы багаж: адных толькі выпускаў праекта «Зваротны адлік» — 319, 15 фільмаў праекта «100 імён Беларусі», сем фільмаў серыі «Хроніка Мінскага гета», 20 — цыкла «Асобы», 11 — праекта «Ад першай асобы», у якім вядомыя дзеячы паказваюцца праз асабістае, праз іх адносіны з сябрамі і блізкімі. 


Фота аўтара

Высокі ўзровень твораў студыйцаў пацверджваюць шматлікія ўзгнгароды. На нядаўнім фестывалі «Лістапад» фільм рэжысёра Уладзіміра Луцкага «Лахва. Цана свабоды» пра паўстанне ў гета маленькага беларускага мястэчка атрымаў спецыяльны прыз журы. І падчас святкавання шаснаццацігоддзя студыі адна з такіх узнагарод знайшла ўладальніка. Фільм «За нашу Перамогу» стаў лаўрэатам сочынскага кінафестываля імя Уладзіміра Мяньшова «Перамаглі разам». Маладая рэжысёрка Кацярына Шарамет не змагла паехаць на ўручэнне ў Сочы, і прыз ёй быў прывезены і ўрачыста перададзены ў Мінску. Сярод цікавостак сустрэчы было яшчэ і знаёмства з анімацыйнай стужкай пра Міколу Гусоўскага, знятай з прыцягненнем самых сучасных тэхналогій маладой рэжысёркай, дачкой Уладзіміра Бокуна.

Фільм «Аляксандр Кішчанка. Касмічная Адысея» з цыкла «Ад першай асобы», які стаў галоўнай падзеяй імпрэзы, змусіць многіх па-новаму зірнуць на постаць мастака, вядомага сваймі мазаікамі на дамах па праспекце Незалежнасці насупраць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і грандыёзным «Габеленам веку», занесеным у Кнігу рэкордаў Гінеса. У якасці сцэнарыста выступіла вядомы мастацтвазнаўца Надзея Усава. Дзякуючы ёй, у фільме прагучала шмат цікавых фактаў, якія тычацца і асабістага жыцця мастака, і яго не заўсёды спрыяльных стасункаў з калегамі. Напрыклад, не ўсім вядома, колькі перыпетый узнікла падчас стварэння мазаікі на праспекце Незалежнасці — працу прыпынялі, смальту, з цяжкасцю здабытую, расцягвалі. Кансультант фільма, вядомы мастацтвазнаўца Барыс Крэпак распавёў, як зайздроснікі арганізоўвалі нават лісты «неабыякавых грамадзянаў» у ДАІ — сцвярджалася, што ўвага кіроўцаў будзе адцягвацца на новыя мазаікі, у выніку ўзнікнуць аварыі. На шчасце, у ДАІ аднесліся да падобных опусаў з гумарам.

Фільм паказвае «касмічны маштаб» мыслення Аляксандра Кішчанкі, што падкрэсліваецца панарамнымі аэраздымкамі. Раскрываюцца вытокі ягоных незвычайных вобразаў — аказваецца, таямнічыя «парталы», шэрагі квадратаў на габеленах і карцінах натхнёныя беларускім народным арнаментам і саломапляценнем, і нават канкрэтным шэдэўрам — саламянымі царскімі варотамі, што захоўваюцца ў Раўбіцкім музеі беларускага народнага мастацтва.

На прэм’еры прысутнічала ўдава мастака, Ніна Кухарэнка. У фільме яна зачытвае яго апошнія запісы, якія гучаць як сапраўдны філасофскі запавет, заклікаючы да самаўдасканалення і творчасці.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.