Вы тут

Члены Савета Рэспублікі правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у Мінску


Традыцыйна большасць жадаючых падзяліцца сваёй праблемай запісалася на сустрэчу да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Спікер верхняй палаты парламента выслухала людзей у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. Спектр пытанняў, якія хвалююць людзей, шырокі: ад паляпшэння жыллёвых умоў да працоўных узаемаадносін і сямейных канфліктаў. Многія звароты датычыліся сферы аховы здароўя. 


«За гэтым — і іншыя дзеці»

«Вы — мая апошняя інстанцыя», — такімі былі першыя словы Людмілы, калі яна ўвайшла ў кабінет, дзе ажыццяўляўся прыём грамадзян. Мінчанка выхоўвае дзіця-інваліда. У яе дзесяцігадовага сына рэдкае генетычнае захворванне, якое праяўляецца парушэннем работы органаў дыхання і страўнікава-кішачнага тракту. Жанчына расказала, што серыя шпіталізацый, якія ажыццяўляліся на тэрыторыі нашай краіны, не прынеслі чаканага эфекту, і яна вымушана была звяртацца па медыцынскую дапамогу да расійскіх урачоў. У выніку лячэння самаадчуванне хлопчыка палепшылася. Акрамя таго, на пастаяннай аснове яму неабходна прымаць медыцынскія прэпараты. Адны з іх выпісваюцца бясплатна, іншыя даводзіцца набываць у Расійскай Федэрацыі за немалую суму. 

«Мае даходы не дазваляюць забяспечваць дзіця патрэбнымі прэпаратамі, — паведаміла Людміла. — У Расіі рэкамендавалі прэпараты, якія дазваляюць жыць майму сыну паўнавартасным жыццём. Прашу аб дапамозе, бо ўсе мае рэсурсы вычарпаны».

«Тое, што мы пастараемся вам дапамагчы, — гэта адназначна, — сказала Наталля Качанава. — Адзінае, падумаем, як гэта зрабіць. Дзякуй, што вы прыйшлі, бо за гэтым — не толькі ваша дзіця. За гэтым — і іншыя дзеці».

Спікер верхняй палаты парламента ўдакладніла ў намесніка міністра аховы здароўя Юрыя Горбіча, які прысутнічаў падчас прыёму грамадзян, колькі ў Беларусі дзяцей з такім дыягназам. Як высветлілася, на мукавісцыдоз хварэюць 184 хлопчыкі і дзяўчынкі.

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што нашы медыцынскія спецыялісты павінны ў сваёй дзейнасці ўлічваць праграмы, якія выкарыстоўваюць іх расійскія калегі. У сваю чаргу, намеснік міністра аховы здароўя адзначыў, што пратакол лячэння дадзенага захворвання ўжо пераглядаецца з улікам і расійскага вопыту, і досведу іншых краін. «Той падыход, які ёсць, будзе самым сучасным з усіх магчымых», — удакладніў Юрый Горбіч. 

«Усюды павінен быць парадак і дысцыпліна»

Дырэктара і бухгалтара таварыства ўласнікаў прывяло на прыём грамадзян калектыўнае пытанне. Па меркаванні заяўнікоў, парушаецца заканадаўства аб аплаце: кампанія, якая абслугоўвае іх жылыя дамы, выстаўляе за камунальныя паслугі завышаныя сумы, пры гэтым без тлумачэння прычын. 

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, апошнім часам назіраецца вялікая колькасць зваротаў, звязанных з таварыствамі ўласнікаў. «Шмат скаргаў паступае ў адрас старшыняў таварыстваў уласнікаў па прычыне таго, што яны не выконваюць свае абавязкі, — канстатавала яна. — З людзей бяруць усё, што захочуць. Захацелі налічыць за дадатковую паслугу падатак на дабаўленую вартасць — і людзі плацяць».

Па даручэнні Наталлі Качанавай, адпаведная інфармацыя будзе перададзена Камітэту дзяржаўнага кантролю, які ў бліжэйшы час праверыць правільнасць налічэння камунальных паслуг альтэрнатыўнымі ЖКГ кампаніямі. 

Са скаргай на дзейнасць таварыства ўласнікаў прыйшла і жыхарка аднаго са сталічных шматпавярховікаў. Галіна Пятроўна на працягу многіх гадоў узначальвала таварыства, але пры ёй быў прадак. Калі ж яна пайшла на пенсію і кіраўніцтва змянілася, пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю таварыства, не вырашаюцца. Больш таго, утварыліся запазычанасці па аплаце камунальных паслуг. Апошняй кропляй стала звальненне старшыні таварыства ўласнікаў, згоды на якое жыхары кааператыва не давалі. У выніку кіраўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы, на балансе якога знаходзяцца дамы, прызначыла ўпаўнаважаную асобу, адказную за кааператыў. Аднак пытанні дагэтуль не вырашаюцца. Пры гэтым раённая ўлада не ўзгадняе кандыдатуру на пасаду старшыні таварыства ўласнікаў.

Звяртаючыся да кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска Сяргея Шкруднева, Наталля Качанава заўважыла, што старшыню таварыства ўласнікаў выбірае і вызваляе ад пасады агульны сход. «Прызначыўшы ўпаўнаважаную асобу, вы зрабілі няправільна, — удакладніла спікер. — Яна (былы старшыня таварыства ўласнікаў. — „Зв“.) матэрыяльна адказная асоба, яна павінна была даць справаздачу перад людзьмі за гэтую дзейнасць». 

Спікер верхняй палаты парламента канстатавала, што таварыствы ўласнікаў стварылі кучу праблем. «У нас ёсць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія абслугоўваюць дамы не горш, а, можа, і лепш, чым таварыствы ўласнікаў, — заўважыла яна. — Усюды павінен быць парадак і дысцыпліна. Трэба вяртацца да нармальнай структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што раз кіраўніцтва раёна не ўзгадняе кандыдатуру на пасаду таварыства ўласнікаў, то павінны патлумачыць канкрэтную прычыну, а не абмяжоўвацца шаблоннымі адпіскамі. «З людзьмі трэба ўмець размаўляць, — звяртаючыся на прысутных прадстаўнікоў улады, падкрэсліла спікер. — Калі навучыцеся размаўляць — пытанняў стане напалову менш». 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

З якімі яшчэ пытаннямі людзі звярталіся да Наталлі Качанавай і іншых членаў Савета Рэспублікі, чытайце ў заўтрашнім нумары. 


У тэму

У размове з журналістамі спікер верхняй палаты парламента нагадала, што прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях члены Савета Рэспублікі праводзяць штомесяц. «Мы бачым, што тэматыка зваротаў практычна ідэнтычная, — канстатавала Наталля Качанава. — Адзінае, усялякі раз з’яўляюцца пэўныя пытанні, якія нам важныя для работы. У прыватнасці, калі размова ідзе аб выплаце падаткаў у выпадку, калі чалавек памірае і ў яго ёсць пэўныя абавязацельствы. Мы для сябе зрабілі выснову, што трэба паглядзець, як заканадаўства трактуе гэтыя нормы і што сёння яшчэ можна зрабіць, каб людзі, трапляючы ў такую сітуацыю, маглі адчуваць сябе абароненымі. У большай ступені, вядома, сям’я, у якой адбылася такая бяда».

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, нямала пытанняў, якія датычацца сістэмы аховы здароўя. «На жаль, іх менш не становіцца, — адзначыла яна. — Думаю, гэта сыходзячы яшчэ з таго, што працуе рабочая група, Прэзідэнт праводзіў вельмі сур’ёзную нараду па пытаннях аховы здароўя. На жаль, гэта праблема мае месца. І не толькі па аказанні медыцынскіх паслуг нашым грамадзянам, а і па пратаколах лячэння. Тут трэба вельмі сур’ёзна разбірацца».

Спікер звярнула ўвагу на тое, што на прыёмы запрашаюцца службовыя асобы, якія чуюць аб той ці іншай праблемы з першых вуснаў. «Для чаго гэта робіцца? Пакуль гэты зварот дойдзе да таго ці іншага дзяржаўнага органа, яны ўжо пачынаюць актыўна займацца гэтымі пытаннямі, — патлумачыла Наталля Качанава. — Тады, калі ідзе запіс, яны ўжо вывучаюць гэтыя пытанні і прыходзяць падрыхтаванымі, каб, магчыма, адразу даць кваліфікаваны адказ на тое ці іншае пытанне — і ўжо ў працэсе прыёму многія пытанні вырашаюцца».

Старшыня Савета Рэспублікі падзялілася, што больш за ўсё яе непакояць пытанні, якія датычацца функцыянавання таварыстваў уласнікаў. Наталля Качанава паведаміла, што адпаведны законапраект ужо прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў. «Вельмі важна своечасова і аператыўна прымаць рашэнні на ўзроўні органаў мясцовай улады, рэспубліканскіх органаў кіравання для таго, каб не дапусцаць падобнага надалей», — рэзюмавала яна.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.