Вы тут

Простая мова. Мужчына. Жанчына. Чаканне...


З перапіскі хлапцоў: «Як холадна, як цяжка змірыцца з тым, што яе больш няма!» — «Ты, што, з дзяўчынай расстаўся?» — «Не, шапку згубіў».

Клопат зімой — маладому, а ўжо старым…

«Мне цяпер і на печы холадна», — прызнаецца вясковая сваячка і тут жа хваліцца абноўкай: распусціла старую ўнукаву безрукаўку, звязала сабе шкарпэткі — светленькія, мякенькія.

— І куды ў іх будзеце хадзіць? — пытаем у жанчыны.

— Вы не паверыце, — папярэджвае тая, — нікуды.

— ?!

— ...Зімою — чым ні накрыюся — холадна: ну ніяк заснуць не магу! А шкарпэткі надзену і кум каралю, што называецца: як бачыш, сагрэюся!

...Без кашулі і кажух не грэе, без шкарпэтак — коўдра?


Абмен

Вечар. Трамвай. Вольнае месца — ля акенца, на жаль, бо на суседняе, побач, «адрэзаўшы» выхад, ну такую гаварушку прынесла... Некаму па мабільным хвілін з дзесяць расказвала, як на лецішчы прыбіўся чорны каток, як яна яго прытуліла, як цяпер перавезла ў горад і займела сабе пацеху... І прыгожы ён, маўляў, і разумны: вазоны не чапае, мэблю не псуе, настрой падымае, хваробы лечыць…

Заключная фраза: «Раней я мужа, бывала, і пагладжу, і пацалую, а цяпер во Цішку, ката...»

Здрада — не здрада? Абмен…

Раўнацэнны?

Ваенная хітрасць

«...Пайшлі са мной! — ледзь павітаўшы, загадвае сваячка. — Я вам цацкі свае пакажу». — «Калі ласка, не ўсе, — просіць дачку матуля. — А то госці без вячэры будуць».

І сапраўды, цацак у малой — проста безліч, што зразумела: іншае пакаленне, іншае жыццё.

У пасляваенным, як расказваў адзін з дзядоў, яны, малыя, гулялі з кавалачкам аўчыны, да якой мацаваўся грузік, якая нагой падбівалася ўверх (хто вышэй?) і потым прыгожым «парашуцікам» апускалася ўніз... Цікава — калі б не чарга: дзяцей тады збіралася шмат, цацка была адна. Ды і кажух «знаёмы» толькі адзін.

З надыходам маразоў гаспадар яго выцягнуў з шафы, хацеў апрануць і вачам не паверыў: дзірка — з кулак! — пад правай пахай і амаль такая ж — пад левай! Адкуль?

...Як паказаў «допыт», латкі павырэзваў сын.

Чаму з-пад пах? Ваенная хітрасць: думаў, што ў гэтым месцы бацька не заўважыць. Ды і мароз туды не залезе.

Бяры... Не хачу

Дзянісавіч у грамадскім транспарце, як правіла, стаіць: месца яму не саступаюць, бо ён, нягледзячы на свае 70 з добрым хвастом, высокі, стройны, элегантны, усмешлівы... Інтэлігент. Кандыдат навук, знаўца моў, а ўжо музыкі ды паэзіі…

Расказваў, як у санаторый паехаў, як вечарам у клуб пайшоў.

І трэба ж: толькі на парог — любімую песню граюць: «В шумном зале ресторана, средь веселья и обмана...»

Ну як тут было ўстаяць?! Падхапіў найбліжэйшую маладзіцу, закружыў, а на прыпеве дык яшчэ і падпяваць стаў (зусім безадносна!): «Ах, какая женщина, какая женщина, мне б такую»…

— Ну дык бярыце! — смела глянуўшы ў вочы, сказала жанчына.

Нехта іншы, можа б, і рады, а гэты…

Разгубіўся, спыніўся, рукі, як расказваў, самі апусціліся — рушыў прэч.

— Вы куды, мужчына, — данеслася ўслед. — Я згодная!

...Гэта, мусіць, праўда: калі кажуць «не» — хочацца ўдвайне. А калі «так» — не трэба.

Не ўсё тое сонца…

Некалі гарталі, перабіралі старонкі кніг, цяпер часцей — тэлеканалы.

На адным з расійскіх — блізкая тэма — будаўніцтва каркасных дамоў.

Пачыналі яго, трэба разумець, з падмуркаў, з вытворчасці тых самых каркасаў. Але расказ пра гэтыя работы мы прапусцілі. Цяпер на экране — сам працэс зборкі і самі «зборшчыкі». Прыгожа працуюць! «Але ж бывае і брак?» — у аднаго з майстроў (і, вядома ж, па-руску) пытае вядучы. — «Не без яго», — прызнаецца будаўнік. — «І што тады?»

Амаль даслоўна:

— Да известное дело: где-то клин, где-то мох... А иначе плотник ничего не заработал бы!

Адказ, па ўсім выглядае, разумны, шчыры, мог быць яшчэ і прыгожым, гумарным, калі б гэты «плотник» не абцяжарваў сябе перакладам, калі б сказаў: (як у сук уляпіў!) наша спаконвечнае — тое, што, напэўна ж, чуў ад бацькі, ад дзеда, ад тых, хто вучыў яго справе: «Каб не клін і не мох, цесля б з голаду здох».

Хай бы ўсміхнуліся і вядучы, і гледачы, хай бы даведаліся, што будаўнік гэты родам з Беларусі. І славіцца яна не толькі біятланістамі ды прыгажунямі, але і мудрымі гумарыстамі, майстрамі, якіх зусім не выпадае называць простымі.

Ахвота жаць…

Гэта матуля, мусіць, як многія (ці нават усе?), спала і бачыла, што дачка яе вырасце, скончыць інстытут, сустрэне прыгожага, разумнага хлопца (абавязкова з добрай сям’і), які на каленях (ну чаму б і не?!) зробіць ёй прапанову. Потым сустрэнуцца яны, бацькі маладых, разам зладзяць вяселле, разам дапамогуць абжывацца і гадаваць унукаў.

Аднак гады ішлі, дачка сталела, маці старэла, і мары яе... мяняліся: ніякіх зяцёў і ніякіх унукаў яна больш не хацела. Хацела, каб дачка была толькі з ёй.

І тая не адмаўлялася — прыязджала, дапамагала, але ж пры гэтым сустрэла чалавека, выйшла замуж — паспела нарадзіць…

Маці тое немаўля бачыла: прыехала першы раз пакупаць і тым самым амаль абмежавалася. Гэта значыць, унучцы, адзінай, ніколі нічога не шыла, не вязала, не пякла, не купляла (хіба два разы на год давала трохі грошай на падарунак), ніколі не ўзяла дзіця да сябе (на пару гадзін ці на пару дзён падчас каранціну ў садку ці канікул у школе).

Без гэтага ўнучка вырасла…

А бабуля — яшчэ больш пастарэла: часцяком хварэе цяпер і ўсё болей скардзіцца, што ўнучка — вельмі няўдалая: ніколі не абдыме яе, не пацалуе, не хоча прыязджаць — не мае да яе ні кроплі шкадобы, ні трохі любві.

...Кажуць, што гэтыя пачуцці, як... грошы. Калі меў за душой і ўклаў у дзіцячае сэрца, то маеш шанс і забраць, нават з «працэнтамі». Калі не меў…

Ахвота жаць. Не пасеяўшы.

Не бі ляжачага

Мужчына. Жанчына.

Чаканне. 

Шуканне. Блуканне. Час.

Жанчына. Мужчына. 

Спатканне. 

Вітанне. Пытанне. Адказ.

Мужчына. Жанчына. 

Дыханне. 

Сэрцабіццё. Забыццё.

Жанчына. Мужчына.

Каханне.

Мужчына. Жанчына.

Жыццё.

Гэта паэт пра многіх...

І, вядома ж, пра Пашу з Наташай, бо такі сустрэўшыся (ёй 20, яму 25) і пакахаўшы, яны вырашылі стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей і ўжо дзеля іх будаваць кватэру, дачу, кар’еру (хоць бы адну)…

Гэта, што называецца, у стратэгічных планах. У тактычных — занесці заяву ў ЗАГС, з’ездзіць у вёску да адных і другіх бацькоў, згуляць вяселле, пасля якога (дамова: радніцца дык радніцца!) цесць з цёшчай стануць татам і мамай для Пашы, свёкар са свякроўю — для Наташы.

...Ёй, мякка кажучы, нялёгка было, але ж волю ў кулак, і назвала «мамай» — амаль чужую жанчыну.

У адказ чакала чаго заўгодна толькі не гэтага: свякроўка, хмыкнуўшы, выдала: «Палена — не падушка, нявестка — не дачушка... У мяне дзве родныя ёсць».

Наташы, як прызнавалася, да болю крыўдна было, што трэцяй не трэба, але ж сілай не будзеш мілай... Стала называць свякроў, як настаўніцу ці начальніцу, — па імені ды па бацьку, што на адносінах, аднак, не адбілася: то з мужам удваіх, то ўтраіх (з першынцам), то ўсёй сям’ёй, учацвярых, яны часцяком прыязджалі да свекрыві ў вёску, усё, што трэба, прывозілі, чым маглі, дапамагалі... І — як правіла — адны, бо дочкам увесь час не выпадала: то вучоба ў іх, то кавалеры, то пераезды, то нейкія хваробы…

З гадамі падкасілі яны і матулю — злягла.

Да старэйшай дачкі, да чорта на рогі, ехаць не захацела, а малодшая нават не клікала, бо няма куды: кватэра цесная, муж п’е…

Хворую забраў Паша.

Яго Наташа з работы сышла — стараецца, другі год даглядае ляжачую — ніколі, нічым не нагадвае ёй пра пачутае некалі «палена...» Што, здаецца, і не дзіва — адукаваная, інтэлігентная жанчына…

Дзіва, што не помніць пра гэта свякроў.

Ці робіць выгляд?

Тут і там

Людзі як птушкі: вясною дамоў, восенню — у вырай.

Максімаўна, як прызнаецца, ужо назусім — без надзеі вярнуцца, бо ёй 80 (і нават з гакам), бо з вялікім «букетам» хвароб, бо кватэру выставілі на продаж…

А значыць рэчы перавезены, бібліятэка раздзелена: нешта з кніг цяпер у мясцовай школьнай, нешта — у гарадской дарослай... «На тым свеце, на жаль, нічога не пачытаеш».

...Што падставай — трымацца за гэты.

Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж

Інтэрнэт падкінуў на роздум шэраг фраз, якія мы цудоўна ведаем, часта паўтараем, але і на жаль... няправільна.

Ну вось хто не чуў, што ісціна ў віне? І хто якраз там яе не шукаў (часта — на гора сабе і блізкім), бо нават не здагадваўся, што аўтар, Пліній Старэйшы, кропку паставіў не там, што ў фразы ёсць працяг: «Ісціна ў віне, а здароўе ў вадзе».

З тога ж «спіса» — «Пра мёртвых альбо добра, альбо нічога...»

У Сенекі працяг — «...Апроч праўды».

У Геракліта: «Век жыві — век вучыся...» Таму, як належыла б жыць.

...Ніл Гілевіч пісаў, што афарызмы ніколі не страцяць сваёй надзённасці, галоўнае — знаёміць з імі людзей, і ў першую чаргу — маладых.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.