Вы тут

Не свечка паўстане прад Богам...


Што аддаў, тваё — пры жыцці і нават па смерці... 

Сяброўка нам — слоічак мёду, аджыкі, торбачку 

сушаных зёлак, мы — штось сваё, эстафетай — 

некаму…

І, вядома ж, не дай за дай, а таму, што на дварэ 

зіма — час, калі так не хапае цяпла і радасці, 

падстаў для шчырых усмешак і размоў, для роздумаў.

А таму, хоць нешта маючы (з восені і верабей багаты), проста грэх пакінуць усё пры сабе: дзяліцца трэба — пакуль жывеш, пакуль можаш, пакуль ёсць з кім.


Верыць? Не верыць…

Сказаць можна шмат, ці ляпнуць — не падумаўшы. 

А вось напісаць…

Тут, здавалася б, хоць-нехаць збярэшся з думкамі ды ўзважыш словы.

Не факт, як высвятляецца: дзве старонкі ў адным артыкуле аб тым, што самае дарагое ў чалавека (асабліва цяпер і чамусьці ў беларуса?) — гэта... зямля.

Міжволі і досыць доўга думала, з якога ж перапуду, адкуль у аўтаркі — дарослай і, як выглядае, сталай, адукаванай жанчыны — такая выснова? Яна, што, — не мела бацькоў і не мае дзяцей? Нікога не кахала і ні на што не хварэла? Ніколі не выпівала і таму не чула, што самае дарагое ў чалавека ўсё ж здароўе?..

Нехта недурны прызнаў, што ёсць людзі, якія гавораць (і пішуць?) нават тады, калі мозг адпачывае.

(Варыянт малітвы: «Божухна, дай мне сілы трымаць язык за зубамі, пакуль не збяруся з думкамі».)


Яны і мы

«Хто каго любіць, той таго чубіць» — гэта значыць, гладзіць — па чубе. Так разумела Таццяна і, вядома ж, гладзіла — мужа. Дома.

У машыне трохі іншая «фішка» была: ён руліў, сачыў за дарогай, яна — нешта расказвала, каб весялей было, чытала анекдоты.

Не без таго — часам гладзіла па калене, ды з такою пяшчотай…

— Адчуваеш? — спытала неяк.

— Ну, — муж кіўнуў.

— А што? Канкрэтна…

— Калена крыху свярбіць…

Хоць стой, хоць падай, як той казаў! Ды не было куды…


Язык — не вораг?

Хлопец на танцах загаварыў з дзяўчынай. Калі яна замоўкла, яны ўжо мелі двое дзяцей.

Гэта — анекдот.

Чыстая праўда: вечар, трамвай, над вухам прыветнае: 

«О-о, колькі зім?!»

Тая, што спытала, ужо ладкавалася побач.

Выйшла — хвілін праз 20. Не ў памяці: мы паспелі за гэты час адказаць на прывітанне ці ўсё ж такі не?

(На стале ў знаёмага стаматолага аўцюкоўскае, крылатае «Лепш за ўсё ратуе зубы своечасова закрыты рот»).


Ёсць попыт

На работу як у госці — гэта пра Наташу, бо яна амаль штодзень то з пірагом, то з піражкамі і такая прыбраная! А ўсё таму — казала (па-руску) — «что бабушка — мастерица: и печет, и шьет, и вяжет...»

Глухі недачуе, дык здагадаецца: «А чего матерится-то? Устает?»

Ды ніколечкі, бо якая можа быць стома, калі робіш тое, што любіш: да гэтай зімы ўнукам-унучкам — новыя шалікі, рукавічкі.

...Наташа ў сваіх у краму зайшла, разлічылася за пакупкі, потым, ужо на выхадзе, што-нішто хацела ў іншы пакет пакласці... Як на ліха, зазваніў мабільнік. З мінуту пагаварыла — рукавічак няма. Нехта ўзяў.

«Ну як жа так? Сярод белага дня!» — скардзілася потым бабулі, а тая хіба ўсміхалася, бо ўдалая ж рэч, калі нехта паквапіўся?! Трэба такіх яшчэ навязаць.


Героі нашага часу

Аднакласнікі сустрэліся амаль дваццаць гадоў пасля — захацелі гэта адзначыць.

— Мне шклянка гарэлкі — што слану драбіна, — стаў выхваляцца адзін. — Кульну і нават не зморшчуся!

— Падумаеш, — не здзівіўся другі. — Я тое ж самае магу з бутэлькай зрабіць.

— А ты? — спыталі ў трэцяга.

Той хіба ўздыхнуў:

— Я, даражэнькія, даўно не «герой»: норма ў мяне — сто грам. На большае — ну ніхто не ўгаворыць!

...Чым не прыклад?


Хто вінаваты?

З парад бывалых: хочаш да старасці заставацца «дзяўчынай», ідзі ў прадавачкі.

Гэта, здаецца, найпрасцейшы спосаб. Куды складаней сачыць за сабой, навучыцца выбіраць абутак, адзенне, прычоску, макіяж…

У Алачкі тут поўны парадак: шыкоўна выглядае! Жанчынай (прынамсі, у горадзе) яе ніхто ніразу не назваў, а паехала ў вёску да сяброў і…

Галоўнае — сама ж нарвалася: апранула старую куртку, усунула ногі ў валёнкі — пайшла на вуліцу снег адкідаць. «Бабуля...», — пачула ля вуха і... ледзь лапату не ўпусціла! «Гэта вы мне?! — абарвала месціча-п’яніцу. — Я штось не знаю такога ўнука!..»

Адшыла, карацей, «праглынула» крыўднае слова, бо ўявіла (мусіць, жывых яшчэ?) родных гэтага «хлопчыка» — яго матулю, яго бабулю, якія (ну напэўна ж!) радаваліся яму, маленькаму, любілі, гадавалі і…

«Хто вінаваты?» ды «Што рабіць?» — мусіць, самыя складаныя пытанні, бо не знайсці на іх адназначных, правільных адказаў... Колькі не шукай і колькі не думай.

З дыялогаў (чорны, але ж тут мо дарэчны гумар). «У вас дзеці ёсць?» — «Не» — «Як жа так?» — «Ды пашчасціла».


Сядзі і глядзі?

З дыялогаў. Свякроў — цяжарнай нявестцы (па тэлефоне):

— Ну як ты?

— Стамілася — не перадаць! Дзеці сёння зусім не слухаюцца, халадзільнік амаль пусты, у кватэры не прыбрана і сіл — ну ніякіх!

— Ты пачакай, не расстрайвайся! Зараз я пад’еду — прывязу прадукты, прыгатую абед, выведу малых на вуліцу, мы пагуляем, а ты ў гэты час адпачнеш — збярэш вячэру для Славы.

— Для якога Славы?

— Як для якога? Для мужа свайго.

— Майго завуць Сяргей.

— Жах... Я што — не туды патрапіла?

— Жах!!! Вы што — не прыедзеце?!

Гэта была замалёўка на тэму, як не проста бывае з дзецьмі, як цяжка іх гадаваць, выводзіць у людзі…

І, вядома ж, зусім не для таго, каб там, у дарослым жыцці, іх зневажалі ці крыўдзілі, каб (бронь божа!) калечылі ці забівалі ў розных бандыцкіх разборках, якія цяпер і ці не штодня паказвае нам тэлевізар. Толькі глядзі…


Пытанне

Дыетолагі кажуць, што ежу трэба старанна перажоўваць, адчуваючы смак, а для гэтага — не чытаць, не размаўляць, не глядзець тэлевізар…

Але ж, здараецца, яго і не выключыць, бо там, напрыклад, «Апошні дзень» — перадача аб тым, якім ён (прычым пагадзінна) быў у некага з нашых вялікіх: хто знаходзіўся побач з ім, вёз у бальніцу, заходзіў у палату; што там бачыў і чуў, што казаў памерламу... Які мо ў думках не меў, што вось гэты канкрэтны дзень, для яго апошні!

А калі б меў, пражыў бы неяк іначай?


Не для таго…

Дзядзька Міця працаваў у праектным інстытуце. Работа не падабалася, але ён не звальняўся, бо стаяў у чарзе на кватэру, а яна, хоць марудна, але ж падыходзіла! Ён з жонкай, сынам і дачкой атрымалі спачатку так званую паўтарачку (25 квадратаў) з падменнага фонду, потым — нядрэнную двухпакаёўку. Сын туды нявестку прывёў, і дзядзька, урэшце (!), перавёз сям’ю ў сваю, можна сказаць, асобную, чатырохпакаёвую…

Праўда, на тое каб яшчэ і работу змяніць, смеласці ў яго не хапіла: на ранейшай дапрацаваў да пенсіі.

...Жонка яго падвяла — рана памерла, дзеці і ўнукі раз’ехаліся па свеце. Дзядзька ў той вялікай кватэры жыве адзін. Часам цытуе Барадуліна, яго мудрае:

«А ў каго запытацца 

наапаслед

І чаго ты прыходзіў

На гэты свет?»

Ну сапраўды: не для таго ж, каб стаяць у чарзе на кватэру?


Не свечка паўстане прад Богам…

...З плошчы Якуба Коласа на вуліцу Васіля Казлова можна даехаць на трамваі. А можна прайсці нацянькі — па адносна старых утульных дварах, міма Вайсковых могілак і любімай царквы.

Альбо не міма.

І тады, яшчэ на ўваходзе, накінуць хустку, перахрысціцца, моўчкі (як некалі з мамай) пастаяць сярод людзей, памаўчаць ды падумаць — пра яе, пра сябе, пра час…

Потым — паставіць свечкі: найперш — за спачын (яе і, на жаль, вельмі многіх) і раптам, неяк міжволі, заўважыць, што тут, у царкве, усе — як адзін: у людзей падобныя твары... А ўжо вочы…

Не свечка паўстане прад Богам — паўстане душа.

Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж

Група даследчыкаў задавала дзецям адно і тое ж пытанне: што такое любоў?

Адказы аказаліся куды глыбейшымі, чым нехта мог уявіць! Як варыянты: любоў — гэта калі мама робіць каву для таты і, перш чым яе падаць, каштуе, каб пераканацца, што кава смачная (7 гадоў); гэта, калі сабачка ліжа твой твар нават пасля таго, як ты на цэлы дзень пакінула яго аднаго (4 гады); калі ты кажаш хлопчыку, што табе падабаецца яго кашуля, і ён потым носіць яе кожны дзень (7 гадоў); калі ты камусьці аддаеш большую частку сваёй смажанай бульбы і не патрабуеш нічога ўзамен (6 гадоў)…

Знайшлі тыя даследчыкі і самае клапатлівае дзіця.

Ім прызналі хлопчыка, сусед якога нядаўна страціў жонку. Убачыўшы, што мужчына плача, малы (чатыры гады) залез яму на калені і проста сядзеў. Калі мама потым спытала, што ён казаў дзядулю, хлопчык прамовіў: «Нічога. Я проста дапамог яму плакаць».

Адкуль у нашых дзяцей такое разуменне любові, — адно пытанне: што з ім — вось гэтым разуменнем — стане з гадамі (у гэтых жа дзяцей і ў іншых) — другое…

Пажывём — пабачым. Калі пажывём, а пакуль... Тост, не тост?

Калядкі... Святы

ў шумным карагодзе:

Прыждалі мы

чароўнае пары —

Зноў Новы год...

А што?

Няхай прыходзіць!

Адно — хай будзе лепшы,

чым стары!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.