Вы тут

У Мінску адкрыўся ІІІ фестываль бразільскага кіно


Трэці фестываль бразільскага кіно праходзіць у Мінску да канца гэтага тыдня. Паказы адбудуцца ў сталічным кінатэатры «Піянер».


 — З радасцю зноў адкрываю фестываль бразільскага кіно ў Мінску. Пасля мінулага фестывалю прайшло дзесяць гадоў. Складана было б выбраць лепшы момант для прадаўжэння цудоўнай традыцыі, паколькі я адчуваю ў беларусах узрастаючую цікавасць да Бразіліі, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — Мастацтва з’яўляецца магутным інструментам для апускання ў культуру краіны, а кінематограф — важным каталізатарам для разумення такой шматграннай краіны, як Бразілія.

Дырэктар кампаніі Linhas Producoes Culturais Фернанда Бульёэс анансавала разнастайную праграму фестывалю бразільскага кіно. 

— Апошнім часам бразільскі кінематограф быў адзначаны прызамі на такіх уплывовых пляцоўках, як Венецыянскі, Канскі і Берлінскі кінафестывалі, — заўважыла Фернанда Бульёэс. — Вашай увазе прадстаўлена падборка з пяці карцін, дзякуючы якім ёсць магчымасць не толькі пазнаёміцца з нашай культурай, а і дакрануцца да штодзённага жыцця бразільцаў, адчуць нашы эмоцыі. У гэтым вялікая моц і магія кіно. Кіно — гэта капсула часу, якая запячатвае рэчаіснасць.

Адкрыў кінафестываль дакументальны фільм «Эліс і Том — гэта павінна было здарыцца толькі з табой» (2023 год). Карціна апавядае аб супрацоўніцтве двух музычных геніяў XX стагоддзя: дырыжора, кампазітара і аўтара сусветна вядомай песні «Дзяўчына з Іпанэмы» Тома Жобіма і вялікай бразільскай спявачкі Эліс Рэжыны. У кінастужцы расказваецца аб стварэнні аднаго з самых вядомых у свеце музычных альбомаў. Фільм дазваляе зазірнуць за кулісы запісу гэтага альбома ў лютым 1974 года ў Лос-Анджэлесе, які зменіць жыццё кампазітара і спявачкі і стане знакавым творам не толькі бразільскай, а і сусветнай музыкі. 

— Я сапраўдны фанат басановы, — прызнаўся Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — Гэта насамрэч тая музыка, глабальная культурная з’ява, якая прадставіла Бразілію ўсяму свету. Як гэта не дзіўна прагучыць, у карціны шмат сувязей з вашай краінай. Беларусы — людзі з тонкай, адчувальнай душой. Таму я проста ўпэўнены, што ў вас не толькі шмат прыхільнікаў басановы, а і тых, хто з радасцю да іх далучыцца.

І насамрэч вельмі цікава было апынуцца на творчай кухні, дзе амаль паўстагоддзя таму нараджаўся выдатны альбом «Elis&Tom», які па праву трапіў у скарбонку сусветнай класікі. Між тым, музычная тэма будзе мець свой працяг. На бразільскім кінафестывалі таксама будзе паказаны біяграфічны фільм «Пішынгінья», які ў 2021 годзе знялі рэжысёры Дэнізе Сарасені, Алан Фітэрман. Алфрэда да Роша Віяна Фільё лічыцца адным з самых любімых артыстаў Бразіліі мінулага стагоддзя. Біяграфічная стужка прыадкрые малавядомыя старонкі яго жыцця і творчасці, непарыўна звязаныя з народнымі матывамі шора (жанр бразільскай народнай музыкі). 

Яшчэ адзін фестывальны фільм — рамантычная камедыя «Эдуарда і Моніка» рэжысёра Рэнэ Сампаё. У ролях Габрыэл Леонэ, Алісе Брага, Віктар Ламоглія. Гэта гісторыя кахання паводле аднайменнай песні рок-гурта Legiao Urbana, які заваяваў не адно пакаленне слухачоў. Фільм пад назвай «Пурэза» — біяграфічная драма, якая знята ў 2022 годзе рэжысёрам Рэната Барбіеры. Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі, якая матывавала ўлады на стварэнне спецыяльнай мабільнай інспекцыйнай групы, першага ў гісторыі Бразіліі падраздзялення па барацьбе з рабскай працай. Кінастужка была ўдастоена шматлікіх нацыянальных і міжнародных узнагарод.

Дэтэктыў «Розная праўда» створаны рэжысёрам Жазэ Эдуарда Белмонтэ ў 2022 годзе. Расследуючы замах у аддаленым рэгіёне на паўночным усходзе Бразіліі, паліцэйскі Жазуэ сутыкаецца з няпростым выбарам. Чыёй версіі падзей паверыць — паказанням наёмнага забойцы, меркаванню выжыўшага або аповяду яго нявесты? Тры гісторыі аднаго злачынства. Якая з іх акажацца сапраўднай?..

Мінск па праву становіцца сапраўднай кінематаграфічнай сталіцай — пасля завяршэння «Лістапада» да нас завітаў фэст бразільскага кіно. Пра культуру далёкай па адлегласці, але такой блізкай па духу заакіянскай краіны можна шмат распавядаць, аднак лепш усё пабачыць на ўласныя вочы. Да канца тыдня ёсць такая магчымасць. А на канстрасце з цяперашнімі завеямі дык і ўвогуле — шыкоўнае відовішча. 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.