Вы тут

Беларусы заўсёды стараюцца паказаць лепшыя вынікі


Герой тыдня. Беларускі баксёр Андрэй Румянцаў заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату свету па боксе сярод спартсменаў не старэйшых за 16 гадоў. Спартсмен, які выступае ў вагавай катэгорыі да 80 кг, у паўфінале ўступіў спартсмену з Індыі Ардзіку Панвару. Згодна з рэгламентам, баі за трэцяе месца на турніры не прадугледжаны, таму Румянцаў стаў уладальнікам бронзавага медаля. Усяго Беларусь на юніёрскім чэмпіянаце свету прадставілі 17 баксёраў — 12 хлопцаў і 5 дзяўчат.


Гераіня тыдня. Беларуская тэнісістка Алена Фалей выйграла турнір катэгорыі Challenger ІTF у японскай Ёкагаме з прызавым фондам $40 тысяч. У вырашальным паядынку яна абыграла японскую тэнісістку Аяна Шыміцу, у якой 368-я пазіцыя, — 6:3, 7:5. Зараз Алена Фалей займае 301-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Падзея тыдня. У Мінску праходзіць фінальны этап 20-й Спартакіяды Саюзнай дзяржавы. За ўзнагароды спрачаюцца па 135 юных расійскіх і беларускіх спартсменаў. На гэты раз у гонар 20-гадовага юбілею спартакіяды ў лік удзельнікаў упершыню ўключаны дзеці, якія вучацца ў кадэцкіх вучылішчах, ліцэях МУС і МНС Беларусі, а таксама кадэцкіх класах і карпусах, ваенна-патрыятычных маладзёжных і дзіцячых аб’яднаннях Расіі. Таму сёлетні этап называецца «Абаронца Айчыны». На працягу шасці дзён беларусы і расіяне вызначаць мацнейшых у спаборніцтвах па міні-футболе, валейболе, плаванні і мнагаборстве (стральба, плаванне, лыжныя гонкі). Акрамя спаборніцтваў, для ўдзельнікаў падрыхтавана шырокая культурная праграма. «Беларусы заўсёды стараюцца паказаць свае лепшыя вынікі. Не важна, якія гэта спаборніцтвы, галоўнае — дастойна прадставіць сваю краіну і заваяваць больш медалёў», — падкрэсліў першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Дараховіч. Два стартавыя этапы спартакіяды Саюзнай дзяржавы прайшлі ў кастрычніку ў Валгаградзе. Трэці адбыўся з 10 па 15 лістапада ў Наваполацку, дзе беларускія спартсмены заваявалі 23 медалі — 8 залатых, 6 сярэбраных і 9 бронзавых.

Турнір тыдня. У Ханты-Мансійску стартаваў другі этап Кубка Расіі па біятлону з удзелам беларускіх спартсменаў. Па выніках мужчынскай спрынтарскай гонкі лідар беларускай каманды Антон Смольскі заняў трэцяе месца. У мужчынскім мас-старце Антон Смольскі размясціўся на другой пазіцыі.

Перамога тыдня. У Кіраўску Мурманскай вобласці РФ стартаваў розыгрыш Кубка Расіі па гарналыжным спорце сезона—2023/24. З перамогі новы сезон пачала вядучая гарналыжніца нашай краіны Марыя Шканава — яна была найлепшай у слаламе. «Эмоцыі насамрэч змешаныя, таму што не ўсё пакуль атрымліваецца, трэба набіраць форму. Але паціху ўкочваюся ў сезон, далей — больш. Па стартах засумавала, занадта доўгі быў падрыхтоўчы перыяд. Мэты на сезон максімальныя — спаборнічаць з расійскімі дзяўчынкамі, паказваць свае лепшыя праезды і перамагаць», — пракаментавала выступленне Шканава.

Поспех тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» атрымалі першую перамогу ў чарговай выязной серыі рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім матчы гэтай серыі «зубры» на выездзе сустрэліся з «Адміралам» з Уладзівастока. Вынік сустрэчы — 3:1 на карысць мінскіх хакеістаў. Такім чынам, сталічны клуб спыніў серыю з чатырох паражэнняў запар. На дадзены момант каманда Дзмітрыя Квартальнава займае восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, набраўшы 36 ачкоў пасля 37 гульняў. Гасцявое турнэ «Дынама» завершыцца ў аўторак у Новасібірску матчам супраць мясцовай «Сібіры», які стартуе ў 15.30 па беларускім часе.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.