Вы тут

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў


Зусім нядаўна ў Маскве прайшло пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, дзе падвялі вынікі развіцця інтэграцыйнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі і вызначылі новыя арыенціры на перспектыву 2024–2026 гадоў. Якім будзе гэта супрацоўніцтва? У якіх сферах інтэграцыйныя працэсы ідуць найбольш актыўна, а што патрабуе большых намаганняў? Чаго чакаць у адносінах Расіі і Беларусі ў наступным годзе, улічваючы ўсё яшчэ няпростую грамадска-палітычную кан’юнктуру? Якія перспектывы адкрыліся для беларускіх навукоўцаў дзякуючы саюзным праграмам і ці быць сумеснаму Універсітэту высокіх тэхналогій? Якую ролю ў інтэграцыйных працэсах адводзяць моладзі? Пра гэта падчас прэс-тура, арганізаванага пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Міжнароднай медыягрупы «Россия Сегодня» расказаў журналістам, адказаўшы на іх пытанні, Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.


Фота: Soyuz.by

— Дзмітрый Фёдаравіч, у Беларусі 2024-ы аб’яўлены Годам якасці. А на што будзе арыенцір у Саюзнай дзяржаве ў наступным годзе? У якіх кірунках сумеснай дзейнасці можна зрабіць акцэнт на якасці?

— Год якасці найперш для вытворцаў, тэхнолагаў, пастаўшчыкоў прадукцыі, сыравіны, каб для спажыўца яна была на належным узроўні. Але я бачу гэта больш шырока і абсалютна ўпэўнены, што і 2024-ы, і наступныя павінны быць гадамі якасці, нават калі яны фармальна не названыя так кіраўніком беларускай ці расійскай дзяржавы. Гэта не толькі якасць прадукцыі, але і якасць нашай работы, а ў высокім сэнсе — духоўная якасць нашых адносін, раўнапраўе, шчырасць, надзейнасць, чалавечая прыхільнасць адзін да аднога, дабро і адкрытасць да ўсіх тых краін, з якімі ў нас па-ранейшаму сяброўскія адносіны. Ну і пасыл да ўсіх тых, хто аказвае на нас ціск, што гэта бесперспектыўны шлях і ён толькі аб’ядноўвае з намі народы тых краін, улады якіх такую жорсткую лінію абралі ў адносінах да Беларусі і Расіі. Нашы краіны вырашаюць свае праблемы самастойна, без указкі і ціску звонку. І духоўныя каштоўнасці, мадэлі жыцця грамадства мы мусім вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі, а не слухаць, што нам падказваюць рэжымы палітычнай моды і аднамомантнай кан’юнктуры.

Вяртаючыся да Года якасці, скажу, што днямі з кіраўніком Брэсцкай вобласці Юрыем Шулейкам пабывалі ў беларускім павільёне ВДНГ. Даручэнне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі асучасніць павільён, дадзенае ў свой час, выканана ў поўнай меры. У краме яблыку няма дзе ўпасці. Мы разам з дырэктарам павільёна наведалі яго. Ідзе насустрач жанчына, я спытаў, адкуль яна. «Мы з Хабараўска. Толькі што пабывалі ў Брэсце і Мінску, зараз збіраемся дадому, заехалі закупіць якасных беларускіх прадуктаў». У руках яна трымае дзве сумкі. Пытаюся: «А ці ёсць у Хабараўску прадукты?» — «Ёсць, але ўзялі беларускіх, каб пачаставаць сяброў і блізкіх». Вось прамы індыкатар таго, што гэта Год якасці і цяпер, і ў наступным годзе. І вы ведаеце, як мы ставімся да харчовай прадукцыі, што трапляе на сталы ў Маскве.

— Бягучы год для Саюзнай дзяржавы быў насычаны, праведзена шмат мерапрыемстваў. Якія вынікі можна падвесці ў эканамічным плане? І чаго чакаць у наступным годзе, улічваючы ўсё яшчэ няпростую грамадска-палітычную кан’юнктуру і санкцыі?

— Тыя пазіцыі, якія абазначаюць і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, мы павінны успрымаць як наказ кожнаму расіяніну і беларусу. Навошта чакаць нарастання ціску ці яго паслаблення? Нам трэба разам спакойна і дакладна працаваць пад свае планы. А яны нядаўна зацверджаны на пасяджэнні саюзнага Саўміна. 22 праграмы з 28 цалкам рэалізаваны, падпісаны пратаколы аб іх выкананні. За два гады рэалізавана больш за 900 мерапрыемстваў, якія забяспечылі выкананне гэтых праграм.

Асноўныя сярод іх — фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі, палітыкі ў аграсферы, збліжэнне работы цэнтральных банкаў, найперш па забеспячэнні высокай якасці фінансавых паслуг і абароны інтарэсаў укладчыкаў, якімі з’яўляюцца грамадзяне Беларусі і Расіі. Мы з захапленнем успрынялі цырымонію перадачы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку сертыфіката аб уводзе ў строй Беларускай АЭС. І важна, што Аляксей Яўгенавіч Ліхачоў там, дзе напісана «гарантыя 60 гадоў», ручкай выправіў «ад 60 гадоў». Беларусь сёння, дзякуючы задуме, якую ў 2012 годзе два нацыянальныя лідары абмеркавалі і зацвердзілі, стала краінай мірнага атама. І адна з саюзных праграм якраз прысвечана бяспецы і фарміраванню энергарынку.

Мы па-ранейшаму павінны забяспечваць роўныя правы грамадзян Расіі і Беларусі ў сацыяльнай сферы. 

Па дзясятках гэтых кірункаў вельмі шмат зроблена. І эстафета гэтай работы падхоплена: зацверджаны праект дэкрэта Вышэйшага дзяржсавета аб напрамках на наступныя тры гады, іх 11. І бадай упершыню абазначаны культурна-гуманітарныя кірункі, якіх раней у дакументах урада мы і не чакалі бачыць. Была эканоміка, фінансы, пастаўкі канкрэтных аб’ёмаў прамысловай прадукцыі. І тое, што сёння ўрад гатовы бачыць сваім прыярытэтам гуманітарнае супрацоўніцтва, — каласальны прарыў. Гэта пазіцыя Міхаіла Уладзіміравіча Мішусціна, які незадоўга да пасяджэння ўрада правёў стратэгічную сесію, прысвечаную тэме адносін Расіі і Беларусі па ўсіх магчымых напрамках. І важна, што гэта падтрымаў Раман Аляксандравіч Галоўчанка і члены беларускага ўрада.

Усё гэта робіцца для выканання даручэнняў і ў падтрымку тых падыходаў, якія абазначаюць кіраўнікі нашых дзяржаў. Гэта фундамент, філасофія, і на паперы ўсё можна прачытаць. А што нельга прачытаць на паперы, дык гэта характарыстыкі таго дыялогу, які стаў больш паспяховым, больш шчырым, з большым жаданнем чуць інтарэсы партнёра і яго запыт. Нейкія спрэчкі будуць заўсёды, але ў глабальным плане імкненне выйсці на вынік пацвярджаецца абодвума бакамі паслядоўна і безумоўна.

— Вялікая колькасць расійскіх дэлегацый прыязджала сёлета ў Беларусь і сустракалася з кіраўніком дзяржавы. Наколькі важнае такое міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з пункту погляду будаўніцтва далейшых інтэграцыйных працэсаў Расіі і Беларусі?

— Не толькі расійскія дэлегацыі наведваюць Беларусь, прэм’ер Галоўчанка апошнім часам пабываў у 10 расійскіх рэгіёнах. Скажу, абапіраючыся і на свой вопыт кіраўніцтва рэгіёнам плошчай сем тысяч квадратных кіламетраў, — гэта плошча Іркуцкай вобласці. Мы заўсёды хацелі, каб «усе сцягі ў госці да нас». Зразумела, што рэгіён Усходняй Сібіры выбудоўваў адносіны перш за ўсё, з краінамі-суседзямі. І такая практыкаарыентаванасць кіраўнікоў суб’ектаў федэрацыі на ўзаемадзеянне з беларускімі рэгіёнамі дзейнічае паўсюль — 85 суб’ектаў федэрацыі з 89 маюць у тым ці іншым фармаце падпісаныя дакументы.

Гэта не проста факт статыстыкі, гэта сістэма адносін, абмеркаванне і выхады на канкрэтнае супрацоўніцтва: пастаўкі прадукцыі, асэнсаванне рэгіянальнага рынку — харчовага, прамысловага, лёгкай прамысловасці, гэта культурныя, гуманітарныя, адукацыйныя сувязі, турызм, лячэнне. Нягледзячы на тое, што пашпарты ў нас рознага колеру, беларусам можна ўладкоўвацца на работу ў Расіі без абмежаванняў. Калі вам хтосьці скажа, што гэта не так, гэта прамое парушэнне заканадаўства — нацыянальнага расійскага і Саюзнай дзяржавы.

Сёння магчымасцяў працаваць у рэжыме гарызантальных сувязяў — «суб’ект федэрацыі — рэгіён», «горад пабрацім — горад пабрацім» — нашмат больш. Раніцай размаўляў з кіраўніком Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы — у іх асаблівае пагадненне з Магілёўскай вобласцю. Усе без выключэння адміністрацыйныя акругі Масквы маюць свае пагадненні з рэгіёнамі Беларусі. Ва ўрада Масквы ёсць пагадненне з урадам Беларусі аб асаблівых сувязях, як і ў кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга. Было некалькі вялікіх форумаў на берагах Нявы з удзелам Рамана Аляксандравіча Галоўчанкі і Аляксандра Дзмітрыевіча Бяглова. Іншая справа, што мы павінны быць рэалістамі. Мы адзначаем поспехі, выніковасць, творчасць у адносінах, але мы павінны разумець, што трэба, каб уцягнуты былі не 50 членаў урада і апаратаў рэгіянальных міністэрстваў, а тысячы людзей.

— Падчас сустрэч з дэлегацыямі расійскіх рэгіёнаў Прэзідэнт Беларусі нацэльвае на тое, каб не ствараць дубліруючых вытворчасцяў, а ўзаемадапаўняць адзін аднаго на агульным рынку. У якіх сферах, на ваш погляд, на гэта маюцца перспектывы?

— У тым жа аўтамабілебудаванні зроблена многае, каб актывізаваць намаганні бакоў. Зразумела, што брэнды МАЗа і КАМАЗа арыентаваны на аднолькавыя сегменты, але ёмістасць рынку такая, што фактычна напружання ў адносінах нашых гігантаў не будзе. Мы бачым, што ёсць выніковасць ва ўзаемадзеянні новага штабу абароннай прамысловасці. Ёсць дамоўленасць селекцыянераў і генетыкаў, каб садзейнічаць павышэнню ўраджайнасці, якасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы, малочнага статка, і яна ўжо цяпер іншая, чым была раней.

Сёння мы можам казаць пра рэалізацыю стратэгіі адзінага навуковага і тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года. У 2019 годзе ў рамках пасяджэння Групы высокага ўзроўню з удзелам Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова і Міхаіла Валянцінавіча Кавальчука абмяркоўвалі адносіны НАН Беларусі і Курчатаўскага інстытута. Прайшоў невялікі час, і сёння мы бачым, што Расійская акадэмія навук, Курчатаўскі інстытут, інстытуты і навуковыя цэнтры НАН Беларусі дэманструюць зусім іншую практыку адносін, чым была раней. Расіяне працягнулі руку беларускім вучоным, запрашаючы іх выкарыстоўваць навуковую інфраструктуру, у тым ліку ПІК-рэактар у ядзерным цэнтры ў Гатчыне фактычна бясплатна, каб не затрачваць сродкі з бюджэту Беларусі і гады на падрыхтоўку таго, што ўжо створана і дзейнічае на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Гэта найважнейшы задзел і індыкатар найбольшай гатоўнасці ўзаемадзейнічаць на прынцыпова іншым узроўні ў сферы высокіх тэхналогій, фундаментальных і прыкладных даследаванняў, і ў тым ліку па тэме ядзернай медыцыны.

Гэта тое, што відавочна, але ёсць і іншыя пытанні. Мы часам чуем меркаванне шэрагу ВНУ, што беларусы едуць у Расію вучыцца і застануцца там. Вернуцца, бо немагчыма сучасныя веды атрымліваць у закрытых аўдыторыях. Навуковыя веды не маюць геаграфічных межаў. І тут запрашэнне прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Расіі і Беларусі да педагагічных працэсаў у ВНУ — адна з задач. Менавіта таму на пасяджэнні ўрада Саюзнай дзяржавы следам за абмеркаваннем плана рэалізацыі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года было дадзена даручэнне Міністэрству навукі і вышэйшай адукацыі Расіі і Міністэрству адукацыі Беларусі сумесна з Пастаянным камітэтам падрыхтаваць канцэпцыю ўдасканалення практыкі падрыхтоўкі спецыялістаў, перш за ўсё тэхнічнага профілю. І мы больш шырока гаворым аб заснаванні Універсітэта высокіх тэхналогій Саюзнай дзяржавы. І, канешне, мы хочам, каб работа бакоў па яго стварэнні была ў беларускай сталіцы.

— Якія маладзёжныя ініцыятывы чакаюцца ў 2024 годзе?

— Найперш хачу адзначыць праект «Цягнік Памяці», які адбудзецца і ў наступным годзе. Гэта задума Наталлі Іванаўны Качанавай і Валянціны Іванаўны Матвіенка, якія шмат увагі і душы надаюць ёй.

На пляцоўцы МІА «Россия сегодня» 6 снежня мы праводзім размову «Моладзь за Саюзную дзяржаву». Мы хочам, каб гэта сустрэча падтрымала традыцыю, якую мы заклалі летась, напярэдадні 23-годдзя падпісання саюзнага дагавора. Менавіта гэтыя маладыя людзі праз 25 гадоў будуць вызначаць сістэму адносін Расіі і Беларусі са знешнім светам.

Асабліва рыхтуемся правесці кадэцкую змену ў сувораўскіх вучылішчах і кадэцкіх карпусах і класах — 80-годдзе вызвалення Беларусі проста абавязвае нас на гэтым зрабіць акцэнт. У параўнанні з 2021 годам мы павялічылі колькасць мерапрыемстваў культурна-гуманітарнай сферы з 21 да 34. Іх бюджэт вырас амаль на 50%. Мы разумеем, што сёння важныя не толькі лічбы і рублі ці аб’ём выпушчанай прадукцыі, а танальнасць дыялогу і размова з моладдзю. Яны думаюць па-іншаму — і гэта іх права. Але ў іх няма права не быць грамадзянамі і не быць патрыётамі.

— Як будзе працягвацца праект «Бібліятэкі Саюзнай дзяржавы»?

— Мы хочам праз прызму лёсаў выдатных грамадзян Айчыны паказаць малавядомыя факты і дасягненні. Сімяон Полацкі выхоўваў царскіх дзяцей. Магчыма, яму не хапіла часу рэалізаваць усе сілы, якія хацеў укласці ў Пятра І, ва ўсялякім выпадку, ён заўсёды быў у дыялогу з царом Маскоўскім. Ён асветнік і чалавек, які задумаў стварэнне славяна-грэкалацінскай акадэміі. Сімяон Полацкі — тая фігура, якой мы хочам прысвяціць кнігу.

Казімір Семяновіч і Міхайла Ламаносаў — людзі рознага маштабу навуковых даследаванняў, але і эпохі розныя. Мы лічым, што можам аб’яднаць гэтыя лёсы аповедамі ў адным томе. Сёння мы кажам пра Івана Фёдарава, які быў дыяканам аднаго з храмаў маскоўскага Крамля, чалавек неверагоднай адукаванасці і мудрасці, пакінуў асаблівы след у гісторыі. Хтосьці кажа, што ён родам са Львова, але гэта толькі пацвярджае адзінства славянскага свету. Аповед аб лёсе Івана Фёдарава мы хочам падтрымаць аповедам пра Францыска Скарыну.

І, канешне, да 3 ліпеня мы хочам выдаць кнігу, прысвечаную ролі партызанскага руху, у тым ліку поспеху аперацыі «Баграціён». Гэтыя кнігі на выхадзе.

У наступным годзе выходзіць кніга «Космас як душа чалавецтва». Ідзе складаней, чым мы меркавалі, хоць здавалася б, тэма відавочная. Скажу шчыра, усе пералічаныя кнігі запатрабавалі шмат душэўных сіл, спрэчак, пераадоленняў, але нам за іх не сорамна. Мы хочам, каб усе яны былі ў ранейшым фармаце: захоўваўся ўстаўны карашок, арнамент, вокладка была маляваная, а не фатаграфічная. Можна заўважыць, што няма ніякіх асаблівых спасылак на ўнёсак тых людзей, хто займаўся выданнем, бо найперш мы хочам казаць пра герояў гэтых кніг.

Запісала Алена КРАВЕЦ

г. Масква

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.