Вы тут

«Святы павінны быць для ўсіх». Як выконваецца даручэнне Прэзідэнта аб напаўненні таварамі вясковых крам


У канцы лістапада кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта забяспечыць неабходны асартымент у гандлёвых аб’ектах малых населеных пунктаў.

«Хачу папярэдзіць урад, што скідак ніякіх не будзе ў плане забеспячэння нармальнай сітуацыі ў пераднавагоднія і перадкалядныя святы. Не павінна быць ніякіх праблем з харчаваннем для нашых людзей», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, у краіне ўсяго хапае, праблемы з асартыментам тавараў у вёсках і невялікіх гарадах могуць узнікнуць толькі з-за нераспарадлівасці службовых асоб. «Асабліва — малыя гарады, аграгарадкі і вёскі. Гэта нашы людзі. Гэта небагатыя людзі. Яны павінны ўсім быць забяспечаны. Святы павінны быць не толькі для начальнікаў, жыхароў Мінска і буйных гарадоў. Святы павінны быць для ўсіх», — падкрэсліў беларускі лідар.

Уласныя карэспандэнты «Звязды» выехалі ў раёны, каб на свае вочы пабачыць, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта.


Па пакупкі да свята

Мая свякруха ў свае 73 — упэўнены карыстальнік усіх вядомых сацсетак і прызнаны раднёй і ўсімі знаёмымі знаўца 100 і аднаго рэцэпта салатаў. Ёсць у яе падборцы і мноства страў-чэмпіёнаў любога святочнага застолля. 

На працягу года яна тэсціруе новыя рэцэпты з інтэрнэту, выбірае, якія з іх прыгатаваць на Новы год — каб не надта дорага ды смачна. Загадзя складае меню. Аб’ект для параўнаўчага зрэзу яна добры. Жыве не ў горадзе, а раёне, атрымлівае пенсію ў 740 рублёў. Да навагодняга стала прадукты купляе паступова, адкладаючы частку грошай загадзя. Я папрасіла яе скласці шпаргалку, што абавязкова купяць сярэднестатыстычныя гаспадыні, рэцэптамі з якімі мая свякруха якраз-такі і абменьваецца ў сацсетках. Спіс пакупак вырашыла праверыць на наяўнасць у крамах аграгарадка Бабовічы, што амаль за 20 кіламетраў ад Гомеля. А заадно і склала разам з вяскоўцамі рэйтынг любімых навагодніх пачастункаў.

На аліўе і модныя салаты

— Абавязкова бяруць сыравяленую каўбасу, вэнджаныя курыныя сцёгны, крылцы ў вакуумнай упакоўцы, каўбаскі «пальцам пханыя». На аліўе пойдзе каўбаса без сала. Да свят замовім больш «кандытаркі» — тартоў, пірожных. Шмат гадоў працую прадаўцом, таму ведаю, які тавар карыстаецца попытам да свят, — расказвае аб гандлі загадчыца фірмовай крамы ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» у аграгарадку Бабовічы Міла Гутыра.

Міла Генадзьеўна дадае: людзі ўжо закупляюцца, нехта спецыяльна грошы пакідаў з пенсіі ці зарплаты.

— За дзень у будні звычайна пакупнікоў 150–200, у выхадныя амаль 300. Прыязджаюць па пакупкі не толькі мясцовыя, але і з найбліжэйшых вёсак — з Дзятлавічаў, Чкалава, Шарпілаўкі, Узы. Перад святамі тавараабарот павялічыцца як мінімум у тры разы. Мы працуем 31 снежня, так што хто забудзецца пра каўбасу для аліўе, паспее купіць абавязкова, — супакойвае прадавец.

— Аліўе ўжо даўно не робім, больш новых модных салатаў хочацца, — падхоплівае размову пакупніца, жыхарка Бабовічаў, якая прадстаўляецца Валянцінай Іванаўнай. — Мы цяпер гатуем салаты больш з гароднінай. Абавязкова купім фрукты, мяса, каўбас, чырвонай рыбкі на бутэрброды. Сям’я ў нас — сем чалавек: мы з мужам, сын, нявестка і тры ўнучкі. У горад па пакупкі наогул не ездзім. Я пастаянны кліент гэтай крамы, як адкрылі яе крыху больш за год таму, — не можам нарадавацца. Загадзя нічога не куплялі да Новага года, навошта? Увесь час усё свежае. Да свята яшчэ і большы выбар будзе.

Пераконваюся, што ў краме — вялікі выбар курыных набораў. Ёсць паўфабрыкаты: каўбасы, нагетсы, якія людзі разбіраюць. Ёсць некалькі відаў хлеба, батонаў, кандытарскіх вырабаў, кансерваваны гарошак, кукуруза.

Барацьба за пакупнікоў

Як даведалася, у Бабовічах — цэнтральным аграгарадку сельсавета — ажно шэсць харчовых крам: дзве Гомельскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства, тры фірмовыя ад сельгаспрадпрыемстваў, адна прыватная. Гандлёвая інфраструктура асвоіла тэрыторыю аграгарадка ў асноўных зонах пражывання. На тэрыторыі — два мікрараёны новай малапавярховай забудовы, дзе ў асноўнай жывуць маладыя сем’і. Дзве цэнтральныя вуліцы, дзе жыве больш пенсіянераў, сыходзяцца ў цэнтры населенага пункта. Тут размешчаны адразу тры крамы. Вырашаю, куды падацца па фрукты…

З хурмой у кульках пакупнікі выходзяць з крамы спажыўкааперацыі.

— У нас шмат крам, але гэта мая самая ўпадабаная. Тут дзяўчынкі-прадаўцы і падкажуць, і дапамогуць выбраць, культура сэрвісу не горшая, чым у горадзе, — разгаварваемся з мясцовым жыхаром Сяргеем. — Мы ўжо з жонкай рыхтуемся да Новага года. Я люблю ў чыгунках рабрынкі запячы, сам раблю галёнку і шашлык. У мяне альтанка закрытая, там барбекю і мангал, а мяса на шашлык якраз тут і куплю.

Як распавяла прадавец крамы «Родны кут» Гомельскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства Вольга МАКАРАВА, нягледзячы на тое, што яны працуюць на вёсцы, дзе амаль ва ўсіх свае агароды, у людзей вельмі папулярная агародніна — цыбуля, бурак, бульба. Тое, што трэба на «селядзец пад футрам».

— У тым месяцы прадалі прадукцыі на 83 тысячы рублёў, гэта пры тым, што ў Бабовічах, акрамя нас, пяць крам. Працуем удваіх — з васьмі да васьмі, летам з васьмі да дзесяці. Мы ведаем сваіх пакупнікоў, хто што купляе. Да свят больш пойдзе, вядома, мясная прадукцыя, вэнджаніна, — кажа прадавец.

Звяртаю ўвагу, што ў гэтай краме, акрамя харчовых, ёсць і прамтавары. Калі хтосьці з жыхароў захоча купіць нешта буйнагабарытнае, ад крамы да дома дастаўка бясплатная.

Можна набыць гатовае

У фірмовай краме «Гомельскай птушкафабрыкі», што побач, якраз рыхтуюцца фасаваць навагоднія салодкія падарункі.

— Гэта працаўнікам нашай гаспадаркі да Новага года, і проста пакупнікі могуць набыць наборы, — кажа прадавец Таццяна Заяц.

У Бабовічах знаходзіцца вытворчае аддзяленне названага сельгаспрадпрыемства. Таму ў краме ў кошт зарплаты могуць набываць тавар работнікі гаспадаркі. Гэты гандлёвы пункт, пераконваюся, лідар па продажы яек: пойдуць ва ўсе салаты. Бяруць людзі каўбасу, галубцы. Прадавец звяртае ўвагу на кансервы сельгаспрадпрыемства — жалудачкі, сэрца, шыйкі, ялавічына, каша з курыцай... Калі нехта захоча адпачыць ад гатоўкі — самае то.

Каб трапіць у яшчэ адну краму, давялося дабірацца да найбліжэйшага пасёлка Дружба. Тут жывуць работнікі НПС «Гомель» прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба». Жыхарку пасёлка нафтавікоў Ірыну Рыгораўну перахопліваю каля прылаўка фірмовай крамы прадпрыемства «БабовічыАгра» ААТ «Гомельагракамплект».

— У горад нават няма патрэбы ехаць па штосьці, — кажа пакупніца. — Я раіла б купляць тут свініну. Раблю на Новы год мяса па-французску, таму трэба добрыя стэйкі. Мае ўнучкі заказваюць на Новы год абавязкова салат «Цэзар», раблю «Селядзец пад футрам», купляю шампанскае, фрукты. Лічу, што праблем з прадуктамі і з тым, што прыгатаваць, увогуле няма, рэцэпты бяру з інтэрнэту ці з сяброўкамі абменьваемся. Галоўнае — былі б грошы і здароўе. Думаю, на стол для сям’і, як у нас — мы з мужам, дзеці і тры ўнучачкі — рублёў 800 трэба.

Па прадукты едуць і з Гомеля

Канкурэнцыя паміж гандлёвымі пунктамі ў Бабовічах, сапраўды, высокая, таму, пэўна, і выбар багаты ў крамах. Бабовіцкі сельсавет, дзе восем населеных пунктаў, на першым месцы ў раёне па плошчы. Толькі ў аграгарадку жыве больш за 1600 жыхароў, у цэлым на тэрыторыі сельсавета больш за тры тысячы.

— Шмат у Бабовічах грамадзян сезоннага пражывання, бо на тэрыторыі сельсавета больш за 60 садаводчых таварыстваў. Па прадукты ў мясцовыя крамы прыходзяць, прыязджаюць і гараджане, якія на выхадныя едуць у вёскі да бацькоў. Шмат пакупнікоў і сярод працаўнікоў найбліжэйшых прадпрыемстваў, — дапамагае разабрацца ў сістэме вясковага гандлю часова выконваючы абавязкі старшыні Бабовіцкага сельвыканкама Леанід Цалка. — Не ўсюды на тэрыторыі сельсавета такі выбар крам, узнікаюць праблемы, але яны вырашаюцца. Для сельскіх населеных пунктаў, дзе няшмат жыхароў, адзіны спосаб забяспечыць людзей харчовымі таварамі — аўтакрама. Сёння звяртаем увагу, што, каб забяспечыць пакупніцкі попыт, неабходна павялічыць колькасць рэйсаў аўтакрам на тыдзень. З аддаленых вёсак па прадукты людзі прыязджаюць і ў самі Бабовічы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара


«У новы год — за добрым сталом»

У Скідзелі рыхтуюцца да свят з абодвух бакоў прылаўка

Усе мы добра ведаем: каб накрыць святочны стол, мала быць добрым кухарам, трэба яшчэ і прадукты адпаведныя набыць. Іх, як правіла, кожны шукае па сваім гусце. Многія імкнуцца прыкупіць інгрэдыенты для далікатэсных і экзатычных страў. Ці здольныя крамы ў невялікіх населеных пунктах задаволіць нашы патрэбы? Каб высветліць гэта, накіруемся ў горад Скідзель.

Дабрацца з Гродна да горада-спадарожніка нескладана. Можна выбраць маршрутку, дзе кошт білета складае амаль 4 рублі, альбо прыехаць цягніком усяго за 1 рубель 20 капеек. Выбар упаў на цягнік невыпадкова. Менавіта каля чыгуначнага вакзала знаходзіцца адна з крам сеткі Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Прычым гандлёвая кропка — адна ў наваколлі.

Раён не назавеш ажыўленым. У асноўным, жылы масіў з аўтобусным прыпынкам непадалёк ад крамы. Ну і сам чыгуначны вакзал побач. Па словах прадаўца Святланы, крама працуе даўно. Перабояў у пастаўках тавараў няма. Праўда, пакупнікоў сюды заходзіць няшмат, падчас майго наведвання завітала толькі адна жанчына. Па словах прадаўца, жыхары ходзяць па пакупкі ў аб’екты іншых гандлёвых сетак, якія размешчаны значна далей. Асартымент свайго магазіна Святлана называе «з ліку неабходных» — тое, што суправаджае кожнага ў штодзённым жыцці. З садавіны толькі яблыкі. Не ўразіла і разнастайнасць хлеба-булачных вырабаў — у наяўнасці іх пасля абеду толькі па адным відзе. 

А вось «хадавы» тавар прысутнічае ў шырокім спісе: малочныя, мясныя вырабы, каўбасы, крупы... Сюды можна зайсці, каб забяспечыць сябе ежай у звычайны дзень, але для святочнага стала, прама скажам, далёка не ўсё знойдзецца. Што ж, паспрабуем завітаць у іншую краму той жа гандлёвай сеткі.

Накіроўваемся ў аддаленую частку горада. Трэба сказаць, што Скідзель мае сваю адметнасць — ён размешчаны не кампактна, а раскіданы на вялікай адлегласці па абодвух баках трасы. Значная яго плошча знаходзіцца ў раёне найстарэйшага ў Беларусі цукровага камбіната. Яго будаўніцтва суправаджалася жыллёвай забудовай з поўнай інфраструктурай. Гэта быў свайго роду горад у горадзе. Ад чыгуначнага вакзала — некалькі кіламетраў. Напачатку быў намер выклікаць таксі, але дыспетчар прапанавала чакаць паўгадзіны. Пашанцавала з аўтобусам — і вось здалёк ужо бачны зялёны колер патрэбнай крамы.

Па словах загадчыцы Шчучынскага філіяла «Гроднааблспажыўтаварыства» Марты Кулеш, іх магазін адзіны на ўвесь раён. Таму тут заўсёды рух. Але ці адпавядае асартымент запытам мясцовых жыхароў, асабліва ў перыяд падрыхтоўкі да навагодніх свят.

— Кіраўніцтвам прадпрыемства вядзецца маніторынг асартыменту, таму недахопу ў прадукцыі няма, хоць падчас свят рух узрастае, — зазначае Марта Леанідаўна. — І мы не адстаём, заказы ідуць пастаянна, штодзень адгружаем машыны. Перад святам робім акцэнт на салодкія падарункі, шампанскага бяром значна больш, чым звычайна. Многія цяпер купляюць інгрэдыенты для салатаў: зялёны гарошак, кукурузу, алівы, сыры, маянэз. Тое, што ўваходзіць у склад традыцыйных святочных страў. Усё гэта закупляецца крыху раней, чым, напрыклад, вяндліна ці іншыя мясныя далікатэсы. Гэты тавар мы таксама заказваем больш звычайнага. Завозім розныя віды рыбы, а вось морапрадукты не карыстаюцца попытам, таму іх продаж не практыкуем.

Напярэдадні свят аб’ёмы паставак некаторых відаў прадукцыі павялічваюцца ў некалькі разоў. Аб папулярнасці крамы сведчыць і колькасць наведвальнікаў. Па словах загадчыцы, у дзень бывае да 400-450 чалавек, а ў перадсвяточныя дні яшчэ больш. У гандлёвай сетцы Скідзеля шырока практыкуюцца акцыі. Толькі ў гэтай сетцы ў горадзе працуе дысконтная картка зніжак для пенсіянераў, шматдзетных, інвалідаў. Месцічы шырока карыстаюцца такой магчымасцю. У іх ліку і пенсіянерка Яніна Іванаўна. Кажа, што ходзіць сюды пастаянна.

— Няма чаго скардзіцца — усё, што трэба, ёсць, можна закупіцца. Можа, для маладых чагосьці не хапае, але для нас усё ёсць. Прыгатую на свята катлеты, курыцу, свініну ў духоўцы запяку. Калі спатрэбіцца, паедзем з сынам у фірмовую краму сельгаспрадпрыемства за мяснымі вырабамі. Яна нядаўна адкрылася ў Скідзелі.

Наша падарожжа між тым працягваецца. Наступны адрас — крама па вуліцы Зялёнай. Гэта пераезд у трэцюю частку горада. Крама знаходзіцца каля ажыўленай трасы. Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракае снегавік з навагоднімі падарункамі. Прадавец Марына Занеўская з гатоўнасцю прадстаўляе асартымент прадукцыі.

— Канкурэнцыя, вядома, цяпер ёсць, у Скідзелі некалькі гандлёвых сетак. Але да нас многія прыходзяць менавіта па прадукцыю нашага Шчучынскага філіяла — гэта і каўбасы, і напіткі, і рыбны асартымент, скумбрыя мясцовага вэнджання, селядзец наш таксама, маянэз. Да яго, дарэчы, ужо ўся наша сям’я прызвычаілася, іншага не бяром. Ёсць і па 200, і па 400 грамаў. Ёсць свае яблыкі, гародніна. Што заказваем, усе заяўкі выконваюцца, — каменціруе Марына Міхайлаўна.

Да размовы далучаецца Павел, які бывае ў Скідзелі праездам і абавязкова заходзіць сюды. Кажа, што зручна для тых, хто едзе па мінскай трасе, ды і асартымент нядрэнны.

— Трэба закупіцца загадзя, — лічыць пакупнік Павел. — Бо ў новы год важна ўвайсці з добрым сталом. Калі стол бедны — гэта недапушчальна, думаю, у беларусаў такога няма. Ды і ў крамах ёсцьусё для багатага стала. Можна, вядома, і ў адным супермаркеце атаварыцца, але цяпер у нас паўсюдна ёсць фірмовыя крамы, дзе вялікі асартымент мясных паўфабрыкатаў, рыбы. Крамы Белспажыўсаюза таксама з багатым асартыментам. Мы сюды ходзім. Гэта ж «Родны кут». Тут яблыкі танныя, гародніна свая, беларуская. Для розных страў ёсць прадукты. Галоўнае — смачна іх прыгатаваць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


На прылаўках аўтакрамы…

Мандарыны, шампанскае, цукеркі

Ці магчыма сустрэць Новы год у аддаленай вёсцы так, каб на стале былі ўсе неабходныя атрыбуты свята? Ці карыстаюцца попытам у вясковых жыхароў ананасы і чырвоная рыба? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «Звязды» знайшла адказ у Віцебскім аблспажыўтаварыстве, завітаўшы разам з аўталаўкай у Віцебскі раён напярэдадні навагодніх свят.

Увага для кожнага

У склад Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства ўваходзяць сем філіялаў і сем унітарных прадпрыемстваў. 

У сістэме аблспажыўтаварыства функцыянуюць 685 гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 580 стацыянарных і 105 перасоўных, з іх 103 — аўтакрамы. 

У сельскай мясцовасці працуюць 70 працэнтаў ад агульнай колькасці стацыянарных аб’ектаў, 172 крамы размешчаны ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 200 чалавек.

Аўталаўкі абслугоўваюць 59,9 тысячы чалавек з 3518 населеных пунктаў паўночнага рэгіёна, з іх 208 — з колькасцю жыхароў адзін чалавек, 889 — ад двух да пяці, 819 — ад шасці да дзесяці чалавек. Выходзіць, што крэда аблспажыўтаварыства «Жыць клопатам вяскоўцаў» — не пусты гук, і сацыяльная арыентаванасць пераважае над эканамічнай выгадай.

Па графіку аўтакрамы дастаўляюць прадукты першай неабходнасці і іншыя тавары, якія можна заказаць жыхарам аддаленых населеных пунктаў як у гандлёвым аб’екце, так і ў кол-цэнтры. Пры напаўненні аўталавак прыярытэт аддаецца таварам айчыннай вытворчасці, удзельная вага іх у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту складае звыш 90 працэнтаў.

Напярэдадні Новага года і Раства ў стацыянарных і перасоўных аб’ектах гандлю актыўна ствараюцца неабходныя запасы харчовых і нехарчовых тавараў, каб у поўнай меры задаволіць пакупніцкі попыт, арганізоўваюцца кірмашы, дэгустацыі, рэкламныя зніжкі.

Каб пабачыць усё гэта на свае вочы, разам з вядучым таваразнаўцам УП «Полацкі рынак г. Віцебска» Юліяй Халейкай і вядучым таваразнаўцам Віцебскага аблспажыўтаварыства Юліяй Труфанавай на гандлёвым дыліжансе мы выпраўляемся ў Віцебскі раён.

Чаго жадае душа?

Асартымент аўталаўкі абмежаваны пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 19.11.2020 № 74 «Аб пераліку тавараў», дзе вызначаны пазіцыі першай неабходнасці для забеспячэння сельскага насельніцтва. Цана на тавары, якія прывозіць амаль да дому аўталаўка, не адрозніваецца ад цаны ў стацыянарных аб’ектах гандлю аблспажыўтаварыства.

У вёсцы Макарава краму на калёсах сустракаюць... усяго два чалавекі. Хоць па дакументах у гэтым населеным пункце аўталаўка абслугоўвае 35 чалавек. «Вось, бачыце, як бывае! Летам, вядома, пакупнікоў больш за спіс. На зіму дзеці забіраюць пажылых бацькоў у горад, а тым, хто застаўся, прывозяць прадукты блізкія. У зімні перыяд працаваць складана, але трэба», — каменціруе Юлія Халейка.

Вітрына з машыны невялікая, але выбар ёсць. Макаронныя вырабы некалькіх відаў, крупы, шмат розных прыпраў і спецый, каля дзесяці найменняў мясных вырабаў, сала, свініна, тварог, смятана, сыры. З рыбнага асартыменту: скумбрыя халоднага вэнджання, селядзец і імітацыя ікры. Што здзівіла асабіста мяне: аўталаўка прывезла жывых адборных карпаў па прыемнай цане — 7,79 рубля за кілаграм.

Глядзім на садавіну і агародніну: яблыкі беларускія — 2,21 (танней, чым у буйных гандлёвых сетках горада), капуста — 1 рубель за кілаграм, салодкая хурма — 6,85 рубля за кілаграм, клеменціны — 7,15 рубля за кілаграм. «А што наконт памідораў і агуркоў? Не сезон?» — пытаюся ў таваразнаўцы. «Справа ў тым, што цяпер сезон беларускіх памідораў скончыўся, закупачная цана на імпартную агародніну пачынаецца з дзевяці рублёў. Дадаць яшчэ мінімальную гандлёвую надбаўку — і цана для пакупнікоў атрымліваецца вельмі высокая. Такі тавар цяпер не ідзе, але па папярэднім запыце мы пад Новы год абавязкова прывязём і памідоры», — тлумачыць Юлія Халейка.

Вывучаем асартымент далей: чатыры віды чаю, кавы, па некалькі відаў шакаладных і карамельных цукерак, шакаладныя рулеты і бублікі. Ёсць і рыбныя кансервы, алей, мінеральная вада і салодкія газіраваныя напоі, табачныя вырабы і алкагольная прадукцыя.

Жыхарка Макарава Ірына Пятроўна разам з мужам закупляюцца на тыдзень — наступны раз аўталаўка прыедзе ў пятніцу. Таму некалькі булак хлеба, малако, тварог, каўбаса, цукеркі і рулецікі — далёка не ўсё, што змясцілася ў чатырох сумках сям’і. «А што з садавіны смачненькага прывезлі? Хоць мы і на пенсіі, а вітамінаў хочацца», — усміхаецца жанчына. «Клеменціны вельмі смачныя і хурма хрумсткая, не пашкадуеце», — падказвае прадавец Вольга Кузьміна і працягвае праз акенца рыжыя вітаміны. Заўважае жанчына на вітрыне і навагодні падарунак з цукерак па адэкватнай цане — 13,99. «Вазьму ўнуку, пад ёлку пастаўлю», — адзначае пакупніца.

Ірына Пятроўна разам з мужам акцэнтуюць увагу на тым, што работай крамы на калёсах яны задаволены: ёсць усё, што неабходна для жыцця, і нават больш. У ліку невялікай заўвагі адзначаюць тое, што разлічыцца карткай атрымліваецца не заўсёды, але гэта, як тлумачыць прадавец, залежыць ад сувязі, з якой у вёсцы ёсць праблемы. На развітанне пакупнікі просяць наступным разам прывезці вафельныя цукеркі «Аэрафлот» і, калі будзе магчымасць, слабасалёную чырвоную рыбу на святочны стол. А магчымасць будзе: чарговы заказ ужо запісаны прадаўцом у сшытак.

Пасігналіўшы на ўсякі выпадак яшчэ раз, гандлёвы дыліжанс накіроўваецца ў наступную вёску Мяклава, дзе яго ўжо чакаюць чатыры пастаянныя пакупніцы. На шляху ў засыпанае снегам Мяклава Юлія Халейка расказвае, што раней аўталаўка прывозіла некаторае адзенне, тазікі і вёдры, але гэта, па выніках маніторынгаў, не карысталася попытам. Тое самае і з больш шырокім пералікам малочнай і кандытарскай прадукцыі. «Справа ў тым, што за столькі гадоў работы мы ўжо вывучылі пакупніцкі попыт. Наша аўдыторыя — гэта пажылыя людзі, якія звыкліся з тымі ці іншымі прадуктамі і новае каштуюць неахвотна. Менавіта таму ў рыбным асартыменце абавязкова ёсць „Селядзец на перакус“, тваражкі „Савушкін“, цукеркі „Чарнаморачка“ і іншыя пазіцыі, якія штотыдня купляюць вяскоўцы», — расказвае вядучы таваразнавец.

Каля сваіх дамоў аўтакраму чакаюць жанчыны літаральна «залатога» ўзросту. Лідзіі Тарасаўне 93 гады, і як бы дзеці ні хацелі перавезці маці ў горад, яна не згаджаецца: пражыла ў сваім доме 80 гадоў. Зрок ужо падводзіць і здароўе не тое, але кожную пятніцу яна разам з аднавяскоўцамі сустракае аўталаўку. «Я ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай, пенсія ў мяне добрая, на ўсё хапае. Бяру сабе цукеркі, пернікі, сардэлькі, вельмі люблю ёгурты. Дзякуй вам, што не забываеце аб нас, старых, нават зімой, дзякуй і Прэзідэнту за тое, што ў нас ёсць свежы хлеб», — звяртаецца да кіраўніцтва жанчына. З ёй згаджаецца і 82-гадовая Тамара Уладзіміраўна. Наконт навагодняга стала жанчыны не перажываюць: усё зробяць дзеці, а вясковыя пакупніцы прыходзяць да аўтакрама па малако і хлеб, і каб пагаманіць.

«У апошні тыдзень перад Новым годам плануеце пашырыць асартымент тавараў?» — пытаюся ў таваразнаўцы. «Канешне, на вітрыне ўжо з’явілася некалькі відаў падарункаў з цукерак, у рыбную лінейку дададзім яшчэ ікры і слабасалёнай рыбы, пашырым асартымент ігрыстых напояў. Мандарыны і хурма ўжо знаходзяцца ў пастаянным спісе тавараў. Калі трэба, па папярэдняй замове даставім вінаград, бананы і ананасы», — адзначае Юлія Уладзіміраўна. Акрамя гэтага, у пакупнікоў, асабліва напярэдадні свята, карыстаецца попытам прадукцыя ўласнай вытворчасці ўнітарнага прадпрыемства: квашаная капуста, каўбаскі, галубцы, руляды.

Пра людзей і трактар

Ва ўнітарным прадпрыемстве «Полацкі рынак г. Віцебска» некалькі сельсаветаў Віцебскага раёна абслугоўваюць дзве аўтакрамы, гэта каля 30 населеных пунктаў з 821 жыхаром. І амаль усе яны — людзі пастаянныя і добравядомыя экіпажам крам на калёсах. Жанчыны-прадаўцы заўсёды на сувязі з насельніцтвам, прымаюць замовы не толькі ўжывую, але і па тэлефоне.

Аўталаўка прывозіць вяскоўцам нават камбікорм для жывёлы.

За дзень перасоўны гандлёвы аб’ект намотвае сотні кіламетраў па часам непраязных дарогах, а зімой вядомыя маршруты ўскладняюцца снегападамі. Кіроўцы знаходзяцца на пастаяннай сувязі са старшынямі сельскіх Саветаў, каб трактар дапамог выцягнуць машыну са снегу. Пасля моцнай завірухі бывала і такое, што трактар цэлы дзень ездзіў разам з аўтакрамай. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці гэтай галіны гандлю, работнікі аблспажыўтаварыства ставяцца з клопатам і ўвагай да кожнага жыхара населенага пункта, які абслугоўваюць. Часта крама на калёсах спыняецца каля хаты, дзе жывуць зусім старыя людзі, і сігналіць. А калі прадавец ведае, што падапечны захварэў, а яму ўсё роўна патрэбны прадукты, нясе сумкі да пакупніка сам. І гэтая чалавечая чуласць, на мой погляд, з’яўляецца адным з нямногіх фактараў таго, што глухія вёскі яшчэ жывуць.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.