Вы тут

Ці ўдасца польскаму ўраду пераадолець унутраныя супярэчнасці?


Учора Дональд Туск быў прыведзены да прысягі ў якасці прэм’ер-міністра Польшчы. Цырымонія прайшла ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве, паведаміла Assocіated Press. Члены новага кабміна таксама прынялі прысягу. За вотум даверу ўраду Дональда Туска прагаласавала ўся парламенцкая большасць, паведаміла выданне RMF24. Такое рашэнне было чаканае. Аб выніках афіцыйна абвясціў пасля галасавання маршалак сейма Шымон Галаўня. Цырыманіяльныя дзеянні завяршылі змену ўлады ў Польшчы. Цяпер партыя «Права і справядлівасць» (ПіС), якая кіравала краінай восем гадоў, канчаткова перамясцілася ў апазіцыю. Праўда, як адзначаюць аналітыкі, кааліцыйны ўрад, у якім прадстаўлены розныя палітычныя сілы, выглядае не надта пераканаўча. Ці ўдасца польскаму кабміну пераадолець унутраныя супярэчнасці?


З жыцця «мухі»

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, цесна звязаны з ПіС, недвухсэнсоўна дае зразумець, што зручным партнёрам для будучага ўрада ён быць не збіраецца. Дуда ўжо гэта даказаў, прызначыўшы прэм’ерам Матэвуша Маравецкага. Прэзідэнт матываваў гэтае рашэнне першым месцам ПіС на выбарах, хоць выдатна разумеў, што шанцаў прайсці сцвярджэнне сеймам у яго стаўленіка практычна няма. Але гэтае рашэнне адтэрмінавала фарміраванне кабінета апазіцыйнай кааліцыяй.

Напярэдадні Дуда даў інтэрв’ю часопісу «Сеткі», дзе ён патлумачыў, чаму даручыў Маравецкаму місію фарміравання ўрада: «Я хацеў убачыць агульную і адзіную праграму, пачуць як мага больш канкрэтыкі, але гэтага не хапала». 

«Туск не будзе маім прэм’ерміністрам!» — у выніку эмацыянальна заявіў Дуда.

Былы прэм’ер Польшчы Лешэк Мілер параўнаў працягласць работы новага ўрада на чале з Маравецкім з жыццём мухі. Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы. «Хатняя муха жыве ў сярэднім 28 дзён. Лічынкавай стадыі яна дасягае на працягу 14 дзён. Яшчэ праз некалькі дзён яна становіцца кукалкай, а затым дарослай асобінай і адкладае яйкі. Урад Маравецкага не паспее нават акукліцца, не кажучы ўжо аб адкладанні яек», — напісаў Лешэк Мілер. Прэс-сакратар польскай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Ян Грабец у той жа час параўнаў кабмін з цыркавой трупай, якая толькі «малюе з сябе ўрад». Паводле яго слоў, ні ў кога з сур’ёзных палітыкаў «няма жадання выступаць у гэтай цыркавой трупе». Не дзіўна, што польскі сейм вынес вотум недаверу ўраду Маравецкага і даручыў фарміраваць кабмін Туску. Да «мухі» справа і насамрэч не дайшла.

Скандальная група

Аднак гэты крок быў не адзінай перашкодай на шляху апазіцыі да ўлады. Яшчэ адзін удар нанесла створаная пры сейме ў жніўні спецкамісія па «расследаванні расійскага ўплыву». У яе задачы ўваходзіць аналіз афіцыйных дакументаў, выпадкаў перадачы інфармацыі трэцім асобам, а таксама прыняцця «шкодных рашэнняў» з 2007-га да 2022-га года. Апазіцыя, якая заваявала большасць у парламенце, ужо вырашыла распусціць скандальную групу, якая выклікала падазрэнні ў парушэнні заканадаўства ў Еўракамісіі і Венецыянскай камісіі ў сувязі з магчымым злоўжываннем з боку ўлад.

Спецкамісію ў Польшчы ахрысцілі «lex Tusk», што можна ўмоўна перавесці як «правасуддзе для Туска». Гэта значыць, структура была першапачаткова палітычна матываваная і спецыяльна накіраваная супраць лідара апазіцыі.

Тым не менш у апошні дзень сваёй работы, 29 лістапада, спецкамісія прадставіла справаздачу, у якой рэкамендавала забараніць Дональду Туску займаць дзяржаўныя пасады. Такая ж рэкамендацыя была дадзена ў дачыненні да былых міністраў Яцэка Ціхоцкага, Багдана Кліха, Томаша Семаняка і Барталамея Сянкевіча. Усе яны былі абвінавачаныя ў сувязях з Расіяй ці, горш за тое, з ФСБ, а таму былі названыя «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Зрэшты, саветнік Анджэя Дуды Лукаш Жапецкі заўважыў, што спецкамісія «мела права на меркаванне», аднак насіла яно рэкамендацыйны характар. Як адзначаюць заходнія СМІ, скарыстайся прэзідэнт такой падставай, гэта прывяло б да канстытуцыйнага крызісу, не кажучы ўжо аб непрадказальных наступствах і жорсткай рэакцыі партнёраў па ЕС.

Вогнетушыцель у парламенце

Кур’ёзны выпадак у духу ПіС адбыўся ў польскім парламенце на стадыі зацвярджэння ўрада Туска. Прапанавалася адкласці абмеркаванне пасля інцыдэнту, падчас якога дэпутат ад ультраправай партыі «Канфедэрацыя свабоды і незалежнасці» Гжэгаж Браўн патушыў з вогнетушыцеля выстаўленыя ў будынку ханукальныя свечкі. «Фракцыя партыі „Права і справядлівасць“ жадае спынення дыскусій па праграме Дональда Туска да заўтра. Мы не можам працаваць у такой атмасферы», — прыводзіць Польскае радыё словы дэпутата ад гэтай партыі Пшэмыслава Чарнека. Але справа ўсё ж была даведзена да завяршэння.

Упершыню ў гісторыі Польшчы кабінет міністраў сфарміравала большасць, якая складаецца адразу з чатырох партый, прычым зусім не блізкіх ідэалагічна: умоўна ліберальнай «Грамадзянскай платформы», левых з «Левіцы», Польскай сялянскай партыі і кансерватыўнай «Польшчы 2050» (усе апошнія партыі складалі на выбарах блок «Трэці шлях»). Вастрасловы ўжо ахрысцілі новы кабмін «латкавым урадам», называюць гэты сплаў маладосці і досведу, правых і левых, радыкалаў і прыхільнікаў паступовых змен выбухной сумессю, якая рана ці позна прывядзе да распаду кааліцыі і датэрміновых выбараў. Другія лічаць, што як мінімум да намечаных на 2025 год прэзідэнцкіх выбараў кааліцыянты будуць асуджаныя на адзінства, паведаміла «Бі-бі-сі». Сам Дональд Туск, прадстаўляючы свой урад, пераконваў, што нягледзячы на палітычную разнамаснасць, яго каманда стане ўзорам салідарнасці, лаяльнасці і адказнасці.

У склад кабінета міністраў увайшоў, у прыватнасці, Радаслаў Сікорскі (кіраўнік МЗС). Пасаду першага намесніка старшыні ўрада і міністра абароны заняў лідар Польскай народнай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Міністэрства юстыцыі ўзначаліць Адам Баднар, які актыўна змагаўся супраць судовай рэформы папярэдняга ўрада.

Разбурэнне і растрата

Прэм’ер-міністр Польшчы ў сваім выступленні ў парламенце распавёў аб зменах, якія плануе ўнесці ва ўнутраную і знешнюю палітыку краіны, паведаміла агенцтва EFE. Падчас выступлення ў польскім парламенце Туск заклікаў да «дэмакратычнага абнаўлення ўсіх дзяржаўных інстытутаў». Ён таксама паабяцаў «неадкладна пачаць работу» для «радыкальнага паляпшэння становішча ўсіх жанчын у Польшчы» і падкрэсліў імкненне «вярнуць законнае месца» Польшчы ў Еўропе. Прэм’ер Польшчы аб’явіў аб намеры дабіцца павышэння зарплат настаўнікаў і прафесараў на 30 працэнтаў, увесці закон аб рэгуляванні аднаполых шлюбаў і стварыць камісіі, якія зоймуцца расследаваннем дзейнасці папярэдняга ўрада.

Раней Дональд Туск абвінаваціў былую кіруючую партыю Польшчы «Права і справядлівасць» у разбурэнні дзяржавы і ў растраце грашовых сродкаў. Пра гэта паведамляе агенцтва РАР. «ПіС вырашыла выкарыстоўваць апошнія тыдні для разбурэння, зносу польскай дзяржавы, для размеркавання грошай поўнымі прыгаршчамі сярод сваіх», — цытуе палітыка агенцтва.

Паводле ацэнак прадстаўнікоў экспертнай супольнасці і медыярэсурсаў, прыход да ўлады ў Польшчы новага ўрада будзе спалучаны з татальнымі праверкамі і рэвізіямі ў кампаніях і арганізацыях з доляй дзяржуласнасці. Гэта, верагодна, прывядзе да масавых звальненняў і кадравых «чыстак» кіраўнікоў, прызначаных па пратэкцыі партыі «Права і справядлівасць», паведаміў тэлеканал АНТ. Аналітыкі, спасылаючыся на прадстаўнікоў апазіцыйных сіл, прагназуюць, што ў першую чаргу дбайным праверкам падвергнуцца дзяржаўны энергетычны канцэрн Orlen, «Пошта Польшчы», тэлеканал TVP, а таксама кампанія «Цэнтральны камунікацыйны порт». «Усе члены наглядальных і кіраўнікоў саветаў дзяржаўных кампаній будуць звольненыя. Мы правядзём новы набор на празрыстых умовах, а вырашальным фактарам будзе кампетэнтнасць, а не сямейныя ці партыйныя сувязі», — заявіў адзін з лідараў «Грамадзянскай платформы» новы міністр дзяржмаёмасці Барыс Будка.

Урад Туска сапраўды зусім не асуджаны на поспех, заўважаюць эксперты. Першае месца на нядаўніх парламенцкіх выбарах заняла менавіта «Права і справядлівасць», якую працягваюць падтрымліваць каля трэці палякаў. Прэзідэнтам краіны застаецца прадстаўнік гэтай партыі Анджэй Дуда, які наўрад ці будзе садзейнічаць новаму ўраду ў яго пачынаннях. Таму мясцовыя назіральнікі ўжо цяпер канстатуюць, што галоўным выклікам для Дональда Туска на пасадзе будзе пераадоленне глыбокага расколу ў польскім грамадстве, заканчэнне «польска-польскай вайны».

Зрабіць гэта будзе вельмі няпроста. Па-першае, таму што прыцягненне прадстаўнікоў мінулай улады да адказу было адным з найгалоўных перадвыбарных абяцанняў новай улады, і ўжо цяпер зразумела, што папярэднікі будуць казаць аб палітычных пераследах і апеляваць да сваіх прыхільнікаў. Па-другое, стабілізацыі грамадскіх настрояў не садзейнічае і тое, што з парламенцкімі выбарамі Польшча ўвайшла ў перыяд палітычнай турбулентнасці: увесну наступнага года яе чакаюць мясцовыя выбары, улетку — выбары ў Еўрапарламент, а ў 2025 годзе палякі будуць абіраць новага прэзідэнта. Гэта значыць, што палітычная палярызацыя ў краіне непазбежна будзе ўзрастаць і сутычка паміж дзвюма галоўнымі дзейнымі асобамі польскай палітыкі — Дональдам Тускам і Яраславам Качыньскім — будзе працягвацца.

Адбыўся раскол

У польскім грамадстве адбыўся сур’ёзны ідэалагічны раскол. Мясцовыя жыхары ў асноўнай масе больш не жадаюць заставацца заложнікамі непрадказальнай палітыкі. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў галоўны рэдактар польскага партала «Страйк» Мачэй Вішнеўскі. Ён перакананы, што хісткае становішча парламента будзе вельмі цяжка выправіць. «Раскол у польскім грамадстве — гэта факт. Я думаю, што прорва паміж тымі, хто галасаваў за Качыньскага, і тымі, хто аддаў свае галасы Туску, настолькі вялікая, што гэты разрыў не ўдасца пераадолець у бліжэйшы час. Я думаю, што для гэтага спатрэбіцца як мінімум некалькі гадоў. Ствараць нармальную цывілізаваную дзяржаву ў такіх умовах будзе вельмі цяжка», — адзначыў Мачэй Вішнеўскі.

Польшча раскалолася на больш ліберальныя заходнюю і цэнтральную часткі і ўсходнюю, якая прытрымліваецца кансерватыўных каштоўнасцяў, заўважыў на YouTube-канале БелТА старшыня таварыства «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. «У гэтым плане ўсходняя частка Польшчы блізкая па ўнутранай палітыцы да той ідэалагічнай лініі, якая праводзіцца ў Беларусі і Расіі. І гэта ўяўляе вялікія праблемы для польскага грамадства. Як і антырэкордныя лічбы па інфляцыі і беспрацоўі з 1993 года, гэта значыць з моманту шокавай тэрапіі», — падкрэсліў Вадзім Гігін.

Польскае грамадства галасавала не за Дональда Туска, а супраць Яраслава Качыньскага і партыі «Права і справядлівасць». «Качыньскі надакучыў польскаму грамадству. Ён абсалютны рэкардсмен па антырэйтынгах у польскім грамадстве. Большасць палякаў яго проста ненавідзіць, таму яны галасавалі супраць яго. І гэта сведчыць пра вельмі глыбокіх, доўгатэрміновых працэсах у польскім грамадстве, — перакананы эксперт. — І дай бог, каб польскае грамадства праз многія гады прыйшло да ўсведамлення свайго сапраўднага месца ў Еўропе і свеце».

Даслоўна

У стане беларускіх збеглых у Польшчы фіксуюцца паўпанічныя настроі, якія звязаны з фарміраваннем новага польскага ўрада. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль. Старшыня КДБ зазначыў: як будуць развівацца адносіны Беларусі і Польшчы пасля фарміравання новага польскага ўрада, сказаць складана. Тым не менш, дадаў ён, у стане беларускіх збеглых фіксуюцца сур’ёзныя паўпанічныя настроі. «Яны былі вельмі сур’ёзна звязаны з палітычнай сілай, якая адышла ў мінулае. Там былі сур’ёзныя фінансавыя злоўжыванні. Цяпер ідзе спроба знайсці людзей, якія маглі б паўплываць на пазіцыю новых польскіх улад. Для збеглых самае страшнае — устанаўленне нармальных адносін паміж нашымі дзяржавамі. Гэта самае балючае для іх», — падкрэсліў Іван Тэртэль.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.