Вы тут

Патройныя поспехі біятлона


У традыцыйным аглядзе «Звязды» — важныя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на чацвёртым этапе Кубка Расіі па біятлоне, які прайшоў у Іжэўску. У індывідуальнай мужчынскай гонцы на 20 км найлепшым стаў беларус Дзмітрый Лазоўскі, які на чатырох агнявых рубяжах дапусціў усяго адзін промах. Таксама Дзмітрый фінішыраваў другім у мас-старце на 15 км. У мужчынскай спрынтарскай гонцы сенсацыйную перамогу атрымаў яшчэ адзін беларускі біятланіст Іван Тулацін. У няпростых умовах надвор’я ён здолеў прайсці абодва агнявыя рубяжы без промахаў.

Перамогі тыдня. Беларускія лёгкаатлеты заваявалі два залатыя медалі на міжнародным турніры ў Чалябінску. У спаборніцтвах па скачках у вышыню сярод жанчын лепшай была беларуска Карына Дзямідзік, якая паказала вынік 1 м 92 см. У мужчынскім турніры па скачках з шастом першае месца заняў прадстаўнік Беларусі Мацвей Волкаў, які пераадолеў планку на вышыні 5 м 81 см.

Перспектывы тыдня. Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка наведаў Арменію. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе НАК. Ён прыбыў у Ерэван па запрашэнні свайго калегі, кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта Арменіі Гагіка Царукяна. Бакі правялі перагаворы па пашырэнні супрацоўніцтва і адзначылі, што гатовы да ўмацавання кантактаў паміж алімпійскімі камітэтамі і абмену досведам паміж камандамі па відах спорту. У прыватнасці, Беларусь і Арменія гатовы працягваць практыку сумесных збораў на тэрыторыі дзвюх краін. За ўклад у развіццё і падтрымку алімпійскіх каштоўнасцяў і ў знак удзячнасці Гагік Царукян узнагародзіў Віктара Лукашэнку ордэнам НАК Арменіі.

Турнір тыдня. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» завяршыўся чэмпіянат Беларусі па боксе сярод мужчын і жанчын. Чэмпіёнамі краіны 2024 года сталі мінчане Вадзім Воўчак (да 63,5 кг), Данііл Цытко (да 67 кг), Аляксей Кокцікаў (да 80 кг) і Кірыл Грышчанка (звыш 92 кг); спартсмены з Гомельскай вобласці Максім Панькоў (да 57 кг), Кірыл Самадураў (да 75 кг) і Уладзіслаў Смяглікаў (да 92 кг); прадстаўнікі Магілёўскай вобласці Артур Туніеў (да 63 кг) і Аляксандр Радзіёнаў (да 71 кг), а таксама баксёры з Гродзенскай вобласці Дзяніс Салоцкіх (да 54 кг) і Андрэй Масалаў (да 86 кг). У жанчын чэмпіёнкамі краіны сталі прадстаўніца Віцебскай вобласці Мілана Фаміна (48 кг), спартсменкі з Гомельскай вобласці Ірына Вінаградава (52 кг), Юлія Апанасовіч (54 кг), Валерыя Стрыжак (63 кг), Вікторыя Кебікава (81 кг). Сярод чэмпіёнак і мінчанкі: Яна Бурым (50 кг), Ала Івашкевіч (57 кг), Дар’я Ляцко (66 кг), Арына Данільчык (70 кг), Аліна Вебер (75 кг) і Кацярына Акула (звыш 81 кг). Прадстаўніца Гродзенскага рэгіёна Марына Мулярчык стала чэмпіёнкай у катэгорыі 57 кг.

Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе абыграла каманду Ірана ў другім спарынгу. У іранскім Бэндэр-Абас падапечныя Нікаласа Альварада выйгралі з вынікам 4:3. У складзе пераможцаў вызначыліся Міхаіл Аўгустаў, Ігар Брышталь, Алег Гапон і Ягор Гарадзецкі. У першай гульні гаспадары перамаглі беларусаў з такім жа лікам — 4:3. У беларусаў мячы забілі Алег Гапон, Юрый Пятроўскі і Ігар Брышталь. Абедзве каманды рыхтуюцца да фінальнага турніру ХІІ чэмпіянату свету па пляжным футболе, які пройдзе з 15 па 25 лютага ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. На першым этапе зборная Беларусі выступіць у групе С разам з камандамі Японіі, Калумбіі і Сенегала. Сапернікамі Ірана ў квартэце В будуць зборныя Іспаніі, Аргенціны і Таіці.

Медалі тыдня. У горадзе Арле праходзіць першынство Расіі па фехтаванні сярод юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў з удзелам юнацкай каманды Беларусі. У індывідуальным турніры па фехтаванні на шаблях беларус Сцяпан Стралкоўскі аказаўся наймацнейшым. Бронзавы медаль заваяваў яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі Уладзіслаў Коваль. У асабістым турніры дзяўчат беларуска Уладзіслава Сідзельнікава стала ўладальніцай сярэбранага медаля.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.