Вы тут

На новы год і адпачыць, і палячыцца. Колькі каштуе свята ў санаторыі?


Сустрэча Новага года ў беларускім санаторыі абыдзецца ў сярэднім у 115 рублёў за пражыванне (за суткі ў стандартным двухмесным нумары) і 225 рублёў за святочны банкет. Пры гэтым вольных месцаў у беларускіх здраўніцах на навагодні перыяд не засталося.


Ажыятажны попыт

Як адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, беларускія санаторыі карыстаюцца ажыятажным попытам на сёлетні Новы год. Браніраванне пачалося задоўга, і здраўніцы будуць запоўнены цалкам. Навагоднія заезды пачынаюцца з 24 снежня і будуць доўжыцца да 10 студзеня.

У святочны перыяд адпачывальнікам прапануюць увесь спектр паслуг па пражыванні, харчаванні, адпачынку і лячэнні.

— Будзе наладжаны бесперапынны лячэбны працэс, бо 93% пуцёвак прададзена з курсам лячэння, — адзначае Генадзь Балбатоўскі.

Акрамя таго, усім ахвотным будуць традыцыйна прапанаваны забаўляльныя і экскурсійныя праграмы па ўсіх выдатных мясцінах Беларусі.

Мяркуецца, што ў святочныя даты ў беларускіх здраўніцах адпачне 24 тысячы чалавек, сярод іх каля 45% (11-12 тысяч) замежнікаў. Пераважная іх большасць (95%) — расіяне.

— Па выніках мінулага года грамадзяне Расіі складалі 95% замежнікаў, якія адпачывалі ў нашых санаторыях. Пры гэтым геаграфія наведвальнікаў перавысіла 60 краін. Ва ўмовах пэўнай рыторыкі заходніх краін значнага прытоку гасцей з гэтых краін чакаць не даводзіцца. Аднак штодзень у нашых здраўніцах адпачывае не менш за 100 гасцей з краін Балтыі. На Новы год іх будзе некалькі соцень, — прывёў лічбы Генадзь Балбатоўскі.

Як вядома, беларусы могуць адпачыць у айчынных санаторыях і за межамі Беларусі. Найперш гэта здраўніцы ў Туапсэ, Сочы і Місхоры. Цягам года яны стабільна карысталіся попытам і на Новы год таксама запоўнены амаль на 100%.

Беларускі санаторый у літоўскім Друскінінкаі працуе ў штатным рэжыме. Сёлета ў ім па льготных пуцёўках адпачыла больш за 840 беларусаў — як дзяцей, так і дарослых. Праўда, толькі тыя, хто меў візы. Новых урад Літвы не выдае нават дзецям-інвалідам.

93 рублі за суткі

У цэлым сістэма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення сёлета спрацавала паспяхова. Менавіта 2023 год прэтэндуе на некалькі рэкордаў. У прыватнасці, па колькасці адпачывальнікаў. За год лячэнне і аздараўленне ў санаторыях прайшло 1,5 мільёна чалавек.

Выручка ад паслуг у параўнанні з мінулым годам па папярэдніх падліках вырасла на 25–30%. За год яна складзе каля 1,5 мільярда рублёў. Колькасць замежных грамадзян вырасла за гэты год на 15–20%, экспарт паслуг павялічыўся на 25–30% і ў лічбах складае каля 300 мільёнаў рублёў.

Рэкорднымі стануць і ўкладанні саміх здраўніц у развіццё лячэбнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы. За 9 месяцаў гэта лічба ўжо перавысіла 109 мільёнаў рублёў, што ў два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Дарэчы, летась за год гэтыя выдаткі склалі 98 мільёнаў.

Цэны на пражыванне за год павялічыліся ў межах 5-7%. Калі летась сярэдняя цана на месца ў двухмесным стандартным нумары складала 86 рублёў за суткі, то сёлета — 93 рублі. Дарэчы, зімой цэны крыху ніжэйшыя (у сярэднім 98 рублёў), чым летам (каля 100 рублёў). Цана навагодняга банкета сёлета — каля 225 рублёў, летась за яго плацілі ў сярэднім 200.

Найбольшы попыт на лагеры — у сталіцы

Каля 66 тысяч школьнікаў пройдуць аздараўленне падчас зімовых канікул — з 24 снежня да 7 студзеня. У гэты час будуць працаваць як дзённыя школьныя, так і кругласутачныя лагеры. Рэжым работы дзённых лагераў — не менш за 6 дзён, кругласутачных — не менш за 9 дзён.

На фінансаванне іх работы з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана каля 2 мільёнаў рублёў. Найбольшы попыт — у сталіцы. Каля 12 тысяч юных мінчан выказалі пажаданні прайсці аздараўленне. Амаль столькі ж ахвотных у Віцебскай і Мінскай абласцях — каля 10 тысяч дзяцей у кожным з рэгіёнаў. Як паабяцаў Генадзь Балбатоўскі, заяўкі ўсіх ахвотных будуць задаволены.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.