Вы тут

У нагу з часам


Нягледзячы на тое, што радыёэлектронная барацьба лічыцца даволі маладым кірункам у ваеннай справе, без яе немагчыма ўявіць любы сучасны ўзброены канфлікт. Вопыт цяперашніх войнаў паказвае: сродкі радыёэлектроннай барацьбы здольныя не толькі пазбавіць праціўніка сувязі і ажыццяўлення разведкі, але і ўплываць на работу высокадакладнай зброі. Адукаваныя і тэхнічна падрыхтаваныя спецыялісты РЭБ з лёгкасцю вызначаюць і падаўляюць радыёперашкоду, а таксама ствараюць яе, каб дэзарыентаваць ворага. Невыпадкова іх называюць інтэлектам беларускай арміі. Іншыя клічуць снайперамі эфіру.

Пра тых, для каго эфір — поле бою, а электрамагнітнае выпраменьванне — зброя, расказаў начальнік штаба — намеснік начальніка ўпраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Аляксандр Нагавіцын. Як развіваюцца войскі РЭБ, якая тэхніка трапляе на ўзбраенне і ці ўлічваецца пры падрыхтоўцы ваеннаслужачых вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне — у нашай гутарцы.


— Аляксандр Усеваладавіч, з якімі вынікамі войскі радыёэлектроннай барацьбы завяршаюць год?

— 2022 — 2023 навучальны год, як заўсёды, для нас быў насычаны на мерапрыемствы і падзеі. У рамках узмацнення Дзяржаўнай граніцы мы працягвалі выконваць задачы па прызначэнні, у тым ліку па прыкрыцці нашых паўднёвых межаў. Акрамя таго, узмоцнена займаліся баявой падрыхтоўкай. Мінулы год ва Узброеных Сілах прайшоў пад назвай баявой мабілізацыйнай гатоўнасці, таму вельмі шмат адпаведных мерапрыемстваў было праведзена. Падводзячы вынік, магу сказаць, што ўзровень нашай баявой мабілізацыйнай гатоўнасці павысіўся. Гэта датычыцца ўсіх воінскіх часцей і органаў кіравання. Акрамя таго, прынялі на ўзбраенне шэраг новых узораў тэхнікі РЭБ, якая ўжо паспяхова эксплуатуецца ў воінскіх часцях і выконвае задачы па прызначэнні. Пашырыліся задачы і магчымасці па вядзенні радыёэлектроннай барацьбы. Сёлета створана група па супрацьдзеянні беспілотным лятальным апаратам. Пастаўляюцца навейшыя ўзоры тэхнікі радыёэлектроннай барацьбы, праводзяцца выпрабаванні, ажыццяўляюцца новыя распрацоўкі. У цэлым, навучальны год быў станоўчым. У рамках баявой і аператыўнай падрыхтоўкі ўсе воінскія часці выканалі задачы на «добра» і «выдатна», паказалі высокі ўзровень баявой падрыхтоўкі, зладжанасці, вывучкі, у тым ліку палявой. Пры гэтым палявая вывучка ў нас у прыярытэце. Як паказвае практыка, без яе нікуды. Хацелася б адзначыць і ролю штабоў, кіруючага саставу ва ўзаемадзеянні з асабовым складам. Правяраючы органы кіравання аператыўных аб’яднанняў, мы пераканаліся ў тым, што афіцэры разумеюць ролю і значнасць радыёэлектроннай барацьбы, эфектыўна прымяняюць падпарадкаваныя ім сілы і сродкі ў шматлікіх умовах абстаноўкі.

— Чым абумоўлена рашэнне аб стварэнні падраздзялення для барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі?

— Мы бачым, што ў апошнія гады набірае абароты прымяненне беспілотных лятальных апаратаў. Прычым усюды. Не толькі ў мірным жыцці, а і ў ваенных падзеях, у тым ліку на Украіне. Гэтаму пацвярджэнне — і палесціна-ізраільскі канфлікт. Беспілотнікі выкарыстоўваюцца як сродак вядзення разведкі, мініравання, агнявога паражэння. Для таго каб эфектыўна супрацьдзейнічаць гэтаму, была створана група для барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Мы пастаянна апрабоўваем новыя ўзоры тэхнікі для барацьбы з імі, выпрацоўваем алгарытмы, як правільна выкарыстоўваць гэтую тэхніку, вучым дзейнічаць салдат у баі ва ўмовах прымянення беспілотных лятальных апаратаў.

— Якія прыярытэты вызначаны на новы навучальны год, які ва Узброеных Сілах ужо пачаўся?

— Радыёэлектронная барацьба — гэта адносна малады від стратэгічнага аператыўнага і баявога забеспячэння войскаў. Але, як паказвае практыка, з кожным годам важнасць РЭБ становіцца ўсё больш істотнай. Узровень развіцця тэхнікі радыёэлектроннай барацьбы пастаянна павышаецца. Калі мы не будзем крочыць у нагу з часам, не зможам якасна выконваць пастаўленыя задачы. І тут красамоўны прыклад мабільнага тэлефона. Мадэль, якая сучасная і модная сёння, праз год ужо састарыцца, і ў чалавека ўзнікне жаданне набыць сабе новы тэлефон. Тое самае і з тэхнікай РЭБ. Калі ўчора яна была актуальная, то сёння і заўтра яе трэба мадэрнізаваць і паляпшаць. Таму мы пастаянна адсочваем тэндэнцыі: гэта датычыцца як высокадакладнай зброі, сродкаў сувязі, сістэм кіравання, так і ў цэлым формаў і спосабаў вядзення баявых дзеянняў. Асаблівая ўвага па-ранейшаму накіравана на падрыхтоўку асабовага саставу. Усё пачынаецца з кадраў. Калі не будзе падрыхтаванага спецыяліста радыёэлектроннай барацьбы, то аб радыёэлектроннай барацьбе можна нават не казаць. І, нарэшце, навука. Гэта база, якая кладзецца ў сістэму падрыхтоўкі і сістэму развіцця тэхнікі для таго, каб яна эфектыўна прымянялася. Гэта тры кіты развіцця войскаў РЭБ, якія павінны працаваць як адзінае цэлае. Тэхніка — пастаянна развівацца, людзі — праводзіць падрыхоўку, навука — адсочваць тэндэнцыі, формы і спосабы вядзення сучасных войнаў і даваць рэкамендацыі, у тым ліку пры падрыхтоўцы асабовага складу і пры распрацоўцы новай тэхнікі.

— Спецыялісты радыёэлектроннай барацьбы на вагу золата. Ці застаюцца яны ў арміі пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы?

— У нашых падраздзяленнях павышаецца працэнт укамплектаванасці кантрактнікамі. Салдат тэрміновай службы становіцца менш, бо вялікая колькасць жадаючых служыць па кантракце. Пастаянна праводзіцца конкурс. Адбіраем толькі найлепшых. Акрамя таго, на працягу апошніх двух гадоў у Ваенную акадэмію на спецыяльнасць «радыёэлектронная барацьба» паступаюць нават дзяўчаты. А сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю ў навучальную ўстанову на нашу спецыяльнасць паступіла сямейная пара.

— Якія навінкі ў апошні час сталі на ўзбраенне войскаў РЭБ?

— Пры аснашчэнні нашых падраздзяленняў у першую чаргу ўлічваюцца асноўныя тэндэнцыі ў развіцці тэхнікі. Цяпер вельмі актуальна супрацьдзеянне высокадакладнай зброі. Дзякуючы нашым сродкам РЭБ боепрыпасы пераўтвараюцца ў звычайныя снарады, якія ляцяць з вельмі высокай памылкай і не трапляюць у цэль. Пры ўздзеянні сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ўхіленне ад цэлі складае сотні метраў, а часам і кіламетры. Так высокадакладныя боепрыпасы, якія каштуюць вялікіх грошай, становяцца балванкамі. Што датычыцца супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам, зенітна-ракетным комплексам спраўляцца з імі складана і эканамічна затратна. Сродкі РЭБ у барацьбе з беспілотнікамі прыкладаюць мінімум намаганняў, але эфект у выніку істотны. Распрацоўваем тэхніку для супрацьдзеяння беспілотнікам рознага тыпу, у тым ліку FPV-дронам, якія з’яўляюцца галаўным болем ва ўзброеным канфлікце на Украіне. Як паказвае практыка, адзін комплекс РЭБ для барацьбы з FPV-дронамі можа захаваць сотні жыццяў. Іншы кірунак — супрацьдзеянне спадарожнікавым радыёнавігацыйным сістэмам, самалётным радыялакацыйным станцыям, развіццё станцый перашкод у дыяпазонах частот, якім дагэтуль мы не ўдзялялі ўвагі. Радыёэлектронная барацьба развіваецца ў нагу з аб’ектамі радыёэлектроннага паражэння. Калі з’яўляецца пэўны аб’ект радыёэлектроннага падаўлення, то пад яго ствараецца сродак радыёэлектроннай барацьбы. Яны ўзаемазвязаны. Хачу адзначыць, што нашы прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу эфектыўна праводзяць гэту работу. Роля ВПК у аснашчэнні нашых воінскіх часцей сучаснай тэхнікай высокая. Літаральна нядаўна прыняты на ўзбраенне новыя комплексы для супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам. На гэтым работа не спыняецца. У наступным годзе чакаем пастаўку яшчэ шэрагу комплексаў.

— Ці ўлічваеце ў баявой падрыхтоўцы вопыт СВА?

— Спецыяльная ваенная аперацыя — наглядны прыклад сучасных ваенных дзеянняў. З усімі навінкамі тэхнікі, тактычнымі прыёмамі вядзення ўзброенай барацьбы. І тое, што мы назіраем за гэтым канфліктам збоку, — заслуга нашага кіраўніка дзяржавы. У сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы робім акцэнт на тэхніцы РЭБ, якую неабходна распрацоўваць і пастаўляць у войскі ў першую чаргу. Мы бачым, як прымяняецца зброя, як ажыццяўляецца падрыхтоўка асабовага саставу. У цэлым сочым за тэндэнцыямі: аналізуем, што сыходзіць на другі план, што становіцца больш эфектыўным.

— І, напэўна, прымяняеце новыя веды на практыцы…

— У ліпені наступнага года запланавана спецыяльнае вучэнне, у межах якога хочам выпрабаваць новыя ўзоры тэхнікі, праверыць узровень падрыхтоўкі асабовага складу, зладжанасць нашых падраздзяленняў. Адпрацуем новыя тактычныя прыёмы, якія мы ўзялі на ўзбраенне, а таксама замацуем тыя навыкі і ўменні, якія ёсць у нашых ваеннаслужачых. Акрамя таго, нашы сілы і сродкі прымуць удзел ва ўсіх мерапрыемствах аператыўнай падрыхтоўкі Узброеных Сіл. У тым ліку ў двухбаковым камандным вучэнні, запланаваным на верасень наступнага года, дзе мы будзем прымаць актыўны ўдзел як у рамках радыёэлектроннага паражэння, так і ў рамках радыёэлектроннай абароны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.