Вы тут

Калі пачынаюцца расповеды пра Смаргонь...


...Калі пачынаюцца расповеды пра Смаргонь, то несумненнымі іх складальнікамі з’яўляюцца апавяданні пра смаргонскія абаранкі, «смаргонскую акадэмію» і іншага характару экзатычныя паданні. Што ж, сапраўды, смаргонцы былі ва ўсе часіны людзьмі дзеяздольнымі, багатымі на фантазію і выдумку.


Адзін з сучасных класікаў пра «акадэмію» вось што напісаў, прысвяціўшы гэтаму аспекту мясцовай гісторыі цэлую паэму: «Забудзь на валацуг, // Мець хочаш хоць павець — // За медзь // Скачы, Мядзведзь, // Свой валачы ланцуг!» А калі распачаць расшыфроўку гэтай паэтычнай фармуліроўкі, то варта расказаць пра «мядзведжую акадэмію». Паверце, была ў Смаргоні і такая навучальная ўстанова. «Смаргонская акадэмія», што ў старажытным паселішчы, і чарговыя яго гаспадары — Радзівілы — заснавалі рамяство дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Існаваў гэты занятак з XVІІ да пачатку XІX стагоддзя. 

Са смаргонскімі мядзведзямі пазнаёміліся ў лютым 1708 года нават шведскі кароль Карл XІІ і польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Мядзведзяў спярша вучылі танцаваць. Затым — кланяцца ўдзячным гледачам, станавіцца на заднія лапы, выконваць іншыя, не зусім «звярыныя» прыёмы.

Смаргонь. 1916 год.

...Калі 14 гадоў таму ў Смаргоні адзначаўся чарговы Дзень беларускага пісьменства, мне давялося знаёміць з горадам і раёнам дэлегацыю ўдзельнікаў «круглага стала» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». У адным аўтобусе — пісьменнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Расіі, Таджыкістана, Казахстана. Народны паэт Татарстана Рэнат Харыс , які доўгі час быў дэпутатам парламента ў сябе на радзіме і шмат зрабіў для яднання татараў свету са сваімі суайчыннікамі ў Расіі, Казані, пытаецца ў мяне: «Тут, на Смаргоншчыне, дзе такія культурныя, гістарычныя традыцыі, відавочна, і цяпер шмат вучоных, асветнікаў, дзеячаў мастацтва?..» Замест кароткага адказу я ўступіў у доўгую гаворку з татарскім паэтам і грамадскім дзеячам, дарэчы, перакладчыкам твораў Купалы на татарскую мову. Смаргонь, якая ў пэўныя часы генерыравала асветніцкія ідэі, культурныя традыцыі, сёння, зразумела, усяго толькі правінцыя. Няхай і са сваёй памяццю пра яркіх і знакамітых землякоў.

Смаргонь. Руіны вакзала. 1917 год.

Але якая правінцыя!.. У канцы ХVІ стагоддзя чарговы гаспадар «смаргонскага двара» пабудаваў тут паперню, дзе рабілі паперу з вадзянымі знакамі і гербам Зяновічаў «Дэспат». Друкар ХVІ стагоддзя Якуб Маркус адкрыў пры смаргонскім храме кальвінісцкую школу. Бакалаўры розных навук вучылі дзяцей старажытнагрэчаскай, польскай, лацінскай і беларускай мовам, матэматыцы, рыторыцы, антычнай паэзіі і, вядома ж, багаслоўю. Сам Крыштаф Зяновіч быў заўзятым кнігалюбам, па матэрыялах сваіх кніжных збораў напісаў трактат пра палітычныя і бытавыя супярэчнасці паміж віленскім ваяводай Крыштафам Радзівілам і каштэлянам Іеранімам Хадкевічам. У 1609 годзе Зяновіч прымаў у Смаргоні караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ.

Смаргонь. Цяжкая артылерыя. 1917 год.

На Смаргоншчыне здаўна цягнуліся да кнігадрукавання, літаратурных заняткаў. Ураджэнцам старажытнага паселішча з’яўляецца класік яўрэйскай літаратуры Майсей Кульбак. Нарадзіўся 20 сакавіка 1896 года. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. Да 1916 года адносяцца першыя яго публікацыі. Першы зборнік вершаў выдаў у Вільні ў 1920 годзе. Аўтар раманаў «Месія — сын Эфраіма», «Панядзелак» і многіх іншых твораў. Шкада, што Кульбак, як і многія іншыя яўрэйскія класікі беларускага паходжання, — па-за агульным шырокім культурным, гісторыка-літаратурным кантэкстам. Выхаваны на рускай класіцы, Маісей Саламонавіч адкрыў у сваёй шматабсяжнай творчасці не менш цікавы свет, чым беларускія празаікі, паэты, драматургі. І працаваў Кульбак якраз ва ўсіх гэтых галінах літаратуры. Творы яго — гэта яшчэ і вопыт яўрэйскага жыцця, веданне Танаха, Талмуда, яўрэйскага фальклору беларускіх мястэчак. І, вядома ж, выразны адбітак смаргонскага жыцця. Чытаў пісьменнік і Арыстоцеля, і кітайскага філосафа Лао Цзы. Калі ў 1928 годзе Кульбак ад’язджаў з Вільні, яго праводзілі словамі пра тое, што горад губляе Паэта, перажывалі, ці будзе запоўнены гэты прабел. 29 кастрычніка 1937 года «за сувязь з польскімі разведорганамі» вядомага яўрэйскага паэта расстралялі.

Смаргонь. Штаб. 1917 год.

20 студзеня 2010 года ў Ізраілі памёр паэт Абрам Суцкевер (нарадзіўся ў Смаргоні 15 ліпеня 1913 года). Ізноў жа, можна лічыць, — імя з легенды. Маленства Абрама прайшло сярод дзетак яўрэяў, палякаў, беларусаў, літоўцаў. Сённяшнія біёграфы паэта сведчаць, што з самага дзяцінства хлопчык ведаў усе мовы. А найболей — ідзіш і літоўскую. Пасля лёс занёс у Сібір. У Омску — знаёмства з жыццём невядомых дагэтуль кіргізаў-качэўнікаў. І таксама — засваенне новай мовы. Мо перакананне, што ўсё гэта некалі спатрэбіцца, і штурхала хлопчыка ў бясконцы лінгвістычны акіян?.. Вярнуўшыся з Сібіры, Абрам знайшоў прытулак у Вільні. У тыя ж часы ў горадзе жыў, дарэчы, і Майсей Кульбак. Ці сустракаліся?.. Але, відавочна, уплывы на паэзію Суцкевера яго старэйшы зямляк аказаў істотнае... На пачатку Вялікай Айчыннай Суцкевер разам з многімі сваімі суродзічамі трапляе ў гета. Разам з астатнімі пад настаўленымі кулямётамі капае яму сабе і таварышам... Але лёс усё ж падараваў паэту жыццё. Кулі абмінулі яго. Патрапіўшы пад целы іншых расстраляных у яму, поўную крыві, Абрам быў крыху і зямлёю прысыпаны. Здолеў адтуль выбрацца, а пасля, уражаны і пасівелы, ізноў прыйшоў у гета. Хаваўся ў яго сутарэннях. Пісаў і далей вершы. Стварыў паэму «Таямнічы горад». Адзін з персанажаў — паэт, які і ў гета імкнецца даказаць, што існуе прыгажосць, і тым самым выратоўвае душы многіх... Пра Суцкевера дазналіся ў Маскве. Да партызан прыслалі самалёт. Народныя мсціўцы здолелі вывесці паэта з гета. У белакаменнай Суцкевер прысутнічае на пасяджэнні Яўрэйскага Антыфашысцкага камітэта. Выступае. Расказвае пра зверствы фашыстаў... Літаратар знаёміцца з Пастэрнакам, Эрэнбургам, іншымі савецкімі пісьменнікамі. Яго ўгаворваюць застацца ў Маскве, ды ён вяртаецца ў Літву... Сустрэўшы вызваленне ў ліпені 1944 года, Суцкевер яшчэ некаторы час жыў і працаваў у СССР. Па-ранейшаму пісаў вершы. Прысутнічаў у якасці сведкі-абвінаваўцы на Нюрнбергскім працэсе. А з 1947 года колішні смаргонец — у Ізраілі. Працуе рэдактарам літаратурнага часопіса. Увесь яўрэйскі свет чытае яго, Абрама Суцкевера, пранізліва-балючыя вершы. Ды і не толькі яўрэйскі.

Смаргонь. Віленская вуліца.

Смаргоншчына — радзіма спевака Мікалая Лазарава (1905–1980), харавога дырыжора, народнага артыста СССР Віктара Роўды (1921–2007), скульптара Уладзіміра Церабуна (нарадзіўся ў 1946), рускага пісьменніка і кніжнага графіка Якава Тайца (1905–1957), мастака Казіміра Бахматовіча (1808–1837), іншых яркіх мастакоў слова, дзеячаў культуры і навукі... Здараецца, што мы часам сустракаемся з рускім пісьменнікам Мікалаем Чаркашыным. І яго ўвага да Смаргоні невыпадковая. Разам з сям’ёю бацькоў Мікалай Андрэевіч правёў у Смаргоні сваё пасляваеннае дзяцінства. А зусім нядаўна прыйшла бандэроль з Масквы. Галоўны рэдактар маскоўскага часопіса «Роман-газета» празаік Юрый Казлоў даслаў сваю новую кнігу. І пад яе вокладкай — аповесць, якая прысвечана Смаргоні. Дарэчы, першаштуршок да твора паклала сустрэча з горадам якраз у час Дня беларускага пісьменства...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.