Вы тут

Падарунак ад Першага


Такі каштоўны падарунак дзяржаўная ўстанова атрымала з нагоды свайго 90-годдзя. Усяго бібліятэчны фонд папоўніўся 169 выданнямі. Практычна ўсе з іх — у адзіным экзэмпляры. Выданні ў розны час былі прэзентаваны кіраўніку дзяржавы вядомымі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі, прадстаўнікамі духавенства, культурнай сферы, ваеннаслужачымі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны... Кнігі маюць навуковае, гістарычнае і культурнае значэнне.


Бібліятэка была створана ў снежні 1933 года як аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна пры Доме ўрада. Менавіта ў гэтым гістарычным будынку яна размяшчаецца да гэтага часу. Практычна праз пяць гадоў з дня заснавання ўстанова пераўтварылася ў юрыдычна самастойную бібліятэку і атрымала новую назву — Урадавая бібліятэка. Крыху пазней ёй просвоілі імя Максіма Горкага. Шматлікі аб’ём фонду, самаадданая праца супрацоўнікаў да пачатку 1940-х гадоў дазволілі бібліятэцы стаць адной з найбуйнейшых бібліятэк краіны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бібліятэку эвакуіраваць не паспелі. Каштоўны фонд быў разрабаваны і фактычна знішчаны.

У 1994 годзе Урадавую бібліятэку перайменавалі ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь — і пачаўся новы этап у яе гісторыі. Пашырыліся задачы бібліятэкі, з’явіліся новыя функцыі, павялічылася катэгорыя чытачоў, якія абслугоўваюцца. За гады сваёй гісторыі бібліятэка пераўтварылася ў найбуйнейшы інфармацыйны цэнтр па пытаннях дзяржаўнага кіравання, эканомікі, палітыкі, права і парламентарызму. Ажыццяўляючы бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне органаў улады, у першую чаргу кіраўніка дзяржавы, бібліятэка з’яўляецца даступнай для ўсіх грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны.

Як адзначыў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргей Квачан, з пачуццём вялікай удзячнасці супрацоўнікі бібліятэкі прымаюць у падарунак кнігі ад кіраўніка дзяржавы. «Гэта не толькі прыемна, а і накладае дадатковую адказнасць па шырокай папулярызацыі выданняў, — дадаў ён. — Гэтую работу мы зробім якасна».

Па словах дырэктара, за 90 гадоў існавання бібліятэка дасягнула шмат чаго. «Укараненне інфармацыйных тэхналогій дазволіла значна палепшыць абслугоўванне чытачоў, — заўважыў Сяргей Квачан. — У нашай дзейнасці мы выкарыстоўваем 16 спецыялізаваных сістэм, якія дазваляюць больш эфектыўна працаваць з наведвальнікамі».

Аснову любой бібліятэкі складаюць яе фонды. Па колькасці ўнікальных кніг, якія знаходзяцца ў фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, дзяжаўная ўстанова з’яўляецца адным з лідараў у краіне.

Багацце і каштоўнасць любой бібліятэкі — рэдкія выданні. Іх у Прэзідэнцкай бібліятэцы нямала. Найстарэйшае выданне, якое ўяўляе сабой зборнік дакументаў па прававой дзейнасці, датуецца 1542 годам. Выданне мела шмат перавыданняў і шырока выкарыстоўвался.

У фондзе старадрукаваных і рэдкіх выданняў можна ўбачыць Тураўскае Евангеле 1869 года выпуска, кнігу Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» 1759 года, выдадзеную на англійскай мове, Слоўнік беларускага прыслоўя Івана Насовіча, датаваны 1870 годам. Тут — і Статут Вялікага Княства Літоўскага рэдакцыі 1588 года, выпушчаны ў 1744 годзе, і Стары Запавет на пергаменце, які да сярэдзіны стагоддзя выкарыстоўваўся ў Гомельскай епархіі.

Асаблівы гонар бібліятэкі — чатыры экзэмпляры зборніка вершаў «Вянок» Максіма Багдановіча. Тут і мініяцюрныя выданні, якія з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, і кнігі з аўтографамі саміх пісьменнікаў. У прыватнасці, раман Івана Шамякіна «Глыбокая плынь». Народны пісьменнік БССР быў пастаянным чытачом бібліятэкі. У фондзе захоўваюцца ўсе Канстытуцыі, якія маюць дачыненне да нашай краіны.

Практычна ўсе выданні бібліятэкі, у тым ліку рэдкія, алічбаваны. Акрамя таго, Прэзідэнцкая бібліятэка валодае найбагацейшым архівам друкаваных выданняў. Прычым не толькі рэспубліканскага, але і раённага значэння. Усе яны прадстаўлены яшчэ і ў электронным варыянце. Дарэчы, архіў газеты «Звязда» ў бібліятэцы прадстаўлены найбольш поўна.

Супрацоўнікі бібліятэкі займаюцца яшчэ і штодзённым маніторынгам сродкаў масавай інфармацыі, вядуць актыўную экспазіцыйную дзейнасць. У цяперашні момант у бібліятэцы прадстаўлена выстава кніг аб гісторыі айчыннага права «Развіццё выбарчай сістэмы ў Беларусі: ад вытокаў — да сучаснасці».

«Тэмы выстаў мяняюцца штомесячна, яны заўсёды актуальныя, — звярнула ўвагу намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па асноўнай дзейнасці Ала Пенда. — Кнігі павінны быць даступныя. Чытач не заўсёды арыентуецца ў каталозе і часта не можа вызначыцца з тым, што яму патрэбна. Таму мы даём магчымасць убачыць, што ў нас прадстаўлена».

Супрацоўнікі бібліятэкі з’яўляюцца яшчэ і арганізатарамі шматлікіх мерапрыемстваў, у тым ліку ў рэгіёнах, рэалізатарамі многіх праектаў. Адзін з апошніх — падрыхтоўка кнігі «Яны былі першымі» (аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі і зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны).

Адным словам, у Прэзідэнцкай бібліятэцы не проста захоўваюць кнігі, але і ствараюць іх, папулярызуюць літаратуру, робяць усё дзеля таго, каб кніга ў высокатэхналагічным грамадстве не стаціла свайго высакароднага статусу.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.