Вы тут

На Віцебшчыне ўкараняюць новыя формы работы з маладымі спецыялістамі


Прыцягнуць на прадпрыемствы выпускнікоў сярэдне-спецыяльных і вышэйшых устаноў адукацыі — справа нескладаная. Значна цяжэй стварыць для маладых спецыялістаў, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, камфортныя ўмовы працы, падмацаваныя не толькі сацыяльнымі гарантыямі, але і чалавечай ўвагай і клопатам з боку кіраўніцтва. Яшчэ адной важнай традыцыяй папоўнілася скарбонка добрых пачынанняў Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК: яна выступіла з ініцыятывай наведвання ў воінскіх часцях маладых спецыялістаў, якія праходзяць тэрміновую службу. Першым напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны адгукнуўся Аршанскі мясакансервавы камбінат. 


Галіна сельскай гаспадаркі ніколі не была лёгкай, але прэстыж прафесій гэтай з кожным годам павышаецца. Гэтаму папярэднічаюць будаўніцтва сучасных комплексаў, высокая заработная плата, добрыя сацпакеты. У мінулым годзе ў сельскагаспадарчыя арганізацыі паўночнага рэгіёна прыбылі 172 выпускніка з вышэйшай і 189 выпускнікоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Палову з іх забяспечылі жыллём, а для запатрабаваных кваліфікаваных кадраў з 2020 года пабудавалі 25 індывідуальных дамоў сядзібнага тыпу ў Верхнядзвінскім, Віцебскім і Аршанскім раёнах. Узровень замацавання спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй павялічыўся да 54 працэнтаў, на высокім узроўні замацаванне «мэтавікоў» пасля адпрацоўкі — больш за 60 працэнтаў. Важную ролю ў жаданні моладзі заставацца ў арганізацыях адыгрываюць розныя стымулюючыя выплаты. 

Адным з прадпрыемстваў вобласці, дзе праводзіцца вялікая работа з маладымі спецыялістамі, з’яўляецца Аршанскі мясакансервавы камбінат. Летась на працу ў гэты флагман харчовай прамысловасці Віцебшчыны прынята 13 спецыялістаў, чатыры з якіх былі звольнены ў сувязі са службай у арміі. Для юнакоў камбіната — гэта па праве незабыўная падзея, бо з 2022 года кіраўніцтва прадпрыемства ўвяло традыцыю ўрачыста выпраўляць хлопцаў у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства праводзіцца на тэрыторыі камбіната ля помніка Герою Савецкага Саюза Мікалая Карначонка, навабранцам уручаюць памятныя падарункі, жадаюць мірнай і спакойнай службы і зазначаюць, што чакаюць іх вяртання ў строй. 

У кастрычніку мінулага года ўрачыстыя провады прайшлі для чатырох абвальшчыкаў мяса сыравіннага аддзялення цэха забою і перапрацоўкі свіней і буйной рагатай жывёлы. Дарэчы, на камбінат маладыя людзі прыйшлі з адной групы Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання на размеркаванне. З лёгкай рукі абкама прафсаюза работнікаў АПК да аднаго з іх прама ў войска лютаўскім днём прыехалі ганаровыя госці. 

19-гадовы Даніла Ахвярдзіеў праходзіць тэрміновую службу ў радыётэхнічных войсках пад Паставамі. Напрыканцы лета хлопец прыйшоў на Аршанскі МКК у якасці абвальшчыка мяса, прычым ён абраў сельскагаспадарчую прафесію самастойна і стаў першым чалавекам у сям’і, хто пайшоў па гэтай нялёгкай сцежцы. Але са справай Даніла быў знаёмы, яшчэ падчас навучання праходзіў практыку на камбінаце. Там з дапамогай старэйшых калег асвоіў усе этапы апрацоўкі мяса, натрэніраваўся фізічна. «Абраўшы працу на прадпрыемстве, я ні разу не пашкадаваў. Хоць давялося пабыць у прафесіі нядоўга, задаволены і заработнай платай для маладога спецыяліста, і ўмовамі, і адносінамі з боку кіраўніцтва», — расказвае юнак. 

Умовы і праўда добрыя: здзельна-прэміяльная сваечасовая зарплата (некаторым удаецца атрымліваць пад дзве тысячы рублёў), трэнажорная зала, грашовыя падарункі на дні нараджэння і юбілеі, прадуктовыя наборы асабістай прадукцыі камбіната да святаў. У жыллі Даніла не мае патрэбы, ён — карэнны аршанец, але астатнім камбінат прадастаўляе і гэта. «Мы з бацькам перасцярагалі сына: работа фізічна цяжкая, цэлы дзень на нагах. Але ўпартасць і імкненне да лепшага перамаглі, за гэты час Даніла змог сябе зарэкамендаваць. Так перажывала, калі прыйшла павестка ў армію, але зразумеўшы, у якіх умовах будзе сын паўтары гады, стала спакайней», — расказвае маці хлопца Таццяна Яўгенаўна. 

У войску Даніла служыць вадзіцелем. Ён — адзін з нямногіх саслужыўцаў, хто змог авалодаць «УАЗікам». Цяпер у дзень даводзіцца праязджаць па 400 кіламетраў, але гэта, расказвае Ахвярдзіеў, толькі прыносіць яму задавальненне. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ён з трапяткімі пачуццямі чакаў гасцей. Павіншаваць маладога чалавека са святам прыехалі старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзіканава, старшыня прафкама Аршанскага мясакансервавага камбіната Таццяна Махрова і маці Таццяна. Госці прывезлі імянны торт, прадукцыю камбіната, памятныя падарункі, стварыўшы святочны настрой для ўсяго аддзялення. 

«Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у сельскагаспадарчыя арганізацыі паўночнага рэгіёна, — гэта наш надзейны тыл. І для нас вельмі важна стварыць для іх усе неабходныя ўмовы з мэтай замацавання і прафесійнага росту. Перадаючы напрацаваны вопыт і тэхналогіі маладому пакаленню, мы будуем моцны падмурак для ўстойлівага развіцця і росквіту нашай краіны», — падкрэсліла Таццяна Дзіканава і ўручыла падарунак Даніле. Словы падзякі за выхаванне сына і кветкі прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці адрасавала маці юнака Таццяне Яўгенаўне. 

За сталом, які атрымаўся надзвычай утульным і сямейным, малады чалавек дзяліўся сваімі армейскімі справамі і расказваў пра планы на будучыню. А яны ў маладога спецыяліста канкрэтныя — вярнуцца на камбінат. «А мы вас там абавязкова чакаем. Адказным і старанным людзям у нас заўсёды знойдзецца месца», — адзначыла Таццяна Махрова. Яна перадала хлопцу віншаванні і памятны падарунак ад генеральнага дырэктара АМКК Максіма Бакурава. 

Сціпла, але з вялікай радасцю ў вачах, Даніла дзеліцца, што ніколі не думаў, што прадпрыемства можа так клапаціцца аб сваіх работніках. «Вы не паверыце, вельмі прыемна. Я і аднаслужыўцам расказаў, яны па-добраму пазайздросцілі. У такія моманты, у сотнях кіламетраў ад роднага дому, адчуваеш сябе патрэбным і важным для камбіната», — рэзюмуе юнак. 

Па словах Таццяны Дзіканавай, такая ініцыятыва абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК стане добрай традыцыяй у рэгіёне. «Маладыя спецыялісты павінны нават у адрыве ад працоўнага працэсу адчуваць сябе членам калектыву. А мы будзем імкнуцца зрабіць для гэтага ўсё магчымае».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.