Вы тут

Туркменістан прадставяць у «Даляглядах-24»


З 2019 года пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў узноўлены добра вядомы ў апошняй чвэрці XX стагоддзя альманах перакладной літаратуры «Далягляды». Усяго ў «новым часе» выпушчана ў свет чатыры гадавікі — у 2019, 2020, 2021 і 2023 гадах. Звычайна ў кожным з выпускаў прадстаўлены нацыянальныя літаратуры каля 20 краін. Расійская Федэрацыя заўсёды прадстаўлена яшчэ, акрамя рускай літаратуры, і нацыянальнымі літаратурамі — башкірскай, чачэнскай, марыйскай і іншымі. 


Асобнае месца па традыцыі займае туркменская літаратура. У выпуску за 2019 год на беларускую мову былі пераўвасоблены апавяданні Атаджана Тагана («Цягнік праходзіць»), Максата («Свята», «Перакуленае неба»). У альманаху за 2020 год — апавяданні Какамурата Атаева («Сякера»), Сейрана Атузава («Bonjour!»), Камека Куліева («Танец «Карсакы»), Максата «(«Зацьменне напалову»), Джумагельды Мулкіева («Доўгачаканы ордэн»), Джумы Худайгулыева («Хачу спяваць!»). У «Даляглядах’ 21» — апавяданні Бягуль Анабаевай («Лагода»), Мердана Баядава («Сапбы па мянушцы Голуб»), Джумагельды Мулкіева («На цягніку», «На самалёце»). У альманаху за 2023 год — апавяданні Ахмета Курбанняпесава («Графаман»), Джумагельды Мулкіева («Гняздо ластавак», «Шаман»), вершы Махтумкулі. 

Перакладчыкам 16 празаічных твораў туркменскіх аўтараў выступіў Алесь Карлюкевіч. Вершы класіка ўсходняй паэзіі (дарэчы, 2024 год ў краінах ЦЮРКСОЯ абвешчаны Годам Махтумкулі) пераклаў Віктар Шніп. 

У «Даляглядах’23» змешчана гутарка з туркменскім празаікам, супрацоўнікам часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура» ) «Васіль Быкаў для пісьменнікаў поставецкай прасторы застаецца настаўнікам праўды...» Ёсць у гутарцы і такія словы Джумагельды Мулкіева: «Чалавецтва на Зямлі, хаця і існуюць моўныя перашкоды, гэта адно цэлае... І перакладчык разбурае бар’еры, набліжае людзей адзін да аднаго. Дакладней, перакладчык спрыяе гэтаму, а набліжаюць літаратура, творы, якія перакладаюцца. Людзі бачаць іншыя душы праз розныя мастпацкія адкрыцці. І тым самым праз гэта бачанне, усведамленне новага, раней невядомага, сыходзяцца, адкрываюцца самі іншаму свету, іншым народам...» 

...Пачалася праца па збіранню, падрыхтоўцы альманаха «Далягляды’24». З просьбай пракаменціраваць яго будучы змест у частцы ўвагі да туркменскай нацыянальнай літаратуры мы звярнуліся да аднаго з укладальнікаў гэтага гадавіка Віктара Шніпа. Вось што сказаў пісьменнік і перакладчык: «Туркменскі раздзел таксама будзе прадстаўлены ў новым выпуску. Знойдзецца месца творам ужо вядомых чытачу "Даляглядаў" па ранейшых выпусках Джумагельды Мулкіева, Максата, Камека Куліева. Мяркуем, што болей шырэй будзе прадстаўлена паэзія. У прыватнасці, збіраемся надрукаваць падборку вершаў народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава. У 2024 годзе яго юбілей — 95 год з дня нараджэння. І, канешне ж, — новыя пераклады неўміручых вершаў Махтумкулі. Спрабуем разварушыць і нашых маладых перакладчыкаў і маладых туркменскіх літаратараў. У іх супрацоўніцтве — перспектывы літаратурнай дружбы ў наступныя дзесяцігоддзі». 

Тыражы «Даляглядаў» у розныя гады складваліся па рознаму — 190, 300, 360 і 500 экзэмпляраў. Альманах распаўсюджваецца ў асноўным па бібліятэках краіны. Пра выданне не так шмат пішуць нават у літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Відавочна, наспела неабходнасць (у Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе секцыя мастацкага перакладу) правесці шырокі круглы стол, прысвечаны праблемам выдання альманаха і ўвогуле сённяшняму стану мастацкага перакладу ў Беларусі. А ў выпадку з Туркменістанам, туркменскай літаратурай наспела патрэба арганізаваць ці канферэнцыю ці круглы стол з удзелам туркменскіх пісьменнікаў (няхай сабе і анлайн) на тэму «Сучасны стан беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў». Ужо раней надрукаванае ў «Даляглядах» — аснова для такой грунтоўнай і патрэбнай размовы.

Кастусь ХАДЫКА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.