Вы тут

За кожным імем — подзвіг


Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 12 воінскім злучэнням і часцям Чырвонай Арміі, якія вызначыліся ў баях за вызваленне Гарадка, былі прысвоены ганаровыя найменні «Гарадоцкія». 


Фота БелТА

У гэты ж дзень у Маскве ў іх гонар былі выпушчаны 12 артылерыйскіх залпаў. Асабоваму складу, які прымаў удзел у тых гераічных падзеях, была аб’яўлена падзяка Іосіфа Сталіна. За вызваленне Гарадка 30 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Сярод іх — Іван Антонаў. Ураджэнец Валгаграда ў Чырвоную Армію быў прызваны ў 1937 годзе. На фронце — з 1941 года. 16 снежня 1943 года танкавая рота, якой камандаваў капітан Антонаў, прарвала абарону каля вёсак Мехавое, Дражакі, уварвалася ў населены пункт Быкі і прыняла няроўны бой з гітлераўцамі, якія прарываліся з акружэння на станцыі Бычыха. Калі танк выйшаў са строю, Іван Антонаў зняў з яго кулямёт і заняў абарону. На жаль, у гэтым баі ён загінуў. Пахаваны адважны воін у брацкай магіле ў вёсцы Мехавое. Помнік герою ўстаноўлены ў вёсцы Быкі.

Сваю Зорку Героя Мікалаю Забродзіну пашчасціла атрымаць пры жыцці. Ураджэнец Пензенскай вобласці, у 1932 годзе скончыў Ташкенцкае кавалерыйскае вучылішча. На фронце — з першых дзён вайны. Вызначыўся пры вызваленні Віцебшчыны. 15 снежня 1943 года полк пад камандаваннем падпалкоўніка Забродзіна авалодаў участкам шашы каля вёскі Кузьміна Гарадоцкага раёна. Байцы перарэзалі камунікацыі, якія звязвалі буйныя групіроўкі праціўніка. 16 снежня полк быў акружаны гітлераўцамі, але ў складанай абстаноўцы падраздзяленне здолела адбіць усе варожыя атакі і злучыцца са сваімі войскамі. Падчас гэтых баёў чырвонаармейцы знішчылі 15 танкаў, 40 аўтамашын, шмат іншай тэхнікі ворага, каля 700 гітлераўцаў. Да 1954 года Мікалай Забродзін служыў у савецкай арміі, жыў у Днепрапятроўску.

Пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза быў удастоены Уладзімір Краеў. У Чырвоную Армію ўраджэнец Кіраўскай вобласці трапіў у 1940 годзе, на фронце з’яўляўся камандзірам танка. Падчас прарыву варожай абароны каля вёсак Рассядзенне, Вялікая Будніца і Жукава Мехаўскага раёна Віцебскай вобласці разам з экіпажам лейтэнант знішчыў супрацьтанкавую гармату, тры агнявыя пункты праціўніка. Каля вёскі Марчанкі Уладзімір Краеў на працягу дзвюх гадзін вёў бой з гарнізонам праціўніка, знішчыў дзве супрацьтанкавыя гарматы, пяць кулямётаў, захапіў дзве аўтамашыны. За чатыры дні экіпаж Краева з боем прайшоў 40 кіламетраў, вызваліў 

15 населеных пунктаў. Камандзір танка быў паранены, але, нягледзячы на раненне, застаўся ў страі. Загінуў 10 лютага 1944 года. Пахаваны ў вёсцы Старое Сяло Віцебскага раёна. На магіле героя ўстаноўлены помнік.

Яшчэ адзін уладальнік найвышэйшага звання, які вызначыўся пры вызваленні Гарадоцкага раёна, — Іван Кручкоў. З 1942 года камандзір узвода разведкі гвардыі старшы сяржант — на Варонежскім, Цэнтральным і І-м Прыбалтыйскім франтах. 13 снежня 1943 года разведчыкі першымі ўварваліся на станцыю Бычыха і за пяць дзён баёў адбілі 11 контратак праціўніка. За гэты подзвіг у ліпені 1944 года Іван Кручкоў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Дачакаўся Перамогі. Пасля вайны працаваў наладчыкам, механікам на торфпрадпрыемстве, слесарам на заводзе. Жыў у Маскоўскай вобласці, пайшоў з жыцця ў 1985 годзе.

Зорку Героя ўраджэнец Іванаўскай вобласці Аляксандр Цюрын атрымаў пасмяротна. На фронт трапіў у лістападзе 1941 года. Будучы памочнікам камандзіра ўзвода 240-га стралковага палка 117-й стралковай дывізіі (4-я ўдарная армія, Калінінскі фронт), 11 кастрычніка 1943 года старшына пад агнём праціўніка ў раёне безыменнай вышыні падпоўз да варожага дзота і закідаў яго гранатамі. У выніку знішчыў кулямёт і некалькі гітлераўцаў. Нягледзячы на раненне, працягваў бой. 17 кастрычніка падчас наступлення на вёску Крыцкі Гарадоцкага раёна знішчыў варожую гармату. У гэтым баі адважнага воіна не стала. Байцы пахавалі свайго таварыша ў вёсцы Гуркі, на Гарадоччыне. Высокага звання ён быў удастоены ў чэрвені 1944 года.

Пяці ўдзельнікам баёў за вызваленне Гарадка ў пасляваенныя гады было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Гарадка». Свае імёны ў гісторыю гэтага населенага пункта ўпісалі камандзір дывізіёна 7-й гвардзейскай мінамётнай брыгады Уладзімір Буцэнка, начальнік артылерыі 40-га гвардзейскага стралковага палка 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі палкоўнік Рафгат Валіеў (пасля вайны — генерал, лаўрэат Ленінскай прэміі СССР), камандзір узвода лейтэнант Рувім Кажэўнікаў і інструктар палітаддзела 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі падпалкоўнік Міхаіл Познін, а таксама памочнік камандзіра разведвальнага ўзвода 14-га стралковага палка 72-й стралковай дывізіі 21-й арміі старшы сяржант Іван Дарошчанка.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЎГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.