Башкартастан усё болей актывізуе літаратурныя стасункі з Беларуссю. Летась, у кастрычніку, у Мінску на працягу трох дзён праходзілі Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі. У беларускім і башкірскім друку змешчаны публікацыі новых перакладаў: ва Уфе — на башкірскую мову, у Мінску — на беларускую.
Новы творчы праект, над якім зараз працуюць пісьменніцкія арганізацыі Беларусі і Рэспублікі Башкартастан, — выданне ва Уфе анталогіі сучаснай беларускай літаратуры. У адным томе будзе прадстаўлена творчасць каля 40 паэтаў, празаікаў, дзіцячых пісьменнікаў з Беларусі. Мяркуецца, што кніга, якая пазнаёміць башкірскага чытача на роднай мове з сучаснымі мастацкімі пошукамі беларускіх пісьменнікаў, выйдзе ўжо ў першым квартале 2024 года.
Будучую падзею ці ўжо арганізаваны сёння творчы працэс каменціруе старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіз Баймухамедаў: «Многія творы ўжо перакладзены на башкірскую мову. Нашым вопытным майстрам мастацкага перакладу прыйшліся даспадобы проза і паэзія Алеся Бадака, Алега Ждана, Рагнеда Малахоўскага, Віктара Праўдзіна і іншых аўтараў. Некаторыя апавяданні, вершы ўжо нават надрукаваны ў нашых перыядычных выданнях. Спадзяюся, што мы вельмі хутка завершым працу і перададзім кнігу ў друкарню. А ў маі збіраемся прэзентаваць гэта выданне ва Уфе на традыцыйнай кніжнай выстаўцы. Ведаю, што і беларускія калегі плануюць выдаць у Мінску анталогію сучаснай башкірскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову».
А ў студзені новага, 2024-га, года пісьменніцкія арганізацыі Башкартастана і Беларусі правядуць у фармаце анлайн круглы стол па пытаннях сучаснага стану беларуска-башкірскіх літаратурных сувязяў і іх развіцця і пашырэння ў бліжэйшай перспектыве.
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Прэв’ю: pexels.com
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».