Вы тут

Дэвіз Алеся Якімовіча: «Проста — не значыць спрошчана»


Цяжка напісаць мастацкі твор, які атрымаў бы доўгае жыццё, аднак не лягчэй стварыць і падручнік — свайго роду настольную кнігу, што была б не для аднаго пакалення дзяцей. Алесю Якімовічу гэта ўдалося. Яго кніга чытання ў другім класе «Роднае слова» ўпершыню пабачыла свет у 1932 годзе, пасля чаго вытрымала каля 30 выданняў. А ўсё таму, што ён добра падабраў неабходны матэрыял, які задавальняў запатрабаванні школы. Інакш і быць не магло. Алесь Іванавіч ведаў задачы, што ў справе выхавання падрастаючага пакалення набываюць першаступеннае значэнне. Ды і, пішучы свае творы, апрацоўваючы фальклор і працуючы разам з Е. Тародкінай над падручнікам «Чытанка» (1933), ішоў не ад так званай «кніжнай педагогікі», ад самога жыцця, ад педагагічнай практыкі. Нямала давала яму і вучоба ў вядомых пісьменнікаў, кантакты і гутаркі з імі. Прынамсі, сказваліся ўрокі народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. У аўтабіяграфіі прызнаваўся: «[...] Коласа я паважаў, як і ўсе мы, маладзейшыя. Я часта гутарыў з ім пра дзіцячы часопіс (маецца на ўвазе „Беларускі піянер“. — А. М.), раіўся, ён прыносіў мне свае творы для дзяцей. У Коласа я вучыўся пісаць — проста, ясна, без мудрагельства».


Алесь Якімовіч.

Лёс, на многіх падобны

Алесь Якімовіч родам з Уздзеншчыны, нарадзіўся 17 студзеня 1904 года ў вёсцы Чурылава. З сямі гадоў працаваў нароўні з дарослымі, а дагэтуль таксама дапамагаў маці па гаспадарцы. Не да вучобы было, таму ў школу пайшоў у восем гадоў. Затое хутка ў роднай вёсцы вялікім аўтарытэтам пачаў карыстацца. Наўкола люд быў непісьменны, а тут свой грамацей. Паслугі яго спатрэбіліся, калі сталі прызываць вяскоўцаў на вайну. Ахвотна чытаў салдацкія лісты, пісаў з чужых слоў на іх адказы. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дапамагаў работнікам сельсавета.

Не пакідала і думка аб працягу вучобы. Паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Разам з ім вучылася нямала таленавітых юнакаў і дзяўчат. Сярод іх былі і землякі-уздзенцы Паўлюк Трус і Пятро Глебка. Ды і ўвогуле літаратурнае жыццё ў тэхнікуме віравала. Здаецца, не было студэнта, які б нешта не пісаў. Але надрукавацца, зразумела, удавалася не ўсім. Алесь Якімовіч аказаўся шчасліўчыкам. У часопісе «Маладняк» у 1923 годзе выступіў са сваім першым вершам. Актыўна далучыўся да работы і самога літаратурнага згуртавання «Маладняк», а ў 1924 годзе, калі быў заснаваны часопіс «Беларускі піянер», стаў адказным сакатаром гэтага выдання.

Працуючы ў рэдакцыі, працягваў вучобу. Завяршыўшы яе ў 1926 годзе, быў ужо аўтарам дзвюх кніг, што выйшлі ў 1925-м, — паэтычнай «Вершы» і зборніка апавяданняў для дзяцей «Гул бубна». Тады ж паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1930 годзе. Пасля некаторы час сумяшчаў ажно тры пасады: галоўны рэдактар часопіса «Іскры Ільіча», адказны сакратар часопіса «Асвета», выкладчык мовы і літаратуры ў вячэрнім тэхнікуме вогнетрывалага будаўніцтва.

То быў час, калі патрабаваліся людзі актыўныя ва ўсіх сферах жыцця. Літаратура не з’яўлялася выключэннем. Таму маладыя аўтары, якія ўваходзілі ў яе, шмат друкаваліся. Прытым у розных жанрах, а некаторыя і ў галінах. Алесь Якімовіч належаў да іх. Не толькі для дзяцей пісаў, хоць гэты кірунак у яго творчасці пераважаў. І не адны вершы. Уладна брала ў сваё сіло і проза. У выніку стаў адным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Наколькі плённа працаваў у 30-я гады, відаць нават па пераліку яго кніг: «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Выпадак на чыгунцы» (1938). Тры з іх — «Каваль-асілак», «Танін вакзал», «Залатое дно» — былі ўхвалены на кінастудыі, па іх збіраліся ставіць фільмы для дзяцей, але пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У першыя месяцы настаўнічаў у адной з сярэдніх школ горада Чыстапаля (Татарстан), быў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. У 1943 годзе скончыў курсы лейтэнантаў. У баях за Харкаў цяжка параніла. Каля паўгода лячыўся. Больш на фронт не трапіў.

Жыў у Маскве, у 1943–1944 гадах займаўся рэдакцыйнай працай. З 1944-га да выхаду на пенсію ў 1960 годзе — старшы рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, рэдактар часопіса «Бярозка», літаратурны кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. У пасляваенны час выдаў кнігі «Помста» (1946), «Гаворыць Масква» (1951), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Смелыя людзі» (1960), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965) і іншыя. Быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974).

У розных жанрах

Найбольш вядомы Алесь Якімовіч як празаік, але на пачатку творчага шляху ў яго выйшлі літаратурныя казкі ў вершах і прозе «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937). Паэму-казку «Каваль Вярнідуб» можна аднесці да найлепшых твораў беларускай дзіцячай літаратуры. Гэта сюжэтны твор, які набліжаецца да вершаванай аповесці. Так мяркуюць многія даследчыкі, у прыватнасці, гэтак успрымала яго Марыя Барсток. Алесь Іванавіч закрануў спрадвечную тэму барацьбы дабра і зла, паказаў, як праўда і справядлівасць абавязкова перамагаюць.

А «Казка пра смелага вожыка» — празаічная. Як і ў «Кавалі Вярнідубе» творча асэнсаваны матывы народных твораў. Узяты і персанажы, добра вядомыя дзеткам. Лісіца Хітрыца, Воўк Зубасты, Зайка Шарачок, мядзведзь Міхайла Іванавіч. Праўда, Вожык зусім не таму перамог, што аказаўся мацнейшым за іх. Супраць прыроды, як кажуць, не пойдзеш. Ды аказаўся хітрэйшым. Вельмі шмат зрабіў Алесь Іванавіч і па зборы і апрацоўцы народных казак, аб чым сведчаць кнігі «Каток залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1975). Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. Перастварыў па-беларуску некаторыя казкі Аляксандра Пушкіна і славутага «Канька-гарбунка» Пятра Яршова.

Важкі яго ўклад і ў развіццё апавядання для дзяцей. Найлепшыя з твораў, напісаныя ў гэтым жанры, па-ранейшаму не страцілі сваіх мастацкіх якасцей і пазнавальнасці. Калі ў апавяданнях пра справы піянераў, жыццё дзяцей пры савецкай уладзе часам пераважае голы дыдактызм, відавочна палітычная зададзенасць, дык у творах, што ўзнаўляюць дарэвалюцыйныя падзеі, — суровая праўда рэчаіснаці. Як і іншыя пісьменнікі (Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля), ён праўдзіва паказаў, наколькі пакутавалі дзеці ва ўмовах сацыяльнай несправядлівасці.

Гераіня апавядання «Страта» Марылька — адна з многіх, каго пакрыўдзіў лёс: «Марылька толькі што пачала ачуньваць. Праз цэлыя тры тыдні змагалася яна за жыццё — цяжка хварэла на тыфус... Ды не толькі бязлітасная хвароба прыгнятала малую. Іншае гора моцна сціскала ёй грудзі. Яго, гора гэтага, нельга пазбыцца. Сілы няма ў кволай, худзенькай дзяўчынкі прагнаць яго ад сябе, далёка прагнаць, у лясы цёмныя, у пушчы дрымучыя. Моцы няма ў малой перамагчы яго, адолець уласнымі слабымі рукамі, уласным малым яшчэ розумам». А ўзяць Міколку («Беспрытульны»)?! Нікому не патрэбны ён, ніхто не можа яму дапамагчы. А мо і не хоча, бо колькі такіх беспрытульных бадзяецца па гарадскіх вуліцах...

Ад аповесцей да «Галынаўскай хронікі»

Талент перамагаў і тады, калі пісаў пра блізкае з рэчаіснасці, што сведчыла аб народным бяспраўі ў былой Заходняй Беларусі. Як у апавяданні «Апоркі». На першым плане воблік сына батрака Міхаські. Хлопчыку так хочацца ў школу, ды не можа ў яе трапіць, бо няма ў што абуцца. Нарэшце мара збылася: «А сёння ён пойдзе ў школу ў бацькавых апорках! Такую раду прыдумаў бацька. Міхаську завядзе ў школу маці — балазе ў яе яшчэ ліпяць лапці — апоркі на дзень яна забярэ назад, каб бацька мог пайсці ў іх на работу. А ўвечары, калі вернецца бацька, маці сходзіць па Міхаську. У школе ён перабудзе босы. Там цёпла, не так, як дома. Хоць босы, абы вучыцца».

Падобныя творы шмат могуць сказаць сённяшняму чытачу, калі выхавальнік альбо настаўнік умела паднясе іх хлопчыкам і дзяўчынкам. Перад тым, як прачытаць, раскажа пра тое, як жылося раней. Аповесць жа «Базылёў курган», хоць і ёсць у ёй пэўныя мастакоўскія выдаткі, сёння, па па сутнасці, набывае сваё другое гучанне. Героі яе задумваюцца над падзеямі мінуўшчыны, даведваюцца, чаму курган называецца менавіта так. Аказваецца, ён — магіла маленькага прыгоннага хлопчыка, загубленага злой пані. Шмат дае і эпіграф да твора, а гэта радкі з паэмы Янкі Купалы «Курган»: «Курганы шмат чаго нам гавораць». Аўтар тым самым запрашаў юных чытачоў: вывучайце лепш свой край і тады вы даведаецеся нямала цікавага.

Асабліва выразна гістарычная праблематыка гучыць у аповесцях, у якіх закранаюцца розныя пытанні нацыянальнай гісторыі. У цэнтры той, што адкрывае гэты цыкл — «Адкуль ліха на свеце», — сям’я прыгонных сялян. Іх дзевяцігадовы сын Язэпка — у нейкай ступені той самы Базыль з папярэдняга твора. Язэпку таксама забралі ў панскі дом, куды яго аддаў злы цівун Дракула. Назву аповесці дала казка «Адкуль ліха на свеце», якая арганічна ўпісваецца ў яе сюжэт. Чуе Язэпка гэтую гісторыю ад старога пастуха Міхаля. Уражаны пачутым, ён задумваецца і над сваім уласным лёсам, разважае аб тым, а ці трэба і далей цярпець крыўду і здзекі. Ці не лепей брацца за зброю, баронячыся ад тых, хто цябе не ўспрымае чалавекам. Нядоўга знаходзіцца ў роздуме. Чым больш сталее, тым часцей упэўніваецца, што неабходна пераходзіць да дзеянняў. Гэта вядзе да таго, што Язэп Валовіч уцякае ад лютага пана Жардзецкага і аказваецца ў шэрагу паўстанцаў. І сам ён, і юнак Пятрок, і дзядзька Максім, і ляснік Саўка, як і іншыя прсанажы, — гэта, безумоўна, літаратурныя героі. Кожны з іх не мае канкрэтных прататыпаў. Але ў праўдзівасці іх сумнявацца не даводзіцца, бо пісьменнік, ствараючы гэтыя вобразы, у думках перагортваў багаты фактычны матэрыял. Тое, што неаднойчы было ім прачытана і перачытана. Пераглядаў розныя гістарычныя публікацыі — ад архіўных да даследаванняў гісторыкаў.

Аповесць за аповесцю своеасаблівая «галынаўская хроніка» (Галынаўка — вёска, у якой жывуць персанажы) прасочвае іх лёс з пакалення ў пакаленне. Герой аповесці «Канец сервітуту» — ужо ўнук Язэпа Валовіча Пятрусь, які становіцца сведкам Першай сусветнай вайны, Лотаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. А ў аповесці «Цяжкі год» падзеі адбываюцца ў 1918 годзе. Ён і сапраўды быў для Беларусі нялёгкім, давялося змагацца з нямецкімі захопнікамі. У гэтых дзвюх аповесцях аповед ужо вядзецца ад імя самога Петруся Валовіча. Тым самым дасягаецца яшчэ большая праўдзівасць.

Зноў хочацца звярнуцца да прызнання Алеся Іванавіча: «У Коласа я вучыўся пісаць — проста, ясна, без мудрагельства». Аднак проста — не значыць спрошчана, таму найлепшыя творы аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры па-ранейшаму знаходзяць свайго ўдзячнага чытача. Аб гэтым сведчыць і выданне яго выбраных твораў у трох тамах (1978 — 1980), які сам ён не змог патрымаць у руках.


Памёр Алесь Іванавіч 15 студзеня 1979 года, не дажыўшы два дні да свайго 75-годдзя. На той час я актыўна супрацоўнічаў з радыёстанцый «Савецкая Беларусь», што арыентавалася на нашых суйачыннікаў, якія жылі за межамі рэспублікі. Ці не кожны месяц я расказваў пра новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў, юбілеі асобных з іх. З некаторымі гутарыў у студыі. Адна ж супрацоўніца гэтай радыёстанцыі, на жаль, прозвішча запамятаваў, захацела паразмаўляць з Алесем Якімовічам. Дамовілася, што прыйдзе да яго на кватэру. Паколькі я ведаў, дзе ён жыве, прапанавала стаць свайго роду гідам. Так і з’явілася інтэрв’ю, якое стала ў яго жыцці апошнім. Магчыма, яно і захоўваецца дзе-небудзь у архіве Беларускага радыё. Памятаю, развітаўшыся з Алесем Іванавічам, на вуліцы мы адзначылі са скрухай, што вельмі кепска ён выглядае. Але ў горшае не верылася. Ды не ад нас гэта залежала.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.